Вы тут

Як Орхуская канвенцыя дапамагае палепшыць навакольнае асяроддзе і якасць жыцця людзей


25 чэрвеня 1998 года ў горадзе Орхус (Данія) была падпісана Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя. Як палажэнні гэтага міжнароднага дакумента прапісаны ў нашым нацыянальным заканадаўстве і чым ён карысны для кожнага грамадзяніна? Пра гэта мы пагаварылі з кіраўніком Орхускага цэнтра горада Гродна Іалантай Рамановіч.

У дыялогу нараджаецца рашэнне

– Іаланта Мікалаеўна, давайце акрэслім, што ж такое Орхуская канвенцыя?

– Орхуская канвенцыя – гэта адзіны міжнародны юрыдычна абавязваючы інструмент, у якім уключаны прынцып удзелу насельніцтва ў рашэнні экалагічных пытанняў, магутны інструмент абароны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і правоў чалавека. Канвенцыя накіравана на забеспячэнне градмадскасці адкрытага доступу да экалагічнай інфармацыі, якая маецца ў распараджэнні дзяржаўных органаў. Яна дае грамадскасці магчымасць удзельнічаць у прыняцці экалагічна значных рашэнняў і доступ да правасуддзя пры парушэнні вышэйадзначаных правоў.

Прагрэсіўныя краіны ўсё больш усведамляюць, што рашэнні ў дачыненні да навакольнага асяроддзя будуць экалагічна рацыянальнымі, толькі калі яны прымаюцца галосна, з удзелам усіх бакоў і адказна. Орхуская канвенцыя ўтрымлівае стандарты, з дапамогай якіх дзяржавы могуць забяспечваць такі парадак прыняцця рашэнняў.

Орхуская канвенцыя была падпісана 25 чэрвеня 1998 года і набыла моц 30 кастрычніка 2001 года.

– Беларусь з’яўляецца Бокам Орхускай канвенцыі амаль з моманту яе прыняцця. Як гэта паўплывала на змены ў нацыянальным заканадаўстве?

– Орхуская канвенцыя была зацверджана ў нашай краіне Указам Прэзідэнта № 726 ад 14 снежня 1999 года. Яе палажэнні – частка нацыянальнай сістэмы заканадаўства, яны маюць юрыдычную сілу і абавязковыя да выканання і прымянення ўсімі органамі і службовымі асобамі. Дакумент станоўча паўплываў на развіццё беларускага заканадаўства, якое замацоўвае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Гэта права замацавана ў артыкуле 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і канкрэтызуецца ў Законе “Аб ахове навакольнага асяроддзя”. У законе замацавана і кампенсаванне шкоды, нанесенай парушэннем гэтага права, а таксама права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя. У дакуменце прапісаны і магчымасці абскарджання рашэнняў і дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў, арганізацый і службовых асобаў; судовай абароны, самаабароны і атрымання кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.

Змены адбыліся ў частцы доступу грамадскасці да экалагічнай інфармацыі і кампенсавання экалагічнай шкоды. Замацавана і само паняцце экалагічнай інфармацыі, умовы яе прадастаўлення грамадзянам і арганізацыям без неабходнасці даказваць зацікаўленасць у яе атрыманні, а таксама тэрміны прадастаўлення, падставы для адмовы ў яе прадастаўленні і аднясення экалагічнай інфармацыі да канфідэнцыяльнай. Гэта адпавядае Орхускай канвенцыі.

У Законе “Аб ахове навакольнага асяроддзя” пашыраны магчымасці грамадзян і грамадскіх арганізацый у абароне права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Дададзена права на зварот у суд з іскам аб поўным ці частковым прыпыненні ці спыненні гаспадарчай і іншай дзейнасці юрыдычных асобаў і грамадзян, якая аказвае шкоднае ўздзеянне на наваколле.

Слоўнік Орхускай канвенцыі

Тэрмін “экалагічная інфармацыя” ўключае ў сябе любую інфармацыю ў пісьмовай, аўдыёвізуальнай, электроннай і іншай матэрыяльнай формах пра стан элементаў навакольнага асяроддзя (напрыклад, ваду, паветра, біяразнастайнасць) і ўзаемадзеянне паміж імі; пра фактары, а таксама дзейнасць ці меры, якія аказваюць ці здольныя аказаць уздзеянне на элементы наваколля; інфармацыю пра стан здароўя і бяспеку людзей, умовы іх жыцця, стан аб’ектаў культуры і будынкаў і збудаванняў.

У паняцце “дзяржаўны орган” ўваходзяць не толькі органы ўлады розных ступеняў, але і фізічныя і юрыдычныя асобы, якія выконваюць дзяржаўныя адміністрацыйныя функцыі, дзейнасць ці паслугі, якія маюць адносіны да навакольнага асяроддзя.

“Грамадскасць” азначае адну ці больш чым адну фізічную і юрыдычную асобу, а таксама арганізацыі ці групы.

Працэдура ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў і іншых рашэнняў, якія датычацца навакольнага асяроддзя, замацавана ў Палажэнні аб парадку арганізацыі і правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў экалагічна значных рашэнняў, экалагічных дакладаў па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы, справаздач аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, уліку прынятых экалагічна значных рашэнняў (зацверджана пастановай Савета Міністраў № 458 ад 14 чэрвеня 2016 года). Закранае беларускае заканадаўства і ўдзел грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічнай і будаўнічай дзейнасці – гэта прапісана ў адпаведным Законе, а таксама пастанове Савета Міністраў № 687 ад 1 чэрвеня 2011 года.

– Як адбіліся змены ў заканадаўстве на практыцы ўзаемадзеяння грамадскасці і дзяржавы?

– Сёння многія прадстаўнікі зацікаўленай грамадскасці павышаюць узровень сваіх ведаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, рэалізацыі сваіх правоў. Добры прыклад узаемадзеяння дзяржаўных органаў і грамадскасці – дзейнасць грамадскіх каардынацыйных экалагічных саветаў пры Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органах.

Яшчэ адзін важны інструмент узаемадзеяння грамадскасці і дзяржорганаў – грамадскія абмеркаванні. Гэта комплекс абавязковых мерапрыемстваў, якія забяспечваюць інфармаванне грамадзян і юрыдычных асобаў пра праекты экалагічна значных рашэнняў, справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). Акрамя таго, удзельнікі грамадскіх абмеркаванняў маюць магчымасць выказваць свае адносіны да гэтых праектаў, справаздач для ўліку грамадскіх інтарэсаў і выканання іх правоў.

Удзел грамадскасці ў прыняцці рашэнняў у першую чаргу неабходны самой грамадскасці. Гэты працэс павялічвае шансы, што інтарэсы насельніцтва будуць узятыя пад увагу. Акрамя таго, мясцовыя жыхары і грамадскія аганізацыі часта больш ведаюць пра праблемы канкрэтнай мясцовасці, якія патрабуюць асаблівай увагі. Інфармаванасць і ўдзел зацікаўленай грамадскасці, падтрымка ініцыятыў прадпрымальніка ці органаў улады павялічваюць верагоднасць поспеху плануемай гаспадарчай ці іншай дзейнасці.

Мост паміж рознымі поглядамі

– У некаторых краінах, якія з’яўляюцца падпісантамі канвенцыі, ствараюцца Орхускія цэнтры. У чым заключаюцца іх асноўныя задачы?

– З 2002 года АБСЕ ажыццяўляе падтрымку стварэння, функцыянавання і сеткавага ўзаемадзеяння Орхускіх цэнтраў. Такія цэнтры аказваюць садзейнічанне дзяржаўным органам у рэалізацыі Орхускай канвенцыі і дапамагаюць грамадзянам у разуменні і ажыццяўленні іх правоў, прадугледжаных дакументам. Гэта сетка імкліва пашыраецца – сёння дзейнічаюць каля 60 Орхускіх цэнтраў у краінах Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі (УЕКЦА).

– У нашай краіне дзейнічаюць тры Орхускія цэнтры, прычым два з іх у сталіцы і адзін – у Гродне. Чаму быў абраны менавіта гэты абласны цэнтр?

– Орхускі цэнтр горада Гродна – першы рэгіянальны цэнтр у рэспубліцы, які прызваны садзейнічаць у рэалізацыі Орхускай канвенцыі ў Гродне і Гродзенскім рэгіёне. Цэнтр быў адкрыты 16 лістапада 2012 года на базе Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Быў праведзены конкурс сярод абласцей краіны, пераможцу вызначылі па некалькіх крытэрыях. Гродзенскі абласны камітэт валодаў добрым вопытам узаемадзеяння з грамадскасцю рэгіёна. Таксама адыграла сваю ролю і тое, што на той час на адрас Камітэта па невыкананні Орхускай канвенцыі паступілі два паведамленні аб невыкананні канвенцыі Рэспублікай Беларусь, і абодва датычыліся Гродзенскай вобласці.

Орхускі цэнтр горада Гродна аказвае інфармацыйна-метадычнае садзейнічанне ў забеспячэнні ўдзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў; узаемадзейнічае з ГКЭС пры Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; кансультуе грамадскасць па пытаннях рэалізацыі яе правоў, прапісаных у Орхускай канвенцыі; арганізуе і праводзіць інфармацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы; супрацоўнічае з Орхускімі цэнтрамі Беларусі і іншых краін; бярэ ўдзел у выкананні праграм і праектаў, звязаных з рэалізацыяй Орхускай канвенцыі.

– Якія праблемы дапамог вырашыць Орхускі цэнтр за апошні час?

– Адзін з кірункаў дзейнасці Орхускага цэнтра горада Гродна – аказанне дапамогі пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў. Апошнім часам паступае шмат пытанняў, якія датычацца працэдуры правядзення грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб АУНА і ўнесеных зменаў. Мы кансультуем як арганізатараў грамадскіх абмеркаванняў (органы выканаўчай улады), так і заказчыкаў і выканаўцаў гэтых справаздач. Так, нядаўна аказалі дапамогу ў падрыхтоўцы паведамлення аб папярэднім інфармаванні насельніцтва аб грамадскім абмеркаванні.

– Наколькі актыўныя жыхары Гродзеншчыны ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя?

– У Гродна ёсць грамадская экалагічная арганізацыя “Экаманіторынг”. Яе прадстаўнікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з неабыякавымі гродзенцамі. І ўжо разам з імі звяртаюцца ў Орхускі цэнтр за кансультацыямі. Многія мерапрыемствы цэнтра праходзяць з удзелам прадстаўнікоў “Экаманіторынгу”.

– Якія спосабы камунікацыі з грамадскасцю маюцца ў Орхускім цэнтры?

– У першую чаргу мы запрашаем наведаць Орхускі цэнтр, дзе можна задаць пытанні і атрымаць адказы, скарыстацца прававой інфармацыйнай сістэмай, узяць літаратуру з бібліятэкі цэнтра.

Па-другое, у нас ёсць сайт https://aarhus.grodno.belgidromet.by/, дзе можна знайсці шмат карыснай інфармацыі.

Па-трэцяе, гэта электронная пошта aarhuscentrehrodna@gmail.com.

Па-чацвёртае, гэта тэлефон +375 (152) 68-69-19. Многія грамадзяне проста звязваюцца па мабільным тэлефоне і задаюць пытанні, якія іх цікавяць.

Ну і вядома, сацыяльныя сеткі. Пакуль гэта Вайбер, але, на мой погляд, трэба шырэй выкарыстоўваць магчымасці сацыяльных сетак, бо цяпер большасць людзей увесь вольны час праводзіць у інтэрнэце. Таму ў хуткім часе будзем развіваць і гэты спосаб камунікацыі.

– Іаланта Мікалаеўна, чаму вы выбралі працу ў Орхускім цэнтры?

– Напэўна, гэта праца выбрала мяне. Да Орхускага цэнтра я займалася акрамя ўсяго іншага экалагічным выхаваннем. Пытанні, якія датычацца навакольнага асяроддзя, заўсёды мяне хвалявалі, таму мець дачыненне да іх рашэння вельмі важна для мяне. Таксама вялікае значэнне мае магчымасць зносінаў з рознымі катэгорыямі людзей. Дзякуючы працы ў Орхускім цэнтры я магу развівацца. На маю думку, гэта важна для добрага спецыяліста.

– Якімі якасцямі і кампетэнцыямі, на вашу думку, павінен валодаць спецыяліст, які працуе ў гэтай сферы і з’яўляецца своеасаблівым мостам паміж грамадскасцю і дзяржавай?

– У першую чаргу трэба ўмець знайсці падыход да розных людзей, наладзіць дыялог паміж тымі, хто часам настроены адзін супраць аднаго. Вельмі важна ўмець трымацца на публіцы, бо вялікая частка часу ў рабоце Орхускага цэнтра – гэта інфармацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы. Таксама трэба быць гатовым ісці на кампрамісы. І пастаянна імкнуцца спазнаваць новае, шмат чытаць, вывучаць, шукаць, унікаць.

Вераніка КОЛАСАВА

Дзейнасць па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэнні кваліфікацыі Орхускіх цэнтраў рэспублікі ажыццяўляецца ў рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.