Вы тут

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — стопрацэнтнае працаўладкаванне і дыплом двайнога стандарту


Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — унікальная навучальная ўстанова Беларусі, бо адзіная, якая рыхтуе кадры з вышэйшай адукацыяй для лёгкай прамысловасці. Спецыялісты, якіх тут выпускаюць, заўсёды былі і будуць запатрабаванымі. Дызайнеры абутку і адзення, інжынеры, таваразнаўцы, эканамісты, тэхнолагі, праграмісты з гэтай ВНУ на вагу золата. Высокія заробкі яны могуць атрымліваць ужо на старце сваёй прафесійнай дзейнасці. З вопытам іх чакае зайздросны кар’ерны рост. Дарэчы, амерыканскі «касмічны» прадпрымальнік Ілон Рыў Маск — інжынер.


Чаму магчымасць вучыцца ў Віцебску цікавіць і мінчан, і замежнікаў? Што высока цэняць эксперты, калі размова ідзе пра ВДТУ? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «Звязды» адказаў першы прарэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта Валерый Жызнеўскі, кандыдат фізіка-матэматычных навук.

— Валерый Анатольевіч, калі ласка, трохі пра гісторыю ВДТУ. 

— Раней ён меў назву «Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці». Быў адкрыты 25 чэрвеня 1965 года і праз трыццаць гадоў ператвораны ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Па даных рэйтынгу Webometrics Ranking of World Universities ВДТУ вось ужо некалькі гадоў уваходзіць у дзясятку лепшых універсітэтаў краіны. Тым, хто тут працуе, удаецца паспяхова сумяшчаюць захоўванне багатых традыцый і імкненне да інавацыйных тэндэнцый развіцця навучальнага працэсу. 

— Колькі ў вас навучаецца студэнтаў? 

— На дзённай і завочнай формах — больш за пяць тысяч. У нас сем факультэтаў: інфармацыйных тэхналогій; дызайну; вытворчых тэхналогій; эканомікі і бізнес-кіравання; завочны; падрыхтоўкі да вышэйшай адукацыі і прафарыентацыі; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. У іх складзе шаснаццаць кафедраў, дзесяць з якіх з’яўляюцца выпускаючымі.

Кіруюць вучэбна-выхаваўчым працэсам больш за 220 чалавек прафесарска-выкладчыцкага складу, сярод якіх пятнаццаць дактароў навук, прафесараў, а таксама сто кандыдатаў навук і дацэнтаў.

— Удакладніце, калі ласка, па якіх спецыяльнасцях рыхтуюць студэнтаў? 

— Абітурыентам даецца магчымасць навучання па дваццаці спецыяльнасцях у дзённай форме атрымання адукацыі, а таксама навучанне па трынаццаці — у завочнай поўнай, завочнай скарочанай і дыстанцыйнай формах. Акрамя таго, на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў студэнты могуць набыць другую спецыяльнасць, а таксама працягнуць навучанне ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры.

Штогод наш універсітэт адкрывае новыя запатрабаваныя спецыяльнасці. Напрыклад: «Дызайн віртуальнага асяроддзя», «Эканоміка электроннага бізнесу». Сёлета ўпершыню адкрыты набор на спецыяльнасць «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў бізнес-менеджменце».

Пры гэтым наш універсітэт захоўвае такія ўнікальныя спецыяльнасці як: «Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў (тэхналогія і менеджмент)» і «Вытворчасць адзення, абутку і скургалантарэйных вырабаў». Яны ўваходзяць у пералік вельмі запатрабавальных эканомікай Беларусі.

— Кажуць, што выпускнікі ВДТУ нават без вопыту вельмі цэняцца на рынку працы.

— Гэта праўда! Тым больш што Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам наладжана цеснае супрацоўніцтва з вядучымі прамысловымі прадпрыемствамі і арганізацыямі краіны.

Вядомыя кампаніі сталі сузаснавальнікамі «інкубатара» на тэрыторыі ўніверсітэта: адкрыты лабараторыі, дзе ўжо падчас навучання адбываецца адбор лепшых студэнтаў для каманд фірмаў. Хлопцы і дзяўчаты запрашаюцца на стажыроўкі ўжо з другога курса. Потым самыя паспяховыя ідуць туды працаваць, бо ўжо маюць вопыт у гэтай сферы. Зручна працадаўцу, перспектыўна для студэнтаў.

— Многія выпускнікі школ мараць вучыцца ў Мінску або за мяжой. Ці ведаюць яны, што ВДТУ можа даць фору многім сталічным і замежным ВНУ? Хто да вас спрабуе паступіць?

— Прэстыж ВДТУ пацвярджаецца высокімі вынікамі абітурыентаў пры паступленні на шэраг спецыяльнасцяў. На гэта працуюць і перамогі на навуковых канферэнцыях і конкурсах, і паспяховае стопрацэнтнае працаўладкаванне выпускнікоў. Многія з іх хутка займаюць кіруючыя пасады ў кампаніях, становяцца супрацоўнікамі міністэрстваў. 

Дарэчы, у нашых студэнтаў ёсць магчымасць адначасова атрымаць адукацыю і за мяжой, бо мы заключылі дамовы аб супрацоўніцтве з вучэбнымі ўстановамі Грэцыі, Балгарыі і Польшчы. Прамое супрацоўніцтва ажыццяўляецца з амаль шасцю дзесяткамі замежных навучальных, навуковых арганізацый, установаў. Універсітэт з’яўляецца членам трох міжнародных асацыяцый і арганізацый.

Наша моладзь удзельнічае ў праграмах акадэмічнай мабільнасці: выязджае на стажыроўку ў вышэйназваныя краіны, навучаецца там цягам паўгода, пражывае ў інтэрнатах. Нават атрымлівае стыпендыю, а пасля — дыпломы двайнога стандарту. 

— Вядомы ўклад ВДТУ ў сусветную навуку. У прыватнасці, у сферы выкарыстання льняных тканін — аднаго з брэндаў Беларусі. 

— Так. Міжнароднае значэнне маюць даследаванні: «Новыя спосабы фарміравання пражы», «Трыкатажныя вырабы медыцынскага прызначэння», «Тэхналогіі і абсталяванне для перапрацоўкі прамысловых адходаў», «Тэхналогія вырабу льняных і ўтрымліваючых лён тканін складаных структур».
З’яўляючыся прызнаным цэнтрам адукацыі, навукі і культуры, універсітэт забяспечвае надзейную ў прафесійным плане аснову для рэалізацыі здольнасцяў і інтэлектуальна-творчага патэнцыялу вучоных, супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта. 

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — вучэбна-навукова — вытворчы комплекс па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для лёгкай прамысловасці і іншых галін нацыянальнай эканомікі. ВНУ выконвае фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні, якія вядуцца ў рамках васьмі навукова-педагагічных школ. 

ВДТУ з’яўляецца заснавальнікам рэспубліканскага інавацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта». 

У склад ВНУ ўваходзяць цэнтры: выпрабаванняў і сертыфікацыі, калектыўнага карыстання навуковым абсталяваннем, ёсць «Цэнтр адытыўных тэхналогій» (папластовага нарошчвання і сінтэзу аб’ектаў). 

— Працягніце фразу: «Быць студэнтам ВДТУ — гэта значыць...»

— Знаходзіцца ва ўнікальным навуковым асяроддзі, якое адкрывае табе бязмежныя магчымасці для самаразвіцця, дасягнення, здавалася б, немагчымых мэтаў і перамог. Студэнты нашага ўніверсітэта, у прыватнасці, — неаднаразовыя ўдзельнікі і пераможцы ў конкурсе WorldSkills Belarus. Яны лепшыя з лепшых у кампетэнцыях: «Мабільная робататэхніка», «Камп’ютарная мехатроніка» і «Інжынерны дызайн CAD».

— Студэнцкае жыццё ў ВДТУ па-за вучобы, безумоўна, разнастайнае і насычанае. Пра што тут трэба расказаць абавязкова? 

— Цяжка адразу адказаць на гэтае пытанне.  На базе студэнцкага клуба функцыянуюць творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці рознай жанравай накіраванасці. Яны былі пераможцамі многіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.Наш народны ансамбль танца «Віцяблянка», гісторыя якога пачалася ў 1966 годзе, — вельмі пажаданы калектыў для выступленняў не толькі ў Віцебску, гонар ВНУ. 

Вельмі добра раскручваецца арт-гурт «DVORы» — унікальны мужчынскі калектыў street-напрамку. Хлопцы — чатырохразовыя пераможцы рэспубліканскага фестывалю «Арт-вакацыі». 

Адным з «брыльянтаў» студэнцкага клуба і ўніверсітэта з’яўляецца Дом моды, удзельніцы якога маюць магчымасць наблізіцца да свету fashion-індустрыі, вывучыць асновы мадэлінгу і ўдзельнічаць у творчых паказах у якасці дэманстратара або з аўтарскімі калекцыямі. Удзельніцы калектыву не раз станавіліся ўладальніцамі карон на конкурсах: «Міс Віцебск», «Каралева Вясна», міжнародных конкурсаў прыгажосці: «Міс Садружнасць», «Міс Інтэрнэшнл».
Творчыя калектывы студэнцкага клуба з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

— Ці шмат спартсменаў сярод студэнтаў? 

— Нямала. Тым больш што ёсць усе магчымасці для правядзення фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай работы i падрыхтоўкі спартсменаў высокага ўзроўню. У прыватнасці, спартыўны комплекс з дзвюма заламі, двума басейнамі, аднаўленчым цэнтрам, трэнажорнай залай, тры спартыўныя залы ў навучальных карпусах і новы сучасны стадыён.

Усяго ў ВДТУ функцыянуюць групы спартыўнага ўдасканалення па дваццаці пяці відах спорту, дзе займаюцца прыблізна трыста студэнтаў. Сярод іх і майстры спорту. Нашы студэнты прадстаўлялі краіну на Алімпійскіх гульнях і Сусветнай універсіядзе: у 2008, 2012, 2015 і 2016 гадах.

Нашы хлопцы і дзяўчаты — традыцыйна — чэмпіёны і прызёры па лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, баскетболе, валейболе, плаванні, шматбор’і «Здароўе», лыжных гонках, міні-футболе ў рамках правядзення круглагадовай спартакіяды сярод студэнтаў горада Віцебска.

Вялікая ўвага надаецца ўмацаванню здароўя студэнтаў. Паспяхова функцыянуе студэнцкі санаторый-прафілакторый. Пагадзіцеся, гэта рэдкасць у цяперашні час для ВНУ — такая ўстанова. Там ёсць сучасная медыцынская тэхніка, працуюць вопытныя медыкі. Нашы студэнты актыўна выкарыстоўваюць магчымасць аздаравіцца і атрымаць талоны на харчаванне ў сталовай універсітэта.

— У студэнтаў няма праблем, дзе жыць? 

— Усе першакурснікі атрымліваюць ключы ад пакояў у адным з двух камфартабельных інтэрнатаў блочнага тыпу.

— Хутка ўступная кампанія. Складана стаць студэнтам? 

— ВДТУ адзін з нямногіх ВНУ краіны, які ажыццяўляе набор на групу спецыяльнасцяў: інжынерная група (дзесяць спецыяльнасцяў), эканамічная група (шэсць), група дызайну (чатыры). Гэта значыць, што абітурыент мае права пазначыць у заяве пры паступленні ўсю групу спецыяльнасцяў, а не адну, і ўдзельнічаць у конкурсе на ўсе названыя. Гэта павялічвае шанцы паступіць на бюджэт. 

Ёсць магчымасць перапаступлення, бо сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання два гады сапраўдны. Можна і перавесціся на іншую спецыяльнасць не толькі ў рамках факультэта. Для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў у нас даступная сістэма зніжак і растэрміноўка па аплаце навучання, а таксама мноства розных відаў матэрыяльнага стымулявання. Можна атрымліваць ўзнагароджанне за выдатную вучобу, навуковую, спартыўную, творчую і грамадскую дзейнасць.

Гутарыў Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота Алега КЛІМОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.

Грамадства

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Наша краіна валодае надзвычай багатым прыродным патэнцыялам для развіцця экатурызму.