Вы тут

У Нясвіжы як у Парыжы


Такое параўнанне часта даводзіцца чуць з вуснаў турыстаў. Сапраўды, Нясвіж — гэта музей пад адкрытым небам, дзе ўдала спалучаеца даўніна і сучаснасць. Тут ёсць што паглядзець і чым захапіцца. Раней ён з'яўляўся рэзідэнцыяй магнацкага роду Радзівілаў.


У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь унесены 41 аб'ект раёна, у тым ліку 18 з іх размяшчаюцца ў самім горадзе. Найбольш значныя — комплекс былога манастыра іезуітаў, куды ўваходзяць касцёл Божага Цела, палацава-паркавы ансамбль, будынкі гісторыка-краязнаўчага музея, былой плябані, гарадская ратуша з гандлёвымі радамі, Слуцкая брама, дом рамесніка, комплекс былога манастыра бенедыкцінак, помнік Сымону Буднаму.

Бясспрэчна, самым выдатным месцам горада з'яўляецца палац Радзівілаў. Цяпер гэта музей, размешчаны на тэрыторыі запаведніка. Палац лічыцца гонарам не толькі Беларусі, але і ўсяго свету: ён уключаны ў пералік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Свой след у гісторыі Нясвіжчыны пакінула і Вялікая Айчынная вайна. Пра тыя трагічныя падзеі нагадвае брацкая магіла воінаў і партызан, брацкая магіла мірных жыхароў на гарадскіх могілках, мемарыяльныя знакі на месцах расстрэлу ахвяр фашызму.

Славіцца Нясвіжчына і таленавітымі людзьмі, якія ўнеслі значны ўклад у літаратуру, культуру, гісторыю, сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Тут праводзіцца шмат фэстаў, акцый, міжнародны конкурс-пленэр юных мастакоў імя Міхася Сеўрука, свята мастацтваў «Музы Нясвіжа», народныя святы і абрады «Калядкі», «Купалле», «Дажынкі».

З кожным годам раён і горад прыгажэюць, развіваюцца, становяцца камфортнымі для жыцця.


Гуманіст, філосаф, асветнік

А яшчэ гісторык, публіцыст, актыўны дзеяч рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім — Сымон Будны нарадзіўся 13 студзеня 1593 года на Беласточчыне. Ён атрымаў выдатную адукацыю. У чатырнаццаць гадоў паступіў на факультэт свабодных мастацтваў у Кракаўскі ўніверсітэт, дзе правучыўся каля дзесяці гадоў. Мяркуецца таксама, што ён закончыў тэалагічны факультэт Базельскага ўніверсітэта.

Жыццё і дзейнасць Сымона Буднага непарыўна звязаны з Нясвіжчынай. На пачатку 1560-х гадоў разам з нясвіжскім старастам Мацвеем Кавячынскім і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнам Крышкоўскім ён заснаваў друкарню, пры якой выраблялася папера. Фінансава яго падтрымалі магнаты Астафей Валовіч і Мікалай Радзівіл Чорны. У 1562 годзе Сымон Будны выдаў першую на тэрыторыі Беларусі кнігу, якая называлася «Катэхізіс» на старабеларускай мове і была напісана ў форме пытанняў і адказаў, дзе выклаў свае рэлігійна-філасофскія, палітычныя і педагагічныя ідэі. Яна змясціла пратэстанцкае веравучэнне.

Кніга перавыдавалася два разы — у 1628 годзе ў Стакгольме і ў 2005-м у Мінску. У Нясвіжы Будны таксама выдаў кнігу «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Да нашых дзён яна не дайшла. Памёр Сымон Будны ў беларускім мястэчку Вішнева ў 1593 годзе. У Нясвіжы захаваўся будынак, дзе была друкарня Сымона Буднага.

У 1982 годзе ў Нясвіжы ўстаноўлены помнік Сымону Буднаму ў скверы на вуліцы Міцкевіча побач з касцёлам Божага Цела і плябані. Яго аўтары — скульптар Святлана Гарбунова, архітэктар Юрый Казакоў. Помнік уяўляе сабой бронзавую фігуру вышынёй 2,85 метра на гранітным пастаменце. У руцэ — паднятая кніга з эмблемамі сонца — сімвал святла і ведаў.

Выява помніка змешчана на паштовай марцы Рэспублікі Беларусь «400 гадоў з дня смерці Сымона Буднага», выпушчанай 29 снежня 1993 года.


Дваццаць пяць гадоў сяброўства

Кожны год у маі на тры дні старажытны Нясвіж ператвараецца ў адну вялікую сцэнічную пляцоўку падчас cвята мастацтваў «Музы Нясвіжа». Шмат эмоцый, уражанняў дораць арганізатары фестывалю — Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі аблвыканкам, Нясвіжскі райвыканкам і заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» жыхарам горада, шматлікім гасцям, прыхільнікам камернай музыкі.

На працягу многіх гадоў мастацкія фэсты ў Нясвіжы застаюцца адной з самых адметных падзей у культурным жыцці Беларусі. Штогод гэтыя інавацыйныя праекты яднаюць айчынную музыку розных эпох і жанраў. З моманту свайго заснавання і да сённяшняга дня фестываль з'яўляецца сімвалам узнаўлення і адраджэння гісторыі беларускага мастацтва, перш за ўсё — музычнага.

Сёлета фестываль адбыўся дваццаць пяты раз. Адкрыўся ён творчай сустрэчай з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаілам Фінбергам. Перад жыхарамі горада, гасцямі і ўсімі прыхільнікамі мастацтва выступіў струнны квартэт з канцэртам «Музычныя скарбы Беларусі» пад кіраўніцтвам Таццяны Вайлавай. Гэты ж калектыў пазней выступіў у Тэатральнай зале палацавага ансамбля Радзівілаў з канцэртнай праграмай «Музычным шляхам роднай Бацькаўшчыны». У касцёле Божага Цела паказалі канцэрт «Духоўнае аблічча музычнай Беларусі».

А вечарам у раённым Цэнтры культуры адбыўся вялікі канцэрт «Мая краіна — мая сям'я» ў гонар 25-гадовага творчага сяброўства аркестра з несвіжанамі, падчас якога выступілі салісты аркестра — лаўрэаты шматлікіх конкурсаў. Сярод іх — заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамэла, таксама Галіна Грамовіч, Алеся Дзяржавец, Таццяна Глазунова, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Мусвідас, Яўген Цымбаліст, Ягор Шаранкоў. У іх выкананні прагучалі песні, якія аб'ядноўваюць беларускі народ, сталі часткай яго духоўнага жыцця.

У межах свята праводзіцца пленэр для дзяцей — навучэнцаў школ мастацтваў. Пленэр носіць імя жывапісца Міхаіла Сеўрука. Кожны раз ён прысвечаны розным тэмам. Дзеці робяць кампазіцыйны пейзаж і пішуць два эцюды з натуры. На кожным пленэры юныя таленты наведваюць дом-музей знакамітага мастака.


Голасам свайго пакалення

Невыпадкова Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка вось ужо шэсць гадоў носіць імя Паўла Пранузы. Павел Кузьміч Прануза — беларускі паэт, ганаровы грамадзянін, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, унёс значны ўклад у літаратурную спадчыну Беларусі. У бібліятэцы ў яго гонар ладзіцца шмат мерапрыемстваў. У прыватнасці, Фестываль «Голасам свайго пакалення», які сёлета адбыўся пяты раз.

— Гасцямі яго сталі сябар Паўла Кузьміча, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Карнаухава, намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты «Нясвіжскія навіны» Соф'я Любанец, сябар раённага літаратурна-музычнага аб'яднання «Валошкі» Раіса Хвір, — падзялілася са «Звяздой» загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Аксана Рыжыкава. — Мерапрыемствы ладзіліся на некалькіх пляцоўках адначасова амаль да вечара. Літаратурная гасцёўня «Мая зямля — жыцця майго калыска» пазнаёміла з жыццём і творчасцю паэта. Прысутныя мелі магчымасць паразважаць над тым, якім ён быў. Настаўнік, паэт, франтавік і проста Чалавек з вялікай літары...Падчас мерапрыемства гучалі вершы паэта. У ролі чытальнікаў выступалі вучні Нясвіжскай гімназіі Гасан Гаруноў, Дар'я Жук, Арцём Рагалевіч, Аляксандра Навоша і вучаніца сярэдняй школа № 1 г. Нясвіжа Марына Тарасевіч. Іх выступленні ўразілі артыстызмам і пранікнёнасцю. У пачатку сакавіка раённая бібліятэка ў межах Фестывалю паэзіі аб'явіла конкурс ілюстрацый да вершаў Пранузы «Фантазія алоўка і слова». 27 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы. У канферэнц-зале дэманструюцца найлепшыя работы мастакоў, якія прасякнуліся паэзіяй Паўла Кузьміча настолькі, што вырашылі яго вершы адлюстраваць у малюнках. Прайшоў таксама традыцыйны конкурс юных чытальнікаў «Чытаем Паўлюка Пранузу» па трох узроставых катэгорыях, у якіх удзельнічалі школьнікі горада і раёна. Яны дэкламавалі на памяць любімы вершаваны твор паэта на беларускай мове.

— На фестывалі адбыліся і творчыя сустрэчы. Падчас паэтычнай гадзіны «Паэзіі жывая сіла» сябры раённага літаратурна-музычнага аб'яднання «Валошкі» і наведвальнікі клуба «Залаты ўзрост» Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мелі магчымасць дакрануцца да творчасці сябра Беларускага саюза музычных дзеячаў, сябра Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Ірыны Карнаухавай. Ірына Аляксандраўна пазнаёміла са сваімі творамі з апошніх паэтычных зборнікаў. Дзмітрый Лібар, Алена Шаблоўская і Уладзімір Жылко прачыталі свае вершы, — працягвае суразмоўніца. — Маленькія наведвальнікі бібліятэкі сустрэліся з Уладзімірам Ліпскім, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка», кіраўніком Беларускага дзіцячага фонду, які завітаў на мерапрыемства «Найлепшых кніг адкрыты нам старонкі» разам з аўтаркай Анастасіяй Радзікевіч, якая на суд юных чытачоў прадставіла сваю кнігу «Скарбы Нясвіжскага замка». Адбылася і творчая сустрэча з Дзмітрыем Кашаварам, аўтарам кнігі «99 знаменитых мест Беларуси».

На працягу красавіка ў фае бібліятэкі дзейнічала ілюстрацыйна-дакументальная выстава «Голасам свайго пакалення». Тут можна было ўбачыць экспанаты, якія сам Паўлюк Прануза падарыў установе: рукапісы, кнігі з аўтографамі паэтаў, з якімі ён сябраваў, асабістыя рэчы. Многія кнігі падпісаны аўтарам. Пры жыцці Прануза цесна супрацоўнічаў з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, у фонд якога перадаў частку сваіх рукапісаў, фотаздымкаў, кніг. Яшчэ частку пасля яго смерці дочкі перадалі ў Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Афармляючы да свята кніжную экспазіцыю, частку экспанатаў бралі і з гэтых музеяў. Непасрэдна Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей прадставіў ганаровыя граматы паэта, членскія білеты, фотаздымкі, асабістыя рэчы.

— З мэтай звязаць месцы горада ў адзіную гістарычную прастору, звязаную з біяграфіяй Паўла Кузьміча Пранузы, Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка распрацавала медыяпадарожжа «Пранузаўскі Нясвіж». На карце горада адзначаны тыя месцы, якія ён часта наведваў, якія любіў, — кажа Аксана Рыжыкава. — Больш дэталёва кожны зможа пазнаёміцца з гэтай работай на афіцыйным сайце бібліятэкі. Будзем рады, калі гэтае віртуальнае падарожжа зацікавіць і стане карысным. Акрамя таго, на сайце распавядаецца пра фестывалі «Голасам свайго пакалення», якія праходзілі ў мінулыя гады.

Амаль 90 гадоў адвёў лёс Паўлюку Пранузу. Крочыў ён смела. Яго нішто не прымусіла стаць іншым. Салдатам, абпаленым агнём баёў, на дах рэйхстага ўзышоў Паэт. У суровых выпрабаваннях, на нялёгкіх дарогах жыцця сталела яго муза. У свой апошні, 85-гадовы юбілей, даючы інтэрв'ю адной з беларускіх газет, Павел Кузьміч усім параіў: «Трэба вучыцца валодаць сабой. Цяжкасцяў не трэба баяцца. Яны былі заўсёды: і да вайны, і ў першыя пасляваенныя гады, і пазней — паверце ўжо мне. Самае галоўнае — духоўна жыць, быць сур'ёзным, добразычлівым, працавітым чалавекам. І тады будзе лепш праглядвацца заўтрашні дзень».

Што ж... Будзем вучыцца, паважаны Павел Кузьміч!


Павучыцца гісторыі

Даведацца аб мінулым продкаў, іх быце, захапленнях можна было на фестывалі «Радзівіліяда», прысвечаным культуры, воінскім традыцыям і музыцы XVІ—XVІІІ стагоддзяў. Фестываль упершыню прайшоў у Нясвіжы ў двары палацавага ансамбля Радзівілаў.

Гэтае мерапрыемства сабрала не толькі жыхароў горада і раёна, але і гасцей з іншых раёнаў і абласцей Беларусі. Тут кожны змог знайсці занятак па душы: атрымаць асалоду ад выступленняў народнага ансамбля старадаўняй музыкі «Контрданс», тэатра старадаўняй культуры «Яварына», гусляра Алеся Чумакова.

Усе ахвотныя маглі павучыцца даўнішнім танцам, гістарычнаму фехтаванню падчас майстар-класаў, паглядзець на паказальныя паядынкі, на дэманстрацыю тактыкі бою і манеўры атрадаў. Працаваў тут і стылізаваны рынак рамеснікаў. Можна было не толькі паназіраць за работай майстроў, але і набыць унікальную рэч ручной работы, упрыгожанні, сувеніры, пярсцёнкі, брошкі. Наведвальнікам таксама прапаноўвалі розныя зёлкі і травы, дзяліліся сакрэтамі іх збору і нарыхтоўкі.

На свяце было шмат гульняў і забаў, якія былі распаўсюджаны ў XVІ—XVІІІ стагоддзях. Напрыклад, колцакід, дартс, перацягванне каната, бітва мяшкамі. Ці не нагадвае гэта наша басаногае дзяцінства? Мы захапляліся гэтымі гульнямі, але не задумваліся, адкуль яны пайшлі.

Кульмінацыяй свята стала тэатралізаванае прадстаўленне — рэканструкцыя бою, якую прадэманстравалі ўдзельнікі клуба «Рэгімент Януша Радзівіла». Дзеці і дарослыя змаглі азнаёміцца з тагачаснай ваеннай амуніцыяй войска, маршамі, традыцыямі, баявымі прыёмамі.

Закончыўся фестываль вогненным шоу. Але рынак рамеснікаў прадоўжыў работу і на наступны дзень.

Што кажуць наведвальнікі:

Святлана Лазарава:

«Прыехалі спецыяльна на фестываль з Брэсцкай вобласці ўсёй сям'ёй. Я проста ўражана гэтым прадстаўленнем. Такога яшчэ не бачыла. Але больш за ўсё задаволена, што ўзяла з сабой дзяцей: няхай ведаюць нашу гісторыю, як жылі, як бавілі час нашы продкі, якіх традыцый прытрымліваліся. Па дарозе дадому мае сын і дачушка паабяцалі, што менш будуць сядзець за камп'ютарам, а больш увагі ўдзяляць гістарычнаму мінуламу Беларусі, знаёмству са знакамітымі родамі, якія шмат зрабілі для культуры, гісторыі нашага краю».

Ала Казловіч:

«Атрымала ад імпрэзы вялікае задавальнне. Сапраўды, у нас багатая гісторыя, традыцыі, культура. Лічу, што нашы дзеці мала ведаюць пра гэта. Хацелася б, каб у школе ўдзялялі больш увагі вывучэнню гісторыі роднага краю. Як кажуць, без мінулага няма будучыні».


Асвоілі медыяпрастору

Сёння ў рабоце з чытацкай аўдыторыяй патрабуюцца неардынарныя падыходы, новыя формы. Гэта добра разумеюць у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. І супрацоўнікі актыўна пазіцыянуюць бібліятэку ў інтэрнэт-прасторы. Функцыянуе сайт установы nesvіzhlіb.by, створана група «Чытаючы Нясвіж» і «БібліяДзеткі» ва «УКантакце», старонкі ў «ОК», «Інстаграм», «Фэйсбук», у 2020-м годзе запрацаваў канал на YouTube, з 2021 — на TіkTok.

Для стварэння іміджу бібліятэчнай прафесіі супрацоўнікі ўстановы арганізавалі акцыю «Бібліятэкар — гэта прыгожа». У ёй прынялі ўдзел карыстальнікі «УК», а менавіта супрацоўнікі бібліятэчнай сферы незалежна ад узросту і месца жыхарства. Кожны сказаў у сваім відэа, што быць бібліятэкарам — гэта жыць у прафесіі, дзе заўсёды ёсць чаму павучыцца і дзе ёсць месца для адкрыцця новага.

Цікавым атрымаўся і анлайн-конкурс «Чытаюць дзеці на табурэце». У ім прынялі ўдзел 42 прадстаўнікі малодшай сярэдняй і старшай узроставых груп. Яны дасылалі відэа, дзе чытаюць любімы верш. Пераможцы атрымалі падарункі.

Яшчэ адзін анлайн-конкурс — «Моладзь чытаючай краіны», у якім удзельнічалі маладыя людзі ад 15 да 31 года. Яны аддалі на суд як індывідуальныя, так і калектыўныя творчыя работы ў трох намінацыях «Будзь у трэндзе» (стварэнне калекцыі літаратурных успамінаў), «Чытанне ў стылі сэлфі» (арыгінальныя, юмарыстычныя фотаздымкі, на якіх увасоблены момант зносін з кнігай), «Маладзёжная хваля чытання» (медыятворчасць).

Некалькі праектаў было прысвечана патрыятычнаму выхаванню: акцыя «Зорка героя», марафон чытання «1418 радкоў», анлайн-праект «Жывыя вуліцы». Менавіта апошні даў магчымасць пазнаёміць моладзь з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, з гісторыяй вуліц, названых імёнамі тых, хто аддаў сваё жыццё за мір, адзначыла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Іюльская.

Яна таксама расказала, што бібліятэка з 2016 года актыўна займаецца развіццём міжнароднага супрацоўніцтва з шэрагам бібліятэк гарадоў — партнёраў Нясвіжа. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з бібліятэкамі Пулавы, Тарнуў, Одалянуў (Польшча), Радзівілішкіса, Біржай (Літва), Аўцэ (Латвія).


Кватэра-музей Міхася Сеўрука

На ціхай зялёнай вулачцы Садовай у Нясвіжы прытуліўся драўляны дом, у якім з 1939 года да канца жыцця жыў і працаваў знакаміты беларускі мастак Міхась Сяўрук (Міхаіл Канстанцінавіч Сяўрук). У 1966 годзе тут была адкрыта кватэра-музей мастака. У 2012-м плошчу кватэры пашырылі і стварылі новую экспазіцыі. У калекцыю ўвайшлі жывапісныя работы майстра, графіка, гравюры на дрэве, медзі, ліноліуме, асабістыя рэчы мастака, якія перадала музею яго жонка Раіса Сямёнаўна і яго сябры.

Створаная экспазіцыя ўяўляе сабой разнажанравы паказ двух перыядаў творчасці мастака — віленскі (1927—1939) і нясвіжскі (1939—1979).

Нарадзіўся Міхась Сяўрук у Снове 27 лютага 1905 года. Сын чыгуначнага служачага. Да 1927 года вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі. У 1932-м скончыў факультэт выяўленчага мастацтва Віленскага ўніверсітэта. Першыя работы маладога таленавітага творцы дэманстраваліся на выстаўках 1937—1938 гадоў у Варшаве. Тагачасная галерэя вобразаў, створаная ім, дакладна перадае атмасферу часу, адносіны да навакольнага свету, ідэалы прыгажосці. Больш познія работы адзначаюцца народнасцю вобразаў. У Нясвіжы ў асноўным працаваў у галіне жанравай карціны і пейзажа.

Сярод яго работ — тэматычныя кампазіцыі «На ўборцы буракоў», «Жніво», «Новы дом» і іншыя.

Акрамя таго, Сяўрук ілюстраваў вокладкі кніг. Напрыклад, зборнікі паэзіі Максіма Танка «На этапах», Рыгора Шырмы «Наша песня». Разам з Язэпам Драздовічам, Пятром Сергіевічам і Язэпам Гарыдам займаўся ілюстраваннем заходнебеларускіх друкаваных выданняў.

Памёр Міхась Сяўрук 14 сакавіка 1979-га ва ўзросце 74 гадоў. Пахаваны ў Нясвіжы. Яго карціны і графічныя работы знаходзяцца ў Беларусі, Польшчы, Літве. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака ў 2005 годзе ў Беларусі выпушчана паштовая марка з выявай яго карціны «Жніво».


Памяці паэтаў

У Нясвіжы прайшла гадзіна памяці паэтаў Нясвіжчыны Івана Гурбана, Міхася Сазончыка, Уладзіміра Богдана, Мікалая Бялевіча, Віталя Барадзіна. Пра іх гаварылі родныя, сябры раённага літаратурна-музычнага аб'яднання «Валошкі», удзельнікі ансамбля песні «Элегія» пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун, хору ветэранаў «Аптымісты» (кіраўнік Ірына Латушка). У выкананнаі ўдзельнікаў ансамбля «Элегія» і хору «Аптымісты» гучалі лірычныя песні.

Прысутныя згадвалі жыццёвы і творчы шлях сваіх землякоў.

— Іван Гурбан пражыў доўгае і няпростае жыццё, — расказала кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб'яднання «Валошкі» Валянціна Шчарбакова. — Яго сталасць выпала на той перыяд, калі атэісты разбуралі храмы, рушылі людскія лёсы. У шасцідзясятыя гады ён узначальваў Юшавіцкі сельскі Савет. І калі адзін з начальнікаў загадаў яму залезці на дах Юшавіцкай царквы і зрэзаць крыж, то ён адмовіўся і быў зняты са сваёй пасады. У 72 гады Іван Яфімавіч стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры жыцці выдаў кніжку для дзяцей «Чубаценькі будзільнік». Пасля смерці выйшла ў свет яго кніга «Паэт».

Вельмі цёпла і пранікліва расказала пра свайго бацьку Міхася Сазончыка яго дачка Ніна Няхай. Міхась Яфрэмавіч родам з Гарадзеі, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго пяру належаць зборнікі «Пад родным небам», «Люблю», «Крыніца», «Выпрабаванне часам», «Роздум», а таксама зборнікі для дзяцей «Вераб'іная дача», «Навагодні светлячок», «Сонца мыецца».

Удзельнікі мерапрыемства падтрымалі ініцыятыву назваць бібліятэку ў Гарадзеі імем Міхася Сазончыка.

У 2007 годзе сябар раённага літаратурна-музычнага аб'яднання «Валошкі» Уладзімір Богдан выпусціў сваю першую кнігу «Нясвіжскі край». У 2010-м — другую — «Роднымі сцежкамі», праз год выйшла ў свет кніга для дзяцей «Міласэрнасць». Пасля яго смерці — зборнік паэзіі і прозы «Бацькоўскі парог». Усе кнігі, акрамя першай і апошняй, падрыхтавалі да друку супрацоўніцы раённай цэнтральнай бібліятэкі Таццяна Байкаш і Валянціна Шчарбакова.

Галоўны ўрач санаторыя Мікалай Бялевіч таксама пісаў вершы. Мікалай Сцяпанавіч аўтар некалькіх кніг. Цудоўную кнігу паэзіі «Спадчына» пакінуў пасля сябе і нясвіжскі паэт Віталь Барадзін. На жаль, яе не пабачыў: пайшоў з жыцця.

Сустрэча «Памяці паэтаў» адбылася напярэдадні Троіцкай памінальнай суботы, хаця першапачаткова планавалася на лістапад.

— І гэта таксама невыпадкова, — лічыць Валянціна Шчарбакова. — Спадзяёмся, што не толькі мы, але і Бог памянуў на нябёсах душы нашых паэтаў Івана, Міхаіла, Уладзіміра, Мікалая і Віталя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.