Вы тут

Казімір Альхімовіч праславіўся карцінай пра смерць Гедзіміна


Творчая спадчына мастака Казіміра Альхімовіча (1840–1916) належыць тром народам — беларусам, палякам і літоўцам. Іх супольны гістарычны лёс спалучыўся ў жыцці і творчасці Казіміра Альхімовіча. Нарадзіўся ў маёнтку Дэмброва на Лідчыне, выхаваннем і менталітэтам звязаны з Беларуссю, навучаннем у Вільні і духоўнымі повязямі — з Літвой, а творчым жыццём з Польшчай. Таму нядзіўна, што ён «свой» і ў польскім, і літоўскім мастацтве. Што датычыцца нашага мастацтва, дык Альхімовіча нараўне з Януарыем Сухадольскім па праву можна лічыць заснавальнікам гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе. На жаль, жывапісных твораў Альхімовіча ў беларускіх музеях амаль няма, таму яго творчасць малавядомая ў Беларусі. 


Як не дзіўна, пра Альхімовіча захавалася да крыўднага мала звестак. Ягоная біяграфія для нас суцэльная невядомасць. Ды і яго творчай спадчыне не пашчасціла, бо гістарычныя катаклізмы мінулага стагоддзя паглынулі шмат яго твораў, а ацалелыя творы раскіданы па розных музеях і прыватных музеях. Але ж усё ж надышоў час збіраць каменне... Нарадзіўся Казімір 20 снежня 1840 года ў маёнтку Дэмбрава Лідскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Шчучынскі раён Гарадзенскай вобласці) у збяднелай шляхецкай сям’і Дамініка Альхімовіча. Апроч радавітага шляхецкага гонару і настальгічных уздыхаў аб слаўным мінулым ніякага багацця не было. Не здзіўляюць заўвагі сучаснікаў пра гарачую мілату Казіміра да радзімы, «краіны таямнічых бароў і людзей у лапцях і палатняным адзенні, і гаварыў на роднай яму мове»! Гэтай мілатой, сумам, роздумам аб лёсе прасякнута ўся яго творчасць. Ён стварыў мастацкі вобраз сваёй радзімы, узвышаны, рамантычны і адначасова драматычны, шчымлівы да душэўнага болю. Трэба было прайсці свой пакручасты шлях да разумення сэрцам і душой яе трагедыі і велічы, адчуць і перажыць свой боль за яе, каб расказаць аб гэтым свету.

Жывапісам Казімір пачаў займацца падчас навучання ў Віленскай гімназіі. Сціплае мастацкае жыццё Вільні наўрад ці магло сфармаваць эстэтычныя густы будучага мастака і тым болей прадвызначыць яго творчы лёс. Можна сказаць, да высокага мастацтва Казімір, як да святла, прабіваўся праз цемру, пралазіў праз гушчар жыццёвых выпрабаванняў. А іх Казіміру дасталося ўдосталь. Удзел у паўстанні 1863 года, арышт, суд і доўгая знясільваючая дарога ў далёкі Кунгур на Урале, беспрасветныя гады жыцця ў глухім Верхатур’і. Надзея на вяртанне на радзіму, вера ў светлае і мастацтва ратавалі Казіміра. Ды яшчэ сяброўства з Люцыянам Крашэўскім, меншым братам знакамітага пісьменніка Юзафа Крашэўскага, мастакамі, бацькам і сынам Весяйнгофамі, беларусам з Магілёўшчыны Іванам Місевічам, выхаванцам Імператарскай Акадэміі мастацтваў. У такім асяродку, калі і не хочаш, пачнеш маляваць. Ці не ад Люцыяна Крашэўскага набраўся Казімір таго «рамантычнага літвінства», якім пакутваў яго брат Юзаф? З усімі гэтымі язычніцкімі багамі-вешчунамі, якія нараджаліся пад пяром пладавітага пісьменніка. Наўрад ці Казімір задумваўся над гістарычнасцю гэтых вобразаў, пазней для яго яны стануць сімвалічнымі вобразамі мінулага радзімы. Ён выпусціць іх з гушчароў у вялікі свет! Як экзотыку, пакажа культурнай Еўропе. Пакажа свету і суровасць ссыльнага жыцця ў сваіх класічных працах «Пахаванне паўстанца», «На этапе», «Смерць у выгнанні» і іншыя.

Пасля будзе навучанне ў Варшаве ў прыватнай школе вядомага мастака Войцеха Герана. Майстра, які ўвасобіў у сваіх творах герояў легендарнай мінуўшчыны Літвы (палотны «Звязенне Кейстута», «Твардоўскі выклікае цень Барбары Радзівіл»), убачыў у гэтым трохі сарамлівым і дзікаватым літвіне будучага вялікага мастака. А гэта вымагала доўгіх гадоў навучання. Альхімовіч вучыцца ў мадэрновай на той час Мюнхенскай акадэміі мастацтваў у класе Аляксандра фон Вагнера, пасля ў мастацкіх вучэльнях Францыі. 

Можна дасягнуць вышэйшага тэхнічнага майстэрства і пісаць без душы і думкі, пад капірку пісаць адзін і той сюжэт ці тэму, абы прадавалася. Толькі Альхімовіч быў не з тых мастакоў, не салонны. Скажам, матыў смерці, які часта прысутнічае ў творах Альхімовіча — гэта філасофія і роздум, а не тавар. Краявіды яго пэндзля няяркія і простыя. Так што жыў Альхімовіч з выкладання, а пісаць даводзілася, калі выпадае час. Тым не менш ён стварыў больш за 100 твораў. Яны разнастайныя па жанры і тэматыцы. Гэта і гістарычныя палотны («Пахаванне Гедзіміна» (1883 г.), «Смерць Міхаіла Глінскага ў цямніцы» (1884 г.), «Абарона Ольштына» (1882 г.), і міфалагічныя вобразы мінуўшчыны, і вобразы міцкевічаўскіх герояў, і вясковая тэматыка, і суровыя карціны ўральскай ссылкі, і рэлігійныя творы. Дзіўным чынам у творах Альхімовіча спалучаецца суровы рэалізм і ўзнёслы рамантызм. Для параўнання хоць бы ўзяць драматычнае палатно «На этапе» (1894 г.), і напісаную ў манеры моднага тады французскага мастака Бугро карціну «Багіня любові Мільда» (1890 г.) — узрушаная і прыгожая аголеная жаночая постаць. Паэтызацыя сялянскай працы («Жніво», «Дажынкі»), і паказ нялёгкай долі селяніна («У поце твара», «Наём работнікаў»). Маляўнічая «Свіцязянка» (1900 г.), якая з хваляў Свіцязі спакушае агаломшанага рыбака, і эпічнае «Вяртанне героя» (1901 г.) — жывапісны помнік героям Міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша», вобраз старой Літвы, якая сыходзіла ў мінулае.

Безумоўна, галоўны твор Казіміра Альхімовіча — «Пахаванне Гедзіміна», напісаны ў 1883 годзе. Мастак адлюстроўвае легенду пра пахаванне вялікага князя літоўскага Гедзіміна па язычаскім абрадзе. Не варта спыняцца на гістарычнасці ні самога сюжэту, ні постацяў герояў (больш падобных на вясковых узброеных мужыкоў, чым на «хоробрую літву» — воінаў). Само палатно ўражвае сваёй кампазіцыяй, каларытам, жалобным настроем. Яно дысанансам вылучаецца сярод тагачаснага гістарычнага жывапісу з яго пафасам, эфектнымі, нават эпічнымі карцінамі мінулага. Таму і прыцягвала асаблівую ўвагу гледачоў на выставах, як у Еўропе, гэтак і ў Амерыцы, прынесшы аўтару вышэйшыя ўзнагароды і сусветную вядомасць. Які б ні закладаў мастак у свой твор сімвал, але агульная вобразнасць здавалася даволі змрочнай. Своеасаблівы закат Еўропы! Старой спарахнелай Еўропы. Пахаванне старога, заганага, якое аджыло свой век, ад якога трэба абавязкова вызваліцца, каб выйсці да святла!

Мастак пражыў доўгае жыццё, памёр у апошні дзень 1916 году. Пахаваны ў Варшаве на могілках Павонзкі.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Грамадства

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

22 чэрвеня 1943 года партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна».

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.