Вы тут

«Вытокі» ў сэрцы Палесся. Фестываль прайшоў днямі ў Мазыры


З палескім каларытам і душэўнасцю спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу» прайшло ў Мазыры. Традыцыйна на Палессі радуюцца гасцям і прымаюць іх ад усёй душы, гэтыя выхадныя не былі выключэннем. Гомельшчына парадавала сваёй гасціннасцю, цікавымі гісторыямі і яркім спартыўным настроем.


Як аб'яднаць мінулае і сучаснае

Каб адразу даць магчымасць пасябраваць з горадам і прасякнуцца яго гісторыяй, арганізатары пачалі свята з экскурсіі. Пазнаёміцца са знакавымі месцамі горада прыехалі тураператары з Гомельскай вобласці і журналісты. Пачалося знаёмства з галоўнай славутасці — Замкавай гары. Тут сканцэнтравана ўся гісторыя Мазыра за шмат гадоў. У рэканструяваным Мазырскім замку можна даведацца пра культурнае жыццё, промыслы мясцовых жыхароў розных эпох. Госці пазнаёміліся з жыццём палешукоў у музеі народнай культуры «Палеская веда». Важны пункт экскурсіі — Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор, храм з незвычайнай гісторыяй і каштоўнымі абразамі, узрост якіх вымяраецца не гадамі, а стагоддзямі. Скончылася экскурсія на знакавым для Мазыра месцы — Кургане Славы, помніку Вялікай Айчыннай вайне. Мазыр — першы горад, дзе ў межах фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» прайшла аглядная экскурсія па горадзе. Начальнік аддзела спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Галіна Касцюшкіна растлумачыла гэта новаўвядзенне: «Мы вырашылі, што перш чым праводзіць круглы стол аб прасоўванні гісторыка-культурнай спадчыны і абмяркоўваць развіццё турызму, трэба паказаць гасцям гэтую самую гісторыка-культурную спадчыну».

Круглы стол на тэму «Прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны» адбыўся ў Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа. Яго, дарэчы, арганізавала кампанія «Белбрэндаўдыт», якая спецыялізуецца на стварэнні і прасоўванні новых брэндаў на аснове гісторыка-культурных традыцый. Дырэктар кампаніі і каардынатар круглага стала Валянціна Дыніч прадставіла прысутным цікавую трактоўку назвы праекта, які сабраў усіх у Мазыры. «Першае слова «Вытокі» вельмі жыццесцвярджальнае. Яно паказвае, што нам трэба часцей успамінаць, а лепш увогуле ніколі не забываць пра свае карані, пра тое, адкуль, мы родам, і пра шчасце, да якога мы ўсе імкнёмся, а магчыма, проста яго не заўважаем. Можа, варта шырэй адкрыць вочы і паглядзець на тое, што побач. «Крок да Алімпу» сімвалізуе, што ў гэтым годзе 30 гадоў Нацыянальнаму Алімпійскаму камітэту. Але ў гэтага выразу ёсць цудоўны сэнс: кожны з нас робіць такі крок у сваіх сферах», — расказала яна.

Пасля хвілінкі лірыкі ўдзельнікі круглага стала вярнуліся да галоўнай тэмы. Пасля жывога знаёмства з турыстычным патэнцыялам Мазыра яны абмеркавалі, як яго развіваць і прапаноўваць людзям. У рэгіёне дастаткова цікавых прадуктаў і прафесійных экскурсаводаў, і нельга не паказваць гэта ўсё. Валянціна Дыніч прапанавала цікавы варыянт прасоўвання славутасцяў і дасягненняў краю. У прыватнасці, некаторыя рэчы з музея «Палеская веда» можна выкарыстоўваць на школьных занятках па фізіцы. «Першыя заняткі па фізіцы пачынаюцца з таго, як старажытныя людзі ставіліся да агню. Дык чаму б не паказаць прыладу, якую нашы продкі выкарыстоўвалі для здабычы полымя, а магчыма, нават і ім самім даць паспрабаваць гэта зрабіць. Цікава пазнаёміцца з простымі механізмамі можна на прыкладах таго, як рабілі борці для пчол і падымалі іх на дрэвы... Ёсць яшчэ адзін цікавы прыклад. Зараз цяжарным жанчынам патрэбна наведваць адмысловыя лекцыі. Дык чаму б ім не паказаць, як раней жылі жанчыны, як рыхтаваліся да родаў, даглядалі немаўлят. Гэта выдатны спосаб прыцягнуць увагу да гісторыі, звязаць мінулае і сучаснае», — растлумачыла Валянціна Дыніч.

Толькі Мазыром удзельнікі круглага стала не абмежаваліся, яны абмеркавалі турыстычны патэнцыял усёй Гомельскай вобласці. Абавязковае для наведвання «Залатое кола Гомельшчыны». Турыстычны маршрут уключае 9 пунктаў з адметнай і цікавай гісторыяй: Гомель, Ветка, Чачэрск, Чырвоны Бераг, Рэчыца, Тураў, Мазыр, Юравічы і Лоеў. Плануецца ўключыць у гэты маршрут і дзесяты пункт — горад Светлагорск. Начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Павел Старасвецкі адзначыў, што ў рэгіёне актыўна развіваюць патрыятычны турызм. У прыватнасці, ён расказаў пра турыстычны маршрут «Вечнай памяццю жывыя...», распрацаваны ў межах праекта «Патрыятычны імпульс». Маршрут аб'ядноўвае тры мемарыяльныя комплексы. Кранальны помнік дзецям, ахвярам Вялікай Айчыннай вайны «Чырвоны Бераг» у Жлобінскім раёне. За 20 кіламетраў ад Жлобіна быў лагер, праз які прайшлі каля 2000 дзяцей ад 8 да 14 гадоў. Гераічны мемарыял «Багратыён» каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна — як мяркуецца, адсюль савецкія войскі пачалі самую значную наступальную аперацыю «Багратыён», у выніку якой была вызвалена Беларусь. І заключны пункт гэтага маршруту — мемарыяльны комплекс «Ала» ў Светлагорскім раёне. Мемарыял пабудаваны ў памяць вёскі, якая раздзяліла лёс Хатыні і была спалена ў 1944 годзе.

Парад крэатыву

Адразу пасля круглага стала ў Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа адкрыліся выстава «Кола часу» і выстава дзіцячых малюнкаў. Іх арганізавала галерэя «АртХаос». Як расказала дырэктар галерэі Лілія Лукашэнка, на выставе сабраны карціны мастакоў розных пакаленняў: «Мы ставілі мэтай паказаць разнастайнасць нашага сучаснага мастацтва, розныя стылі і кірункі, бо ў нас ёсць чым ганарыцца і чым захапляцца. Вельмі мала выстаў, дзе сабраныя розныя мастакі, і людзям, асабліва ў рэгіёнах, важна гэта ўбачыць».

Дырэктар галерэі падзялілася сваімі ўражаннямі ад Мазыра. «Я кожны раз прыязджаю ў новы горад і думаю, што ён лепшы. Ад Мазыра я ў захапленні. Ён гістарычна вельмі насычаны, вельмі маляўнічы, і людзі тут вельмі гасцінныя. І атмасфера свята робіць сваю справу. Галоўны паказчык — ці хочацца сюды вярнуцца. Вось у Мазыр мне хочацца вярнуцца», — сказала Лілія Лукашэнка.

Скончыўся першы дзень фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» канцэртам арганнай музыкі ў выкананні Валерыя Шмата.

Другі дзень фестывалю быў прысвечаны творчасці, інавацыям і адукацыі. Семінар па прасоўванні творчых і інавацыйных праектаў «Маладзёжны брэнд» аб'яднаў педагогаў і іх вучняў з усёй вобласці. Гэты семінар стаў своеасаблівым парадам крэатыву. Напрыклад, прадстаўнікі ясляў-сада № 40 горада Мазыра расказалі аб праекце «Інфарматыка без разеткі», у межах якога дашкаляты спасцігаюць азы праграмавання. Вучні школы № 15 прадставілі сваю працу ў кірунку ваенна-патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Студэнты-педагогі тэхніка-біялагічнага факультэта Мазырскага педуніверсітэта прэзентавалі творчую майстэрню.

«З усіх гарадоў, дзе мы былі з «Вытокамі» Мазыр — адзіны горад з універсітэтам. ВНУ дадае вельмі важную асаблівасць — дадатковы прыток моладзі, якая будзе развіваць культурны патэнцыял. А Мазыр выступае як праваднік», — падкрэсліла Валянціна Дыніч.

«Такія мерапрыемствы заўсёды праходзяць на «ўра»

«Мне вельмі падабаецца, што ў адным мерапрыемстве аб'яднаны і спорт, і культура, і мастацтва, і прамысловасць. Такія мерапрыемствы заўжды праходзяць на «ўра». Цяжка знайсці сям'ю, дзе любяць толькі спорт ці толькі культуру. А калі ўсё сабрана разам, то кожны знойдзе для сябе нешта цікавае. Таму гэтае мерапрыемства і называецца сямейным. І кожны рэгіён мае магчымасць паказаць свае адметнасці. Дарэчы, 15 спартсменаў з беларускай алімпійскай каманды — ураджэнцы Гомельшчыны», — расказаў Павел Старасвецкі.

У заключны дзень свята ў Мазыры панаваў спорт! На плошчы Леніна, у самым цэнтры горада, размясцілася больш за 30 спартыўных пляцовак. Дарэчы, гэта своеасаблівы рэкорд фестывалю. Кожны ўдзельнік змог паспрабаваць свае сілы ў розных відах, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы. Адкрыла спартыўную частку свята «Вытокі» прызёр Алімпійскіх гульняў Марына Літвінчук, яна пажадала ўсім атрымаць як мага больш пазітыву і даведацца аб спартыўнай і культурнай спадчыне горада. Разам з Марынай свята адкрывала заслужаны дзеяч культуры Беларусі Святлана Стацэнка, якая вырасла ў Мазыры.

Адзін з арганізатараў фестывалю — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Яркія і цікавыя пляцоўкі традыцыйна прыцягваюць моладзь кожнага горада. «Адметная рыса фестывалю — шмат станоўчых і яркіх эмоцый. Выдатны пачатак для ўсіх, хто жадае займацца фізічнай культурай, знайсці від спорту, які яму падыходзіць. У структуры Федэрацыі прафсаюзаў больш за 100 спартшкол у краіне, і Мазыр тут займае адну з вядучых пазіцый», — падкрэсліў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Пакуль удзельнікі спартыўнага квэсту правяралі сябе ў розных відах спорту, свой крок да Алімпу зрабілі спевакі, конкурс якіх падарыў гораду яркі канцэрт. У старшай узроставай групе перамагла Аляксандра Хамутоўская. А найлепшай у малодшай групе стала гамяльчанка Марыя Садыгава, уладальнік Гран-пры і лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, удзельніца кастынгаў «Голас дзеці» ва Украіне і Маскве.

За чатыры разы правядзення свята ў розных гарадах «Вытокі» ўжо набылі свае традыцыі. Сярод іх — цікавыя і прадукцыйныя семінары і круглыя сталы, натхняльныя выставы і канцэрты, захапляльныя спартыўныя і творчыя спаборніцтвы. А самая галоўная традыцыя — пазітыўныя эмоцыі і яркія ўражанні ўсіх удзельнікаў свята. Яны, як эстафетная палачка, пераходзяць ад горада да горада. Цяпер традыцыі свята «Вытокі. Крок да Алімпу» рыхтуецца праверыць і памножыць Бабруйск, які прыме свята з 15 да 17 ліпеня.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

г. Мазыр.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Грамадства

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

22 чэрвеня 1943 года партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна».

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.