Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на закрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.
Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!
Пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання завяршае сваю работу.
Яе прыярытэтамі сталі задачы, звязаныя з абаронай суверэнітэту, забеспячэннем устойлівага развіцця эканомікі і захаваннем народнага адзінства на гэтым лёсавызначальным этапе нашай гісторыі.
Суверэнітэт каштуе дорага. Гэты пасыл быў галоўным на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі, прадстаўнікамі органаў улады, грамадскіх аб'яднанняў і масмедыя. Развіццё сітуацыі вакол Беларусі з усёй відавочнасцю пацвярджае гэтую ісціну. Бо менавіта незалежная пазіцыя Беларусі на міжнароднай арэне і прыхільнасць да прынцыпаў справядлівага светаўпарадкавання сталі прычынай таго, што супраць нашага народа была развязана непрыхаваная вайна.
На рэалізацыю «каляровага бліцкрыгу» кінутыя велізарныя фінансавыя рэсурсы. Мы адчулі на сабе дзеянне самых сучасных гібрыдных тэхналогій — ад разгойдвання грамадства знутры да спробы фізічнай ліквідацыі першых асоб дзяржавы.
Не прыклаўшы ніякіх намаганняў для аб'ектыўнага аналізу сітуацыі, калектыўны Захад запусціў працэс эканамічнага задушэння краіны. І асаблівы цынізм заключаецца ў тым, што чарговыя санкцыі супраць нашай краіны ўведзены менавіта ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Беларускія парламентарыі неаднаразова патрабавалі ад заходніх калег не парушаць нормы міжнароднага права.
Сваю пазіцыю мы дакладна выказалі ў заявах аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Рэспубліцы Беларусь, абуральным інцыдэнце з дзяржаўным сцягам у Рызе.
Члены Савета Рэспублікі і дэпутаты ўсіх узроўняў звярнуліся да сусветнай супольнасці з заклікам выступіць супраць неабгрунтаванай, контрпрадукцыйнай і дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай дзяржавы і яе народа, праявіць з намі салідарнасць у адстойванні права на мірнае жыццё, вярнуцца да адказнага і плённага ўзаемадзеяння на карысць усіх краін.
Хачу выказаць удзячнасць членам Савета Рэспублікі за вашу грамадзянскую пазіцыю па адстойванні інтарэсаў краіны.
Паважаныя калегі!
Рэспубліка Беларусь з'яўляецца суверэннай дзяржавай, якая адбылася.
І працуючы над законапраектамі, мы павінны прымаць такія заканадаўчыя рашэнні, якія будуць накіраваны на ўмацаванне незалежнасці, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, стварэнне ўмоў для дастойнага жыцця нашых грамадзян і свабоднага развіцця.
У цяперашні час з удзелам членаў Савета Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Канстытуцыйнай камісіі, праводзіцца сур'ёзная работа па ўдасканаленні Асноўнага Закона нашай краіны.
Камісіі трэба будзе выпрацаваць прапановы па ўмацаванні прававога падмурка нашай дзяржавы. 1 жніўня праект змяненняў у Канстытуцыю павінен быць прадстаўлены на разгляд Прэзідэнта.
Ужо прайшло сем пасяджэнняў Канстытуцыйнай камісіі. Абмеркаваны шэраг канцэптуальных момантаў.
У прыватнасці, асабліва актыўна дыскусія вялася па пытаннях вызначэння статусу і паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу, удакладнення функцый Прэзідэнта, урада, парламента, удасканалення арганізацыі мясцовага кіравання і самакіравання.
Канстытуцыйная камісія працягвае сваю работу. Цяпер асноўны акцэнт робіцца на падрыхтоўцы праектных рэдакцый глаў Канстытуцыі.
Паважаныя калегі, прапановы працягваюць паступаць у камісію.
Адной з найважнейшых стала ініцыятыва парламентарыяў па карэкціроўцы Асноўнага Закона ў частцы тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў нас, і сёння ў Савеце Рэспублікі адбылося першае абмеркаванне адпаведнага законапраекта.
У мэтах аператыўнага і адэкватнага адказу на сучасныя выклікі і пагрозы прыняты да ведама Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 мая 2021 г. № 2 «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу» і ўнесены змяненні ў шэраг законаў па гэтых пытаннях.
Захаванню гістарычнай памяці, умацаванню нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку будуць садзейнічаць Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», новая рэдакцыя Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», адкарэкціраванае заканадаўства аб крымінальнай адказнасці, аб масавых мерапрыемствах, дзейнасці праваахоўных органаў.
На ахову правоў грамадзян у інфармацыйнай сферы накіраваны змяненні ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама Закон «Аб ахове персанальных даных», які ў Беларусі прыняты ўпершыню.
Зацверджаны справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту і бюджэту фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2020 год, замацаваны пераход на бюджэт пражытковага мінімуму як адзіны сацыяльны нарматыў.
Адобрана новая рэдакцыя Закона «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь», пашырана дагаворна-прававая база міжнароднага супрацоўніцтва.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Работа са зваротамі грамадзян заўсёды была, ёсць і будзе прыярытэтным кірункам у нашай дзейнасці.
За другі квартал членамі Савета Рэспублікі разгледжана звыш 1500 зваротаў, у тым ліку членамі Прэзідыума — 660, праведзена больш як 80 «прамых тэлефонных ліній».
Асабісты ўдзел сенатараў дазволіў вырашыць многія пытанні.
І людзі гэта цэняць. Пацвярджэнне таму — пісьмы, якія паступаюць у Савет Рэспублікі і ў якіх грамадзяне выказваюць удзячнасць за садзейнічанне. Нямала іх адрасавана Міхаілу Іванавічу Русаму, Сяргею Міхайлавічу Сіўцу, Аляксандру Сяргеевічу Карпіцкаму, Аляксандру Андрэевічу Ляхаву. Гэта не проста словы падзякі. За імі — людзі з іх праблемамі і верай у дзяржаву і справядлівасць.
Разам з тым дадзеная работа патрабуе пастаяннага ўдасканалення, выкарыстання новых форм узаемадзеяння з насельніцтвам.
Адной з навацый стала правядзенне выязных пашыраных пасяджэнняў прэзідыума. Мы пачалі з Маскоўскага раёна сталіцы. Для развіцця гэтага кірунку напярэдадні наступнага выязнога пасяджэння ў Мінскім райвыканкаме быў праведзены адзіны дзень прыёму грамадзян у сельвыканкамах раёна. Гэта дазволіла насельніцтву, не выязджаючы за межы месца жыхарства, звярнуцца па пытаннях, якія хвалююць, непасрэдна да нас, а нам, заканадаўцам, — сфарміраваць уяўленне аб узроўні і якасці работы мясцовай улады.
Такую практыку мы абавязкова працягнем. І працягнем яе на сістэмнай аснове — штоквартальна. Наступнае выязное пасяджэнне і адзіны дзень прыёму правядзём у Віцебскай вобласці.
У мерапрыемстве будуць задзейнічаны ўсе сенатары гэтага рэгіёна.
Так, гэтая работа патрабуе не толькі часу, але і поўнай самааддачы для таго, каб разабрацца ў праблемах і пытаннях грамадзян, а там, дзе гэта трэба, — аказаць неабходную дапамогу. Але самае галоўнае — у гэтай рабоце не павінна быць фармалізму.
Як я ўжо сказала, праз выязныя прыёмы і пасяджэнні Прэзідыума правядзём своеасаблівы маніторынг стану работы са зваротамі грамадзян у рэгіёнах. І мы не абмяжуемся райцэнтрамі, а дабяромся да глыбінкі, да самых аддаленых сельсаветаў.
Нам вельмі важна ведаць грамадскі настрой, праблемы і патрэбы людзей. Толькі ў такім выпадку могуць прымацца абсалютна правільныя і вывераныя рашэнні, у тым ліку на заканадаўчым узроўні.
Прэзідыумам Савета Рэспублікі праведзены таксама выязныя пасяджэння па актуальных кірунках.
У Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы разгледжаны пытанні сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і павышэння прэстыжу рабочых прафесій.
У 120-й гвардзейскай брыгадзе імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР — шляхі ўдасканалення падрыхтоўкі прызыўнікоў да службы ва Узброеных Сілах. Выпрацаваны канкрэтныя прапановы па ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў, пашырэнні сістэмы профільных класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, падрыхтоўцы моладзі да службы ў радах Узброеных Сіл, фарміраванні ў маладых людзей адказнасці за забеспячэнне бяспекі сваёй краіны.
Яшчэ адна форма ўзаемадзеяння з насельніцтвам, якая апраўдала сябе, — адкрыты дыялог з грамадзянамі, працоўнымі калектывамі, шырокая тлумачальная работа.
Так, у сесійны перыяд членамі Савета Рэспублікі праведзена больш за 400 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства.
На чарговым пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі ў горадзе Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці разгледжаны пытанні пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС, аднаўлення пацярпелых тэрыторый, стымулявання іх эканамічнага развіцця, забеспячэння дастойнага ўзроўню жыцця людзей.
Створаны раней пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі навукова-кансультатыўны савет ператвораны ў экспертна-кансультатыўны. Тым самым зроблены акцэнт на разглядзе найбольш значных практычных пытанняў, якія сёння патрабуюць менавіта экспертнай ацэнкі.
На гэтым тыдні ў Гродне адбылося першае пасяджэнне абноўленага савета. Мы абмеркавалі падрыхтоўку навуковых кадраў, забеспячэнне прафесарска-выкладчыцкім саставам устаноў вышэйшай адукацыі, матывацыю моладзі для заняткаў навуковай і выкладчыцкай работай.
Размова атрымалася адкрытая і канструктыўная.
Перспектыўным парадкам дня экспертна-кансультатыўнага савета павінны стаць найбольш актуальныя пытанні ўстойлівага развіцця краіны, павышэння дабрабыту грамадзян.
Выкарыстанне вышэйназваных форм работы дазваляе выяўляць болевыя пункты ў розных сферах грамадскіх адносін, хутка рэагаваць на іх і сумесна з экспертнай супольнасцю выпрацоўваць прапановы для іх вырашэння.
Паважаныя калегі!
Апошнім часам мы бачым, як медыяпрастора фарміруе карціну свету.
Таму вельмі важна правільна асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў рабоце дзяржаўных органаў і ў краіне ў цэлым.
Сёння сенатары актыўна працуюць у сацыяльных сетках. Нашы навіны можна чытаць у «Фэйсбуку», «Інстаграме», «Тэлеграме». Некаторыя публікацыі набіраюць значную колькасць праглядаў.
Я ўдзячная за тую інфармацыю, якую члены Савета Рэспублікі даюць для афіцыйнага сайта і акаўнтаў у сацыяльных сетках.
Гэтая інфармацыя патрэбная для таго, каб нашы грамадзяне выразна разумелі функцыі і рэальную работу членаў Савета Рэспублікі.
Аднак мы не адмаўляемся ад жывой формы зносін. Усяго за сесійны перыяд сенатары правялі 85 сустрэч з навучэнцамі.
Маладыя людзі — частыя госці і ў Савеце Рэспублікі. Паказальна, што большасць сустрэч яны ініцыіруюць самі.
З дзейнасцю Савета Рэспублікі азнаёміліся вучні сярэдніх школ, студэнты медыцынскіх універсітэтаў, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, актывісты Савета навучэнскай моладзі пры Ленінскім раённым камітэце ГА «БРСМ».
Неад'емнай часткай сустрэч з'яўляецца адкрыты дыялог.
Для нас вельмі важная такая сувязь з моладдзю, бо на гэтых сустрэчах хлопцы і дзяўчаты агучваюць свае ідэі і прапановы, задаюць цікавыя пытанні. І гэта выдатна. Бачна, што ім неабыякава тое, што адбываецца вакол, і яны хочуць мець дачыненне да вырашэння канкрэтных пытанняў, звязаных з іх жыццём і жыццём краіны.
Працуючы з моладдзю, мы вызначаем вектар развіцця нашай дзяржавы.
Як дакладна адзначыў наш Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе: калі мы не будзем займацца сваімі дзецьмі, імі зоймуцца чужыя настаўнікі.
Нам трэба выхоўваць патрыётаў сваёй краіны, гатовых да свядомага і бескарыслівага служэння свайму народу і Айчыне.
Захоўваючы гістарычную памяць, прывіваючы павагу да нацыянальнай спадчыны, мы ствараем падмурак будучыні.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны мінула ўжо 80 гадоў. Але да гэтага часу 22 чэрвеня асацыіруецца з перыядам жорсткіх выпрабаванняў, незаменных страт і нябачанай сілай чалавечага духу, бяспрыкладнага гераізму і самаахвярнасці.
Такімі павінны быць каштоўнасныя арыенціры для нашай моладзі. Таму мы будзем рабіць усё магчымае, каб адстаяць гістарычную праўду пра вайну, замацаваць у грамадскай свядомасці правільнае разуменне яе ўрокаў.
Паважаныя калегі!
На наступным тыдні адбудзецца VІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Яго тэма — навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эпоху лічбавізацыі.
Пляцоўка форуму чарговы раз дасць магчымасць прадстаўнікам рэгіёнаў нашых краін для прадметнага абмеркавання і прасоўвання сумесных праектаў, якія спрыяюць эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю дзяржаў.
Практычным укладам форуму ў актыў двухбаковага супрацоўніцтва стануць новыя пагадненні і камерцыйныя кантракты.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Перад намі стаяць сур'ёзныя задачы, якія неабходна вырашаць хутка і якасна.
Савет Рэспублікі павінен выступаць экспертам па праектах найважнейшых заканадаўчых актаў, ацэньваць іх актуальнасць і рызыкі, якія могуць узнікнуць у працэсе іх прымянення. У гэтай рабоце мы павінны ўлічваць патрабаванне кіраўніка дзяржавы — прапанаваныя падыходы павінны ісці ад жыцця, адпавядаць бягучым і перспектыўным патрэбам краіны, грамадства, бізнесу і грамадзян.
Нам неабходна актывізаваць работу па ўсіх кірунках дзейнасці, выкарыстоўваць усе магчымыя формы, працягнуць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю, насельніцтвам па месцы жыхарства. Актыўна ўзаемадзейнічаць са сродкамі масавай інфармацыі.
Паважаныя калегі!
Наперадзе ў нас галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Ад усёй душы віншую вас з гэтым знамянальным днём.
Няхай нашы сэрцы будуць заўсёды напоўнены гонарам за сваю краіну, а жыццё адзначана толькі працоўнымі подзвігамі ў імя любімай Радзімы.
Дзякую вам за работу, жадаю моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Пятую сесію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання аб'яўляю закрытай.
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.