Вы тут

«Вы новае пакаленне духоўна моцнага народа». Пра што гаварыў Прэзідэнт выпускнікам


Бадай, такога россыпу ззяння сталічны выставачны цэнтр «Рамонак» не бачыў даўно. Прынамсі з мінулага Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. Ззялі ўпрыгожванні і атласныя тканіны на вячэрніх сукенках дзяўчат, першыя «зоркі» на лейтэнанцкіх пагонах былых курсантаў, але самым яркім былі вочы выпускнікоў. У кагосьці яны свяціліся ад мар пра новыя поспехі, у кагосьці ад слёз развітання з сябрамі-аднагрупнікамі. Гэта лета асаблівае для кожнага з іх — шмат чаго ўпершыню. Яны ўжо атрымалі свае першыя дыпломы, з іх накіраванні на першае працоўнае месца, а ў дарослае жыццё іх адпраўляе асабіста кіраўнік краіны. 


Традыцыйнае мерапрыемства для найлепшых выпускнікоў у гэтым годзе складалася з дзвюх частак афіцыйнай і нефармальнай. Першая адбылася ў Палацы Незалежнасці, дзе ўшанавалі выдатнікаў вучобы і іх педагогаў. Нефармальная частка ўяўляла сабою прыём ад імя Прэзідэнта ў выставачным цэнтры на праспекце Пераможцаў (так званым «Рамонку»). У гэтым годзе на ўрачыстасці запрасілі амаль 280 чалавек з усёй рэспублікі. Сярод іх не толькі выпускнікі, але і тыя, дзякуючы каму іх поспехі сталі магчымымі, — кіраўнікі вну і выкладчыкі.

«Пазіраючы на вас — такіх прыгожых, маладых і ўжо паспяховых — я адчуваю пачуццё гонару за Беларусь (не ўсё яшчэ страчана), за тых, хто ствараў незалежную краіну, у якой нашы дзеці атрымліваюць годную адукацыю, а найлепшыя з найлепшых адзначаюць свае першыя поспехі на такім высокім узроўні. Выпадковых людзей у гэтай зале сёння няма», — пачаў сваё выступленне ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт.

Ён сказаў, што ганарыцца бацькамі прысутных выпускнікоў, якія выгадавалі выдатных людзей, педагогамі і выкладчыкамі, якія дапамаглі студэнтам знайсці сябе і, вядома, кожным з выпускнікоў.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, зразумець сваё прызначэнне — гэта найскладанейшы выбар, які маладыя людзі ўжо зрабілі. «Засвоіць прафесію — вялікая праца. І вось вы ўжо трымаеце ў руках дыплом аб вышэйшай адукацыі, дыплом, аб якім вы марылі доўгія гады. Шчыра вас віншую і жадаю хутчэй пераадолець чарговую вяршыню — стаць прафесіяналам у сваёй справе, перайсці на новы ўзровень жыцця, дзе ваш рэальны статус будуць вызначаць не колькасць падпісчыкаў і лайкі, а павага людзей, у тым ліку будучых калег», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што прызнанне і павагу заслужыць магчыма толькі сумленнай і карпатлівай працай, сваёй прыстойнасцю і справядлівымі адносінамі да людзей.

«Вядома, я разумею, што атмасфера свята не схіляе да сур’ёзных размоў. Але тым не менш... Вы, яшчэ раз адзначу, сталыя асобы. Ёсць думкі, якія я як Прэзідэнт павінен данесці да вас менавіта зараз. Не мы выбіраем час, а час выбірае нас. У кожнага пакалення свае выклікі. Яны фарміруюць характар не толькі асобна ўзятага чалавека, але і ўсёй нацыі, — адзначыў кіраўнік краіны. — Вам ёсць на што абаперціся. Вы новае пакаленне духоўна моцнага народа, які захаваў нацыянальную ідэнтычнасць, не маючы ўласнай дзяржавы на працягу стагоддзяў». 

Прысутным Прэзідэнт нагадаў, што яны — нашчадкі герояў, якія ў страшнай вайне разам з брацкімі народамі абаранілі родную зямлю і выратавалі Еўропу ад нацызму.

«Ведаеце, многія кажуць: «Багатая краіна, бо ў яе ёсць нетры. У нетрах шмат чаго — і газ, і нафта, і золата. Багатая нацыя. Няма нічога даражэйшага за той подзвіг, які здзейснілі нашы людзі. Ён нам абышоўся неймавернай цаной — кожнага трэцяга чалавека ў сярэдзіне мінулага стагоддзя мы страцілі. Дарагая штука. І яе неабходна берагчы і ёю ганарыцца»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, выпускнікі могуць ганарыцца людзьмі, якія з гонарам прайшлі выпрабаванні разрухай і нявызначанасцю 90-х, сваёй працай стварылі незалежную дзяржаву і працягваюць працаваць на карысць краіны.

«Іншымі словамі, у вас ёсць годны і магутны, як цяпер модна гаварыць, бэкграўнд. Бэкграўнд сучаснай беларускай нацыі. Таму беражыце дасягнутае — мір, спрадвечныя традыцыі і нашы каштоўнасці. Беражыце гісторыю, якой мы сёння па праве ганарымся», — дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны папрасіў маладых людзей у цяжкія для краіны перыяды быць асцярожнымі ў меркаваннях і ўчынках, каб праз гады не было сорамна за выказванні і рэпосты, якія забудуцца, але застануцца ў Інтэрнэце.

«Хай створаны вамі ў сетках віртуальны партрэт заўсёды паказвае, што нават у гэткім юным узросце вы думалі, гаварылі, дзейнічалі правільна, па-дзяржаўнаму, як належыць сапраўдным грамадзянам сваёй краіны. Асабліва гэта датычыцца тых, хто будуе самыя амбіцыйныя планы на жыццё. Бо хто ведае, якія кабінеты і якое крэсла вы зоймеце заўтра. Хтосьці з вас будзе стаяць замест мяне на гэтым месцы, і рыхтавацца трэба да гэтага. Таму вучыцеся ў першую чаргу думаць пра будучыню краіны і беражыце свой імідж, свой твар», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ва ўсе часы і зараз застаецца актуальнай прымаўка «Спачатку студэнт працуе на залікоўку, пасля яна на яго». «Я вам гэта нагадаў таму, што вы сёння фарміруеце свой твар, свой імідж. Зрабіце так, каб сфарміраваўшыся, ён заўтра працаваў на вас. І гэта будзе нармальна. І проста ведайце: калі мы, старэйшае пакаленне, кажам, што працуем на карысць Беларусі, — гэта азначае на карысць сваіх дзяцей, то-бок вас. Няма матывацыі, мацнейшай за гэту. І няма нічога больш важнага, чым бачыць вас шчаслівымі», — акцэнтаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў выпускнікам мірнага, шчаслівага і паспяховага жыцця і быць вартымі тых, хто ствараў іх будучыню.

"У вас сёння вялікі дзень. Вы будзеце памятаць яго праз гады, але гэта толькі пясчынка ў вашым жыцці. Праз некалькі гадоў вы зразумееце, што гэта нават не прыступка ў вашым жыцці, як прынята казаць. Усё наперадзе«,— сцвярджае кіраўнік краіны і падкрэслівае, што самае галоўнае для кожнага з маладых — лад будучай сям’і і дзеці.

Прэзідэнт падзяліўся: сустракаючыся з выпускнікамі, узіраючыся ў іх абліччы, бачыць упэўненых, амбіцыйных і мэтанакіраваных людзей. Паводле яго слоў, некаторыя з іх яшчэ не пачалі працаваць, а ўжо нароўні са сваімі выкладчыкамі адзначаны высокай узнагародай.

«Няхай і ў далейшым вам заўсёды спадарожнічае поспех, а побач будуць добрыя настаўнікі. Але калі раптам у пачатку працоўнага шляху не апраўдаюцца нейкія чаканні, не спяшайцеся расчароўвацца ў абранай прафесіі. Дайце самім сабе шанец. Можа быць, не адразу, але ўсё будзе: і прызнанне заслуг, і кар’ерны рост, і матэрыяльны дабрабыт. Усё і заўсёды атрымліваецца ў людзей, якія ідуць упэўнена да сваёй мэты, і ў людзей, адданых сваёй справе і краіне», — мяркуе Прэзідэнт.

Ён папрасіў выпускнікоў не спяшацца пакідаць сваю краіну: з’ехаць лягчэй, чым потым вярнуцца.

«На шляху стойкасці, мужнасці і цярпення хачу пажадаць вам веры ў сябе, мудрасці і ўдачы»,— завяршыў сваё выступленне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што яго місія на балі — узнагародзіць лепшых настаўнікаў і выпускнікоў, але ён упэўнены, што гэтага заслугоўваюць усе прысутныя.

Так, падзякі з рук Прэзідэнта атрымалі Алена Аўсіюк, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі і прыкладной інфарматыкі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна, Людміла Бяляева, загадчык кафедры паталагічнай фізіялогіі адукацыі Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Валерый Еднач, дацэнт кафедры сельскагаспадарчых машын Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Андрэй Калагрыўка, дэкан факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Сяргей Марзан, дацэнт кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных ураўненняў і дадаткаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Андрэй Мікановіч, начальнік кафедры пажарнай бяспекі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, Алена Снапкова, загадчык кафедры педагогікі Магілёўскага дзяражаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. 

За выдатныя поспехі ў вучобе і актыўную грамадскую дзейнасць Падзякі Прэзідэнта аб’яўлены таксама Вераніцы Аляшкевіч, студэнтцы курса факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, Рыгору Голубу, слухачу шостага курса ваенна-медыцынскага інстытута ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Валерыі Гукавай, студэнтцы чацвёртага курса Інстытута кіраўнічых кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Кацярыне Дзябёлай, студэнтцы чацвёртага курса факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, Міхаілу Дзегцярэнку, студэнту пятага курса філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Андрэю Кайко, курсанту чацвёртага курса факультэта міліцыі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, Мікіту Калядзічу, студэнту чацвёртага курса факультэта фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Максіму Коршунаву, студэнту чацвёртага курса факультэта міжнароднага права «БІП — Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій», Ільі Круку, студэнту чацвёртага курса факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, Яўгеніі Левікінай, курсанту чацвёртага курса авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі, Марыне Маркевіч, студэнтцы пятага курса факультэта ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Арцёму Прыжкову, студэнту чацвёртага курса эканамічнага факультэта электрасувязі Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, Марыі Салаўёвай, студэнтцы пятага курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Уладзіславу Сіняўскаму, студэнту пятага курса факультэта тэхналогій арганічных рэчываў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Выпускнікі ўзялі слова ў адказ. Яны падзякавалі Прэзідэнту за падтрымку і давер, магчымасці, што адкрываюцца для іх. «Абяцаем вам, што выпускнікі 2021 года прыкладуць усе сілы і будуць далей захоўваць і развіваць свабодную і моцную краіну, несці адказнасць за яе дабрабыт у імя гістарычнага мінулага, стабільнай сучаснасці і светлай будучыні», — казалі яны. Прадстаўнікі выпускнікоў падзякавалі таксама за заснаванне Дня моладзі і студэнцтва, што, па іх словах, павысіць статус студэнцтва і яго ролю ў грамадстве.

Святочны вечар працягнуўся ў нефармальнай абстаноўцы выставачнага комплексу «Рамонак», дзе ўдзельнікаў балю чакала святочная вячэра з выступленнем артыстаў

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.