Вы тут

З 19 да 22 чэрвеня ў сапраўдным лецішчы Васіля Быкава ладзяцца экскурсіі


Штогод музей-дача Васіля Быкава адзначае «Быкаўскія дні». З 19 да 22 чэрвеня ў сапраўдным лецішчы пісьменніка ладзяцца экскурсіі, мастацкія выставы і нават пленэры. Гэтыя даты прымеркаваныя да дня нараджэння і дня смерці беларускага класіка.


Знаходзіцца ў Мінску немагчыма: амаль анамальная спякота выпрабоўвае на трываласць. Прыехаўшы на лецішча Быкава, мы быццам упершыню ўдыхнулі свежае паветра: цень ад старых дрэў ды прахалодная, абабітая ўнутры вагонкай, дача. Увогуле, лецішча Васіля Быкава выглядае як дэкарацыя для савецкіх фільмаў 80-х гадоў. Тэрмас з алімпійскім мішкам, грамафонныя пласцінкі, плёначны фотаапарат «Зеніт»...

Мы размясціліся ў галоўным пакоі, і куратар лецішча Ірына Князева распавядае аб дэталях біяграфіі пісьменніка, якія вы дакладна не знойдзеце ў школьных падручніках.

Аб дзяцінстве і кнігах

— Быкаў пачаў чытаць з таго моманту, як сябе памятае, то-бок з пяці гадоў. Калі яны з сям'ёй ехалі на нейкае свята ў царкву, конь раптам панёс вазок з пагорка. Маленькі Васіль вельмі спужаўся. Менавіта з таго часу ён і памятае самога сябе.

Быкаў казаў, што ўжо з дзяцінства ствараў сабе кніжны свет і не жыў у рэальным жыцці. Імкнуўся яго не заўважаць, бо яно было вельмі складаным. Пісьменнік згадваў, што найлепшыя ўспаміны аб дзяцінстве — гэта паходы на азёры і чытанне.

Аб калектывізацыі

— Васіль толькі аднойчы бачыў, як плакала яго маці. Гэта адбылося падчас аб'яднання ў калгасы. Маленькі, ён нічога не зразумеў: ну, калгасы, і што? Бацька расплятаў путы, якім і звязвалі ногі коням, бо яны былі зроблены з лёну. Нават гэта трэба было здаць.

У кожнай хаце меліся самаробныя жорны: камень, пасярод адтуліна, а ў ёй шост. Верхняя частка складалася з яшчэ аднаго каменя з ручкай — менавіта гэта і дазваляла малоць зерне. Дык вось знялі нават гэтыя верхнія часткі. Іх зламалі ды выкінулі ў крапіву. Кожны дзень хадзілі ды правяралі, ці ляжаць ашчэпкі. Калі было што малоць, бацька даставаў з гэтай крапівы ашчэпкі, змацоўваў іх, малоў зерне, а потым зноў выкідаў. Нібыта нічога і не было.

Аб вучобе ў Віцебску

— Пасля восьмага класа Быкаў трапіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Спачатку ён паступіў на аддзяленне жывапісу, а потым перайшоў на скульптуру. Але правучыўся толькі год, бо пасля скасавалі стыпендыі для навучэнцаў. А я нагадаю, што гэта быў перыяд пачатку калектывізацыі — час голаду і галечы. Вучоба для хлопцаў з вёскі была амаль адзіным сродкам існавання. Будучы пісьменнік быў вымушаны пакінуць Віцебск.

Як згадваў Быкаў, калі вяртаўся ў родныя Бычкі, на чыгуначным вакзале ён прадаў сваю святочную кашулю. А на атрыманыя грошы купіў дзве булкі ды квіток да Полацка.

Аб вайне

— Вайна напаткала пісьменніка ва Украіне. Калі надышоў узрост прызыву, яго накіравалі ў інжынерна-будаўнічы батальён. Падчас Кіраваградскай аперацыі будучы пісьменнік быў моцна паранены. Гэтая падзея падрабязна апісана ў аўтабіяграфічнай аповесці «Мёртвым не баліць». Калі яе прачытаў маршал Конеў, які і кіраваў гэтай аперацыяй, ён моцна раззлаваўся: «Што гэты лейтэнанцік сабе дазваляе? Гэта была мая найлепшая аперацыя». Дачка Конева, якая ведала Быкава, перадала яму гэтыя словы, на што Васіль Уладзіміравіч адказаў: «Так, на самай справе, гэта была бліскучая аперацыя. Але тое, што я пісаў, — гэта таксама праўда, бо я там быў».

Нягледзячы на раненне, Быкаў працягнуў ваяваць, яго баявы шлях ішоў праз Малдову, Румынію ды Венгрыю. Перамогу ён сустрэў у Аўстрыі.

Аб хобі

— Васіль Быкаў быў апантаным аўтамабілістам — вельмі гэтым цікавіўся. Больш за тое, меў уласныя аўтамабілі, нягледзячы на тое, што гэтая сусветная з'ява да нас прыйшла позна. За ўсё жыццё ў яго было тры машыны: першая — «Жыгулі» і дзве астатнія — «Волгі». Ён іх сам рамантаваў, бо не давяраў аўтасэрвісу. Карыстаўся тэхнічнай літаратурай.

Віктар Казько казаў, што Быкаў — адзіны ў Саюзе пісьменнікаў чалавек, які ведае пра аўтамабіль нешта большае, чым тое, што ў яго ёсць рухавік і круцяцца колы.

Аб лецішчы

— Чаму ён будаваў гэтае лецішча? Складана сказаць. Па-першае, ён любіў прыроду больш, чым горад. Але гаспадарчая праца ў час дзяцінства паспела надакучыць. Па-другое, у той час гэта было модна. Напэўна, нехта параіў. Раней тут былі лецішчы Саюза пісьменнікаў. Быкаў адзначаў: «Будаваў у Ждановічах дом і думаў: буду пісаць. На другім паверсе, у цесным куточку, пад шум бяроз, якія высіліся над дахам, пазіраючы на падворак з ружамі ўнізе».

Бачыце, які вялікі стол? Але сям'я ж была невялікая: Васіль Уладзіміравіч ды Ірына Міхайлаўна (Заўв. аўт. — жонка Васіля Быкава). Гэта было зроблена дзеля гасцей. Беларуска-курдскі пісьменнік Ганад Чарказян, які сябраваў з Быкавым, вельмі добра працаваў з дрэвам. Менавіта Ганад распрацаваў дызайн гэтага мэблевага гарнітура. А на Слонімскай фабрыцы гасцінічнай мэблі па ўласнай замове Быкава быў зроблены астатні інтэр'ер.

Будыніна лецішча на той перыяд не зусім тыповая, стыль больш падобны да еўрапейскага ці амерыканскага. Архітэктарам дачы выступіў сябра Быкава Яўген Болатаў. Дом нагадвае мне разгорнутую кнігу, якую пакінулі на краі лаўкі ці стала.

Няма сумненняў, што тут адчуваецца моцны творчы дух, умураваны ў сцены. Тыя, хто доўга тут знаходзіцца, асабліва аматары творчасці Васіля Быкава, адчуваюць яго. Асабліва, калі падымаюцца на другі паверх і бачаць рабочы кабінет пісьменніка з пакінутым на крэсле пінжаком. Нібыта ён тут, проста выйшаў на некалькі хвілін.

Музей-дача будзе прымаць гасцей да 30 верасня. Завітайце ў гэты куточак пад Мінскам, асабліва калі ў вас няма ўласнай дачы. Няхай на паўгадзіны, але вы адчуеце дух лета. І далучыцеся да таямніц беларускай літаратуры.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: «Дом — разгорнутая кніга»: лецішча Васіля Быкава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.