Вы тут

Адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 100-годдзю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі


У Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 100-годдзю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Прыгожая юбілейная дата сабрала ў сталіцы ўсіх датычных да векавой гісторыі галіновага прафсаюза — ветэранаў прафсаюзнага руху, актывістаў, якія працягваюць штодня жыць праблемамі тых, хто вучыць і вучыцца, прадстаўнікоў педагагічных дынастый. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі ў гэты дзень кіраўнікі Міністэрства адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук, парламентарыі...


Старонкі гісторыі

Юбілей — гэта заўсёды нагода азірнуцца назад і паглядзець, колькі ж усяго было зроблена за мінулыя гады. Глыбінныя карані Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі бяруць пачатак з канца XІX — пачатку XX стагоддзя, калі ў настаўніцкім асяроддзі пачалі ўтварацца прафесійныя суполкі. Доўгі час яны былі нелегальныя. Уздым актыўнасці прафесійнага руху педагогаў Беларусі прыпаў на 1906 год. 13 чэрвеня на губернскім з'ездзе настаўнікаў у Віцебску, на якім прысутнічала больш за 300 дэлегатаў, быў створаны настаўніцкі саюз, абраны дэлегаты на Усерасійскі з'езд настаўнікаў. У сяле Мікалаеўшчына Мінскага павета збіраецца першы настаўніцкі з'езд Мінскай губерні, які паклаў пачатак стварэнню настаўніцкага саюза. Сход быў нешматлюдны, праводзіўся нелегальна і быў разагнаны паліцыяй. Адным з яго арганізатараў быў будучы класік і народны паэт Беларусі Якуб Колас.

У прафсаюзным летазлічэнні зыходнымі сталі дзве ключавыя падзеі: у ліпені 1919 года было арганізацыйна аформлена стварэнне Усерасійскага саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры. Восенню 1920 года ў Мінску створана Часовае праўленне саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, якое правяло падрыхтоўчую работу па скліканні з'езда, што адбыўся 8—11 студзеня 1921 года. Менавіта з гэтай падзеі і вядзе афіцыйны адлік гісторыя галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

На сёння Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — адзін з найбольш уплывовых у краіне, ён аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах 600 тысяч чалавек: работнікаў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, навучэнскую моладзь, аспірантаў і дактарантаў. Іх заваёвы і праблемы, занятасць і заробак — штодзённы клопат прафсаюзнай арганізацыі.

«Нішто не давалася само сабой». Ветэран прафсаюзнага руху Тамара ЧОБАТАВА і цяперашні лідар галіновага прафсаюза Таццяна ЯКУБОВІЧ.

— Мы бачым, што людзі вам давяраюць і вас падтрымліваюць, — падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаліл ОРДА. — Я вырас у сям'і настаўніцы і вельмі добра ведаю, якая складаная, няпростая, але вельмі важная ваша праца. Хачу падзякаваць актывістам за захаванне традыцый прафсаюзнай работы і за тое, што вы заўсёды прынцыпова, паслядоўна і аб'ектыўна падыходзіце да адстойвання важных для людзей пытанняў. За тое, што робіце кожны дзень, што перажываеце і хварэеце як за кожнага канкрэтнага настаўніка, так і за работу ўсёй галіны.

Дзве галоўныя праблемы

— Мы падышлі да знамянальнай даты, якая застанецца ў летапісе. За векавую гісторыю наш прафсаюз заняў вядучыя пазіцыі ў прафсаюзным руху краіны, даказаў на справе, што здольны годна прадстаўляць сацыяльна-эканамічныя інтарэсы яго членаў, рабіць усё магчымае для павышэння якасці іх жыцця, — падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна ЯКУБОВІЧ. — Тэрмін «сацыяльнае партнёрства», якім сёння прынята называць узаемадзеянне ўлады і прафесійных саюзаў, — не проста гучнае азначэнне, а добра адпрацаваная практыка сумеснага вырашэння многіх актуальных пытанняў.

Дарэчы, найноўшая гісторыя прафсаюза пачынаецца з 1990 года. І звязана яна са шматгадовым лідарам прафсаюзнага руху Тамарай ЧОБАТАВАЙ, якая ўзначальвала прафсаюз педагогаў з 1984 да 2005 года.

— Мы правялі першы ўстаноўчы з'езд, абвясцілі аб сваёй незалежнасці і самастойнасці, прынялі статут і арганізацыйныя дакументы. Гэта быў пераломны перыяд, калі адбываліся структурныя змены ў дзяржаве і ў грамадскім жыцці, — расказала ветэран прафсаюзнага руху. — Настаўніцкая зарплата была тады мізэрная. І педагогі, і выкладчыкі ВНУ аказаліся ў катэгорыі малазабяспечаных. Усё было вельмі няпроста. Нішто не давалася само сабой. У пачатку 90-х гадоў нашым прафсаюзным лідарам, настаўнікам і выхавальнікам даводзілася выходзіць на плошчу Леніна. Мы стараліся дзейнічаць у рамках прававога поля, выкарыстоўваючы ўсе даступныя нам формы і сродкі барацьбы за ўзмацненне сацыяльна-эканамічных гарантый для работнікаў галіны і навучэнцаў. Вялі вельмі актыўную работу, уступалі ў працоўныя спрэчкі з Вярхоўным Саветам і ўрадам краіны, і такіх спрэчак у нас было чатыры: у 1991, 1992, 1993 і 1994 гадах. Дзякуючы актыўнай пазіцыі прафсаюза і масавай падтрымцы з боку настаўніцтва нам удалося зрабіць па тых часах вельмі шмат. Усё, што вы сёння маеце, — 20-працэнтны прэміяльны фонд, надбаўкі за кваліфікацыйныя катэгорыі, за выкананне дадатковай работы, выплаты на метадычную літаратуру і іншае — гэтага ўсяго дабіўся прафсаюз.

Хачу звярнуцца і да Міністэрства адукацыі, і да Федэрацыі прафсаюзаў, і да прафсаюзнага актыву: трэба тэрмінова вырашаць дзве галоўныя праблемы. Прэстыж настаўніцкай прафесіі — гэта не пустыя словы, бо размова ідзе пра грамадскае прызнанне важнасці адукацыі і настаўніка як ключавой фігуры. Другая праблема — сацыяльны статус педагогаў. Калі настаўнік выконвае важную для дзяржавы работу і гэта ўсімі прызнаецца, то і статус у яго павінен быць як у дзяржаўнага служачага. (Гэтыя словы Тамары Чобатавай зала сустрэла авацыямі. — Н. Н.). Сацыяльны статус работнікаў устаноў адукацыі павінен адпавядаць іх інтэлектуальнаму патэнцыялу, а работа і намаганні павінны належна аплачвацца. Варта памятаць, што галоўны аб'ект увагі прафсаюза — чалавек, і канчатковая мэта — рэальная дапамога яму. Як сведчыць наш вопыт, сумеснымі намаганнямі і сацыяльным партнёрствам можна дамагацца патрэбных вынікаў. Магу прыгадаць адзін выпадак: калі выйшла пастанова ўрада, паводле якой настаўнік, які выйшаў на пенсію, але працягваў працаваць, мог атрымліваць толькі 50 працэнтаў ад памеру пенсіі, адразу пайшоў такі адток кадраў з галіны, што нават у Мінску не хапала настаўнікаў. Нам удалося данесці гэтую праблему да Прэзідэнта, і пастанова была адмененая.

Сацыяльнае партнёрства

Між іншым, упершыню галіновае пагадненне Рэспубліканскага камітэта прафсаюза з Міністэрствам народнай адукацыі было складзена ў маі 1991 года. «Жорсткай партнёрскай работай» характарызуе дзелавыя стасункі з галіновым прафсаюзам намеснік міністра адукацыі Сяргей РУДЫ. Міністэрства мае пастаянна цэлы набор прапаноў ад Цэнтральнага камітэта.

Міхаіл ОРДА: «Мы бачым, што людзі вам давяраюць і вас падтрымліваюць».

Сёння ў галіновае Пагадненне паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі ўключаны нормы, якія абараняюць працоўныя правы работнікаў, пераведзеных на кантрактную форму найму. Так, прадугледжаны гарантыі цяжарным жанчынам, жанчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, работнікам перадпенсійнага ўзросту, маладым спецыялістам, работнікам, якія маюць высокую кваліфікацыю, прадукцыйнасць працы і працяглы стаж. Галоўны інструмент, з дапамогай якога прафсаюз дамагаецца ўстанаўлення для работнікаў больш спрыяльных умоў працы ў параўнанні з дзеючым працоўным заканадаўствам і рознага роду дамовамі, — гэта калектыўны дагавор. На 1 студзеня 2021 года ў арганізацыях галіны складзена 6953 калектыўныя дагаворы. З іх заключана ўпершыню — 125, у першасных прафсаюзных арганізацыях, створаных у 2020 годзе, — 121. У 2020 годзе з заключэннем кантрактаў працавалі 86,2 % работнікаў галіны.

Адданасць справе

У сотую гадавіну прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі распачаўся рэспубліканскі сацыяльна значны праект «Педагагічныя дынастыі нашай краіны». Вынікі праведзенага прафсаюзам маніторынгу паказалі, што педагагічных дынастый, якія складаюцца з чатырох пакаленняў і больш, у краіне налічваецца 213, а дынастый з трох пакаленняў — 886.

— З улікам нашых блізкіх сваякоў у нашай сямейнай дынастыі ўжо пяць пакаленняў і больш як пяцьсот гадоў педагагічнага стажу, — расказала журналісту «Звязды» настаўніца матэматыкі з гомельскай сярэдняй школы № 49 старшыня прафкама Алена ПАЛЯКОВА. — Мая бабуля была настаўнікам матэматыкі, дзядуля — настаўнікам агульнатэхнічных дысцыплін (выкладаў у школе чарчэнне, фізіку, працоўнае навучанне і крыху матэматыку). У бабулі з дзядулем было трое дзяцей, і ўсе яны абралі педагогіку. Бацька працаваў у Гомельскім політэхнічным тэхнікуме майстрам вытворчага навучання. Адна цётка працавала ў дзіцячым садку, а другая — настаўніцай матэматыкі. Мая сястра таксама працуе ў дзіцячым садку. А яе сын выкладае матэматыку і інфарматыку ў Магілёўскім політэхнічным каледжы. Калі я паступала ў 1995 годзе ў педуніверсітэт, ніхто не адгаворваў ад гэтага кроку. Тым больш што я вырасла ў бабулі, мы разам з ёй правяралі вучнёўскія сшыткі, я ведала педагагічную прафесію, так бы мовіць, знутры, і гэта праца мне спадабалася. Школа, дзе працую, спецыялізуецца на нямецкай мове, таму шмат нашых выпускнікоў становяцца настаўнікамі менавіта нямецкай мовы. Мой старэйшы сын, на жаль, выбраў ІТ, а вось малодшы, які зараз навучаецца ў дзявятым класе, задумваецца пра педагогіку. Такім чынам, ёсць надзея, што педагагічная дынастыя атрымае працяг. Увогуле, сярод маіх вучняў шмат тых, хто абраў педагогіку, прыйшоў у прафесію і не расчараваўся.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: 100 гадоў на ахове настаўніцтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.