Вы тут

З панядзелка злёгку адпусціць: уначы — да 20 цяпла, а ўдзень — да плюс 28 градусаў


Тэмпературныя максімумы ў нас, як правіла, назіраюцца ў ліпені. А сёлета большую частку чэрвеня мы правялі ў трапічнай спякоце. Яна пачне слабець, праўда павольна, але ўсё ж на выходныя будзе на пару градусаў свяжэй, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У суботу і нядзелю наша краіна акажацца ў зоне ўплыву атмасфернага фронту, які будзе павольна перамяшчацца ва ўсходнім кірунку, услед за якім пачне паступаць больш халодная паветраная маса. Спякота паступова пачне слабець. Але гэта не датычыцца паўднёва-ўсходніх абласцей — там па-ранейшаму будзе горача. У гэтыя дні мы адчуем свежасць надвор'я менавіта ўначы, калі чакаецца паніжэнне тэмпературы.

А на большай частцы тэрыторыі краіны ў суботу пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Удзень у асобных раёнах магчымыя моцныя дажджы, град. Вецер прагназуецца заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 16 градусаў да 22 цяпла. Удзень будзе 21—28 цяпла, пераважна па паўднёвым усходзе — ад плюс 29 градусаў да 34 цяпла, а ў асобных раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей — да плюс 36 градусаў вышэй за нуль.

Чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы і ў нядзелю, месцамі навальніцы, уначы ў асобных раёнах магчымыя моцныя ліўні. Вецер прагназуецца паўночна-заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 13 градусаў па захадзе да 22 градусаў вышэй за нуль па ўсходзе. Удзень будзе 21—27 цяпла, у паўднёва-ўсходніх раёнах — да плюс 31 цяпла.

Згодна з доўгатэрміновымі прагнозамі айчынных сіноптыкаў, у далейшым франтальны раздзел замарудзіць свой рух і замацуецца на ўсходзе краіны. Там пройдуць кароткачасовыя дажджы. А тэмпературны фон па краіне панізіцца да камфортных значэнняў. З панядзелка да серады пераважна па ўсходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 13—19 цяпла (ідэальна для выспявання агуркоў), удзень — ад плюс 21 градуса да 28 цяпла.

Зараз некалькі слоў аб тэмпературных рэкордах. У першы месяц лета ў нас іх даўно не было. Прычым гаворка ўжо не пра сутачныя рэкорды, а пра рэкорды ўсяго чэрвеня. Так, за 23 чэрвеня абноўлены рэкорды максімальнай тэмпературы паветра месяца паўсюдна па Гомельскай вобласці (цікава, што ў Васілевічах папярэдні рэкорд трымаўся роўна 120 гадоў), амаль паўсюдна па Магілёўскай вобласці (толькі ў Бабруйску да рэкорду 1963 года не хапіла 0,4 градуса), на большай частцы Віцебскай і Брэсцкай абласцей, а таксама месцамі па Мінскай вобласці. У сталіцы рэкорд чэрвеня 2019 года (плюс 34 градусы) утрымаўся.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Неба «закіпела»...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.