Вы тут

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ўручылі дыпломы выпускнікам


Маладыя спецыялісты ўжо атрымалі раазмеркаванне і хутка раз'едуцца ў розныя куткі Беларусі. Для большасці медыкаў першым працоўным месцам стануць установы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Больш чым 100 чалавек накіраваны на працу ў Мінск і Мінскую вобласць.


Урачыстая падзея сабрала тысячы чалавек каля сцен ВНУ. Радасць выпускнікоў падзялялі іх родныя, блізкія, сябры. Сям'я Кліменкаў прыехала з Салігорска. Бацька чакае дачку Дар'ю з прыгожым букетам у руках і шампанскім. Для сям'і гэта вельмі важная ўрачыстасць, бо Дар'я працягвае сямейную традыцыю медыкаў.

— Мы рады, што дачка атрымала прафесію і ўваходзіць у самастойнае жыццё. У нас мама анестэзіёлаг, і яна выбрала такую спецыялізацыю. Гэта вельмі адказны выбар. Мы бачым, якая нагрузка кладзецца цяпер на медыкаў, — заўважыў у размове Сяргей Кліменка.

Пакуль узрушаныя бацькі чакаюць з залы сваю дачку з дыпломам, многія выпускнікі ўжо атрымалі дыпломы і з задавальненнем ладзяць фотасесію каля сваёй альма-матар. У Анжалікі Іадкоўскай у руках не толькі дыплом, але і грамата за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта. Яна яшчэ і віцэ-міс конкурсу прыгажосці ВНУ. Падтрымаць дачку прыйшла яе маці Іна Чаславаўна. Хутка ёй прыйдзецца развітацца з дачкой. Анжаліка скончыла медыка-псіхалагічны факультэт — адзіны ў краіне — і паедзе працаваць у сталіцу.

Уладзіслаў Шышко — хірург, скончыў ВНУ з чырвоным дыпломам. Маладога спецыяліста накіравалі ў Рэспубліканскі кардэалагічны цэнтр. Уладзіслаў лічыць, што гродзенскі ўніверсітэт добра каціруецца сярод медыцынскіх ВНУ, таму выпускнікоў з задавальненнем прымаюць ва ўсіх медыцынскіх цэнтрах краіны. Малады хірург марыць займацца лячэннем арытміі малаінвазійным спосабам. Ён ужо мае значны вопыт, праходзіў практыку за мяжой, з першых дзён пандэміі каранавіруса працаваў на станцыі хуткай дапамогі.

У медыцынскім універсітэце ганарацца сваімі выпускнікамі. У чарговым, 57-м, выпуску 10 % атрымалі чырвоны дыплом.

— Праз некалькі дзён гэта будуць ужо работнікі нашай аховы здароўя. Большая частка накіруецца на работу ў Гродзенскую вобласць. Але не толькі — таксама ў Брэсцкую і Мінскую вобласці. Сёння мы жадаем будучым выпускнікам захоўваць традыцыі ўніверсітэта. Можна смела сказаць, што ўсе мы — адна вялікая сям'я, і нам хацелася б, каб тыя, хто вучыліся тут, ніколі гэтага не забывалі, — зазначыла рэктар Алена Кроткава.

Зараз ГДМУ рыхтуецца да новай уступнай кампаніі. Сёлета набор плануецца павялічыць на 25 чалавек на лячэбны і медыка-дыягнастычны факультэты. Усе новыя месцы бюджэтныя. Увогуле, будзе скарочана колькасць месцаў на платнай аснове. Такім чынам, агульны набор складзе 705 чалавек.

Гэты навучальны год стаў знамянальным для ўніверсітэта. Нядаўна ВНУ атрымала міжнародную акрэдытацыю незалежнага агенцтва акрэдытацыі і рэйтынгу на адпаведнасць стандартам Worb Federatіon for Medіcal Educatіon. ІAAR — першая і адзіная арганізацыя ў Еўразійскім рэгіёне, якая атрымала прызнанне Сусветнай федэрацыі медыцынскай адукацыі. Гэта дае права гродзенскаму ўніверсітэту праводзіць міжнародную акрэдытацыю медыцынскіх арганізацый адукацыі і адукацыйных праграм у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Больш за 680 маладых урачоў папоўняць рады медыцынскіх работнікаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.