Вы тут

Чаму санкцыі вернуцца да «гаспадароў»?


Чарговы пакет санкцый, які быў уведзены Еўрасаюзам супраць нашай дзяржавы, выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. У падтрымку Беларусі выступілі шэраг краін. Увядзенне санкцый мае не толькі відавочны палітычны, а і эканамічны кантэкст. Між тым, як перакананы эксперты, ад уведзеных абмежаванняў, хоць яны і скіраваны супраць Беларусі, пацерпяць прадпрыемствы і мільёны людзей па ўсім свеце. У тым ліку ў Еўропе, якая і запусціла гэты «бумеранг». Чым пагражаюць санкцыі сваім «гаспадарам»?


Важкая падтрымка

Сярод краін, якія выступілі ў падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне, два неаспрэчныя сусветныя лідары — Кітай і Расія. Улады КНР рашуча супраць чарговага пакета аднабаковых санкцый Еўрасаюза. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжаа Ліцзянь, перадала ТАСС. «Мы рашуча супраць таго, каб у міжнародных адносінах выкарыстоўваліся пагрозы і аднабаковыя санкцыі. Кітай супраць умяшання знешніх сіл ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў», — падкрэсліў Чжаа Ліцзянь на рэгулярным брыфінгу. Па словах кітайскага дыпламата, ЕС павінен праявіць павагу да суверэнітэту Беларусі і спецыфікі яе сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Мы верым, што беларускі народ здольны ўласнымі намаганнямі забяспечыць палітычную і сацыяльную стабільнасць у сваёй краіне. Спадзяёмся, што міжнародная супольнасць адыграе на гэтым фоне сваю канструктыўную ролю», — падсумаваў ён.

«Мы падтрымліваем усе намаганні Беларусі, накіраваныя на абарону свайго суверэнітэту, незалежнасці, бяспекі і развіцця. Мы паважаем шлях, абраны беларускім народам у адпаведнасці са сваімі асаблівасцямі. Мы, вядома, выступаем супраць тых аднабаковых санкцый у дачыненні да Беларусі, — заўважыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн. — Гэта парушае Статут ААН і міжнароднае права».

Расія і Беларусь будуць умацоўваць калектыўную ўстойлівасць перад санкцыйным ціскам з боку Захаду. Пра гэта заявіла на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, паведаміла БелТА. Яна лічыць, што ўвядзенне Еўрасаюзам санкцый супраць Беларусі напярэдадні 80-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны — ганьба для ЕС. «Самі сабой напрошваюцца цалкам відавочныя і трагічныя паралелі, — сказала Марыя Захарава. — І, дарэчы кажучы, яны трагічныя для заходняга свету і ў дадзеным выпадку — для ЕС», — заўважыла Марыя Захарава.

Брудны перадзел

Санкцыі супраць беларускіх улад звязаны з перадзелам эканамічных рынкаў. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Паводле яго слоў, беларуская эканоміка «асела» за перыяд пандэміі толькі на 0,9 працэнта, у той час як гандлёвыя партнёры Беларусі — на 3 %, на 6 %. Міністр лічыць, прычына ў тым, што прадпрыемствы працягвалі працаваць на фоне лакдаўну. Пры гэтым кіраўнік ведамства адзначае, што былі праблемы транспарціроўкі грузаў і збыту па пэўных напрамках. «Калі прааналізаваць сусветны вопыт прымянення санкцый, то ні адны санкцыі не дасягалі сваёй палітычнай мэты. Але пад гэтымі санкцыямі хавалася іншае. Хаваліся пытанні, звязаныя з падзелам рынкаў, выштурхоўванне канкурэнтаў. І гэтыя ж працэсы мы бачым сёння ў адносінах і да Беларусі», — мяркуе Аляксандр Чарвякоў.

Па словах міністра, яшчэ да прыняцця санкцый абмяркоўваліся пытанні недапушчальнасці куплі электраэнергіі БелАЭС і забароны яе экспарту, а пасля лакдаўну працэс пачаў актывізавацца. Ён звязвае гэта з тым, што Беларусі ўдалося мабілізавацца з пастаўкамі нафтапрадуктаў, а таксама з «перацягваннем» пасажырапатоку Мінскам, які ён назваў «відавочным паветраным хабам» на той момант.

«І калі аналізуеш усе гэтыя працэсы і выпадкі, узнікае пытанне: а для чаго гэта трэба? Чаму выкідваюць з рынку і што мы павінны ў дадзеным выпадку рабіць як дзяржава, як суверэнная дзяржава? Абараняць, натуральна, свой эканамічны інтарэс. І для гэтага быў распрацаваны план. Але мы ўсё ж спадзяёмся на прагматызм нашых партнёраў, што яны ўсё ж націснуць на стоп-кран і прыпыняць гэтыя дзеянні ў дачыненні да нашай краіны», — адзначыў ён.

Штучны дэфіцыт

Увядзенне сектаральных санкцый у дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў прывядзе да дэфіцыту хлоркалію на глабальным рынку і росту сусветных цэн на прадукты харчавання, заявілі «Інтэрфаксу» ў «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК, трэйдар «Беларуськалія»). «На долю беларускага калію прыпадае больш за 20 % сусветнага экспарту. Абмежаванне такога значнага аб'ёму паставак немінуча прывядзе да незаменнага дэфіцыту калію і рэзкага росту цэн на гэты від угнаенняў. Як вынік — вырастуць цэны на прадукты харчавання ва ўсім свеце», — паведамілі ў прэс-службе БКК.

Эксперты заўважаюць, што «штучнае стварэнне рэзкага дэфіцыту калію на рынку падарве асновы міжнароднай харчовай бяспекі, гарантавана затармозіць працэс развіцця сусветнай сельскай гаспадаркі і нанясе сур'ёзны ўрон мільярдам звычайных людзей па ўсім свеце».

У прэс-службе таксама нагадалі, што па прагнозе ІFА (Міжнародная асацыяцыя вытворцаў мінеральных угнаенняў) дэфіцыт калію на глабальным рынку захаваецца аж да 2050 года. «Сёлета ўсе вытворцы працуюць на поўных магутнасцях і ўсё роўна не могуць забяспечыць існуючы ў свеце попыт на калій. Мы бачым, як гэта адбіваецца на цэнах, што ў асобных рэгіёнах ужо павялічыліся практычна ўдвая менш чым за шэсць месяцаў», — адзначылі ў прэс-службе.

у БКК таксама канстатавалі, што «абсалютная большасць краін не маюць уласных запасаў калію, і абмежаванне яго паставак прывядзе да зніжэння ці нават спынення ўнясення яго ў глебу ў найбольш адчувальных рэгіёнах свету».

Страцяць усе

Прадстаўнік бізнес-супольнасці Германіі Штэфан Кегебайн, які курыруе ва Усходнім камітэце нямецкай эканомікі інтарэсы нямецкіх кампаній у Беларусі, заўважыў dw.соm, што «трэба выкарыстоўваць усе магчымыя каналы для перагавораў. І не ўпэўнены, што ўзвядзенне глухіх сцен вядзе да добрых вынікаў». «Германія купляе ў Беларусі ў першую чаргу нафтапрадукты, прадукцыю з металу і жалеза, а таксама драўніну і мэблю. Адпаведна, санкцыі закрануць фірмы з гэтых трох сектараў. У мінулым годзе мы імпартавалі з Беларусі тавараў на 500 мільёнаў еўра, а экспартавалі амаль на 1,5 мільярда», — сказаў Штэфан Кегебайн.

Сярод найбольш пацярпелых ад антыбеларускіх санкцый па іроніі лёсу акажацца Літва, якая найбольш актыўна за іх выступала. Каля траціны ўсяго грузаабароту марскога порта Клайпеды — найбуйнейшага ў краінах Балтыі — складаюць беларускія грузы. Іх пераарыентуюць на расіскія парты, адпаведныя дамоўленасці былі дасягнуты раней. Перавалкай грузаў у Клайпедскім порце займаецца кампанія Bіrіu krоvіnіu tеrmіnаlаs (ВКТ). Саўладальнік гэтай кампаніі Ігар Удавіцкі рэзка раскрытыкаваў санкцыі. «Страцяць усе, і бюджэт у тым ліку, паколькі адбудзецца памяншэнне тарыфаў перавалкі, памяншэнне прыбытку многіх кампаній, менш будзе выплачвацца падаткаў. Ды і зарплаты сваім работнікам скароцяць многія кампаніі», — заявіў бізнесмен.

Ёсць варыянты

Тым часам у Беларусі пралічваюцца розныя мадэлі ўздзеяння санкцый на галіны эканомікі і магчымасці для рэакцыі ў адказ. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар у эфіры тэлеканала СТБ. «Мы ведаем, як дзейнічаць пры надыходзе тых ці іншых абставін», — сказаў Юрый Чабатар. Пры гэтым Мінэканомікі не бачыць нейкага істотнага ўплыву санкцый на эканамічную сітуацыю ў краіне. Па выніках пяці месяцаў відаць, што эканоміка прырастае.

Асобна першы намеснік міністра спыніўся на ўзаемаадносінах з Кітаем, які застаецца адным з прыярытэтных напрамкаў, цікавым па многіх таварных пазіцыях рынкам. Нават летась экспарт тавараў і паслуг у КНР перавысіў $1 млрд, а сёння ўжо вырас удвая ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

«Для нас важна развіццё не толькі гандлёва-эканамічных, але і інвестыцыйных адносін, — дадаў Юрый Чабатар. — Рыхтуем з нашымі кітайскімі сябрамі адпаведнае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паслугамі і інвестыцыямі. Дзякуючы яму аб'ём інвестыцый, магчыма, вырасце на 30 %, паслугі — дзесьці на 10—15 %».

Пётр ДУНЬКО

Ілюстрацыя: pixabay.com

Загаловак у газеце: Закон бумеранга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».