Вы тут

«Белорусская военная газета. Во славу Родины» адзначыла 100-гадовы юбілей


Першы нумар газеты, якая першапачаткова называлася «Красноармейская правда», быў надрукаваны 22 чэрвеня 1921 года. Сімвалічна, што свой стагадовы юбілей выданне адсвяткавала ў 80-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Як і «Звязда», ваенная газета не спыніла свайго выхаду ў найбольш складаны для краіны час — карэспандэнты рэгулярна вымушаны былі мяняць аловак і друкарскі станок на сапраўдную зброю.


Галоўны рэдактар Ігар Кандраль.

Чым «узброены» сённяшнія ваенкары, як газеце ўдаецца заставацца сучаснай, а таксама пра прафесіяналізм і журналісцкае майстэрства ў эпоху «фэйкаў» мы пагутарылі з намеснікам начальніка ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» — галоўным рэдактарам «Белорусской военной газеты. Во славу Родины» палкоўнікам Ігарам КАНДРАЛЕМ. Ігар Уладзіміравіч — журналіст па прафесіі, афіцэр. Ён амаль 35 гадоў служыць і арміі, і журналістыцы. 27 гадоў працуе ў газеце «Во славу Родины», з іх амаль восем узначальвае выданне.

— Ігар Уладзіміравіч, станаўленне найстарэйшага ваеннага выдання краіны адбывалася ў вельмі неспрыяльны час...

— Увесь стагадовы перыяд існавання нашай газеты ўключае ў сябе вялізны скачок як у падсвядомасці людзей, якія апісвалі падзеі, так і ў тэхналагічным плане. Першыя крокі «Красноармейская правда» (а наша газета спачатку называлася менавіта так) ажыццяўляла ў найскладанейшых умовах: Грамадзянская вайна, татальны недахоп усяго, голад, холад, вошы... Прычым журналісты разлічвалі ў тым ліку на аўдыторыю ад сахі.

А гэтыя людзі, як правіла, былі непісьменныя. Першы нумар газеты, якая з'яўлялася друкаваным органам Рэвваенсавета Заходняга фронту, ствараўся ў Смаленску, у звычайнай кватэры з трох пакояў, усяго шасцю журналістамі. Сёння складана ўявіць, як такая малая колькасць людзей магла забяспечваць штодзённы выпуск газеты. Дарэчы, сіламі гэтых журналістаў адначасова выдаваліся «Красноармейская правда на селе» і «Чырвонаармейская праўда» — асобная салдацкая газета, а не пераклад «Красноармейской правды».

— Як і ваенны чалавек, газета ўвесь час вымушана была мяняць месца дыслакацыі... Калі рэдакцыя пераехала ў Мінск?

— Да 1941 года рэдакцыя газеты цікава перамяшчалася. Некаторы час нават выдавалася ў рэстаране смаленскага Дома Чырвонай Арміі. Па ўспамінах супрацоўнікаў, усе 26 сталоў стаялі ў адной вялікай зале — своеасаблівы open aіr: тое, да чаго мы ў сваёй журналісцкай дзейнасці імкнёмся сёння, было амаль стагоддзе таму. Калі пытанне асобнага будынка для рэдакцыі абвастрылася, тагачасны рэдактар звярнуўся да камандуючага акругай Убарэвіча. Апошні зразумеў, што журналісцкая дзейнасць вельмі спецыфічная, таму даў дазвол пабудаваць новую тыпаграфію. Праўда, за кошт уласных сродкаў. Цікава, адкуль у тагачасных журналістаў былі грошы, але за пяць месяцаў у Смаленску быў узведзены будынак з надпісам на франтоне «Красноармейская правда», які падчас акупацыі не маглі сцерці нават немцы. У 1939 годзе рэдакцыя пераехала ў Мінск і размясцілася ў будынку на 1-м Семінарскім завулку. Сімвалічна, што цяпер тут знаходзіцца Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр», на базе якога выдаецца газета «Во славу Родины».

— Як і «Звязда», газета не спыніла свайго выхаду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ваенныя карэспандэнты змагаліся з ворагам не толькі словам, а і зброяй...

— Пасля першага масіраванага налёту варожай авіяцыі на Мінск рэдакцыя вымушана была працаваць у спеццягніку. Кожны дзень ён мяняў месца дыслакацыі, аднак нямецкая разведка і авіяцыя рабілі сваю чорную справу — цягнік трапляў пад бамбёжкі. Аднак нягледзячы на адсутнасць паліграфічнай базы, газета не спыняла выхаду: друкавалася ў мясцовых тыпаграфіях Магілёва і ў мястэчку Краснае каля Смаленска, на станцыі Касня пад Вязьмай. Рэдакцыя адступала разам з войскамі. Перавозіць матэрыяльную базу было надзвычай складана. Але за ўвесь гэты час не было ніводнага перапынку — у гады вайны газета выходзіла 7 разоў на тыдзень! Тыраж, дарэчы, не ўказваўся, бо па ім можна было з лёгкасцю вызначыць колькасць войскаў. З 1942 года «Красноармейская правда», акрамя рускай, выходзіла на казахскай, таджыкскай, туркменскай і ўзбекскай мовах. Аднак нягледзячы на ўсе цяжкасці, журналісты працавалі вельмі прафесійна. У самым пачатку вайны калектыў папоўнілі Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка...

Так выглядаў першы выпуск газеты (тады «Красноармейской правды»).

У «Красноармейской правде» таксама працавалі Канстанцін Сіманаў, фотакарэспандэнты Міхаіл Савін, Аркадзь Аркашаў, мастак Арэст Вярэйскі. У 1945 годзе рэдакцыя размяшчалася ў жылым будынку ў горадзе Тапіаў (цяперашні Гвардзейск). Як успамінаў Твардоўскі, які працаваў у «Красноармейской правде», каб яму ніхто не перашкаджаў дапісваць трэцюю главу «Васіля Цёркіна», ён забраўся на трэці паверх будынка, пад самы дах. Многія карэспандэнты былі на перадавой. Пяць супрацоўнікаў рэдакцыі не вярнуліся з заданняў...

— Лёс ваенкараў зайздросны і небяспечны. Якія задачы ў ваенных журналістаў сёння?

— Дзякуй богу, у нас няма вайны, і, спадзяюся, ніколі не будзе. Сённяшнія ваенкары асвятляюць жыццё арміі ў мірных умовах. Нашы карэспандэнты вельмі шмат ездзяць у камандзіроўкі за мяжу — у асноўным, на вучэнні. Журналіст і ваенны журналіст — гэта вялікая розніца. Ваенная журналістыка — гэта кругласутачная работа. Ваенныя карэспандэнты, у адрозненне ад цывільных, маюць магчымасць дакрануцца да таго, чым заўсёды ганарацца.

— Ужо якое дзясяцігоддзе гавораць, што газеты аджываюць свой век. Сучасныя формы перадачы інфармацыі настолькі ступілі наперад, што друкаваным СМІ за імі складана ўгнацца...

— Калі казаць пра дзень сённяшні, мы, безумоўна, ідзём у нагу з трэндамі сучаснай журналістыкі. Палова нашага тыражу паспяхова распаўсюджваецца праз электронную падпіску: гэтага патрабуе час. Мы зрабілі адпаведную версію для смартфона — трэба ісці да чалавека тым шляхам, якім ён ходзіць. Прычым нас чытае аўдыторыя амаль з 40 краін. Аднак часткова газета застаецца папяровай: у тых жа вайсковых часцях карыстацца тэлефонамі нельга, а інфармацыяй валодаць трэба. На палігонах у нас створаны інфармацыйныя цэнтры, актыўна выкарыстоўваем спадарожнікавую перадачу інфармацыі. Аддаём перавагу кароткім матэрыялам, публікуем больш фотаздымкаў — цывільная аўдыторыя ў першую чаргу хоча бачыць, чым займаюцца ва Узброеных Сілах.

— Вы перакрэсліваеце стэрэатып аб тым, што газету Мінабароны чытаюць выключна вайскоўцы і тыя, хто звязаны з арміяй...

— «Во славу Родины» чытаюць не толькі вайскоўцы. Нашу газету пачынаюць чытаць са школьнай лаўкі — ваенна-патрыятычнае выхаванне з'яўляецца адной з нашых задач. Моладзь, якая ідзе ў армію, трапляе ў нашу інфармацыйную прастору. Адслужыўшы, маладыя людзі ідуць у працоўныя калектывы, аднак не перастаюць цікавіцца армейскім жыццём. Чытаюць «Во славу Родины» і тыя, чые дзеці і ўнукі служаць у войску. Да ваеннай газеты ёсць увага і ў пенсіянераў, сярод якіх шмат былых вайскоўцаў.

Да 100-годдзя газеты на будынку Ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» з'явілася памятная дошка.

Невыпадкова, калі мы ездзім у гарнізоны, то імкнёмся паставіць па 10-12 фотаздымкаў на паласу: каб не толькі паказаць шмат твараў, якія абараняюць нашу Айчыну, а і прыцягнуць увагу да газеты і сваякоў вайскоўцаў. Натуральна, усё змясціць друкаванае выданне не можа, таму пад многімі публікацыямі мы актыўна прымяняем OR-код, перайшоўшы на які, можна паглядзець іншыя фотаздымкі. Акрамя таго, мы актыўна выкарыстоўваем такую тэхналогію, як дапоўненая рэальнасць (AR): навёўшы смартфон на фотаздымак да публікацыі, можна паглядзець цэлае відэа. Танк пачынае ехаць, салдат бяжыць — чытач быццам сам прысутнічае на вучэнні, спаборніцтве, іншым мерапрыемстве.

— Тыя, хто працаваў і працуе ў «Белорусской военной газете», называюць вас эксперыментатарам, што не зусім характэрна для чалавека ў пагонах...

— За гады свайго рэдактарства я зразумеў вельмі важную рэч: каб быць запатрабаваным, трэба мяняць або сваё атачэнне, або свой твар. Атачэнне мы памяняць не можам, таму ўвесь час удасканальваем свой імідж. За апошняе дзесяцігоддзе мы выкарыстоўвалі ўсе дызайнерскія магчымасці, якія існуюць. На працягу аднаго года мы змяшчалі «шапку» не ўверсе, як гэта прынята, а ўнізе паласы. Гэтая практыка была звязана са спецыяльнымі праектамі. У прыватнасці, калі мы расказвалі пра помнікі, мы «ставілі» краіну наверх. Адзін з нашых нумароў выйшаў поўнасцю ў форме комікса. Быў вопыт выпуску газеты і ў 3D-фармаце. Каб павысіць тыраж, які падаў ва ўсіх ваенных газетах нашых суседзяў, мы пайшлі па шляху выкарыстання спецпраектаў і візуальнай інфармацыі. Калі раней у нумары можна было ўбачыць 6-7 фотаздымкаў, то цяпер іх колькасць даходзіць нават да 30. Зараз такі час, што чытач паспявае прачытаць толькі загаловак і паглядзець фотаздымак. Часам яму яшчэ цікава даведацца, чым скончылася гэтая гісторыя, — і тады ён чытае апошні абзац публікацыі. Патрэбна шукаць цікавыя формы, каб прыцягнуць аўдыторыю. Увага чытача дарагога вартая.

— Апошнім часам інфармацыя аб дзейнасці сілавых структур, у тым ліку аб Узброеных Сілах, часта ўспрымаецца негатыўна: праўда выдаецца за хлусню, а насельніцтву навязваюцца псеўдафакты. Чаму так адбываецца?

— Спакойны час проста расслабіў людзей. І яны пачалі ўспрымаць тых, хто займаецца сваёй справай, негатыўна. Ніхто ж не ідзе да пекара і не пытаецца, чаму ў яго падгарэў хлеб. Калі цывільны чалавек не разумее, што яго абараняюць, то як яму гэта растлумачыць? Утойваць у наш час інфармацыю абсалютна няма сэнсу. Мы імкнёмся даваць толькі кампетэнтныя звесткі. З «фэйкамі» трэба змагацца фактамі. Іх абвергнуць цяжка. Я прыхільнік таго, каб журналісты давалі больш фактаў, лічбаў, каментарыяў першых асоб.

— Усё часцей у газеце з'яўляюцца публікацыі на беларускай мове...

— Дарэчы, калі ў «Белорусской военной газете. Во славу Родины» працаваў цяперашні рэдактар «Звязды», менавіта яго беларускамоўныя публікацыі, напісаныя як літаратурныя творы, карысталіся вялікай папулярнасцю ў чытачоў. Потым быў перыяд, калі публікацыі на беларускай мове ў нашай газеце сталі рэдкасцю. Цяпер прыйшло ўсведамленне таго, што трэба прыцягваць да газеты і беларускамоўнага чытача. Прычым у нас ёсць журналісты, якія пішуць па-беларуску нават аб баявой падрыхтоўцы. Моўны кампанент вельмі істотны: прыходзіць усведамленне таго, якая ў нас прыгожая Радзіма, і хто мы, беларусы.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва «Ваяр»

Загаловак у газеце: Газета ў пагонах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.