Вы тут

У Савеце Рэспублікі сенатары адобрылі законапраект «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»


Магчымасць увядзення адзінага дня галасавання і падаўжэнне кадэнцыі дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў разгледзелі члены Савета Рэспублікі. 


У Савеце Рэспублікі сенатары адобрылі законапраект «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», які прадставіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Змены ў Канстытуцыю прадугледжваюць двухфактарны разгляд абедзвюма палатамі парламента, таму праз тры месяцы дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас асенняй сесіі разгледзяць гэты законапраект у другім чытанні, а члены Савета Рэспублікі зноў павінны будуць адобрыць яго пераважнай большасцю галасоў. 

— Больш за чвэрць стагоддзя мінула з моманту, калі быў прыняты наш Асноўны закон, які на доўгія гады замацаваў уласны шлях развіцця маладой суверэннай дзяржавы. Закладзеныя ў той перыяд канстытуцыйныя асновы беларускай дзяржаўнасці забяспечваюць неабходныя ўмовы для таго, каб Беларусь стала моцнай і стабільнай краінай, сапраўднай дзяржавай для народа, — звярнуў увагу прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. — Відавочна, што самастойны палітычны суб’ект у цэнтры Еўропы, які не жадае гуляць па навязаных звонку правілах, шмат каму не дае спакою. Тады задзейнічаюць самыя езуіцкія метады і прыёмы — ад хлусні да мер санкцыйнага ціску.

Прэм’ер адзначыў, што падзеі апошняга часу даказалі, што мы не будзем прымаць прадыктаванае нам звонку рашэнне. 

— І будзем рашэнне прымаць самі, заснаванае на патрэбах і патрабаваннях беларускага грамадства. Менавіта такім рашэннем з’яўляецца прадстаўлены законапраект, — падкрэсліў прэм’ер. — Гэты дакумент прадугледжвае карэкціроўку Канстытуцыі ў частцы правядзення выбараў дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў у адзіны дзень, а таксама прадаўжэнне кадэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання. Такая прапанова атрымала канкрэтныя юрыдычныя фармулёўкі ў выніку агульнанацыянальнага збору ініцыятыў па змяненні Канстытуцыі. Грамадзяне накіроўвалі значную колькасць прапаноў, якія змяшчалі меркаванне аб мэтазгоднасці адначасовага правядзення выбараў дэпутатаў усіх узроўняў.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ініцыятыва прайшла высокапрафесійную экспертную ацэнку Канстытуцыйнай камісіі, падтрымана Нацыянальным сходам і па яго хадайніцтве ўнесена кіраўніком дзяржавы ў парламент. 

— У гэтым кантэксце хачу асабліва адзначыць актыўную пазіцыю нашых грамадзян, іх неабыякавасць да палітычнай будучыні нашага агульнага дома. І няма сумневу, што такая ініцыятыва, якая ідзе ад людзей, будзе служыць справе развіцця нашай краіны, — падкрэсліў ён. — Хтосьці можа задацца пытаннем: чаму цяпер, у чым спешка, чаму на рэферэндуме па змяненні Канстытуцыі? І навошта трэба прымаць гэтае рашэнне фактычна напярэдадні правядзення гэтага самага рэферэндуму? 

Раман Галоўчанка растлумачыў, што ў адпаведнасці з дзеючым канстытуцыйна-прававым рэгуляваннем наступныя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны прайсці напачатку 2022 года, а ў парламент — у 2023-м. 

— Такім чынам, у выпадку замацавання па выніках рэферэндуму ў Канстытуцыі адзінага электаральнага дня, дэпутаты мясцовых Саветаў, выбраныя ў 2022 годзе, будуць ажыццяўляць свае паўнамоцтвы крыху больш за год — да выбараў у парламент 2023 года. Такі кароткі тэрмін паўнамоцтваў неспрыяльна паўплывае на эфектыўнасць іх работы і панізіць цікавасць да вылучэння кандыдатаў на выбары 2022 года. А выбраныя ў студзені будучага года дэпутаты за адведзены прамежак часу аб’ектыўна не змогуць забяспечыць рэалізацыю сваіх паўнамоцтваў у частцы выканання праграм і наказаў выбаршчыкаў.

Прэм’ер-міністр патлумачыў, што замацаваны ў законапраекце падыход дазволіць мясцовым Саветам дэпутатаў 28-га склікання ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да пачатку тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў, выбраных у адзіны дзень галасавання. Такім чынам будуць нівеліраваны названыя непажаданыя фактары.

Раман Галоўчанка акцэнтаваў увагу на тым, што адначасова палажэнні законапраекта накіраваны на ўстанаўленне дадатковых пераваг і спыніўся на кожнай з іх. Першая звязана з эканоміяй бюджэтных сродкаў і прывёў некалькі лічбаў:

— Так, для правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 2022 года неабходна каля 25 мільёнаў рублёў. Палова гэтай сумы — 12 мільёнаў 906 тысяч — прадугледжаны ўжо ў бюджэце на 2021 год. 

Ён адзначыў, што ў выпадку рэалізацыі палажэнняў законапраекта гэтыя сродкі будуць зэканомлены. Акрамя таго, падкрэсліў прэм’ер, гэта сінхранізацыя выбарчых кампаній створыць дадатковыя ўмовы для аптымізацыі агітацыйнага перыяду і расходаў на будучых этапах грамадска-палітычнага жыцця ў краіне як на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў і на выбарах у парламент.

— Натуральна, гэта не азначае аўтаматычнага скарачэння фінансавых выдаткаў удвая. З павелічэннем нагрузкі на ўчастковыя камісіі вырасце і ўдзельная вага расходаў на іх утрыманне, з’явяцца дадатковыя затраты на выраб друкаванай прадукцыі, аплату працы, транспартныя расходы і іншае. Разам з тым відавочны патэнцыял для эканоміі ёсць і гэтым фактарам трэба скарыстацца, — сказаў Раман Галоўчанка.

Другі момант звязаны з упарадкаваннем электаральных цыклаў. 

— Асноўным законам краіны замацаваны аднолькавы тэрмін паўнамоцтваў дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў — гэта 4 гады. Прапанаваны законапраектам падыход спросціць механізм прызначэння выбараў, дасць магчымасць павысіць якасць кантролю за выкананнем патрабаванняў выбарчага заканадаўства, створыць умовы для наладжвання дзейсных камунікацый паміж прадстаўнічымі інстытутамі ўсіх узроўняў і іх грамадзянскай супольнасцю, — адзначыў прэм’ер. — Кандыдатам і іх ініцыятыўным групам, якія прадстаўляюць адны і тыя ж палітычныя сілы, стане лягчэй праводзіць перадвыбарную агітацыю. Аднаразовае наведванне выбарчых участкаў мае перавагу і з санітарна-эпідэміялагічнага пункту гледжання, што немалаважна ва ўмовах з’яўлення новых выклікаў у сферы эпідэміялагічнай бяспекі. 

Трэці момант звязаны з адзіным днём галасавання і яўкай выбаршчыкаў. Змены дазволяць сканцэнтраваць актыўнасць выбаршчыкаў, планамерна ўвесці вылучэнне кандыдатаў у перадвыбарную агітацыю, што дасць дадатковыя гарантыі выбарчых правоў грамадзян — ад права быць выбраным да забеспячэння волевыяўлення. 

— Прагназуецца, што адзіны дзень галасавання дасць выбарам дэпутатаў мясцовых Саветаў і Палаты прадстаўнікоў аднолькавую значнасць. Пры гэтым павысіцца інфармаванасць людзей аб народных выбранніках ва ўсіх інстытутах прадстаўнічай дэмакратыі, што дасць магчымасць лепш разабрацца ў нюансах выбарчага працэсу, — патлумачыў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым ён адзначыў, што адзіны выбарчы дзень — гэта не беларускае ноу-хау, а дзейнічае таксама ў краінах развітой дэмакратыі:

— Канцэпцыя адзіных дзён галасавання існуе ў выбарчым заканадаўстве многіх дзяржаў Еўропы, а таксама ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. У Расійскай Федэрацыі адзіны дзень галасавання ўпершыню прайшоў у 2006 годзе і з таго часу там прытрымліваюцца такога электаральнага алгарытму. У рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў дзейнічаюць рэкамендацыі 2014 года, якія прадугледжваюць магчымасць замацавання ў нацыянальным заканадаўстве дзяржаў Садружнасці прадпісанняў аб адзіным дні галасавання на мясцовых выбарах і рэферэндумах. На думку экспертаў, такая ўніфікацыя ўдасканальвае выбарчы працэс, дазваляе упарадкаваць тэрміны правядзення выбараў і захоўваць стабільнасць палітычнай сістэмы і дазволіць больш аператыўна адказваць палітычным запытам грамадства, — падкрэсліўРаман Галоўчанка.

Сенатар Наталля ЯКУБІЦКАЯ падкрэсліла, што ініцыятыва парламентарыў, падтрыманая Прэзідэнтам, паўплывае на забеспячэнне стабільнасці грамадства, а вопыт, веды і навыкі дэпутатаў 28-га склікання паслужаць на карысць умацавання дзяржаўнасці і народнага адзінства. 

Сенатар Віктар ЧАЙЧЫЦ, у сваю чаргу, звярнуў увагу, што ў грамадстве гэтыя змены знайшлі пазітыўнае адлюстраванне і выглядаюць вельмі пераканаўчымі, таму заклікаў калег адобрыць законапраект, які яны падтрымалі адзінадушна.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?