Вы тут

VІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць у Мінску і Маскве


Усе запланаваныя раней мерапрыемствы праходзяць у фармаце відэаканферэнцыі, што, натуральна, цалкам адпавядае яго сёлетней тэме — «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў эпоху лічбавізацыі».


Фота: БелТА

Актуальнасць гэтай тэмы таксама абумоўлена асаблівым значэннем фарміравання адзінай навукова-тэхнічнай прасторы ў працэсе інтэграцыі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

— Гэта вельмі важная тэма, якая з'яўляецца актуальнай і перспектыўнай для нашых краін, — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

У першы дзень работы форуму адбудуцца пяць тэматычных секцый. На прамую сувязь з Мінскам выйдуць маскоўскія калегі, каб абмеркаваць перспектывы расійска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі ў эпоху «вялікіх выклікаў» і лічбавых тэхналогій, паразважаць аб ролі лічбавізацыі ў фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, ацаніць узаемадзеянне Расіі і Беларусі па пытаннях рэалізацыі саюзных праграм і навукова-тэхнічных праектаў у рамках міжнародных дамоў. Таксама ў цэнтры ўвагі будуць тэмы права і лічбавізацыі ў Саюзнай дзяржаве і лічбавага асяродка будучыні, які фарміруе маладое пакаленне.

У працяг маладзёжнай тэмы на палях форуму адбудзецца сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў палат маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі і Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе, якое пройдзе ўпершыню.

На наступны дзень пад старшынствам віцэ-спікера Савета Рэспублікі Анатоля Ісачанкі і яго расійскага калегі Юрыя Вараб'ёва запланавана правядзенне міжпарламенцкай камісіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

— Чарговае пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі дазволіць адкрыта абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і ролю рэгіёнаў у працэсе беларуска-расійскай інтэграцыі, — адзначыў Анатоль Ісачанка.

Асаблівая ўвага на форуме будзе аддадзена пытанням узаемадзеяння бізнес-колаў. Перспектывы дзелавога супрацоўніцтва разгледзяць удзельнікі Савета дзелавога супрацоўніцтва гандлёва-прамысловых палат Расіі і Беларусі.

Важнай часткай праграмы форуму стане пленарнае пасяджэнне, у якім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Расіі. Пленарнае пасяджэнне пройдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Арганізатары таксама ўдакладнілі, што на палях форуму таксама чакаецца падпісанне шэрагу пагадненняў аб супрацоўніцтве, а таксама кантрактаў паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі.

Больш падрабязна аб усіх мерапрыемствах форуму чытайце ў спецвыпуску дадатку «Мясцовае самакіраванне» 2 ліпеня.

Вольга АНУФРЫЕВА


Віктар Лісковіч: Кожны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — важная падзея, якую з ўвагай чакаюць у нашых краінах

Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, адкрываючы секцыю № 1 «Кірункі развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі ў эпоху „вялікіх выклікаў“ і лічбавых тэхналогій», якая прайшла сёння ў рэжыме відэаканферэнцсувязі. Беларускія ўдзельнікі выйшлі на сувязь з расійскімі калегамі з «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў». 

Сенатар адзначыў, што Форум рэгіёнаў — гэта рэальная пляцоўка для прасоўвання партнёрскіх і сяброўскіх адносінаў паміж нашымі дзяржавамі, каштоўны вопыт усталявання даўгатэрміновых кантактаў і сувязяў па розных пытаннях. Па меркаванні старшыні профільнай камісіі, такое супрацоўніцтва ўжо даўно паказала паспяховыя і прагрэсіўныя вынікі. 

— Актуальнасць тэмы сённяшняга Форума абумоўлена асаблівым значэннем фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, паколькі ў цяперашні час ідзе станаўленне «новай эпохі» інфармацыйных тэхналогій практычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека, — патлумачыў Віктар Лісковіч. — Тэма лічбавізацыі вельмі актуальная і запатрабаваная з улікам «вялікіх выклікаў», з якімі даводзіцца сутыкацца сучаснаму грамадству: пандэмія, інфармацыйная вайна, увядзенне санкцый і шэраг іншых пагроз. 

У сваю чаргу, мадэратар работы тэматычнай секцыі з расійскага боку, старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па адукацыі, навуцы і культуры Лілія Гумерава, падкрэсліла, што правядзенне мерапрыемстваў у рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі спрыяе вырашэнню задач любой складанасці. 
Паводле яе слоў Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі мае вялікае значэнне для Расіі і Беларусі, садзейнічае вырашэнню задач любой складанасці ў барацьбе з пагрозамі нацыянальнай бяспекі, «вялікімі выклікамі».

— Сёння ў нашай студыі мы пастараліся аб’яднаць усе катэгорыі ключавых удзельнікаў расійска-беларускага ўзаемадзеяння. Шчыра спадзяюся, што наша сённяшняе абмеркаванне надасць новы імпульс развіццю сяброўскіх сувязяў народаў Расіі і Беларусі, будзе спрыяць далейшай канструктыўнай дзейнасці на карысць нашых дзяржаў, — пераканана старшыня профільнай камісіі.

Удзельнікі тэматычнай секцыі абмеркавалі, у першую чаргу, пытанні адукацыі, аховы здароўя, навуковага забеспячэння эканамічнага росту і сацыякультурнага развіцця, бо яны вызначаюць канкурэнтаздольнасць і ўстойлівасць суверэнных дзяржаў, дабрабыту абодвух народаў. У цэнтры ўвагі былі і тэмы ўмацавання адзінства і даверу, развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на аснове рэгулярных кантактаў паміж заканадаўцамі, урадамі, дзелавымі коламі, навукоўцамі нашых краін. 

Трэба адзначыць, што краіны валодаюць значнымі навукова-тэхнічным і тэхналагічным патэнцыялам, які дазваляе заняць вядучыя пазіцыі ў свеце па многіх кірунках у сферы лічбавых тэхналогій. У рэгіёнах назапашаны вопыт па ўкараненню дадзеных тэхналогій у сферы дзяржаўнага кіравання.

Большасць рэгіёнаў Расіі і Беларусі ўдзельнічаюць у сучасных адукацыйных і навуковых праектах. З 2000 года і да гэтага часу краінамі былі рэалізаваны 57 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы новых тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі, у тым ліку 10 праграм у вобласці радыёэлектронікі, мікраэлектронікі, мікрасхематэхнікі, цеплавізійнай тэхнікі, чатыры праграмы ў сферы звышвысокавытворчай вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння. 

Нагадаем, што ў рабоце секцыі з беларускага боку прымаюць удзел члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўніцтва высокатэхналагічных, навуковых арганізацый, кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

(Больш падрабязна аб выніках работы секцыі чытайце ў спецвыпуску дадатку «Мясцовае самакіраванне» 2 ліпеня). 

Вольга АНУФРЫЕВА 

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

 


 

Таццяна Рунец: Лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер грамадства з’яўляецца адным з нацыянальных прыярытэтаў Беларусі

На VIII Форуме рэгіёнаў абмеркавалі навукова-тэхналагічнае супрацоўніцтва Саюзнай дзяржавы. Секцыя № 2, пасяджэнне якой прайшло 29 чэрвеня, прысвечаная ролі лічбавізацыі ў фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Пасяджэнне секцыі прайшло на пляцоўцы «Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» у фармаце відэканферэнцыі. 

«Актуальнасць гэтай тэматыкі відавочная. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў міжнароднага форуму ТІБО-2021 адзначыў, што высокія тэхналогіі — гэта важная рухаючая сіла развіцця эканомікі, паляпшэнне якасці жыцця людзей. Лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер грамадства з’яўляецца адным з нацыянальных прыярытэтаў Беларусі. Сапраўды, сёння ўмацаванне экспартнага патэнцыялу любой краіны практычна немагчыма без ўкаранення інавацый. Пры гэтым фактарам поспеху на макраўзроўні ў сферы высокіх тэхналогій часта становіцца паўнавартаснае супрацоўніцтва і кааперацыя з іншымі краінамі», — сказала ў прывітальным слове мадэратар секцыі Таццяна Рунец, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэтам і фінансам. 

Як расказала Таццяна Рунец, дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі калегамі ў рамках саюзных праграм створана касмічная групоўка спадарожнікаў, распрацоўваюцца новыя тэхналогіі хірургічнага лячэння дзяцей з цяжкімі пашкоджаннямі пазваночніка, а гэтак жа тэхналогіі для вытворчасці збалансаваных кармоў жывёл і мноства іншых распрацовак. Разам з тым старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспубліцы па эканоміцы, бюджэту і фінансам звярнула ўвагу на адзін трывожны сігнал. «Усяго за час існавання Саюзнай дзяржавы рэалізавана больш за 50 навукова-тэхнічных праграм. У мінулым годзе — 7, у бягучым годзе — 4. Гэта трывожны сігнал, таму што ўсе праграмы завяршаюцца ў бягучым годзе, і ў нас няма пераходзячых праграм для фінансавання ў наступным годзе», — адзначыла Таццяна Рунец. 

Падчас працы секцыі экспертамі былі разгледжаны ключавыя падыходы да фарміравання адзінага навукова-тэхналагічнай прасторы Беларусі і Расіі, у тым ліку і пытанні рэалізацыі сумесных навукова-тэхнічных праектаў. У прыватнасці, як паведаміў у сваім дакладзе старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіям Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін, зараз праводзіцца работа над стварэннем ІТ-платформы для адзінага рэестра тэхнапаркаў Саюзнай Дзяржавы з наступнай распрацоўкай сістэм захоўвання, сістэматызацыі, аналізу і графічнай візуалізацыі даных. Гэтым займаецца Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіям Беларусі, Асацыяцыя кластараў і тэхнапаркаў Расіі і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Па словах Аляксандра Шуміліна, выкарыстанне такой сістэмы ў Саюзнай дзяржаве даць магчымасць інвестарам выбіраць найбольш прывабныя ўмовы работы і аператыўна знаходзіць партнёраў для сумеснай працы. 

«Сёння ў Беларусі створана сетка з 18 тэхнапаркаў, якія ахопліваюць усе рэгіёны нашай краіны і з’яўляюцца цэнтрамі прыцягнення новых вытворчасцяў і распрацовак. Таму супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні з Расіяй па гэтым напрамку мае вялікі патэнцыял», — адзначыў ён. 

Для фарміравання адзінай-навукова-тэхналагічнай прасторы беларускія і расійскія навукоўцы ўжо рэалізавалі больш за 50 сумесных праграм. Асноўныя сферы — гэта касмічныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, інфармацыйныя тэхналогіі, машынабудаўніцтва, медыцына. Аднымі з першых саюзных праграм сталі праграмы ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У 2000 годзе пачалася распрацоўка новага пакалення суперкамп’ютарнага сямейства СКІФ (Суперкамп’ютарная ініцыятыва Фенікс), у выніку якой быў створаны суперкамп’ютар 2 Тфлопс. На той момант ён уваходзіў у топ-100 самых высокапрадукцыйных камп’ютараў у свеце. Гэтая праца атрымала працяг і на базе сямейства суперкамп’ютараў створаны цэнтр калектыўнага карыстання ў Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі. У БДУ, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Аналагічныя цэнтры функцыянуюць у Расіі.

У мінулым годзе была закончаная знакавая навукова-тэхнічная праграма «Аўтаэлектроніка», якая прадугледжвала стварэнне новага пакалення электронных кампанентаў для сістэм кіравання і бяспекі аўтатранспартных сродкаў спецыяльнага і двайнога прызначэння. «Вынікі праграмы выкарыстоўваюцца пры стварэнні робатызаваных беспілотных кар’ерных самазвалаў БелАЗ, якія ўжо працуюць на кар’ерах Сібірскай вугальнай энергетычнай кампаніі. Засваенне і ўкараненне ў вытворчасць перадавых інавацыйных рашэнняў, распрацаваных па праграме, дасць магчымасць надаць дадатковае паскарэнне развіццю аўтамабільнай і радыёэлектроннай прамысловасці Беларусі і Расіі», — расказаў Аляксандр Шумілін. 

Сёння рэалізуецца праграма Саюзнай дзяржавы ў касмічнай галіне — «Інтэграцыя — СД». Яна мае мэтай павышэнне эфектыўнасці апрацоўкі даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і прадастаўленне вынікаў карыстальнікам Беларусі і Расіі. 

У працэсе распрацоўцы знаходзіцца шэраг новых праектаў канцэпцый праграм. У будучым яны дапамагуць распрацаваць сучасныя тэхналогіі выяўлення і пераадолення ўстойлівасці мікраарганізмаў да лекавых прэпаратаў (праграма «Пераадоленне») і новыя медыцынскія клеткавыя прадукты (

«Союзбіямембраны»). Таксама ў планах стварэнне тэхналогій, матэрыялаў і абсталявання для 3D-друку («адытыўная»), распрацоўка комплексу на аснове звышправодзячых рэзанатараў («Паскаральнік-СПР») і інавацыйных тэхналогій развіцця фатонны кампанентнай базы Саюзнай дзяржавы («Кампанент Ф»). Таксама ў фінальнай стадыі ўзгаднення праекта канцэпцыі новая праграма ў галіне космасу — «Комплекс-СД». 

Удзел у рабоце секцыі таксама прынялі намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Чабатар, намеснік Міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык. З дакладам выступіў намеснік Дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага Камітэту Саюзнай Дзяржавы Аляксей Кубрын.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА


Сяргей Рачкоў: Распрацаваная ў Беларусі інавацыйная прадукцыя мае вялікі патэнцыял як унутры краіны, так і за мяжой

Удасканаленне ўзаемадзеяння Расіі і Беларусі па пытаннях рэалізацыі саюзных праграм і навукова-тэхнічных праектаў у межах саюзных дагавораў абмеркавалі падчас VIII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Адпаведная секцыя прайшла 29 чэрвеня ў Прэзідэнцкай біблятэцы.

Адкрываючы пасяджэнне секцыі, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў адзначыў, што Расія займае асаблівае месца ў міжнародным супрацоўніцтве Беларусі ў навукова-тэхнічнай сферы.

Ён расказаў, што толькі ў межах Саюзнай Дзяржавы рэалізавана 57 праграм у галінекасмічных даследаванняў, энергетыцы, новых матэрыялаў і нанатэхналогій, машына- іпрыборабудавання, медыцыны, біятэхналогій, інфармацыйных і аграрных тэхналогій.

«У Беларусі ідзе бесперапынны працэс развіцця навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сфер, у тым ліку з выкарыстаннем перадавога міжнароднага вопыту развіцця навукі і тэхналогій. У бягучым годзе ў нашай краіне дадзены старт дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця на 2021-2025 гады, новым навукова-тэхнічным праграмам. Урадам пастаўлена задача рэалізаваць у рэгіёнах нашай краіны з улікам іх канкурэнтных пераваг інавацыйныя праекты па стварэннівысокатэхналагічных вытворчасцяў на аснове распрацовак беларускіх вучоных. Распрацаваная ў Беларусі інавацыйная прадукцыя мае вялікі патэнцыял для камерцыялізацыі як унутры краіны, так і за мяжой», — расказаў Сяргей Рачкоў.

Аднак, нягледзячы на станоўчыю дынаміку высокатэхналагічных вытворчасцяў у рэальным сектары беларускай і расійскай эканомік, варта выводзіць работу ў гэтымкірунку на больш высокі ўзровень. Як падкрэсліў сенатар, росту інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Расіі будзе спрыяць пераход да стварэння лічбавых платформаў як ключавых інструментаў лічбавай трансфармацыі традыцыйных галін і рынкаў, а таксама ўзаемадзеянне рэгіёнаў у галіне выкарыстання сучасных тэхналогій, распрацоўкі і серыйнай вытворчасці навукаёмістай прадукцыі. А галоўную ролю ў гэтым павінна адыгрываць інтэграцыя навуковых, адукацыйных і вытворчых арганізацый Беларусі і Расіі для стварэння і вываду на сусветны рынак новых сумесных тэхналогій і прадуктаў.

«Сёння працягваецца працэс фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, а таксама агульнай навукова-тэхналагічнай прасторы дзяржаў СНД. Міжнародныя дамовы і пагадненні, якія вызначаюць гэтыя працэсы, напрамкі, формы і механізмы двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, павінны быць актуальнымі, адпавядаць рэаліям эпохі лічбавізацыі», — звярнуў увагу Сяргей Рачкоў.

Прыярытэтная задача пасяджэння секцыі — прааналізаваць працэс рэалізацыі праграм і навукова-тэхнічных праграм, як у межах Саюзнай Дзяржавы, так і рамках СНД і іншых міжнародных структур. Удзельнікі абмеркавалі пытанні інтэграцыі навуковых, адукацыйных і вытворчых арганізацый для стварэння і вываду на сусветны ўзровень агульных тэхналогій і прадуктаў.

Як адзначыў старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Рыгор Карасін, Беларусь і Расія разам шмат чаго дасягнула ў навукова-тэхнічнай сферы.

«За якія прайшлі з моманту падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы гады шмат чаго ўдалося дамагчыся, умацаваць навукова-тэхнічныя і адукацыйныя кантакты. Пытанні навукі і адукацыі маюць важнае значэнне, таму што непасрэдна звязаныя з інтэлектуальным і творчым патэнцыялам, якія ў немалой ступені вызначаюць здольнасць адказваць на выклікі часу, забяспечваць суверэнітэт і лідарства нашых краін, іх канкурэнтаздольнасць у сучасным свеце », - сказаў Рыгор Карасін.

Сёння навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва займае важнае месца і ў сістэме міжнародных адносін і ажыццяўляецца на аснове двухбаковых і шматбаковых міждзяржаўных дагавораў і міжурадавых пагадненняў. А галоўная задача такого супрацоўніцтва заключаецца ў фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы дзвюх краін, у межах якой будуць забяспечаныя гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў і роўныя магчымасці для беларускіх і расійскіх вучоных. Мяркуецца правядзенне сумесных даследаванняў па прыярытэтных для дзвюх краін напрамках. Да такіх напрамкаў Рыгор Карасін аднёс інфармацыйныя тэхналогіі і электроніку, новыя матэрыялы і хімічныя працэдуры, экалогію і рацыянальнае прыродакарыстанне, тэхналогіі жывых сістэм, прафілактыку і лячэнне найбольш распаўсюджаных і небяспечных захворванняў, а таксама забеспячэнне радыкальнага павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Удзельнікі секцыі ў сваёй рабоце рабілі акцэнт на разглядзе практыкі прымянення вынікаў навукова-даследчых і навукова-тэхнічных праграм і праектаў у рэальным сектары эканомікі, ажыццяўленні трансферу распрацаваных тэхналогій. Па выніках пасяджэння былі выпрацаваны прапановы па ўдасканаленні прававога рэгулявання супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў навукова-тэхнічнай сферы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА


Сяргей Сівец: Уплыў лічбавізацыі на развіццё прававых сістэм Беларусі і Расіі вялізарны

У памяшканні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў рэжыме відэа-канферэнцыі адбылося пасяджанне секцыі № 4 Форума. Тэма размовы — «Права і лічбавізацыя ў Саюзнай дзяржаве: перспектыўныя напрамкі».

З беларускага боку ў ролі мадэратара выступіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец. У размове з журналістамі ён адзначыў, што ўплыў лічбавізацыі, якая ўжо трывала заняла сваё месца ў нашым жыцці, на развіццё прававых сістэм Беларусі і Расіі велізарны. І тут шырокае поле для сумеснай дзейнасці парламентарыяў, навукоўцаў і юрыстаў Саюзнай дзяржавы для выпрацоўкі адзіных падыходаў у вырашэнні наспелых праблем.

Важная тэма — лічбавізацыя ў юрыдычнай навуцы. Тут ужо ёсць пэўныя здабыткі ў навукоўцаў абедзвюх краін, але гэта толькі пачатак вялікай работы, даў зразумець Сяргей Сівец.

З расійскага боку мадэратарам быў першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Уладзімір Палетаеў. На яго думку, заканадаўчае забеспячэнне далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы набывае ўсё большую актуальнасць, асабліва сёння ва ўмовах інфармацыйнага грамадства.

Прамоўцы падчас дыскусіі казалі, у прыватнасці, і аб тым, што лічбавізацыя дыктуе неабходнасць прыняцця паправак у дзеючыя законы. Больш таго, эпоха інфармацыйных тэхналогій выклікала змяненні бізнес-працэсаў у дзелавым асяроддзі рэгіёнаў абедзвюх краін, вымушае выкарыстоўваць новыя інструменты і тэхналогіі лічбавай эканомікі. Напрыклад, пераносіць дакументы ў электронны фармат з наступным абменам гэтымі данымі праз электронныя каналы сувязі.

Удзельнікі пасяджэння былі аднадушныя ў тым, што зараз лічбавізацыя — сусветны трэнд развіцця грамадства і эканомікі, які заснаваны на пераўтварэнні інфармацыі ў лічбавую форму, што ў цэлым гэта садзейнічае павышэнню эфектыўнасці эканомікі і якасці жыцця чалавека. Але і нараджае новыя выклікі і пагрозы. Пра іх таксама прадметна гаварылі на пасяджанні. Невыпадкова, на погляд удзельнікаў Форуму, сёння прававое забеспячэнне лічбавізацыі выйшла напярэдадні план у Беларусі і Расіі. На гэтую тэму ўсё часцей спрачаюцца і дыскутуюць на міжнародных канферэнцыях, круглых сталах, выступаюць у СМІ.

Работа секцыі № 4 Форума — прыклад таму. У ходзе размовы ў той ці іншай ступені закраналіся такія злабадзённыя тэмы: лічбавізацыя і крымінальнае права, лічбавізацыя і падатковае права, лічбавізацыя і правы чалавека, у прыватнасці, абарона права на сацыяльнае забеспячэнне.

Мікалай ЛЮБЧАНСКІ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Актуальна і перспектыўна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.