Вы тут

Царква Святога Архангела Міхаіла — славуты Сынковіцкі храм абароннага тыпу


Царква Святога Архангела Міхаіла, Слонімскі раён, в. Сынковічы.

Славуты Сынковіцкі храм абароннага тыпу — на самай мяжы двух раёнаў — Слонімскага і Зэльвенскага. Ад маёй роднай вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна да Сынковіцкай царквы рукой падаць — дзесьці каля аднаго кіламетра. У 2017 годзе праваслаўныя вернікі адзначылі 610-годдзе Сынковіцкай царквы-крэпасці. Але яна намнога старэйшая і тоіць шмат таямніц і загадак.


Калі б сцены Сынковіцкага храма маглі размаўляць, яны расказалі б нам амаль усю гісторыю беларускага народа. Але сцены храма маўчаць. Таму сёння гляджу на іх і дзіву даюся, як змог выстаяць магутны цагляны мур стагоддзі, не знікнуць з нашай зямлі.

З маёй Хадзявіцкай сельскай васьмігодкі, дзе я вучыўся, храм быў відаць здалёк, асабліва з другога паверха. Але тады, калі я быў школьнікам, у Сынковіцкую царкву людзі маліцца не хадзілі. Ён быў зачынены. Там знаходзіўся калгасны склад садавіны і гародніны, а потым ільну. У храм пасля Другой сусветнай вайны хадзілі мая мама і ўсе нашы вяскоўцы. Але ў 1958 годзе ў СССР па ініцыятыве першага сакратара ЦК КПСС Хрушчова пачалося ганенне на царкву.
Тады былі зачынены ў Беларусі больш за 60 % праваслаўных храмаў. А 16 сакавіка 1959 года, знайшоўшы прычыну — небяспечны тэхнічны стан храма, забаранілі ў ім праводзіць богаслужэнні, а праваслаўны сынковіцкі прыход быў ліквідаваны.

Да Другой сусветнай вайны храм у Сынковічах быў уніяцкім. У гэтым храме майго бацьку хрысціў Антон Неманцэвіч (1893—1943). Перад смерцю бацькі я паказаў яму здымак Неманцэвіча і сказаў, што яго хрысціў у Сынковічах вось гэты святар. Бацька доўга моўчкі глядзеў на фотаздымак і нешта думаў. Відаць, для яго гэта было вельмі цікава і нечакана.

Пасля службы ў войску я ўладкаваўся працаваць загадчыкам Сынковіцкага сельскага клуба. Гэта было восенню 1979 года. Клуб наведваў рэдка, ніхто мяне там не кантраляваў, таму дома дапамагаў маці па гаспадарцы і рыхтаваўся да паступлення ў Белдзяржуніверсітэт. Але некалькі разоў на тыдзень я ўсё ж адкрываў сельскі клуб, дзе паказвалі кіно і часам наладжваліся танцы. Разам са мной у Сынковічы хадзілі мае сябры з вёскі.

Аднойчы зімовай ноччу я з вясковымі юнакамі вяртаўся дамоў. Дарога праходзіла якраз каля царквы. Падышоўшы да яе, мы ўбачылі дым, які праз старыя вялікія дзверы выходзіў з храма. Мы адчынілі дзверы, бо замка на іх не было, і ўвайшлі ў царкву. Там знаходзіўся лён. Мы пасвяцілі ліхтарыкамі і ўбачылі, што нехта яго падпаліў ці проста кінуў акурак, таму лён з падлогі моцна дымеў. Мы пачалі рукамі браць мокры снег і насіць у храм. Туды, дзе густа дымела, мы кідалі снег і тапталі яго нагамі. Некалькі гадзін насілі снег і тушылі, пакуль зусім дыму не стала. А потым змучаныя павалакліся дамоў.

Праз некалькі дзён жыхары вёскі Сынковічы казалі, што нехта хацеў падпаліць царкву. Прыйшлося ім распавесці, што здарылася ў той вечар і як мы ратавалі стары храм...

Вёска Сынковічы (ці, як пішуць, Сынкавічы) у гістарычных крыніцах згадваецца з канца XV — пачатку XVІ стагоддзяў, калі была пабудавана царква. Яна, на думку некаторых даследчыкаў даўніны, збудавана ў пачатку XV стагоддзя. Але паданне кажа, што заклаў яе сам вялікі князь Вітаўт. І здарылася гэта вось з якой нагоды...

У 1377 годзе памёр вялікі князь Альгерд, які, па словах летапісцаў, «не столькі сілаю, колькі ўмельствам ваяваў». І пакінуў ён пасля сябе наступнікам любімага сына Ягайлу, які неўзабаве стаў каралём Польшчы. Пайшоў Ягайла вайною супраць свайго роднага дзядзькі, вялікага князя Кейстута, і сына яго, князя Вітаўта. Аднак не змог іх адолець.

Тады замысліў ён жорсткую хітрасць. Запрасіў да сябе дзядзьку і брата і пакляўся, што не зробіць ім зла. А як толькі яны, паверыўшы ў клятву, прыехалі ў Вільню, паланіў абодвух. Вітаўта спачатку каля сябе пакінуў, а вялікага князя Кейстута загадаў у ланцугі закаваць і кінуць у вежу Крэўскага замка. Яшчэ праз некалькі дзён служкі Ягайлавы забілі слаўнага Кейстута. Потым у Крэўскі замак прывезлі і Вітаўта з жонкаю...

Сядзеў вялікі князь у Крэве пад моцнаю вартаю. Штовечар дзве кабеты прыходзілі сцяліць ложак яму і княгіні. А, пасцяліўшы, выходзілі. За дзвярыма пакоя неадступна стаяла варта. Пачула вялікая княгіня Вітаўтава ад людзей, што калі Вітаўт не ўцячэ з вязніцы, дык тое самае з ім зробяць, што і з бацькам ягоным Кейстутам. І навучыла яна мужа свайго князя Вітаўта пераапрануцца ў адзенне адной з кабет, што прыходзіла ім слугаваць, а з другою — выйсці непрыкметна з пакоя. Паслухаў жонку Вітаўт, надзеў на сябе жаночае ўбранне, незаўважна спусціўся з замка і ўцёк да немцаў у Прусію.

Але ў Прусію князь адразу не трапіў. Заблытваючы сляды ад Ягайлавых служак, ён пусціўся наўцёкі зусім у адваротны бок — да старажытнай Літвы, што знаходзілася тады за Наваградкам. А непадалёку ад Слоніма, у ціхай лясной вёсачцы Сынковічы, князь Вітаўт знайшоў сабе надзейную сховань пад сялянскай страхой. Потым, перачакаўшы варожую пагоню, сабраў надзейнае войска, пачаў перамагаць клятваадступніка Ягайлу і ўрэшце стаў адзіным уладаром Вялікага Княства Літоўскага.

Праз дваццаць пяць гадоў пасля ўратавання ад немінучай пагібелі вялікі князь Вітаўт загадаў пабудаваць у Сынковічах храм — у знак удзячнасці Богу і тутэйшым людзям, якія захавалі яму жыццё. Невядомыя таленавітыя дойліды выканалі Вітаўтаву волю і паднялі да нябёс Сынковіцкую царкву-крэпасць.

У 1907 годзе польскі гісторык Юзэф Ядкоўскі зацікавіўся гісторыяй Сынковіцкага храма. Ён прыехаў у Сынковічы і ў архіве царквы выявіў «Генеральную візіту» 1720 года, метрычны запіс 1762 года і апісанне царквы, складзенае кобрынскім ігуменам Андрэем Бянецкім у 1746 годзе. Традыцыйна лічылася, што Сынковіцкая Міхайлоўская царква была пабудавана ў 1407 годзе. Але паўстае пытанне: кім усё ж?

І ніхто да сённяшніх дзён не можа на яго адказаць, бо няма сапраўдных дакументаў. Як адзначае польскі гісторык, у актах Літоўскай метрыкі маецца вельмі цікавая грамата 1576 года, што датычыцца Сынковічаў, а менавіта «Привилей пану Ивану Есману на торг в день недельный в именью его Сынковичах». Ім кароль Стэфан Баторый дазваляў у паселішчы кірмашы ў нядзелю і корчмы, пазбаўленыя збораў на карысць казны.

Адсюль выснова: наладжваць кірмашы ў вёсцы, дзе няма царквы, было б недарэчна, таму факт існавання Сынковіцкай царквы ў 1576 годзе неабвержны.

А грамата была дадзена Есьману, верагодна, праз некалькі гадоў пасля заканчэння працяглага будаўніцтва храма. Гэта значыць, царква ў Сынковічах узводзілася вельмі доўга, і завяршыліся работы пры памешчыку Івану Есьману прыблізна ў 70-я гады ХVІ стагоддзя.

Дарэчы, спасылаючыся на крыніцы, польскі гісторык Юзэф Ядкоўскі прыводзіць наступнае паведамленне: «Айцец Е. Міхайлоўскі на адным з малых званоў Сынковіцкай царквы знайшоў надпіс: «Anno Domіnі 1460». А, між іншым, ніколі званы не заказваліся задоўга да будаўніцтва храма, калі, можа, нават ідэі такой не існавала. Напрошваецца думка: храм у Сынковічах у час адліўкі звана ўжо мусіў існаваць і, можа, не адзін дзясятак гадоў. Таму, магчыма, ён сапраўды пачынаўся будавацца пры Вітаўту. А сама вёска Сынковічы яшчэ старэйшая за крэпасць-царкву.

Сённяшні настаяцель храма айцец Арсеній Ананка сцвярджае, што найбольш даследаваў Сынковіцкую царкву святар Яўстафій Міхайлоўскі, які быў тут настаяцелем з 1871 да 1898 года. Ён зрабіў царкоўную агароджу, званіцу, сам рамантаваў дах. На сценах храма Міхайлоўскі знайшоў надпісы, датаваныя ХІІ, ХІІІ і ХІV стагоддзямі, а таксама два званы.

Але за стагоддзі шмат чаго было знішчана ў Сынковіцкай царкве. А ў 1990-х гадах сцены ўнутры храма былі проста пафарбаваны ў светла-блакітны колер. Фарбаваліся і замазваліся сцены і ў іншы час. Разам з гэтым былі зафарбаваны і каштоўныя надпісы на сценах, фрэскі, малюнкі, партрэты. Усё гэта трэба аднаўляць, рэстаўрыраваць. Што айцец Арсеній сёння і робіць, і шмат зрабіў па рэстаўрацыі і ўпарадкаванні храма і тэрыторыі вакол яго. Я вельмі люблю пры сустрэчы з ім пагутарыць.

— Чым унікальная царква ў Сынковічах? — пытаюся ў айца Арсенія.

— Тым, — кажа святар, — што царква ў Сынковічах — гэта чысты наш беларускі храм. А дата пабудовы не царквы, а замка ў Сынковічах, выкладзена на сценах храма. Толькі яе трэба ўбачыць і прачытаць.

Айцец Арсеній паказвае мне гэты надпіс.І я, сапраўды, бачу на сценах славутага храма літару «Т», кропку і дзве вертыкальныя рысы — атрымалася: «Т. І І». А ў адпаведнасці з літарнымі абазначэннямі лічбаў, гэты надпіс можна трактаваць, як «300. 10+10», гэта значыць 1320. Сапраўды, дата «1320 год» у гісторыі нашай Бацькаўшчыны вельмі знакамітая. У летапісах зафіксавана, што менавіта ў гэтым годзе князь Гедымін раздаў сынам землі. Слонім дастаўся князю Монтвіду. Магчыма, у Сынковічах і была яго рэзідэнцыя.

— Значыць, Сынковіцкаму храму больш за 700 гадоў. Так?

— Выходзіць, так. І храму, і крэпасці — больш за 700 гадоў. Але крэпасць яшчэ старэйшая, — кажа айцец Арсеній. — Ды адсюль як на далоні ўсё відаць: лес, поле, рэчкі і дарогі...

Углядаюся... Вось гэта дарога, што вядзе на мае Хадзявічы, была простым шляхам на Слонім, адкуль прыязджаў Вітаўт у Сынковічы. Вынікае, што Вітаўт быў у маёй роднай вёсцы ці праязджаў праз месца, дзе цяпер знаходзіцца мая вёска…

Па словах настаяцеля Сынковіцкай царквы Арсенія Ананка, спачатку тут была вялікая крэпасць. Ад яе і застаўся нам у спадчыну толькі храм абароннага тыпу з байніцамі. Ну, а калі тут была крэпасць, то павінны быць падземныя хады. Але, калі глядзець з другога боку, такога быць не можа. Бо недалёка ад храма знаходзіцца рэчка. А ў той час яна была даволі вялікая і шырокая, а вакол яе знаходзілася шмат балот. Таму падкапаць ход пад рэчкаю было б складана, бо ход пастаянна залівала б вада. Але падземныя хады ў храма былі, толькі яны зусім невялікія, вялі на бераг ракі, дзе пастаянна стаялі чаўны, ці ў лес. Мясцовыя жыхары расказваюць, што некалі ў гэтай мясцовасці кудысьці знікалі каровы. Правальваліся пад зямлю, і ўсё. Ці, напрыклад, амаль штогод з правага боку храма пастаянна зямля правальваецца. Вернікі яе падсыпаюць, раўняюць, але ўсё роўна з часам зноў глеба апускаецца ўніз. Значыць, хады шмат стагоддзяў таму тут былі...

Да ўсяго сказанага пра Сынковіцкую царкву трэба дадаць яшчэ, што яна — гэта адзіны з існуючых помнікаў, які захаваў сваю аўтэнтычнасць, цнатлівасць, што і дазволіла яму стаць помнікам архітэктуры сусветнага значэння. Касметычныя рамонты, якія праводзіліся ў 1841 і 1881 гадах, істотна не змянілі знешняга аблічча. У розныя часы помнік вывучалі даследчыкі архітэктуры А. Шышка-Богуш, М. Сакалоўскі, Г. Вераб'ёў, Ю. Зубрыцкі, І. Ядкоўскі, М. Шчакаціхін, У. Чантурыя і іншыя. Цікавыя замалёўкі храма зрабіў у другой палове XІX стагоддзя беларускі краязнаўца і мастак В. Гразноў.

Сяргей ЧЫГРЫН

Загаловак у газеце: Што раскажуць сцены храма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.