Вы тут

Што прапануецца змяніць у сістэме догляду інвалідаў і пажылых


Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях правяла пасяджэнне круглага стала, дзе абмяркоўвалася ўдасканаленне падыходаў да сістэмы догляду інвалідаў І групы і пажылых грамадзян. У прыватнасці, удзельнікі звярнулі ўвагу на пытанні замацавання новага механізму вызначэння патрэбы грамадзян у сацыяльным абслугоўванні на аснове ацэнкі індывідуальных патрэб і ўмоў жыцця, прывязкі да рэальнай патрэбы прызначаць дапамогу падчас догляду, формаў падтрымкі для тых, хто ажыццяўляе догляд, бо такія людзі часта трапляюць у пенсіённую «пастку». У пасяджэнні прынялі ўдзел члены Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства фінансаў, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.


Не ў дамах-інтэрнатах, а ў хатніх умовах

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Людміла Канановіч адзначыла, што ў акругах да дэпутатаў грамадзяне звяртаюцца з праблемамі няпростага працэсу збору неабходных дакументаў, і надышоў час аблегчыць гэты працэс.

— Ужо сёння мы назіраем так званы феномен двайнога старэння. У першую чаргу старэюць людзі з інваліднасцю, а разам з імі тыя, хто іх даглядае. Павялічваецца працягласць жыцця, у выніку чаго становіцца больш пажылых адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Нам неабходна ўлічваць, што людзі, атрымліваючы сацыяльныя паслугі, прад'яўляюць новыя патрабаванні, і яны датычацца не толькі якасці і асартыменту, але і іх даступнасці. Для забеспячэння здаровага старэння нам неабходна аператыўна выяўляць вузкія месцы, якія можна спрасціць і палепшыць для чалавека пры атрыманні той ці іншай сацыяльнай паслугі. Задача на перспектыву — стварэнне магчымасці для аказання паслуг па доглядзе пажылых грамадзян і інвалідаў не ў дамах-інтэрнатах, а ў хатніх умовах, — падкрэсліла Людміла Канановіч.

Дома — каля сотні паслуг

Начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава расказала, што ў Беларусі пражывае амаль 1,5 мільёна пажылых людзей ва ўзросце 65+, у краіне каля 4 % людзей ва ўзросце 80+. Каля 564 тысяч чалавек мае групу інваліднасці, у тым ліку амаль 86 тысяч — І групу. Многія з іх маюць патрэбу ў староннім доглядзе — дапамозе ў правядзенні асабістай гігіены, адзяванні, прыёме ежы і іншым.

— Арганізацыя догляду пажылога чалавека — унутрысямейнае пытанне, і галоўная задача дзяржавы — стварыць умовы для выбару чалавекам і членамі яго сям'і прымальнай сістэмы догляду. Сёння сістэма догляду аб'ядноўвае паслугі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў, абслугоўванне ў замяшчальных сем'ях,а таксама выплату дапамогі па доглядзе інваліда І групы або чалавека, старэйшага за 80 гадоў. Паслугі аказваюцца як дома, так і ў стацыянарных умовах. Самай запатрабаванай формай сацыяльнага абслугоўвання і догляду ў пажылых людзей і інвалідаў з'яўляецца комплекснае сацыяльнае абслугоўванне дома, — адзначыла Таццяна Фёдарава.

Сёння такім чынам у тэрытарыяльных цэнтрах абслугоўваецца амаль 94 тысячы непрацаздольных грамадзян, 46 % з якіх — пажылыя людзі ва ўзросце, старэйшым за 80 гадоў. Колькасць атрымальнікаў надомных паслуг штогод павялічваецца — у сярэднім на 1 %. Гэта паслугі па арганізацыі харчавання, у тым ліку кармленне, аказанне дапамогі ў выкананні санітарна-гігіенічных працэдур, прыбірання жылля і шмат іншага. Тэрытарыяльныя цэнтры аказваюць пажылым людзям і інвалідам дома каля 100 паслуг. З іх палова накіравана на догляд.

Асаблівыя ўмовы абслугоўвання прызначаны адзінокім непрацаздольным грамадзянам, якія не маюць працаздольных членаў сям'і і, акрамя дзяржавы, ім дапамагчы няма каму. Малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным грамадзянам (іх даход ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму — гэта 273 рублі) такія паслугі аказваюцца бясплатна. Летась бясплатна дома абслугоўвалася больш за 1700 непрацаздольных грамадзян. На ўмовах частковай аплаты — а гэта 60 % ад тарыфу, які ўстанаўліваюць аблвыканкамы і мінскі гарвыканкам, — паслугі атрымліваюць грамадзяне, даход якіх не перавышае 200 % БПМ (546 рублёў). На такіх умовах абслугоўваецца амаль 17 тысяч чалавек. Астатнім непрацаздольным грамадзянам (а іх большасць) сацыяльныя паслугі дома аказваюцца платна.

30 рублёў за 20 візітаў сацработніка

Трэба сказаць, што тарыфы на сацыяльныя паслугі невысокія і не выходзяць за межы дадатковых выплат да пенсіі. Сёння за гадзіну работы сацыяльнага работніка давядзецца заплаціць ад 66 капеек (у Мінску) да 71 капейкі (у астатніх рэгіёнах). Такім чынам, кошт 20 візітаў сацыяльнага работніка ў месяц у сельскай мясцовасці — а гэта пяць візітаў на тыдзень — складае каля 30 рублёў.

З 2013 года ў нашай краіне інтэнсіўна пачалі развівацца паслугі сядзелкі. Гэта комплексная паслуга, якая ўключае знаходжанне побач з чалавекам на працягу пэўнага часу, а таксама дапамогу ў гігіенічных працэдурах і кармленні, уключаючы прыгатаванне ежы, назіранне за станам здароўя і забеспячэнне прыёму лекавых сродкаў, выкананне назначэнняў і медыцынскіх рэкамендацый. У абавязках сядзелкі — захаванне чысціні і парадку ў жыллі, камунікацыя з чалавекам, кантакт з яго блізкімі і інфармаванне аб яго стане. На паслугі сядзелкі могуць разлічваць непрацаздольныя грамадзяне, няздольныя сябе абслугоўваць і перасоўвацца. Гэтыя паслугі платныя. Частковая аплата, а гэта 60 % ад тарыфу, устаноўлена малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным грамадзянам. Астатнія аплачваюць па поўным тарыфе. Гэта 1 рубель за гадзіну ў Мінскай вобласці, 2 рублі 76 капеек у Мінску, у астатніх рэгіёнах — 1 рубель 7 капеек. У 2020 годзе такія паслугі атрымлівала каля 3300 чалавек. Частковай аплатай паслуг карыстаўся 131 чалавек. Улічваючы важнасць такіх паслуг для пажылых людзей і інвалідаў, заканадаўства прадугледжвае вызваляць па рашэнні мясцовых органаў улады ад аплаты такіх паслуг. І летась 86 непрацаздольных грамадзян атрымлівалі паслугі сядзелкі бясплатна ў парадку выключэння.

Комплексны догляд, уключаючы медыцынскую дапамогу і сацыяльныя паслугі, аказваецца ў стацыянарных установах. Сёння гэта 92 дамы-інтэрнаты і 64 аддзяленні кругласутачнага знаходжання пры тэрытарыяльных цэнтрах. Дамы-інтэрнаты разлічаны амаль на 21 тысячу месцаў, аддзяленні кругласутачнага знаходжання — на дзве тысячы месцаў. На ўмовах поўнага дзяржзабеспячэння ў дамы-інтэрнаты пасяляюцца адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, якія па медыцынскіх заключэннях маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе, медыцынскай дапамозе, бытавым абслугоўванні.

Новая форма — замяшчальная сям'я

Новы для нашай краіны від догляду — замяшчальныя сем'і — развіваецца з 2017 года. Ён прадугледжвае сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі, прычым людзі не звязаны адносінамі сваяцкасці і паміж імі не ўстанаўліваюцца маёмасныя адносіны, не заключаюцца дагаворы пажыццёвага ўтрымання і дагаворы рэнты. Сёння ў Беларусі сацыяльным абслугоўваннем у замяшчальных сем'ях ахоплена 249 чалавек, створана 246 такіх сем'яў, прычым у 112 сем'ях памочнікам выплачваецца ўзнагароджанне па рашэнні мясцовых распарадчых органаў — у памеры бюджэту пражытковага мінімуму. Гэта людзі, якія ўзялі на сябе клопат аб інвалідах першай групы, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перасоўвання.

Як адзначае Таццяна Фёдарава, у інвалідаў першай групы і пажылых людзей запатрабаваным застаецца догляд з выплатай адпаведнай дапамогі. Гэта форма падтрымкі членаў сямей, якія страцілі магчымасць зарабляць сродкі ў сувязі з ажыццяўленнем догляду. Яна была ўведзена ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Сёння ў ажыццяўленні такога догляду задзейнічана каля 32 тысяч чалавек. Права на атрыманне дапамогі па доглядзе маюць непрацоўныя працаздольныя грамадзяне, якія ажыццяўляюць пастаянны догляд інваліда першай групы або пажылога чалавека, старэйшага за 80 гадоў, з наступнымі абмежаваннямі: яны не павінны быць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, не павінны працаваць, навучацца ва ўстановах адукацыі на дзённай форме атрымання адукацыі, не павінны атрымліваць пенсію, дапамогу па беспрацоўі, штомесячныя страхавыя выплаты.

— Аналізуючы пытанні і праблемы, якія ўзнімаюцца ў зваротах грамадзян, у камунікацыі з дэпутатам, аналізуючы практыку работы, мы бачым, што канцэпцыя выплаты дапамогі па доглядзе патрабуе асучаснівання. З 2018 года міністэрства распрацоўвае новыя падыходы па вызначэнні патрэбы грамадзян у сацыяльных паслугах і доглядзе на аснове ацэнкі індывідуальных патрэб і ўмоў жыццядзейнасці. Сёлета НДІ працы распрацоўвае механізм ацэнкі такой патрэбы ў доглядзе, рыхтуюцца прапановы аб удасканаленні сістэмы догляду з выплатай дапамогі. У першую чаргу патрабуе ўдакладнення і напаўнення тэрмін «пастаянны догляд», патрабуе перагляду пытанне догляду і занятасці, а гэта працоўная дзейнасць, вучоба, самазанятасць. Неабходна знайсці іншыя формы падтрымкі тых, хто ажыццяўляе догляд, паколькі выплата дапамогі не прадугледжвае налічэння страхавога стажу і людзі часта трапляюць у пенсіённую «пастку», — звярнула ўвагу Таццяна Фёдарава.

Патрэбнасць у доглядзе перагледзяць

Загадчык Цэнтра даследаванняў у галіне сацыяльнай абароны НДІ працы Наталля Мількота расказала пра ўкараненне механізму ацэнкі індывідуальнай патрэбнасці ў доглядзе:

— Ёсць складанасці, якія мы ўбачылі падчас даследавання. Найперш гэта аўтаматызм у прызначэнні дапамогі — няма прывязкі да рэальнай патрэбы. Выкарыстоўваецца пераважна катэгарыяльны падыход: інвалід І групы, старэйшы за 80 гадоў — значыць, маеш патрэбу. І атрымліваецца, што інвалід першай групы падпрацоўвае, але мае пастаянны догляд. Або чалавек, які ажыццяўляе догляд, афармляецца не таму, што суседу патрэбна дапамога, а таму, што трэба легалізаваць сваю дзейнасць. Якасць догляду — таксама праблема. Сёння адна з асноўных прычын спынення выплаты дапамогі — падчас маніторынгу выяўляецца, што догляду ўвогуле няма: не прыязджае чалавек, які атрымлівае дапамогу! Тут як варыянт рашэння — механізм вызначэння патрэбы.

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко адзначыла, што арганізацыя арыентуецца на групу інваліднасці, але можа «падхапіць» таго чалавека, які трапіў у стык заканадаўства. Распрацавана шэсць методык догляду людзей з рознымі праблемамі, у прыватнасці з дэменцыяй, пролежневымі ранамі, вядзецца навучанне сваякоў навыкам догляду. Чырвоны Крыж атрымлівае шмат водгукаў, асабліва ад тых, хто выхоўвае дзетак-інвалідаў. Пры гэтым рэсурс грамадскай арганізацыі не дазваляе сёння прысутнічаць у кожным раёне краіны, яна прадстаўленая толькі ў 70. Медыка-сацыяльная служба «Дапамога» налічвае 153 медыцынскіх сястры, каля 80 малодшых медыцынскіх сясцёр і больш за 900 валанцёраў.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Іван Лаўрыновіч падкрэсліў, што праблема старэння насельніцтва актуальная для Беларусі, як і для іншых краін. Сёння 2474 тысячы чалавек атрымлівае пенсіі па ўзросце. Да 2030 го-
да ў Беларусі будзе каля двух мільёнаў чалавек ва ўзросце 65+. І сістэма сацыяльнага абслугоўвання павінна ўлічваць іх патрэбы.

— У нас 20 тысяч чалавек знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах. Апошнія 5—7 гадоў да 2019-га іх колькасць расла штогод на 3—5 %. Відавочна, што тая работа, якая вядзецца, прыносіць свае плады. Але нічога не стаіць на месцы, і сістэму сацыяльнага абслугоўвання трэба трансфармаваць, пераймаючы замежны вопыт і перакладаючы яго на беларускую рэчаіснасць, — рэзюмаваў намеснік міністра.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: З улікам індывідуальных патрэб

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Грамадства

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

22 чэрвеня 1943 года партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна».

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.