Вы тут

Наталля Качанава: Малады спецыяліст павінен ведаць, што патрэбен сваёй краіне


Тэндэнцыі і праблемы падрыхтоўкі навуковых кадраў абмеркавалі ў Гродне ўдзельнікі экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі. У яго рабоце ўзялі ўдзел кіраўнікі вядучых ВНУ краіны, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі навуковых ведамстваў, абласныя ўлады.


На пачатку пасяджэння старшыня ЭКС, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава акрэсліла тэму сустрэчы як надзвычай актуальную для сучаснага грамадства. Таму варта не толькі даць ацэнку стану спраў у навуковым асяроддзі, але і абмеркаваць дарожную карту замацавання маладых навукоўцаў. Краіна павінна развівацца, падкрэсліла спікер верхняй палаты Парламента, а маладыя спецыялісты — ведаць, што патрэбныя сваёй краіне. Без падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў не можа быць прагрэсіўнага руху. Адпаведна, рыхтаваць такія кадры павінны работнікі з высокай кваліфікацыяй.

На думку першага намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэя Касоўскага, у працэс падрыхтоўкі кадраў трэба ўцягваць маладых навукоўцаў. Для гэтага прымаюцца пэўныя меры. Напрыклад, за апошнія тры гады больш чым у два разы павялічаны памер стыпендый аспірантам і дактарантам. Каб прыцягнуць моладзь, робіцца стаўка на развіццё тэхнапаркаў. Амаль палова з іх функцыянуе на базе ВНУ. На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы летась выдзелена амаль 100 мільёнаў рублёў. Штогод прызначаецца 100 стыпендый Прэзідэнта таленавітым маладым навукоўцам. Прэміі атрымліваюць і пераможцы конкурсаў на найлепшы інавацыйны і маладзежны праекты. Дадзеныя меры павышаюць прэстыж навуковай дзейнасці, лічыць Адрэй Касоўскі. Як вынік — за пяць гадоў колькасць аспірантаў павялічылася ў паўтара раза. Навуковы патэнцыял краіны ўдалося захаваць нават ва ўмовах так званай дэмаграфічнай ямы.

З ліку негатыўных фактараў прамоўца адзначыў, што ёсць патрэба ў вырашэнні жыллёвых праблем маладых навукоўцаў. Напрыклад, у выглядзе льготнага крэдытавання. Магчыма, варта больш уважліва падысці да «вайсковага» пытання. Паколькі адтэрміноўка даецца аднойчы, не ўсе аспіранты потым працягваюць сваю вучобу. Так, за некалькі гадоў колькасць аспірантаў-мужчын скарацілася на 200 чалавек.

Пакуль не ў поўнай ступені дзейнічае новая мадэль — магістратура. Застаецца адкрытым пытанне прымянення ступені магістра на рынку працы. Па словах першага намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірыны Старавойтавай, ВНУ рэкамендавана прымаць магістраў на пасады асістэнтаў кафедр па спецыяльнасцях інавацыйнай і педагагічнай дзейнасці. Гэта актуальна ў рамках праграмы «Універсітэт 3.0», якая прадугледжвае ўвод новых дысцыплін, развіццё інфармацыйных тэхналогій. Галоўным крытэрыем мадэрнізацыі ВНУ якраз і павіннны стаць навуковая і інавацыйная дзейнасць у цесным узаемадзеянні з тэхнапаркамі. Менавіта ў апошніх вядзецца работа па прасоўванні навуковых распрацовак у сферу эканомікі.

На пасяджэнні была агучана і праблема якасці падрыхтоўкі кадраў. Не сакрэт, што сёння інтэрнэт-прастора дае вялікі рынак паслуг па напісанні навуковых работ. Як заўважыў старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гучок, яму трапіла на вочы каля 50 сайтаў, дзе былі прапановы напісаць дысертацыю. Паслугі ацэньваліся ад 3 да 5 тысяч рублёў. Такога кшталту плагіят шырока адсочваецца. У выніку адхіляецца 8-12 % работ.

Што датычыцца навуковай ступені, выказвалася прапанова прысвойваць яе вытворцам, якія займаюцца вынаходніцтвам на прадпрыемствах. Гэта палепшыць сувязь навукі з практыкай, а ідэя хутчэй дойдзе да канвеера.

Сучасная навука патрабуе высокатэхналагічнага абсталявання. Таму важнае прыцягненне да навуковай дзейнасці практыкаў вядучых навукаёмістых прадпрыемстваў, лічыць рэктар БДУІР Вадзім Богуш. Было ўзнята пытанне камерцыялізацыі навукі. Маўляў, навуковец сам прасоўвае сваю распрацоўку праз уласнае прадпрыемства без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Пакуль ідэя на ўзроўні абмеркавання.

Бясспрэчным можна лічыць той факт, што ад навуковай дзейнасці павінен быць эканамічны эфект. І тут варта пазбегнуць агульнага падыходу да прафесарска-педагагічнага саставу. У першую чаргу — праз заработную плату: яна павінна залежаць ад укладу і дасягненняў. Такую думку агучыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што дадзеная пазіцыя вельмі важная пры падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Што наконт моладзі, якая прыходзіць у навуку, то гэта павінны быць апантаныя людзі. Не кожны можа займацца падобнай справай. Для таго каб зацікавіць маладога чалавека ў навуцы, неабходна пачынаць работу яшчэ са школы. І яна павінна быць сістэмная.

Навуковая праблематыка ўзнікла невыпадкова. Як адзначыла Наталля Качанава, апошнім часам ёй аддаецца асаблівая ўвага. Кіраўнік дзяржавы на нарадзе з навуковой грамадскасцю, а таксама на ІІ З'езде вучоных акрэсліў задачы, якія стаяць перад дзяржаўнымі органамі па ўдасканальванні гэтай галіны. Работа экспертнага савета якраз і праходзіла ў рамках згаданага даручэння.

— Мы абралі для разгляду кірунак падрыхтоўкі навуковых кадраў для вышэйшай школы, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Сёння мы бачым, што ўзрост прафесарска-выкладчыцкага саставу ў ВНУ даволі сталы. Важна, каб маладыя людзі, якія маюць вучоную ступень, прыходзілі сюды на работу. І папаўненне гэтых кадраў — сур'ёзная задача, таму што ёсць пэўныя тэндэнцыі. Гэта ІТ-сфера, якая праглынае многіх таленавітых маладых людзей. Сёння адбылася вельмі зацікаўленая размова, было ўнесена шмат прапаноў, у тым ліку як зацікавіць маладых людзей займацца навукай, атрымаць вучоную ступень. Малады спецыяліст павінен ведаць, што ён патрэбен сваёй краіне. Прапаноў было нямала. Ад ільгот і прэферэнцый да пошуку рацыяналізатараў на вытворчасці, прадпрыемствах. Думаю, праз год мы збяромся, каб ацаніць вынікі гэтых намаганняў.

А працаваць ёсць над чым. Як заўважыў намеснік старшыні  Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй Іванец, парламентарыям трэба рэагаваць на дадзеную сферу, бо яна забяспечвае нацыянальную бяспеку дзяржавы і грамадства.

— Асабліва гэта важна ва ўмовах санкцыйнага ціску, бо мы разумеем, што без нашых кадраў і тэхналогій мы не зможам забяспечыць інавацыйнае развіццё эканомікі. Неабходна павысіць і адказнасць за падрыхтоўку такіх кадараў. Мы павінны стварыць умовы як для прыходу маладых навукоўцаў, так і для выканання імі задач на самым высокім сусветным узроўні. Гэта значыць — палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу, дабіцца, каб распрацоўкі былі запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі. Нашы прадпрыемствы павінны быць інавацыйна зацікаўленыя, ісці насустрач тым людзям, якія ажыццяўляюць гэтыя распрацоўкі, — выказаў сваю пазіцыю Андрэй Іванец.

Пасля пасяджэння члены экспертнага савета наведалі навуковы тэхнапарк ГрДУ імя Я. Купалы, дзе студэнты і выкладчыкі маюць магчымасць займацца распрацоўкамі камерцыйных, творчых і сацыяльных праектаў і ўвасабляць іх у жыццё. Сёння больш за палову аб'ёму прадукцыі тэхнапарка ідзе на экспарт. У Беларусі створаны 18 тэхнапаркаў, з якіх сем працуюць на базах ВНУ.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».