Вы тут

Гіпертанія — самая галоўная прычына хвароб сэрца і інсульту


Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск. А чым ён вышэйшы, тым вышэйшая рызыка пашкоджання сэрца або крывяносных сасудаў. Гіпертанія — самая галоўная прычына хвароб сэрца і інсульту.


Фота: pixabay.com

У большасці людзей павышэнне артэрыяльнага ціску не суправаджаецца адметнымі сімптомамі і выяўляецца выпадкова пры наведванні доктара. У некаторых магчыма з'яўленне галаўнога болю, галавакружэння, мушак перад вачыма. А як вынік — інсульт, інфаркт, пашкоджаны зрок, сардэчная і нырачная недастатковасць.

Сярод фактараў, якія павялічваюць рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі: спадчыннасць; узрост (з узростам сценкі артэрый становяцца менш эластычнымі); пол (часцей пакутуюць мужчыны); курэнне; празмернае ўжыванне алкаголю або солі; залішняя вага і недастатковая фізічная актыўнасць; схільнасць да стрэсаў; захворванне нырак.

Нармальны для дарослых людзей крывяны ціск — на ўзроўні 120 мм у момант скарачэння сэрца (сісталічны) і на ўзроўні 80 мм у момант яго паслаблення (дыясталічны). Крывяны ціск лічыцца высокім, калі перавышае значэнні 140 мм / 90 мм Hg.

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Ешце здаровую ежу. Больш ужывайце прадуктаў, багатых каліем, крыніца яго — садавіна і гародніна, кашы са збожжавых. Менш у рацыёне тлушчаў, паўфабрыкатаў, выпечкі. Таксама варта адмовіцца ад ужывання кансерваў і прадуктаў хуткага харчавання.

Пазбаўцеся ад лішняга вагі. Кожны страчаны кілаграм знізіць ваш ціск прыкладна на 1 пункт. Аптымізаваўшы сваю вагу, вы зможаце таксама знізіць узровень халестэрыну, трыгліцерыдаў і цукру ў крыві. Гэты спосаб застаецца самым эфектыўным безмедыкаментозным метадам кантролю ціску.

Рэгулярна рабіце зарадку. Фізічныя практыкаванні на свежым паветры, такія як хада, бег, язда на ровары, плаванне могуць прадухіліць павышэнне артэрыяльнага ціску. Рэгулярная фізічная нагрузка дапаможа знізіць вагу і паменшыць уплыў стрэсу на арганізм. Спецыялісты рэкамендуюць выконваць фізічныя практыкаванні на працягу не менш 30 хвілін 3—5 разоў у тыдзень. Палюбіце танцы — прысвячайце ім штодзень не менш чым 30 хвілін. У такім выпадку атрымаецца знізіць ціск яшчэ на 5 пунктаў.

Скараціць спажыванне солі. Урачы рэкамендуюць ужываць не больш за 2—4 г солі ў дзень, а гэта прыкладна адна чайная лыжка!

Абмежаваць алкаголь. У дадзеным кантэксце пажадана спажываць не больш чым 350 мл піва або 150 мл віна. Не перавышайце гэтую дозу, і ваш ціск знізіцца яшчэ на 4 пункты.

Адмовіцца ад курэння. Кожная цыгарэта дадае вам рызыкі ішэмічнай хваробы сэрца.

Піць менш кавы. Зрэшты, гэта крыху спрэчна, паколькі пра ўплыў кавы на ўзровень ціску навукоўцы яшчэ вядуць дыскусіі. Справа ў тым, што ў некаторых людзей кафеін выклікае рост ціску, у іншых жа такога эфекту не назіраецца. Калі вы адносіцеся да першай групы (каб выявіць, трэба памераць ціск да кубачка кавы і праз 30 хвілін — пасля яго і параўнаць паказчыкі), ад напою варта адмовіцца.

Пазбягаць стрэсаў. Хранічныя нервовыя сітуацыі і працяглы стрэс — асноўныя правакатары павышанага ціску.

Кантралюйце пастаянна ціск дома — такі паўнавартасны маніторынг дапаможа вам зразумець, якія перамены ў вашых паводзінах, у арганізацыі працы і адпачынку даюць эфект, а якія — не.

Прадукты, якія зніжаюць ціск:

Брокалі. У гэтай капусце ўтрымліваецца глютамінавая кіслата, якая зніжае артэрыяльны ціск і прадухіляе стварэнне атэрасклератычных бляшак. У яе складзе, акрамя таго, шмат вітаміна С, магнію, кальцыю, калію, клятчаткі.

Малочныя прадукты. Гэта галоўныя пастаўшчыкі не толькі калію, магнію, але і яшчэ аднаго важнага для здароўя сэрца мікраэлемента — кальцыю. Кардыёлагі кажуць, што людзі, у меню якіх ёсць тварог, сыры і іншыя малочныя прадукты, могуць не баяцца інсультаў і інфарктаў.

Авёс, аўсяная каша. Дзякуючы ім сасуды становяцца больш эластычнымі і могуць своечасова звужацца або, наадварот, пашырацца, што важна для нармалізацыі ціску.

Буракі. Свежыя маладыя буракі ўтрымліваюць вялікую колькасць вітамінаў групы B, С, фосфару, жалеза, медзі, крэмнію. Выдатна дапамагае ад павышанага ціску бурачны сок, праўда, яго трэба піць не адразу, а вытрымаць некаторы час у халадзільніку і развесці з вадой або кефірам.

Бульба. Калій, магній і вітамін C — гэтыя элементы робяць бульбу таксама адным з прадуктаў, што падтрымліваюць здароўе сасудаў і сэрца. Для паўнавартаснай карысці бульбу трэба запякаць, не чысцячы лупінне, і саліць як мага менш.

Часнык. Валодае супрацьзапаленчымі, антыбактэрыйнымі і антыаксідантнымі ўласцівасцямі. У яго складзе ёсць мікраэлемент аліцін, які хутка зніжае ціск.

Шпінат. У ім таксама шмат магнію, які спрыяе эластычнасці крывяносных сасудаў, зніжае ціск і нагрузку на сэрца, дапамагае супакоіцца нервам, падтрымлівае станоўчы настрой.

Гранатавы сок. Яго рэкамендуюць піць для прафілактыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Для лячэбнага эфекту штодня ўжываць палову граната або паўшклянкі соку.

Міндаль. Дапаможа нармалізаваць халестэрынавы баланс і падтрымае эластычнасць сасудаў. Арэхі ўтрымліваюць вялікую колькасць бялкоў, клятчаткі, калію, магнію і вітаміна Е.

Карыца. Змяшчае прыроднае рэчыва цынамальдэгід, дзякуючы якому  дапамагае змагацца з гіпертаніяй. Наогул, многія спецыі і вострыя прыправы разрэджваюць кроў і ўмацоўваюць сасуды, прадухіляючы скокі крывянога ціску.

Імбір. Танізуе і здымае спазмы, расслабляе сасуды. Імбір можна проста злегку жаваць, а можна дадаваць у напоі разам з лімонам і карыцай.

Чай каркадэ. Кветкі гібіскуса, дзякуючы наяўнасці антыаксідантаў, лечаць запаленні крывяносных сасудаў, зніжаюць артэрыяльны ціск.

Хуткая дапамога пры павышэнні ціску:

Гарачыя ванначкі. Калі ногі і рукі акунаюць у гарачай вадзе, кровазварот у арганізме паскараецца, да сасудаў у канечнасцях рэзка прылівае кроў, дзякуючы чаму ціск зніжаецца.

Напоўніце тазік гарачай вадой з тэмпературай каля 45 градусаў. Апускайце ў ваду памераменна ногі і рукі. Пры крытычна высокім ціску такая працэдура не асабліва дапаможа, а вось з нязначным павышэннем справіцца.

Кампрэс з яблычным воцатам. Змачыце марлю або лёгкую тканіну ў 9 % яблычным воцаце. Прыкладзіце кампрэс да голых ступняў ног на 10—15 хвілін. Для ўзмацнення эфекту можна надзець ваўняныя шкарпэткі.

Валяр'яна.  Гэты заспакаяльны сродак запавольвае сардэчны рытм, зніжае стрэс і тым самым спрыяе нармалізацыі ціску. Ужываць 1-2 таблеткі (пасля ежы) або 20—30 кропель (за 20 хвілін да прыёму ежы).

Цёплы чай з мятай. Ён здольны знізіць ціск ужо праз 5 хвілін пасля прыёму. Эфект доўжыцца каля 1 гадзіны, але метад добра падыходзіць, калі панізіць ціск трэба хутка. Заліць жменьку мятных лісцяў гарачай вадой, заварыць. Піць павольнымі глыткамі.

Марыя МОРОЗ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.