Вы тут

Анамальнае надвор'е райцэнтра Акцябрскі. Калі пячэ па-беларуску


Гутарка пра надвор'е, лічу, — геніяльная вынаходка. Найпрасцейшы псіхалагічны тэст, які выдае настрой чалавека і нават яго светапогляд, а яшчэ надвор'е — камунікатыўная палачка-выручалачка. Асабіста для мяне надвор'е — гэта пра аб'яднанне, пра метэавандраванне, віртуальны метэатурызм. Пачуеш, дзе пячэ, залівае, б'е градам — спачуваеш людзям, цікавішся, дзе знаходзіцца гэты рэгіён. На гэтым спякотным тыдні ўсіх беларусаў аб'яднаў, а ў гутарках пра надвор'е выручыў населены пункт — райцэнтр Акцябрскі.


Фота: pixabay.com

Трэці дзень запар гэты сямітысячны гарадскі пасёлак на паўночна-заходняй ускраіне Гомельшчыны — абсалютны чэмпіён спякотнага чэрвеня на Беларусі. На метэастанцыі «Акцябр» 22 чэрвеня была зафіксавана рэкордная тэмпература паветра — 36 градусаў. На карце максімальнай тэмпературы паветра на тэрыторыі Беларусі, апублікаванай на сайце MeteoІnfo, на 18 гадзін 23 чэрвеня на тэрыторыі Акцябрскага — 37,1 градуса. Па запыце «тэмпературны рэкорд пасёлак Акцябрскі» інтэрнэт-пошукавік выдае 9 мільёнаў вынікаў. Цікава, як жыхары неспадзяванага беларускага «ньюсмейкера» навін надвор'я на радыё і тэлебачанні перажываюць такую спякоту?

Наогул, для мясцовых прыемна, што хоць дзякуючы рэкордам надвор'я іх сціплы, аддалены край прыцягнуў увагу значнай колькасці беларусаў. Акцябрскі — вядомы партызанскі край, калі згадваць ваенную гісторыю. Сёння гэта яшчэ і месца сілы аматараў фальклору і аўтэнтыкі. Менавіта тут арганізоўваецца этнафестываль «Берагіня».

У гэтыя незвычайна спякотныя дні райцэнтр працягвае жыць актыўным грамадскім жыццём, распавядае мая суразмоўніца, гід па палескай глыбінцы — намеснік галоўнага рэдактара «Рэдакцыі газеты «Чырвоны Кастрычнік» Ірына Ляшкова, журналіст, патрыёт свайго краю, мама трох дзетак. Яна прызнаецца проста, па-жыццёваму: цяпер у рэдакцыі яе працоўны кабінет з вокнамі на поўнач — эпіцэнтр астуджэння калег, якія заходзяць перадыхнуць. Але, вядома, камандзіроўкі, выезды на рэпартажы ніхто не адмяняў. Кажа, на вуліцах райцэнтра таксама кіпіць жыццё.

— Шмат людзей на вуліцах. Нашы наогул такія моцныя — вось вам і партызанскі край. Хтосьці, бачу, ходзіць па вуліцах пад парасонамі, усе, вядома, з бутэлькамі пітной вады. Прынамсі, назіраю, што масачны рэжым усе імкнуцца захоўваць у крамах, грамадскіх месцах, нягледзячы на тое, што душна і горача, — дзеліцца Ірына Міхайлаўна. — У цэнтры ў нас ёсць возера Рудніцкае, дзе дазволена купанне, — там аншлаг. Узмоцненую службу там вядуць ратавальнікі. У складзе рэйдавых брыгад разам з супрацоўнікамі МНС журналісты таксама аб'язджаюць усе вадаёмы ў райцэнтры.

Калега расказвае, што ў раёне на гэты тыдзень было запланавана шмат патрыятычных мерапрыемстваў для моладзі. У панядзелак да спёкі правялі маладзёжны крос, 22 чэрвеня далучыліся да акцыі «Усебеларуская хвіліна маўчання». Апошнія дні на спякоце, на адкрытай прасторы мерапрыемствы не праводзяць — толькі ў памяшканнях. Шкада вось, раслінам у гэтыя дні вельмі цяжка, зазначае рэдактар.

Расліны і жывёлы — клопат вяскоўцаў Акцябрскага.

— Спякота, холад, снег, мяцеліца — не мае значэнне. Мы заўсёды жывём сваім сельскім жыццём. Так горача ды цяжка, але ў любым выпадку трэба карміць скаціну, на фермах даіць каровак, падвозіць для іх ваду, на палях своечасова нарыхтоўваць корм для жывёлы. Таму людзі працуюць, — адказвае на мае пытанні аб вяскоўцах Акцябрскага раёна Аксана Галчынская.

Аксана Генадзеўна выконвае абавязкі старшыні Пратасаўскага сельвыканкама. Вядома, хвалюецца за мясцовых жыхароў населеных пунктаў. Пенсіянеры, кажа, прытрымліваюцца парад, працуюць на сваіх прысядзібных участках ці рана раніцай, ці ўвечары, на спёку не выходзяць. Ды ўсё ж асноўная частка вяскоўцаў — на тэрыторыі сельсавета звыш 600 людзей працаздольнага ўзросту — працуе на зямлі, на буйным прадпрыемстве раёна ААТ «Маісееўка», у фермерскіх гаспадарках. Таму ўмовы для работы ў спякоту на месцах сваім працаўнікам забяспечваюць наймальнікі.

Правілы паводзін у спякоту: парады ад ратавальнікаў, медыкаў, супрацоўнікаў ДАІ

Сіноптыкі прагназуюць, што анамальна гарачае надвор'е пратрымаецца да канца працоўнага тыдня. Калі прагнозы апраўдаюцца ў поўнай меры, то, магчыма, будзе пабіты тэмпературны рэкорд, які трымаўся больш за 55 гадоў.

Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе ў гарачы перыяд часу па магчымасці адмовіцца ад кіравання транспартным сродкам. Планаваць свае перамяшчэнні на аўто ў ранішнія гадзіны альбо ўжо пасля заходу сонца, калі спякота не такая анамальная. У дарозе ўжываць дастатковую колькасць вады, каб захоўваць водны баланс. Не рэкамендуецца ўжываць моцна астуджаную ваду — лепш пакаёвай тэмпературы. У выпадку, калі ў дарозе адчулі пагаршэнне самаадчування, неабходна спыніцца і працягнуць свой шлях пасля таго, як стане лепш.

Сярод асноўных парад медыкаў — абмежаваць знаходжанне на вуліцы, знізіць фізічныя нагрузкі, апранаць лёгкую вопратку і галаўны ўбор, не пераядаць, уважліва сачыць за харчаваннем і пітным рацыёнам малых дзяцей. Медыкі падкрэсліваюць: ні ў якім разе не пакідайце адных у зачыненым аўтамабілі дзяцей і хатніх жывёл.

У сваю чаргу МНС нагадвае, што купацца неабходна ў спецыяльна адведзеных месцах, выключыць ужыванне алкаголю падчас купання, не праводзіць гульні на вадзе, якія звязаныя з захопамі, не плаваць на надзіманых матрацах або камерах, не ныраць, не куляцца ў незнаёмых месцах, пастаянна сачыць за дзецьмі на вадзе, не пакідаць іх без нагляду.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».