Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Словы для праўды

...У тую вельмі-вельмі даўнюю нядзелю наш клуб гудзеў як вулей. Моладзь, вядома ж, цікавілі танцы, а вось сталыя цёткі ды дзядзькі чакалі суда. На ім, калі верыць папярэдняй аб'яве, павінен быў разглядацца канфлікт, які ўзнік паміж удавой калгасніцай Мар'яй і брыгадзірам Антосем.

Калі па парадку, то справа выглядала так: па дарозе з работы Мар'я назграбала ў дзяружку ржышча — хацела падсцяліць сваіх парасят. Аднак на сцежку насустрач ёй выпаўз п'яны брыгадзір. (Цвярозы ён, казалі, не заўважыў бы ні Мар'інай дзяружкі, ні яе самой, бо не павітаўся б.) А вось пад градусам ён заўсёды любіў павыступаць, паказаць, хто ў гэтай вёсцы начальнік. І таму спыніў жанчыну, стаў казаць, што накрала жыта. Мар'я ношу з плячэй і яму пад нос. «На, — кажа, — зблізку глядзі. Можа, убачыш, што гэта, калі вочы разуеш... А то гарэлкай заліў...»

Слова за слова, карацей — пачалася сварка. А ў яе, як вядома, дрэнны канец. Мар'я з той злосці ды крыўды шмат што сказала брыгадзіру, ён таксама не маўчаў, а ўрэшце дык нават штурхнуў жанчыну.

Пастухі, якія гналі з пашы кароў, нешта чулі і бачылі. Значыць, ёсць сведкі: можна несці заяву ў суд.

...Ён, раённы, гэту справу разглядаць не стаў — «спусціў» уніз — на таварыскі.

Вось на яго і сышліся людзі ў клуб.

Там на сцэне пад чырвоным сукном паставілі доўгі стол. За яго пасадзілі старшыню суда (ён жа — старшыня сельсавета), сакратара, чатырох народных засядацеляў. Перад імі два крэслы па баках занялі Мар'я і Антось. За іх спінамі размясціліся сведкі — яны ж калгасныя пастухі. Пачаўся «працэс».

Напачатку старшыня коратка патлумачыў сутнасць канфлікту, даў слова абодвум бакам і, вядома ж, сведкам.

Тыя, бедныя, звіваліся, як вужы на патэльнях. Бо, з аднаго боку, вінаваты брыгадзір: ні за што прычапіўся, аблаяў
паважаную жанчыну, штурхнуў... А з іншага — у вёсцы ён якое-ніякое начальства: з ім сварыцца — што супраць ветру пляваць...

Вось і гарадзілі пастухі, што канфлікт бачылі здалёк... Ці нават не бачылі, бо ўжо цямнела ды і зрок у абодвух дрэнны.

Урэшце «слуханні» завяршыліся, старшыня зачытаў рашэнне суда: за знявагу ў адносінах да калгасніцы Мар'і і дапушчанае рукапрыкладства аштрафаваць брыгадзіра на... пяць рублёў.

Мар'я тут жа:

— Чаму так мала?! Людцы добрыя, што ж гэта за пакаранне такое плёвае?

Замест адказу ў клубе павісла цішыня.

— І што ж гэта за суд такі?! Ды грош яму цана, калі такі задрыпаны, — гнула сваё калгасніца, аж пакуль з месца не ўстаў старшыня — да таго ж з прысудам:

— За абразу нашага таварыскага суда і некультурныя паводзіны грамадзянка Мар'я таксама абкладаецца штрафам у памеры пяць рублёў.

— Як? Ды што ж гэта робіцца? — зноў загаварыла жанчына. — Мне — пяць рублёў... За некультурнасць... А дзе ж мне было культуры набрацца? І калі? Муж на фронце загінуў, дома чацвёра дзяцей. Я за работай свету не бачу... Скуль мне ведаць, што казаць тут, што — не?..

— О-о, дзядзька Мацей, — узрадавалася Мар'я, убачыўшы мужчыну паблізу. — Ты ў нас газеты выпісваеш, радыё слухаеш, дык падкажы, якім культурным словам замяніць маё некультурнае і пры гэтым праўду сказаць?

Дзядзька ўстаў, пачухаў патыліцу, трохі падумаў і... сеў.

— Ты што — ніводнага не ведаеш?! — здзівілася Мар'я.

— Ведаю. Шмат... Але не скажу, бо яшчэ і мяне аштрафуюць.

— Што — пяцёркі шкада? На праўду? — засмяяліся людзі ў зале... А мы, маладыя, увогуле як не парвалі жываты!

Старшыня паспрабаваў быў навесці парадак — доўга стукаў алоўкам па графіне. А потым махнуў рукой і разам са «світай» рушыў са сцэны.

Ніна Кандрашонак,

г. Петрыкаў.


Я — пра абразы́, а мне — пра гарбузы...

Час ляціць, чым далей, тым хутчэй! Але ж, дзякаваць богу, старэчая нямогласць пакуль не даймае: спраў — поўныя рукі. Зранку ў іх «запрагаешся» — і пацягнуў. А мабільнік часам дома ляжыць. Толькі ў абед зірнеш, хто званіў. Адкуль і гэта гісторыя.

...Не сакрэт, што сёння метал у цане. Хто шукае яго, хто збірае — жалеза на прыёмны пункт, можна сказаць, ракою цячэ!

А я чамусьці на беразе...

Пастаяў «там», падумаў і вырашыў, што хопіць «таптацца па грашах». Справа ў тым, што гадоў з дваццаць назад я прыступкі ў склепе зрабіў са старых батарэй. Прыкінуў вагу адной, памножыў на колькасць... Ды рублёў на трыста «пацягнуць», а то, можа, і больш! Значыць, варта рукі прыкласці?

За мною справа не стала: гадзіны не прайшло — падняў наверх чыгунныя батарэі, назаўтра крыху абмыў, пачысціў ад пяску — завёз на прыёмны пункт. Праўда, пачуў там, што грошы аддадуць не адразу — тыдні праз два.

Ну, што рабіць — праз два, дык праз два...

Яны непрыкметна прайшлі — у справах, у клопатах. На пачатку чэрвеня я па раніцах ездзіў дровы пілаваць у адведзенай дзялянцы.

Але ж неяк вярнуўся з лесу і дай, думаю, пазваню той прыёмшчыцы, спытаю, можа, доўг аддасць?

Жанчына, па голасе пачуў, была не ў настроі. Сказала, што няма чаго спаць амаль да абеду: трэба прыязджаць а дзявятай раніцы, а ў дзесяць — адзінаццаць грошы ўсе ўжо раздадзены.

Далейшая размова сэнсу не мела. Таму я вырашыў адправіць SMS: маўляў, прыеду заўтра, на матацыкле, у адзінаццаць, бо не юнак ужо, каб імчаць у дзевяць...

Хутка чытаю адказ: «Канспіратар, аднак...»

Гляджу, з чыйго тэлефона адпраўлены (апошнія лічбы): мусіць, думаю, дачка не дазванілася? Пішу, што сапраўды «хаваюся» ў лесе — пілую дровы. «А я ў адзінаццаць — на рабоце, — чытаю ў адказ. — Так што будзеш касіць адзін...»

Што касіць? Чаму касіць?

Толькі тут да мяне даходзіць: паведамляе пра гэта не дачка, а прыёмшчыца...

Яна таксама, відаць, нешта сцяміла, бо на трасянцы выдала, што «мне прыходзіць SMS», і мая радасць да нябес: я пра касьбу, а ён пра дровы... Відаць, мілёнак нездаровы?»

Факт, што, калі прыехаў атрымліваць грошы, мы насмяяліся ўдосталь, бо прыёмшчыца, як аказалася, на той жа дзень дамаўлялася са знаёмым матацыклістам, каб скасіў ёй участак...

Адкуль выснова: пачуўшы званок альбо атрымаўшы паведамленне, глядзець трэба не на апошнія лічбы нумара тэлефона, а на ўсе.

Аляксандр Матошка,

Расонскі раён.


P. S. Што да сходаў у склеп, то я зрабіў іх са старога слупа. «Распілаваць» яго на прыступкі патрэбнай даўжыні праблемай для мяне не стала.

«Невялічкі мужык, ды затулле маё...»

Пятнаццаць гадоў таму мы будавалі новую кватэру. Ну, вядома ж, не столькі самі — асноўныя работы вялі будаўнікі: узводзілі сцены, ставілі перагародкі, вокны... А вось далей была ўжо наша чарга. Па выхадных, як правіла, мы ездзілі ва Уручча на будаўнічы рынак, выбіралі тую ж шпаклёўку, плітку, паркет, шпалеры, клей, гіпсакартон, плінтусы... Усё для так званага адстройвання, пасля якога трэ было купляць мэблю для новай кухні, люстры, дзверы, абсталяванне для ванны...

Не ведаю, як цяпер, а тады прадаўцоў на рынку было хоць адбаўляй, розных матэрыялаў — таксама: як той казаў, любы капрыз за вашы грошы!

(Дарэчы, яшчэ маючы іх, на пачатку ўсіх пакупак, мы прыкідвалі, што падлогу добра было б зрабіць з паркетнай дошкі... Ну вельмі прыгожа! Майстар, якога так раілі на гэты від работ, наша рашэнне не зганіў, проста сказаў, што ён бы не пераплачваў, і параіў досыць прыгожы паркет... «Кошт пытання» не мог не ўразіць! І цяпер, добрым словам успамінаючы майстра і яго крылатую фразу, мы з задавальненнем ходзім па паркеце.)

...Аднак у той раз мы выбіралі не яго, а ванну — саму пасудзіну: хадзілі з адной крамкі ў другую, прыцэньваліся, меркавалі і так, і гэтак.

Тое ж самае «паралельна з намі» рабіла яшчэ адна цікавая сямейная пара: мужчынка быў невысочанькі, «кругленькі», ёмкі (пра такіх часам кажуць «мацак») і, як выглядала, досыць дасведчаны, бо неяк сходу бачыў, дзе варта спыняцца, дзе — не... А вось жонка яго — якраз наадварот: тая да ўсяго прыглядалася, любавалася, слухала гандляроў і па дабрыні душэўнай, здаецца, ну ўсё ў іх купляла б!

Прадаўцы між тым былі ўсякія: адзін прыгажунчык убачыў таго мацака і, падобна, хацеў падкузьміць:

— Што, пакаці-гарошак, ванну шукаеш на метр пяцьдзясят? — з'яхіднічаў ён, падміргнуўшы сваёй маладой напарніцы. — Дык, можа, дапамагчы?

Пакупнік гэты «клопат» неяк не заўважыў — прапусціў міма вушэй (у яго якраз зазваніў мабільнік). Жонка ж — наадварот — прыняла ўсё за чыстую манету.

— Дзякуй вам! — сказала гандляру. — Але ж нам вялікая ванна патрэбна. Свой дом у нас — амаль дабудаваны. У цокальным паверсе — майстэрня, лазня, ванны пакой. Плошча — амаль пятнаццаць метраў — акно там, душ-кабіна, пральная машына... Маленькую ванну туды не паставіш, праўда?

Жанчына пытала пра гэта ў гандляра, але той чамусьці маўчаў. Маўчала і яго напарніца, якая, магчыма, у гэты вось момант зразумела, што муж і мужчына — гэта не столькі рост і шырыня плячэй, не столькі прыгожанькая ўсмешка і твар, а нешта іншае...

Мне ж у тую хвіліну ўспомніліся бабуліны прыпеўкі:

Невялічкі мужык,

Ды затулле маё:

Завалюся за яго —

Не баюся нікаго!

З яе ж «рэпертуару» і вось гэта, кароткае:

Не бяды, што худы,

Абы ішоў хоць куды!

І пастаў абы-дзе,

Дык ніхто не ўкрадзе!

Зрэшты, па сённяшнім часе гэта ўжо не факт, бо «хоць які целяпей, ды ўдваіх ляпей!»

Так людзі кажуць. А з імі не паспрачаешся.

Ірына Сакун,

г. Магілёў.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.