Вы тут

У чаканні рэфлексіі. Кніжнай


Сёння мы не выпускаем з рук смартфон, як калісьці нашы папярэднікі — кнігу. Кожнай эпосе — свае сімвалы, скажуць прыхільнікі тэхналогій; кнізе здраджваць нельга — запярэчаць аматары традыцыйных каштоўнасцей. Прыярытэты змяніліся? Вядома. Але нязменным застаецца імкненне спасцігнуць сутнасць існавання, разважаць. Найлепшым інструментам, дарадцам у гэтым на працягу стагоддзяў была кніга. Была? Тэхнічны прагрэс і новыя медыя няўхільна прэтэндуюць на лідарства, ссоўваючы пазіцыі кнігі. Але свет без кнігі — свет дзікуноў, гаварыў рускі літаратар Н. А. Марозаў. У якім стане знаходзіцца сённяшняе грамадства? Удзельнікі VI Міжнароднай канферэнцыі «Беркаўскія чытанні. Кніжная культура ў кантэксце міжнародных кантактаў», якая прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, паглыбіліся ў праблемы сучаснай кніжнай культуры, акрэсліўшы становішча кнігі ў бурлівым камунікацыйным полі.


Фота з сайта liveinternet.ru

Чалавек мяняецца пад уздзеяннем новых інфармацыйных рэжымаў. З’яўляецца фармацыя чытачоў, якія праяўляюць цікавасць як у традыцыйным, так і ў лічбавым інфармацыйным асяродках, а таксама, што важна, у зоне іх перасячэння. Непазбежна ўзмацняецца гіпертэкставасць і гіпермультымедыйнасць чытацкіх практык і сацыяльных камунікацый, заўважае Наталля Лапаціна, загадчык кафедры бібліятэчна-інфармацыйных навук Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры: «Фарміруецца сінтэтычны тып свядомасці чытача, які аб’ядноўвае навуковы і мастацкі тып пазнання, назіраюцца і іншыя вынікі дыфузіі інфармацыйных тэхналогій у інтэлектуальную і эмацыянальную лабараторыю чытача». Мяняецца спосаб успрымання інфармацыі, новы тып чытачоў канвертуе традыцыйныя чытацкія практыкі ў раней невядомыя камунікацыйныя фарматы. Новая рэчаіснасць — лічбавае інфармацыйнае асяроддзе, а тут іншыя эстэтычныя каштоўнасці.

Важнае значэнне адыгрывае крытычнае чытанне як «стратэгія чытання навінавай, эканамічнай, палітычнай, даведачнай інфармацыі, публіцыстыкі, рэсурсаў блогасферы, бо гэта ключавы кампанент інфармацыйна-аналітычнай культуры, гарантыя рацыянальных паводзін і бяспекі ва ўмовах агрэсіўнага інфармацыйнага асяроддзя». Ацэнка аўтарытэту крыніцы, верыфікацыя інфармацыйных паведамленняў выходзяць на першы план. Чытанне ў лічбе стала звычайным, стандартным заняткам. Успрыманне і разуменне тэкстаў, якія існуюць у новых фарматах,  дае падставу гаварыць пра «экраннае чытанне», экранную культуру, а разам з гэтым — і пра візуальную адукаванасць.

Кожнай эпосе характэрны свае маркеры культуры. Ці саступіла кніга месца інфармацыйным тэхналогіям? На авансцэну выходзіць лічбавая культура, а разам з ёй — лічбавае чытанне — сучасная мадыфікацыя традыцыйнага працэсу. Электронныя  разнавіднасці кнігі займаюць сваю нішу, прыцягваючы прыхільнікаў. Традыцыйнай кнізе даводзіцца цярпець канкурэнцыю з боку медыясістэмы. З’яўленне новых тыпаў культур абумоўлена тэхналогіямі, якія вызначаюць якасць інфармацыйнага прадукту. У кніжнай культуры тут асаблівая функцыя, перакананы Сяргей Лютаў, галоўны навуковы супрацоўнік ФГБУ навукі Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук: «Адаптуючыся да інфармацыйнага асяроддзя і ўзаемадзейнічаючы з новымі тыпамі культур, яна застаецца носьбітам традыцыйных культурных каштоўнасцей, акумуляваных кнігай на працягу стагоддзяў».

Але традыцыйныя практыкі ўзаемадзеяння ўсё больш змяняюцца, а з імі — і чытацкія паводзіны. З распаўсюджаннем экраннай і камп’ютарнай культуры, якія на чалавека ўздзейнічаюць імгненна і для ўспрымання не патрабуюць вялікіх валявых намаганняў, у грамадстве змянілася стаўленне да чытання, страціўся былы яго статус, заўважаюць навукоўцы з Белгародскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў і культуры (Расія): сучасны этап развіцця грамадства характарызуецца інфармацыйнай глабалізацыяй. Як вынік — зніжэнне прэстыжу чытання. Такія працэсы вельмі непакояць. На дапамогу можа прыйсці акмеалогія, задача якой — вывучаць заканамернасці развіцця чалавека. У ракурсе чытання акмеалогія засяроджваецца на кожным этапе чытача як суб’екта разумовай дзейнасці. Акмеалогія чытання адлюстроўвае інтэлектуальнае развіццё асобы, яе шлях да разумення жыццёвых каштоўнасцей. Акмеалагічны падыход варта выкарыстоўваць і бібліятэкарам, перакананы белгародскія даследчыкі. Апошнім часам узніклі новыя галіны ведаў па даследаванні чытання: бібліятэрапія, бібліяпсіхалогія, псіхалінгвістыка. Навуковыя звесткі пра чытанне могуць абагульніцца ў адзіную навуку — чытачазнаўства. Гэты тэрмін скарыстаў яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя расійскі бібліятэкар Іван Уладзіслаўлеў.

Нядзіўна, што тэхніка чытання мяняецца разам з формамі ўспрымання інфармацыі. Візуальны кантэнт як правіла ўспрымаецца імгненна, без спынення для аналізу. Чаго не скажаш пра папяровы фармат, у якім працягваюць выдавацца мастацкія творы, навуковыя кнігі… Суіснаванне кніжнага і электроннага фармату вядзе да асэнсавання культуры і яе галоўнага сімвала — кнігі. Раней кнігі вучылі думаць, спазнаваць свет, разважае Таццяна Маркава, прадстаўнік Бібліятэкі Расійскай акадэміі навук. «Сёння кніга пераходзіць у сферу індустрыі забаў (рэклама, прэзентацыі, выстаўкі). Яна разглядаецца як сукупнасць элементаў аб’ектыўнага лічбавага асяроддзя, дзе жыве чытач. Пасіўнае глядзенне, якое падразумявае хуткі прагляд фільмаў і счытванне інфармацыі, выключае актыўнае ўспрыманне і інтэрпрэтацыю тэксту», — пераканана Таццяна Маркава. Яна лічыць, што масмедыйныя формы камунікацыі ўздзейнічаюць на спажыўца праз вобраз, не патрабуючы пры гэтым аналітычнай работы. Значэнне маюць не падрабязнасці і апісанне, а інфармацыя ў выглядзе карцінкі і ключавых слоў. Карыстальнікі не ўчытваюцца ў тэкст, а скануюць інфармацыю. Даследчыца робіць выснову, што чытач трансфармуецца: становіцца спажыўцом, які ўспрымае ўсё праз візуальны вобраз, адыходзячы ад разважанняў і рэфлексій. Інфармацыя засвойваецца ўжо па-іншаму. Ды кніга працягвае займаць сваю нішу дзякуючы гарантаванай захаванасці і дакладнасці, даводзіць Таццяна Маркава, а яшчэ, у адрозненне ад электронных тэкстаў, кніга лёгка паддаецца сістэматызацыі і дае магчымасць назапашваць веды для нашчадкаў.

Удумлівае чытанне, у адрозненне ад успрымання візуальнай карцінкі, якую прапануе сучасная электронная культура, патрабуе істотных разумовых намаганняў. А чытанне тэксту мастацкага — і ўвогуле дзейнасць складаная. Як вядома, мастацкі тэскт — структура шматслойная, тут задзейнічаны та-кія ярусы і аспекты, якія ў іншых відах камунікацыі застаюцца ненагружанымі. І менавіта тут адбываецца эстэтычнае выхаванне чытача, спазнаецца мастацкая карціна свету: для гэтага неабходна псіхалагічная настроенасць, прага інтэрпрэтацыі — сапраўдны творчы працэс. Ці здольны даць такое электронны кантэнт?

Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі ў лістападзе 2019 года праводзіў даследаванні (1800 рэспандэнтаў) па выяўленні асаблівасцей чытацкіх паводзін жыхароў Беларусі. Толькі каля 9 % чытаюць мастацкую літаратуру штодзённа. Раз на тыдзень чытаюць 6,4 % рэспандэнтаў, некалькі разоў на месяц — 10,5 %, радзей чым раз на месяц — амаль 19 % апытаных. Амаль палова (46,5 %) жыхароў Беларусі, на жаль, не чытае мастацкую літаратуру. Калі ж рукі да кнігі ўсё ж даходзяць, то рэспандэнты ўлічваюць жанр, вядомасць аўтара і меркаванне родных і знаёмых, а моладзь яшчэ звяртае ўвагу на анатацыю выдання і дызайн.

У эпоху лічбавай медыярэвалюцыі вызначэнне паняцця «кніга» зазнае іншыя падыходы: па прыкметах не толькі якасных, але і колькасных. Так, прапаноўваецца лічыць электроннай кнігай твор, інфармацыйная ёмістасць якога складае не менш чым 120 000 друкаваных знакаў. Гэта дапаможа размежаваць паняцці «электронная кніга» і «электронны дакумент», адзначае Алена Палтаўская, загадчык аддзела захавання фондаў навуковай музычнай бібліятэкі імя С. І. Танеева Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага. Хай твор у друкаваным выглядзе ад такога ж у электронным адрозніваецца толькі фарматам запісу тэксту, заўважае Алена Палтаўская, даследчыкі вынайшлі, што электронныя кнігі ўспрымаюцца мозгам горш, чым у друкаваным выглядзе: інфармацыя запамінаецца лепш пры перагортванні старонак. Ды рэальнасць з лічбавымі тэхналогіямі, калі мяняюцца камунікацыйныя здольнасці людзей, развівае новыя практыкі карыстання інфармацыяй. Але ўсё роўна застаецца адкрытым пытанне: кніга ці дакумент? Ёсць версія: кніга — прыватны выпадак дакумента. Гэтую тэму глыбока даследаваў аўтарытэтны савецкі і расійскі кнігазнаўца Іосіф Барэнбаум: спачатку паняцці «кніга» і «дакумент» лічылі тоеснымі, потым іх размяжоўвалі, пры гэтым адны разглядалі паняцце «кніга» як больш шырокае, якое ўключае ў сябе і дакумент, іншыя схіляліся да таго, што кніга — разнавіднасць дакумента. Ды, па перакананні І. Барэнбаума, гэтыя паняцці істотна адрозніваюцца.

Як шматгранная з’ява, чытанне зазнае новыя формы з прычыны перамен ва ўсіх сферах пад уздзеяннем пераходу ад індустрыяльнага грамадства да постіндустрыяльнага (інфармацыйнага), а потым — да грамадства ведаў. Усеагульная мадэрнізацыя немінуча адбіваецца на пераасэнсванні месца і характару чытання. Яно пераважна стала даведачным і камунікацыйным, заўважае Юлія Цімафеева, супрацоўнік Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Менш стала «чытання-паглыблення», якое валодае найбольшым выхаваўчым і развіццёвым патэнцыялам: «Калі чытаць сёння і сталі менш, нельга ж заклікаць чалавека адмовіцца ад іншых прыемных і карысных спосабаў баўлення часу, інакш навошта тады патрэбны ўсе сацыяльныя дасягненні і тэхнічныя вынаходніцтвы, калі імі ніхто не будзе карыстацца зусім або нямногія і рэдка?» Індустрыя забаў і аздараўленчыя ўстановы (фітнес-цэнтры, басейны, танцклубы) з’яўляюцца сур’ёзнымі канкурэнтамі чытанню ў барацьбе за вольны час, адзначае даследчыца і бачыць выйсце ў большым рэкламаванні і прасоўванні ў масы чытання як формы вольнага часу і адпачынку — правесці своеасаблівы «рэбрэндынг» чытання. Раней альтэрнатыў яму было не так шмат, а сёння, калі пануе інтэрнэт, людзей прыцягвае безліч забаўляльна-карысных форм, і на чытанне ўжо не застаецца часу. Таму на першы план выходзіць не праблема нечытання, а матывацыя: што чытаць і як чытаць. Бо патрабаваць замяніць гаджэты на папяровую кнігу — пярэчыць цвярозаму розуму. «Уменне чытаць кнігу не выправіць недахопы па ўменні карыстацца гаджэтамі», — пераканана Юлія Цімафеева, але ў той жа час акцэнтуе ўвагу на тым, што гаджэты не заменяць кнігу, таму яе трэба захоўваць і паляпшаць, нават ствараць моду на кнігу, аднак і тут магчымы нечаканасці: «Зрабіць чытанне такім жа любімым і распаўсюджаным заняткам, якім яно было ў СССР, — ідэя прывабная і, пэўна, у нечым станоўчая, але ці не верне яна краіну ў мінулае — з постіндустрыяльнага грамадства ў індустрыяльнае, перажыткаў якога і цяпер дастаткова, ці не стане гэта прычынай адставання ад іншых краін, прычынай затрымкі навукова-тэхнічнага развіцця?» Пытанне іміджу чытання застаецца адкрытым, і паляпшаць яго, лічыць даследчыца, варта з дапамогай кінематографа, рэкламы, заахвочвальных грантаў.

У сучаснай культуры склаўся асаблівы від чытання — постпісьменнае, адзначае Вераніка Варыч, дацэнт кафедры гуманітарных навук Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Постпісьменнае чытанне спараджае паліморфныя мультымедыйныя гіпертэксты, змяненне адносін аўтара і чытача з перавагай сродкаў трансляцыі тэксту. У лічбавым асяроддзі павялічваецца колькасць інфааб’ектаў, якія не маюць прыкмет кнігі, а эксплуатуюць гатовы відэавобраз. Паўстае праблема захавання кніжнай культуры ў электронным асяроддзі, звяртае ўвагу Алена Дзінер, загадчык кафедры бібліятэчна-інфармацыйных навук Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры.

Вучоныя адзначаюць, што мы жывём у перыяд пераходу ад «эпохі Гутэнберга» да «эпохі Цукенберга», ад цывілізацыі тэксту да цывілізацыі зрокавых вобразаў, візуалу: фільмы, відэа ў інтэрнэце. Тут валадарыць кліпавае мысленне. Аднак традыцыйная культура чытання, з успрыманнем слова за словам, старонкі за старонкай, здольна змагацца з кліпавасцю, мяркуюць кнігазнаўцы. Такім чынам, навукова-тэхнічны прагрэс кідае выклік чытанню, прапаноўваючы як панацэю інфармацыйныя тэхналогіі. Ды чалавек на тое і разумная істота, каб правільна расстаўляць прыярытэты...

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі