Вы тут

Адкрылася вялікая выстава «У агні вайны. Гісторыя адной таполі»


Асэнсоўваць вайну і яе наступствы можна з розных ракурсаў: праз даследаванні, кнігі, мастацкія і дакументальныя кінафільмы. Магчыма зрабіць гэта, наведаўшы экспазіцыю ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы «У агні вайны. Гісторыя адной таполі», якая будзе працаваць да 24 ліпеня. Гэтая выстаўка — нібы падарожжа ў часе, бо дазваляе ўбачыць, як шмат усяго змянілася, і згадаць мінулае па знаходках апантаных людзей. Такім можна лічыць гісторыка, навуковага супрацоўніка музея Паўла Каралёва, які ў дзень адкрыцця правёў экскурсію для першых наведвальнікаў.


Знаходкі з Траецкай гары.

— Выстаўка ў нас адкрылася 22 чэрвеня, у дзень, які нагадвае пра тое, што 80 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна. Першая моцная бамбёжка Мінска трапіла якраз на гэты раён. Дом Янкі Купалы стаяў фактычна на месцы музея, у якім мы знаходзімся сёння. Ён згарэў, — распавядае Павел Каралёў. — Два гады таму, калі вяліся земляныя работы вакол музея, знайшлі падмуркі. Некаторыя з іх бачныя з боку вуліцы адразу за музеем. У экспазіцыі можна паглядзець якраз тыя рэчы, якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў зямлі пасля той бамбёжкі. Удалося іх адшукаць, і цяпер яны даступныя для азнаямлення.

Вера ў Перамогу і надзея на тое, што настане мірнае жыццё, знайшлі адбітак у паэзіі і публіцыстыцы Янкі Купалы. Аднак беларускі класік не дажыў да тых часоў, бо загінуў у чэрвені 1942 года. І як ён імкнуўся словам падтрымаць дух народа ў той цяжкі перыяд, так і сёння людзі жадаюць аднаўляць і захоўваць кожны экспанат, які можа больш расказаць пра майстра слова. Выставачны праект «У агні вайны. Гісторыя адной таполі» адразу з уваходу сустракае і знаёміць з цікавінкамі. Вось у вітрыне — фотаздымак, на якім відовішча сталіцы пасля бамбёжкі, гліняная цацка, шэраг шкляных бутэлечак, кафля, дзвярны званок — цяпер толькі адгалоскі ранейшага жыцця і нечаканага яго зруйнавання. Прадметы, прадстаўленыя навокал, Павел Каралёў ратаваў ад забыцця і знікнення, калі падчас рэканструкцыі парку яны маглі апынуцца на сметніку. Вось, напрыклад, фрагменты посуду, знойдзеныя ў раёне Тэатра оперы і балета на Троіцкай гары. Менавіта там у 1940 годзе адзначалі юбілей творчай дзейнасці Купалы...

А калі аказваешся ў зале асноўнай экспазіцыі, гісторыя абрастае новымі фактамі, фарбамі і падзеямі. Вялікая выява, на якой тая самая таполя, што расла каля дома пісьменніка, нібы хісткі масток паміж мінулым і цяперашнім. Як распавядае Павел Каралёў, часта дом Янкі Купалы называлі домам пад таполяй. І калі гэты раён згарэў на трэці дзень вайны, 24 чэрвеня, то дрэва выжыла. Яно абгарэла з аднаго боку, але не загінула. Таполя засталася — нібы сімвал, што памяць пра яе гаспадара тут застанецца...

У вітрынах сутракаюцца рэчы са згарэлага дома паэта. Кафля, кубачак і сподак (ёсць гісторыя, што калі гэты набор аднойчы паказалі Уладзіславе Францаўне, жонцы Купалы, то яна расплакалася, бо пазнала посуд, які быў у іх доме), часткі шкляной папяльнічкі, з якой увогуле пачаўся пошук усіх астатніх экспанатаў праекта.

Вось на фотаздымку маці Янкі Купалы, яна любіла сядзець пад таполяй і крышыць крышаны (гэта бульбяны суп, запраўлены салам), на іншым фота — паэт падчас сустрэчы з журналістамі. Знаходзіцца тут і скульптура Льва Гумілеўскага «Развітанне».

— Купала больш за ўсё шкадаваў, што маці яго засталася ў Мінску і што ён не змог яе вывезці. Для яго гэта быў боль. І другое, велізарная калекцыя кніг, аўтографаў — усё гэта загінула ў полымі вайны, — працягвае аповед Павел Каралёў. — Уявіце сабе, бамбёжка, гараць дамы, б'ецца посуд... Шмат аскепкаў яго можна ўбачыць тут.

Дарэчы, на той самай сустрэчы з журналістамі ў 1941-м, што адлюстравана на здымку, паэт сказаў: «Вораг знойдзе магілу ў нашай зямлі». Але гэта супярэчыла перакананню, якое тады існавала, што ворага савецкае войска будзе біць на яго зямлі. Купалу патэлефанавалі і папрасілі ўнесці праўку у гэтую фразу, на што паэт не пагадзіўся. Ён прадчуваў, разумеў, што будзе менавіта так, як ён кажа, і вайна пройдзе на нашай тэрыторыі.

У наступнай вітрыне размясціліся рэчы з лазні Плаўскага: кафля белага колеру, цукерачніца ці, можа, падстаўка для садавіны і іншае. Знаходкі з парку Янкі Купалы — статуэтачкі, падковы... Дом заўсёды прымаў гасцей, сяброў. Вось на фотаздымку 1928 года бачым домік пісьменнікаў, сярод якіх Купала, Колас, Уладзіслава Францаўна, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар і многія іншыя. Можна ўбачыць медыцынскія колбы, верагодна, Стэфана Луцкевіча — ён быў урачом і ўратаваў паэта па просьбе яго маці падчас няўдалай спробы самагубства. Сярод знаходак з раёна Тэатра оперы і балета — бутэлечка, напалову абпаленая, плітка з прыгожым узорам (на думку гісторыка, можа, нават з Троіцкага касцёла), цацачны пісталецік. Як рэха былых падзей.

Асаблівым акцэнтам можна лічыць графічную работу Анатоля Александровіча «Першыя дні вайны», дзе адлюстраваны якраз раён Тэатра оперы і балета ды падзеі, звязаныя з яго знішчэннем і руйнаваннем. Фотаздымак са скарбам, які знайшоў Павел Каралёў, дзе манеты, зубная каронка, пярсцёнак і ланцужок. І варта падумаць, што той, каму яны належалі, ужо не верне свайго багацця ці не знойдзе нарабаванае. І становіцца сумна ад разумення трагічнасці гісторыі. Кавалачак калючага дроту за шклом вітрыны... Фотаздымак сям'і Шкляевых, якія глядзяць з акна на былой вуліцы Садовай — рэальнасць мірнага жыцця амаль стогадовай даўнасці. Уражвае суседства рэчаў, якія асацыююцца з мірным існаваннем, і тых, што сведчаць пра трагічныя наступствы вайны. Завяршаецца экспазіцыя адной з работ Льва Гумілеўскага «Апошняе развітанне з Янкам»: помнік загінуламу паэту і схіленая над ім ягоная ўдава. Зноў напамін, што трэба берагчы памяць пра вайну, каб больш не паўтаралася трагедый такога маштабу.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Рэха вайны і міру ў дэталях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.