Вы тут

Як зберагчы таматы ад фітафтарозу і кладаспарыёзу


Фітафтароз і кладаспарыёз адносяцца да найбольш небяспечных хвароб таматаў: яны могуць нейкі час праходзіць скрыта, а калі праявяцца, лячыць культуру будзе позна. Акрамя таго, на іх з'яўленне аказвае ўскосны ўплыў надвор'е. Вось чаму прафілактыка ў дадзеным выпадку абавязковая.


pixabay.com

Разрэджанасць пасадак

Калі ў мэтах эканоміі месца загусціць пасадкі, гэта будзе першым крокам на шляху да ўзнікнення захворванняў. Раслінам не хапае святла, зацененая імі глеба не паспявае цалкам прасохнуць пасля паліву і ўвесь час застаецца вільготная, што стварае ідэальныя ўмовы для развіцця хвароб таматаў. Для таго каб апошняга не здарылася, трэба строга выконваць схемы пасадкі для таматаў, у залежнасці ад іх вышыні і месца размяшчэння.

Калі вы вырошчваеце высакарослыя таматы, адлегласць паміж радамі можа даходзіць да 1 м, паміж кустамі — 70 см. У некаторых выпадках інтэрвал можна крыху паменшыць: 70—90 см паміж радамі і 50—60 см паміж кустамі адпаведна.

Сярэднерослыя памідоры саджаюць на адлегласці 55 см паміж раслінамі і 70—80 см — паміж радамі. Дапушчальна трохі змяняць гэтыя параметры з улікам сорту.

Пры пасадцы памідораў нізкарослых сартоў можна пакідаць паміж кустамі да 30 см свабоднай прасторы, а паміж радамі — 50 см.

Правільны паліў

Развіццю захворванняў спрыяюць высокая тэмпература і павышаная вільготнасць. Таму строга рэгламентаваны паліў не менш важны, чым разрэджанасць пасадак. Асабліва гэта датычыцца вырошчвання таматаў у ахаваным грунце. У першы тыдзень пасля высадкі расады ў цяпліцу іх і зусім паліваць не варта. Затым расліны забяспечваюць вадой кожныя 3—7 дзён (у гарачае надвор'е — часцей). Да цвіцення паліў праводзяць з разліку 4-5 л вады на куст, а пасля закладкі кветкавых гронак — 1-2 л на куст. Падчас завязвання пладоў норму паліву зноў даводзяць да 3—5 л.

У адкрытым грунце памідоры паліваюць 1-2 разы на тыдзень пад корань, выліўшы на 1 кв. м прыкладна 15—20 л вады. У абодвух выпадках паліў традыцыйна праводзяць па раніцах адстоенай або сабранай дажджавой вадой.

Мульчыраванне

Каб засцерагчы пасадкі ад спор хвароб, здольных існаваць у глебе, трэба прыкрыць грады з таматамі прыдатным матэрыялам. Для гэтай мэты падыдуць і покрыўны матэрыял (агравалакно, спанбонд і іншае), і сена (салома), і кампост, і скошаная трава, а таксама драўняныя шчэпкі і пілавінне. Мульча стане яшчэ адным элементам засцярогі раслін ад фітафтарозу і кладаспарыёзу.

Праветрыванне цяпліцы

Калі таматы растуць у закрытым грунце, то для зніжэння тэмпературы і вільготнасці паветра іх трэба рэгулярна праветрываць, адкрываючы дзверцы цяпліцы. Дасведчаныя агароднікі сцвярджаюць, што калі тэмпература паветра не апускаецца ніжэй за 15 °C нават ноччу, то дзверы ў цяпліцу можна наогул не зачыняць.

Апрацоўка пестыцыдамі

Не абысціся і без іх. Для прафілактыкі фітафтарозу і кладаспарыёзу таматы ў перыяд вегетацыі апырскваюць фунгіцыдамі, напрыклад, прэпаратамі «Фітаспарын-М», «Алірын-Б», «Гамаір» па інструкцыі.

Пасынкаванне

Таматы, дзякуючы пільнай увазе, пачнуць актыўна расці і запоўняць сваёй зялёнай масай усе міжраддзі, а гэта зноў жа прывядзе да абмежавання доступу паветра да глебы. Пасынкаванне таматаў не толькі дапаможа ім застацца здаровымі, але і паскорыць паспяванне ўраджаю.

Першае пасынкаванне праводзяць праз два тыдні пасля высадкі расады ў грунт, а затым паўтараюць рэгулярна, кожныя 10—14 дзён. Апошняе дазваляе своечасова адсочваць новыя атожылкі і прадухіляць загушчэнне куста. Галоўнае правіла змагара з пасынкамі заключаецца ў тым, што рабіць гэта трэба своечасова, а менавіта не пазней, чым яны стануць большыя за 4-5 см у даўжыню. У дадзены момант яны яшчэ тонкія, не цягнуць сілы з мацярынскай расліны і іх лёгка выдаліць рукамі або з дапамогай нажніц.

Ёсць яшчэ адзін спосаб, які мінімізуе рызыку ўзнікнення фітафтарозу і кладаспарыёзу таматаў. Гэта выбар сартоў, устойлівых да абодвух захворванняў. У якасці перастрахоўкі можна скарыстацца і ім.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.