Вы тут

Куды адправіцца веласіпедыстам? Маршруты ўздоўж Аўгустоўскага канала


У Гродзенскім раёне пракладзена каля дзесяці веламаршрутаў, агульная працягласць якіх складае ад 12 да 72 кіламетраў. Тры з іх пралягаюць побач з Аўгустоўскім каналам. Там жа, недалёк ад шлюзаў, можна ўзяць у арэнду ровар. Сярэдняя цана пагадзіннай арэнды — 5 рублёў.


Фота: pixabay.com

Тыя, хто плануе адправіцца ў падарожжа на ровары ўздоўж Аўгустоўскага канала, можа даведацца дэталі маршрутаў у турысцка-інфармацыйным цэнтры ў Сапоцкіна. Вёска знаходзіцца па дарозе да шлюзаў Дамброўка і Нямнова. Тут жа турыстам прапануюць узяць бясплатныя даведнікі. Побач дзейнічае пракат і сэрвіс веласіпедаў. Арэндаваць двухколавы транспарт таксама можна на шлюзе Дамброўка і ў вёсцы Нямнова. Для турыстаў даступна звыш ста ровараў.

Акрамя таго, дабрацца да гідраўлічных збудаванняў можна з Гродна на грамадскім транспарце. Ад аўтавакзала з 26 чэрвеня па суботах і нядзелях будзе хадзіць аўтобус «Гродна-Калеты» з прыпынкам «Аўгустоўскі канал» у 10.15 і 19.00. Зваротныя рэйсы — у 11.45 і 20.05.

Для падарожжа на роварах можна выбраць некалькі веламаршрутаў. Да прыкладу, прэзентацыйны «Аўгустоўскі шлях», які мае працягласць 25 кіламетраў і займае прыкладна чатыры гадзіны язды. Ён праходзіць праз пункт пропуску «Лясная-Рудаўка» і беларускія вёскі Лясная, Сонічы і Нямнова, на аднайменным шлюзе якога адбываецца фініш маршруту. Дарожка расчышчана і дагледжана, яе абнаўляюць да кожнага сезона. Па шляху велааматарам даступныя прыгажосці прыроды і ціхая водная роўнядзь канала.
Больш дасведчаныя веласіпедысты могуць выбраць маршрут «АўгустВела» працягласцю 50 кіламетраў, які быў адкрыты два гады таму. Ён звязвае Аўгустоўскі канал з Гродна. Для выгоды турыстаў на маршруце абсталяваны месцы адпачынку: у вёсках Дамброўка, Крулеўшчына, Зарачанка. 

Яшчэ адным звязаным з Аўгустоўскім каналам маршрутам з’яўляецца «Лісіная гара». Аднак гэты кірунак мае ваенную і гістарычную тэматыку. Яго старт і фініш арганізаваны ў вёсцы Нямнова. Працягласць «Лісінай гары» прыкладна складае 72 кіламетры і зойме каля 10 гадзін. Дарога веласіпедыстаў пройдзе праз абеліск на пагранзаставе імя Сівачова (1941 г.) побач з вёскай Галоўчыцы, магілы паўстанцаў (1863 г.) на Лісінай гары. Маршрут таксама пралягае праз вёскі Лясная, Новікі і прыводзіць да палацава-паркавага комплексу Гурскіх у вёсцы Радзівілкі.

Прысвечана ваеннай і гістарычнай тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны яшчэ адна веласіпедная дарога. Гэта маршрут «Лінія Молатава». Веласіпедысты праедуць побач з водным каналам 12 кіламетраў і змогуць убачыць Ваенныя доты. Такі агляд можа заняць тры гадзіны.

У цэлым, у Гродзенскім раёне пралягае яшчэ некалькі веласіпедных маршрутаў. У аддзеле спорту і турызму Гарадзенскага райвыканкама растлумачылі, што некаторыя маршруты накладваюцца адзін на аднаго і перасякаюцца, маленькія маршруты паглынаюць большыя і аб’ядноўваюць іх. Так атрымалася з «АўгустВела», які аб’яднаў невялікія ўчасткі.
Па словах загадчыка сектара Віктара САЛАМЫ, гэты маршрут можна праехаць цалкам, але вельмі папулярныя яго канкрэтныя ўчасткі.

У прыватнасці той, што пралягае паблізу Аўгустоўскага канала. Ён пракладзены па цікавых месцах, таму часта турыстаў цікавяць менавіта канкрэтныя сцежкі.

У ведамстве заўважылі, што ў падарожнікаў ёсць магчымасць прыехаць на канал і ўзяць ровар на пракат на месцы, каб адправіцца на маршрут. Хтосьці спецыяльна прыводзіць двухколавы транспарт з сабой на аўтамабіле. Але варта заўважыць, што для некаторых сцежак можа быць неабходна хоць бы мінімальная падрыхтоўка. Не ўсе ўчасткі веламаршрутаў могуць паддацца аматарам.

Аліса СКІБА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.