Вы тут

Інспектар па справах непаўналетніх ведае, як дапамагчы падлеткам у складаных жыццёвых сітуацыях


Некаторыя называюць старшага лейтэнанта міліцыі Надзею Калібераву шматдзетнай маці. І хоць уласных дзяцей у яе двое, выхоўвае і клапоціцца жанчына яшчэ аб 15-ці. Надзея Каліберава — інспектар па справах непаўналетніх. А гэта, як і мацярынства, прафесія кругласутачная...


Вось і днямі, падчас свайго адпачынку, яна прыехала ў адну з падшэфных школ, каб праінфармаваць дзяцей, як пазбегнуць непрыемнасцяў падчас летніх канікулаў. Лекцыя на дадзеную тэму, вядома, ужо была прачытана напярэдадні. Сустрэцца з дзецьмі ў пазачарговы раз прымусіла сумная інфанагода апошніх дзён — утапленні на вадаёмах, ахвярамі якіх, на жаль, сталі і дзеці.

У школу — як на работу

Як расказвае дырэктар сярэдняй школы № 35 Мінска Наталля Пацяенка, ва ўстанове заўсёды вучацца і складаныя вучні, і дзеці, якія выхоўваюцца ў няпростых сем'ях. «З такімі дзецьмі трэба працаваць як на прафілактыку, каб не дапусціць трагедыі, і тады, калі здарылася непрыемнасць у сям'і пэўнага вучня, а таксама з канкрэтным школьнікам, якога ўжо паставілі на ўлік па справах непаўналетніх, — удакладняе кіраўнік навучальнай установы. — Знешне ў сям'і ўсё можа быць добра: ёсць мама і тата, пануе пазітыўны настрой. Але калі нешта здараецца з вучнем і ты з ім глыбока працуеш, разумееш, што ўсё пачынаецца ў сям'і. Па ўсіх праблемных пытаннях мы раімся з нашым інспектарам, з якой у нас шчырыя ўзаемаадносіны. Такое цеснае супрацоўніцтва з Міністэрствам унутраных спраў нам значна аблягчае задачу».

Надзея Каліберава ходзіць у школу, як на работу. Хоць па прафесіі яна, як вядома, не настаўнік. Аднак гэта не перашкаджае старшаму лейтэнанту міліцыі быць цікавым апавядальнікам і прафесійным лектарам — аб гэтым сведчыць цішыня ў зале, у якой падчас прысутнасці школьнікаў рэдка калі бывае так спакойна.

У міліцыі Надзея Каліберава — 13 гадоў. З непаўналетнімі працуе другі год. «Спачатку было складана: перад дзецьмі мала проста выступіць, да іх неабходна данесці патрэбную інфармацыю, каб яны зрабілі правільныя высновы», — перакананая інспектар па справах непаўналетніх.

Ёсць падыход

У падначаленні інспектара — тры школы і 15 дзяцей, якія стаяць на прафілактычным уліку. Самай малодшай падапечнай — 10 гадоў, некаторыя неўзабаве стануць паўналетнімі.

— Як правіла, падлеткаў ставяць на прафілактычны ўлік за ўжыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў, — расказвае Надзея Каліберава. — Для таго каб прадухіліць спажыванне алкаголю непаўналетнімі, а таксама папярэдзіць аб адказнасці людзей, якія ўцягваюць іх у антыграмадскае жыццё, мы рэгулярна праводзім рэйды па горадзе, у першую чаргу адпрацоўваючы месцы масавага знаходжання людзей. Розныя сітуацыі даводзіцца назіраць. Даходзіць да таго, што 18-цігадовыя дзяўчаты набываюць 16-цігадовым хлопцам алкагольныя напоі, якія потым разам распіваюць. Аднак мала хто ведае, што нават аднаго разу трапіць нам на вочы дастаткова, каб стаць на прафілактычны ўлік.

Як паказвае практыка, большасць дзяцей, якіх супрацоўнікі міліцыі выявілі ў стане алкагольнага ап'янення, у падобных справах удзельнічалі ўпершыню. Дарэчы, многія з іх — выдатнікі, выхоўваюцца ў поўных, забяспечаных сем'ях, дзе ніхто з бацькоў не злоўжывае алкаголем. Уявіце, які шок для іх, калі яны даведваюцца, чым іх самыя разумныя і таленавітыя дзеці займаліся ў парку ці дзесьці яшчэ?!

— На жаль, трапляецца і такая катэгорыя хлопцаў, якія ўжо ў падлеткавым узросце здзяйсняюць злачынствы, — гаворыць інспектар па справах непаўналетніх. — У мяне ёсць навучэнец, які мала што паразбіваў вокны ў памяшканні, дык яшчэ і знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Хлопцу ўсяго 15 гадоў...

Аднак і да такіх падлеткаў у інспектара ёсць падыход. Метадам бізуна і перніка старшы лейтэнант міліцыі не карыстаецца. «Многія думаюць, што пастаноўка на прафілактычны ўлік — гэта катастрофа, — гаворыць Надзея Каліберава. — Я заўсёды кажу, што гэта не канец свету, з любой сітуацыі можна знайсці выйсце».

І яна дапамагае яго знаходзіць. З кожным выбудоўвае максімальна блізкія і даверлівыя адносіны. Ведае, дзе і ў якіх умовах жыве дзіця, хто яго бацькі, з кім дзіця сябруе і, галоўнае, якія ў яго інтарэсы. Зыходзячы з апошняга, Надзея Каліберава плануе вольны час падлеткаў. Як чалавек творчы (старшы лейтэнант міліцыі прыгожа спявае, таму часта выступае падчас канцэртаў), яна водзіць сваіх падапечных у музеі, на выстаўкі, у бібліятэку. Разам яны наведваюць культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Былі ўжо і ў аэраклубе, і ў Батанічным садзе, нават гулялі ў боўлінг.

— Такія моманты вельмі збліжаюць, — прызнаецца старшы лейтэнант міліцыі. — Дзеці не бачаць ува мне чалавека, які пастаянна выхоўвае, а ўспрымаюць мяне як сябра. Часта непрыемнасці ў дзяцей здараюцца тады, калі яны нічым не занятыя. У многіх сучасных падлеткаў, акрамя гаджэтаў і алкаголю, на жаль, няма ніякіх забаў. Адсутнасць бацькоўскай увагі часта прыводзіць да трагедый.

У міліцэйскай сям'і

Пра такіх людзей кажуць — чалавек на сваім месцы. Надзея нарадзілася ў сям'і міліцыянера. Гледзячы на бацьку, яна з самага дзяцінства марыла аб афіцэрскіх пагонах. «Са слоў мамы, я ўжо ў тры гады казала, што буду, як тата, служыць у міліцыі», — расказвае Надзея Каліберава.

Скончыла Мінскі інстытут кіравання. Па спецыяльнасці Надзея — юрыст. Каб самой аплачваць сваю вучобу, працавала. Аднойчы Надзея Каліберава ехала ў метро. На вочы трапіла аб'ява, у якой паведамлялася, што ў Дэпартамент аховы набіраюць супрацоўнікаў міліцыі. Прыйшла ў дэпартамент па месцы прапіскі — дзяўчыне прапанавалі пасаду ў батальёне міліцыі. Яна пагадзілася. Затым паўгода вучылася ў вучэбным цэнтры МУС. Адзінай дзяўчыне ва ўзводзе было няпроста: нарматывы і іншыя задачы выконвала нароўні з хлопцамі. У міліцыю вярнулася ўжо атэставаным супрацоўнікам. Тут, дарэчы, і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, цяпер падпалкоўнікам міліцыі. Яны служаць у розных падраздзяленнях, але аднолькава верныя сваёй справе — адказваць за правапарадак у краіне, а таксама за людзей, якія ў ёй жывуць.

— Тое, што мы абодва носім пагоны, нас збліжае, — прызнаецца інспектар па справах непаўналетніх. — Ніхто так адно аднаго не разумее, як два супрацоўнікі міліцыі. А работа ў нас непрадказальная: часам трэба выконваць абавязкі нават ноччу.

Дапамога — найлепшая ўзнагарода

Тую ноч, калі яна разам з іншымі супрацоўнікамі міліцыі шукала маленькага хлопчыка, Надзея Каліберава памятае дагэтуль. У міліцыю звярнуўся мужчына і прасіў адшукаць яго чатырохгадовага сына. Высветлілася, што некалькі дзён таму яго жонка забрала хворае дзіця з дому і павяла яго ў паліклініку. Дахаты яны не вярнуліся...

— У ходзе аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў мы ўдакладнілі месца іх знаходжання, — расказвае Надзея Каліберава. — Жанчына з дзіцем была знойдзена ў адной з гасцініц сталіцы. Некалькі дзён яны не выходзілі з пакоя, таму калі мы адчынілі дзверы, там была абсалютная антысанітарыя. Мама хлопчыка знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення, а хворае, галоднае дзіця ляжала з высокай тэмпературай. Калі мы сыходзілі, хлопчык у свае чатыры гады сказаў нам: «Дзякуй!».

Пасля сустрэчы ў школе Надзея Каліберава прапанавала мне наведаць адну са сваіх падапечных: кантраляваць тых, хто стаіць на ўліку, інспектар мае права без папярэджання, у любы час. Юлія старшага лейтэнанта міліцыі сустрэла з усмешкай: відаць, што ў іх сапраўды цёплыя адносіны.

— Надзея Генадзеўна з намі заўсёды на сувязі, — расказвае ўчарашняя школьніца. — Яна прыдумляе для нас настолькі цікавыя мерапрыемствы, што нават думкі не ўзнікае займацца чымсьці незаконным. Алкаголь скажае рэальнасць. Таму перш чым яго ўжываць, трэба сто разоў падумаць.

Чаго ў свой час не зрабіла сама Юлія. Святкаванне яе Дня нараджэння скончылася пастаноўкай на ўлік у міліцыю. Хоць дзяўчына — з добрай сям'і, скончыла школу з высокім балам атэстата, збіраецца паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт. Калі за лета Юля не трапіць у чарговае здарэнне, то яе здымуць з уліку.

Дарэчы, нават пасля зняцця з прафілактычнага ўліку Надзея Каліберава з многімі сваімі ўжо былымі падапечнымі падтрымлівае зносіны. «Калі ты бачыш, што дапамог дзіцяці, гэта найлепшая для мяне ўзнагарода», — прызнаецца інспектар.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Метад Надзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».