Вы тут

Санаторная школа ў глыбінцы стала сацыяльным праектам па рэабілітацыі дзяцей са шматдзетных, маламаёмасных, праблемных сем'яў


На адкрыццё музея мастацка-прыкладной творчасці ў санаторную школу-інтэрнат завітаў старшыня Высокаўскага гарвыканкама Аляксандр Рагальчук. Музей удалося стварыць менавіта пры падтрымцы мясцовай улады.


На за­ня­тках гурт­ка па вы­яў­лен­чым мас­тац­тве

Патрэба асобнай экспазіцыі наспела даўно. На развіццё талентаў і ўменняў дзяцей у школе робяць асаблівы акцэнт.
Некалі гэтая школа была створана як установа для дзяцей-сірот, у 1986 годзе яе перапрафілявалі пад інтэрнат для рэабілітацыі дзяцей з чарнобыльскай зоны. А ў пачатку 2000-х школа-інтэрнат стала санаторнай. Тут вучацца і папраўляюць здароўе дзеці з усёй Брэсцкай вобласці.

— Па накіраванні раённых аддзелаў адукацыі да нас заязджаюць дзеці на вучэбную чвэрць, — расказвае дырэктар школы Дзмітрый ЗАЙЦАЎ. — У пераважнай большасці гэта хлопчыкі і дзяўчынкі са шматдзетных, няпоўных, маламаёмасных сем'яў. Бываюць дзеці і з праблемных сем'яў, яны паступаюць на аздараўленне звычайна штогод — з чацвёртага да дзявятага класа.

Дзмітрый Зайцаў падкрэслівае, што дзяржава выдаткоўвае на школу вялікія грошы, тут створаны ўсе ўмовы для паспяховай вучобы, якаснага лячэння і адпачынку. Пяціразовае харчаванне вучняў збалансаванае і каларыйнае. Вопытныя медработнікі падыходзяць надзвычай уважліва да кожнага пацыента. Педагогі і выхавальнікі імкнуцца стварыць дамашнюю абстаноўку ў жылых пакоях.

— Дзеці прыязджаюць вельмі розныя, — працягвае Дзмітрый Алімавіч. — Некаторых з іх даводзіцца літаральна адаграваць увагай. Таму мы стараемся ахопліваць заняткамі ў гуртках і секцыях літаральна ўсіх. У працэсе зносін з кіраўнікамі гурткоў, сумеснай работы раскрываюцца многія таленты, у такіх умовах лягчэй становіцца будаваць дыялог з кожным дзіцем, прасцей знайсці падыход да маленькага чалавека.

У апошнія гады вялікую работу па сацыяльнай рэабілітацыі выхаванцаў санаторнай школы праводзіць мясцовая царква. Менавіта з дапамогай айца Анатолія і матушкі Алены сталі дзейнічаць гурткі-школы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Напрыклад, валанцёр-юнак вучыць хлопчыкаў азам мужчынскай справы: прыбіць цвік, адрамантаваць кран, прымацаваць паліцу, нават зрабіць шпакоўню — усяму гэтаму тут можна навучыцца. Для дзяўчынак праводзяцца заняткі па рукадзеллі, кулінарыі, яны вучацца шыць, сервіраваць стол, падтрымліваць у чысціні і парадку адзенне, бялізну, наводзіць чысціню ў пакоі. Гэта найважнейшыя навыкі, што спатрэбяцца ў жыцці кожнаму.

А яшчэ вось-вось адчыніць дзверы сямейнае кафэ «Наша шчасце». Праект ажыццяўляецца сацыяльным педагогам разам са святарскай сям'ёй і накіраваны на выхаванне вучняў. Менавіта ў дамашняй абстаноўцы за кубкам чаю дарослыя будуць размаўляць з дзецьмі на тэмы маралі, паводзін чалавека ў розных сітуацыях, стаўлення да бацькоў, сваякоў, знаёмых, навакольных. Для пакоя кафэ ўжо падабралі адмысловую мэблю, нават імітацыю каміна зрабілі — усё для таго, каб дзеці адчувалі сябе камфортна і маглі выказаць свае думкі. «Мы ставім задачу адагрэць душы, запаліць у іх іскрынку дабрыні, спагады, якую, верым, яны павязуць ад нас у сем'і, вучэбныя калектывы», — кажа дырэктар установы.

Санаторная школа знаходзіцца на тэрыторыі былой панскай сядзібы. Акрамя таго, што мясціна тут надзвычай маляўнічая, здаровае паветра спрыяе ўмацаванню імунітэту дзяцей. А для таго каб школьная тэрыторыя мела прывабны выгляд, пастаянна праводзіцца работа па добраўпарадкаванні.

Старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагальчук заўважае:

— Гарадскія суботнікі па добраўпарадкаванні нярэдка пачынаем з тэрыторыі санаторнай школы, калі трэба, дапамагаем з тэхнікай, з рабочай сілай. Дзіцячая ўстанова — асаблівы аб'ект для нашага горада, таму мясцовая ўлада аказвае ёй усялякую дапамогу. Гарвыканкам ужо некалькі гадоў знаходзіць спонсараў для розных школьных праектаў. Толькі за апошні час ААТ «Аграпрадукт», ДРБУ-137, іншыя арганізацыі дапамаглі з пакупкай музычнага комплексу, з заменай мэблі, набылі гульнявыя комплексы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Усебаковае аздараўленне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.