Вы тут

Пётр Білецкі: Паказваеце жыхароў глыбінкі, аддаяце належнае чалавеку працы


Пётр Білецкі, дырэктар ААТ «Мурава» Пружанскага раёна:

— Усёабдымная і ўсёпераможная лічбавізацыя, на першы погляд, зніжае актуальнасць друкаваных СМІ. Падаецца, нашмат прасцей і зручней у любы час дастаць свой гаджэт і атрымаць любую інфармацыю. Аднак бывае няпроста ацаніць праўдзівасць і вычарпальнасць дадзенай інфармацыі.


У гэтым сэнсе я прывык давяраць аўтарытэтным сродкам масавай інфармацыі, такім, напрыклад, як стагадовая «Звязда». У сваім даволі цесным графіку кіраўніка заўсёды знаходжу час, каб азнаёміцца са свежай друкаванай прэсай. Ваша газета ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў падпісным пакеце нашай арганізацыі.

Варта адзначыць, што «Звязда» вельмі разнастайная па сваёй тэматыцы. Тут знойдзе для сябе прывабнае і карыснае любы чытач. Мне як аграрыю найперш цікавыя выпускі, якія датычацца вытворчага кірунку. Ніколі не прапускаю старонкі, прысвечаныя сельскагаспадарчым прадпрыемствам, вы расказваеце пра гаспадаркі з усіх абласцей краіны. Не пакідаю па-за ўвагай артыкулы на грамадска-палітычныя тэмы. Заўсёды спыняюся на матэрыялах пра гістарычных дзеячаў і ў цэлым па гісторыі нашай краіны.

Хачу адзначыць прафесіяналізм і талент вашых журналістаў. Асабліва каштоўным падаецца, што матэрыялы яны рыхтуюць з месцаў, бываюць у глыбінцы, сустракаюцца з людзьмі, паказваюць іх на старонках. У сваёй газеце вы расказваеце нават пра аддаленыя вёскі, з матэрыялаў гучыць голас іх жыхароў, іх меркаванне. Не забываеце чалавека працы, аддаяце яму належнае ў сваіх публікацыях, за гэта мы вам і ўдзячныя. А яшчэ лічу важным падкрэсліць, што непаўторны родны каларыт любому матэрыялу «Звязды» дае якаснае беларускае слова. Адсюль цікавасць да газеты многіх і многіх людзей. Менавіта дзякуючы такім выданням, як ваша, друкаваныя СМІ не страчваюць запатрабаванасць і знаходзяць сваю аўдыторыю.

Калектыву «Звязды», з якой наша прадпрыемства звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва, жадаю і далей трымаць высокую планку стылю, сучаснасць у газетнай справе ўдала спалучаць з захаваннем традыцый і досведу ранейшых пакаленняў.

Выбар рэдакцыі