Вы тут

Устаноўлены імёны лётчыкаў, збітых у пачатку вайны над Лагойшчынай


29 чэрвеня 1941 года з аэрадрома Ула, які знаходзіўся ў Віцебскай вобласці, выляцела звяно ў складзе трох самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў 128-га авіяпалка 12-й авіядывізіі. Яны павінны былі правесці разведку і нанесці бомбавыя ўдары па наступаючых войсках вермахта. У той дзень па дарозе Маладзечна — Радашковічы — Мінск суцэльнай плынню на ўсход рухаліся нямецкія войскі, танкі і аўтамашыны. Выканаўшы пастаўленую задачу, савецкія лётчыкі вярталіся на аэрадром, але ў небе над Лагойскам у іх на шляху з'явіліся знішчальнікі Люфтвафэ...


Паветраны бой

У небе пачаўся паветраны бой. У раёне вёскі Сутокі Смалявіцкага раёна немцы падбілі адзін з самалётаў звяна. Сведкам паветранага бою стаў Мікалай Кранцэвіч, які ў той час жыў у вёсцы Ляда, што ў Лагойскім раёне.

«Мы з мамай у той дзень хадзілі да сваякоў у суседнюю вёску Крывая Паляна, яна знаходзілася недалёка ад Сутокаў, — успамінаў Мікалай Кранцэвіч. — Калі вярталіся, у небе з'явіліся самалёты і пачалася страляніна. У паветраным баі ўдзельнічалі два нямецкія самалёты і тры нашы. Вялікія двухматорныя бамбардзіроўшчыкі ляцелі з боку Мінска на Зембін. Нямецкія самалёты ляталі, кружыліся над імі. Потым адзін наш самалёт адхіліўся ад маршруту, у баку вёскі Ляда з'явіўся дым. Астатнія паляцелі далей і зніклі. Самалёт упаў у лесе, яго хвост зачапіўся за хвою. Адзін лётчык выпаў з самалёта і зламаў нагу. Двое гарэлі ў самалёце і страшна крычалі. Мы баяліся падыходзіць. Хтосьці сказаў: «Не бойцеся, бомбаў няма». Іх выцягнулі. Запрэглі каня. Пагрузілі на колы, і Цімох Навіцкі павёз авіятараў у Лагойск. Ён потым расказваў, што адзін лётчык памёр у Воўчых гарах, а другі на Паненскай гары».

Лётчыку Дзмітрыю Красільнікаву пашчасціла выжыць.

Выратаванне экіпажа

Як потым высветлілася, падбіты самалёт адхіліўся ад курсу звяна і, зніжаючыся, паляцеў у напрамку вёскі Ляда. На жыхароў накіроўваўся падпалены самалёт... «Была нядзеля, усе бабы і мужыкі сядзелі на вуліцы, — успамінала мясцовая жыхарка Аляксандра Карбановіч. — Лётчык, відаць, выруліў, каб вёску не спаліць. Самалёт упаў у лес. Усе пабеглі туды. Лётчыкаў было трое. Мой бацька зняў шапку, чэрпаў ёю з балота ваду і даваў лётчыкам піць. Людзі потым самалёт разбіралі, з дэталяў рабілі для печкі засланкі».

У той дзень каля збітага самалёта знаходзіўся і настаўнік з вёскі Юркавічы Віктар Падуновіч. «Яны трапілі на хвойнік, — расказваў ён. — Крылы роўна адламаліся, у абгарэлай скураной куртцы выскачыў адзін з лётчыкаў, было відаць, што адна нага ў яго была прастрэлена або паламана. Ён папрасіў нас знайсці яшчэ двух членаў экіпажа. Мы падышлі да самага падпаленага самалёта і за абгарэлыя стропы парашутаў выцягнулі іх у непрытомным стане. Пасля чаго паклалі іх на калёсы і адправілі ў бальніцу ў Лагойск...»

Гэта быў цяжкі шлях, улічваючы што вайскоўцы моцна абгарэлі, таму кожная няроўнасць дарогі аддавалася болем ва ўсім целе. З Навіцкім павезлі лётчыкаў і іншыя жыхары вёскі, бо пакласці траіх параненых і моцна абгарэлых мужчын на адны калёсы наўрад ці было магчыма.

Загінулы пілот Сямён ПАНФІЛАЎ з жонкай і сынам.

У канцы мінулага стагоддзя лёсам гэтых лётчыкаў займаўся кіраўнік пошукавага атрада «Абавязак» Вячаслаў Брыштэн. Дзякуючы дакументам, з якімі ён працаваў у архіве, удалося ўстанавіць не толькі абставіны гібелі лётчыкаў, а нават іх прозвішчы. З яго слоў, каня, які вёз авіятараў, спынілі каля Паненскай гары чырвонаармейцы. Яны сказалі пахаваць там дваіх з іх, якія па дарозе загінулі. Трэцяга павезлі ў лагойскую бальніцу. Пераапрануўшы ў цывільнае адзенне, вайскоўца пачалі аперыраваць.

Гэтымі адважнымі лётчыкамі былі намеснік камандзіра 1-й эскадрыллі старшы лейтэнант Сямён Панфілаў, паветраны стралок-радыст малодшы сяржант Уладзімір Філіпаў і штурман лейтэнант Дзмітрый Красільнікаў. Менавіта апошняму пашчасціла выжыць. Вядома, што звяно Панфілава вызначылася ў баях з ворагам у першыя дні вайны. За тыдзень баёў у яго значылася 10 баявых вылетаў. Газета «Красная звезда» пісала, што «звяном у паветраным баі было збіта 7 нямецкіх знішчальнікаў». За гэты подзвіг старшы лейтэнант Панфілаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна, а лейтэнант Красільнікаў — ордэнам Чырвонага Сцяга.

Паветраны стралок-радыст малодшы сяржант Уладзімір Філіпаў.

Далейшы лёс

Падпольшчыкі бальніцы на чале з галоўным урачом падрабілі Дзмітрыю Красільнікаву дакументы — немцы так і не даведаліся, што ў бальніцы лечыцца савецкі лётчык. Медработнікі не толькі выратавалі яму жыццё, а і паставілі штурмана на ногі. У жніўні 1943 года яны пераправілі Красільнікава ў партызанскі атрад «Бальшавік», які дыслацыраваўся ў Руднянскім лесе. Праз некаторы час з партызанскага аэрадрома каля Бягомля Дзмітрыя Красільнікава накіравалі за лінію фронту. Ён зноў пачаў лятаць.

Два іншыя лётчыкі з экіпажа збітага самалёта пахаваныя на Паненскай гары ў Лагойску, на мемарыяльнай дошцы напісаны іх імёны. У чэрвені мінулага года на месцы падзення самалёта Панфілава ў лесе каля вёскі Ляда быў адкрыты памятны інфармацыйны знак — дакладнае месца катастрофы ўдалося ўстанавіць дзякуючы мясцоваму святару з вёскі Швабы протаіерэю Дзіянісію Снытко, які з'яўляецца вялікім аматарам ваеннай гісторыі, а таксама пошукавікам даследчай групы ваеннай гісторыі «Рубон».

Памятны знак на месцы падзення самалёта каля вёскі Ляда.

Пошуковая работа па двух іншых самалётах са звяна Панфілава працягваецца. Месцы падзення іх ужо вядомыя, знойдзены шыльды з нумарамі матораў, але прозвішчы загінулых пакуль не ўстаноўлены. Гэта задача на будучыню.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Фота: Мінабароны Расіі

Загаловак у газеце: Паядынак у небе

Выбар рэдакцыі