Вы тут

Цяжкасці перакладу. Калі прыгожыя словы становяцца нічога не вартымі


На гэтым тыдні пра што думаць і пісаць, як не пра вайну? У канцы чэрвеня, мне здаецца, кожны нармальны чалавек на гэтай зямлі пра яе калі не думае, дык хоць бы ўспамінае. Генная памяць — ад яе нікуды не ўцячэш. Гэта яна людзям, якія нарадзіліся праз трыццаць гадоў пасля Перамогі, душнымі чэрвеньскімі начамі прыносіць сны пра гібель у жытнёвым полі ад фашысцкай кулі. Гэта яна спрацоўвала праз шэсцьдзясят гадоў пасля Перамогі, калі, згледзеўшы ў небе ваенныя самалёты, якія ўпершыню ляцелі ў Мінск на рэпетыцыю парада, бабулі ў прысталічных вёсках хапалі ўнукаў і хаваліся ў скляпах. Гэта яна сёння, праз восемдзесят гадоў пасля пачатку той страшнай вайны, стаіць слязьмі ў вачах і камяком у горле, калі глядзіш кадры хронікі ці слухаеш цішыню Брэсцкай крэпасці або Хатыні. Разумееш: гэта — твая асабістая, твайго народа, бяда. А апошнім часам разумееш яшчэ адно: яна больш нічыя. Толькі наша. Хто б і якія прыгожыя словы б ні гаварыў, якія б прабачэнні ні прыносіў.


 

Фота: ilanatravels.com

Дык вось, аб прабачэннях. Пэўна, чулі ці чыталі, што напярэдадні ўгодкаў нападзення Германіі на Савецкі Саюз прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер наведаў германа-расійскі музей «Берлін-Карлсхорст» і выступіў там з прамовай. (Трапіла гэта ў навіны больш з-за скандалу, які з нагоды спрабаваў учыніць украінскі бок, але размова тут не пра тое.) Размова аб самой прамове пана Штайнмаера. Яе пасольства ФРГ у нашай краіне разаслала па рэдакцыях СМІ, прычым у трох варыянтах — на мове арыгінала, на рускай і на беларускай.

Прамова, несумненна, задумвалася прынамсі як прачулая. І шмат што ў ёй сапраўды з прэтэнзіяй на шчырасць. І пісалі яе людзі не дурныя ды, па ўсім відаць, дасведчаныя. «Тое, што пачалося 22 чэрвеня 1941 года, было эскалацыяй нянавісці і гвалту, радыкалізацыяй вайны аж да вар'яцтва і татальнага знішчэння. З першага дня паход нямецкіх войскаў праходзіў пад знакам нянавісці, вар'яцтва расавай ідэалогіі ў адносінах да славянскіх і азіяцкіх народаў Савецкага Саюза»... У прамове шмат падобных пасыпанняў галавы попелам, прычым за аснову яе ўзята больш за ўсё нашай, беларускай, фактуры. «Хто ў Германіі ведае Малы Трасцянец пад Мінскам, дзе з 1942 да 1944 года было забіта не менш за 60 тысяч чалавек? Альбо вёсачку Хатынь, якую летам 1943 зраўнавалі з зямлёй і забілі ўсіх яе жыхароў — палова з іх былі дзеці?» — пранікліва задаваў пытанне сваёй нацыі прамоўца.

Мне асабіста хапіла дзвюх гэтых фраз, каб не паверыць у шчырасць усяго астатняга. Бо ў Трасцянцы загінулі не 60 тысяч чалавек, а, паводле афіцыйных звестак, 206 з паловай тысяч. (Даследчыкі, абапіраючыся на дакументы 1944 года, называюць лічбу нашмат большую — 546 тысяч). Адчуваеце розніцу? Прэзідэнт ФРГ не мог пра гэта не ведаць, ён жа быў тут на адкрыцці мемарыяла ў 2018-м. «60 тысяч» вымавіць прасцей, чым «206»? Несумненна. Асабліва калі размова ідзе аб колькасці жыццяў, аб жывых людзях, загубленых тваімі суайчыннікамі. Як прасцей, напэўна, сказаць пра Хатынь «зраўнавалі з зямлёй» замест «спалілі разам з жыхарамі». І якая розніца праз амаль восемдзесят гадоў — ранняй вясной гэта было ці летам? Спадар Прэзідэнт, як, дарэчы, ніводны нямецкі лідар за ўсю гісторыю існавання мемарыяла, так да Хатыні і не даехаў. Не хадзіў у звонкай цішыні сярод комінаў, не ўяўляў, як зганялі людзей на смерць па рыхлым сакавіцкім снезе, як летам на шчодра ўгноенай попелам выгаралай зямлі пачалі прабівацца парасткі травы... І нават пра «забілі ўсіх яе жыхароў» казаць было прасцей — бо так жа хочацца верыць, што няма сведак таму злачынству. А яны ж — шэсць чалавек — выжылі. Дзеля таго, каб расказаць усім пра жах і смерць. І Няскораны чалавек у Хатыні — гэта Іосіф Камінскі, хатынскі каваль, які выжыў у тым пекле, і пражыў яшчэ доўгае жыццё, каб мы ведалі і памяталі. Але пра гэта тым, хто вінаваты, лягчэй маўчаць, чым гаварыць.

Я спецыяльна ўзяла нямецкі тэкст таго выступлення і дэталёва, абклаўшыся слоўнікамі, пераправерыла: а раптам проста дапушчаны памылкі пры перакладзе. Не, усё правільна. І лічбы, і «лета», і «зраўнавалі з зямлёй», і «забілі ўсіх»... Сапраўды, наіўна было думаць, што прадстаўнікі самай, напэўна, педантычнай нацыі памыліліся. Чаму ж яны памыліліся  ў фактах, прычым так нязграбна і нават здзекліва, рыхтуючы гэтую прамову, — вось у чым пытанне.

Хтосьці, пэўна, скажа: навошта чапляцца да дэталяў. З дэталяў усё пачынаецца, шаноўныя. Заўтра тэзісы з названай прамовы ўвойдуць у падручнік гісторыі. І праз дваццаць гадоў у Германіі будуць ведаць, што нейкую там Хатынь зраўнавалі бульдозерам улетку 1943-га. Забітыя жыхары ўвогуле могуць прапасці з тэксту, а яшчэ дададуць, што зрабілі тое з мэтай прафілактыкі, бо міралюбным салдатам вермахта не давалі спакойна жыць мясцовыя бандыты, якія называлі сябе партызанамі... З маленькіх дэталяў, як сведчыць гісторыя, пачынаецца вялікая хлусня.

Нашы памяць і боль ад той вайны патрэбныя толькі нам. І зразумелыя толькі нам. Бо, калі ў канцы сакавіка ў веснавым блакіце пачынаюць нясмела спяваць першыя жаўрукі, толькі мы ўспамінаем пра дзяцей Хатыні, якія бачылі тое самае, ідучы на пакутніцкую смерць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».