Вы тут

Рамонкавы луг падары на ўспамін


Два разы ўжо прачытала матэрыял калегі Маргарыты Ушкевіч «На дарагі ўспамін», розныя думкі агортваюць, меркаванні ўзнікаюць, часам яны супярэчаць адно аднаму і зноў прымушаюць разважаць. Сапраўды, складаная сітуацыя, і не нам асуджаць таго чалавека, які ўсе свае зберажэнні, ды і не толькі іх, уклаў у незвычайны манумент на магіле любімай жонкі...


Фота аўтара.

У яго, пэўна, свая праўда і сваё права. Падобна, ім кіравала імкненне зрабіць помнік, які прыцягваў бы ўвагу любога мінака. Паводле яго меркавання, чалавек абавязкова спыніцца, пастаіць, тым самым памяне яго любую жонку. Толькі вось ці так станецца? Падаецца, што тым, хто яе не ведаў пры жыцці, будзе і не надта цікавая асоба жанчыны, якая ўвекавечана, хай і нетыпова. Ды і помнік стаіць да не ў скверы альбо на вуліцы, а на могілках. А туды ідуць людзі, як правіла, са сваім успамінам. Хоць помнік з абрысамі Каложы не пакідае сумнення ў тым, што муж уклаў у яго стварэнне ўсю сваю любоў.

Гэта невясёлая гісторыя гродзенцаў абудзіла ў мяне ўспамін пра іншую гісторыю, пачутую многа гадоў таму на Піншчыне. І, што важна, з першых вуснаў. Пашчасціла тады пазнаёміцца з вельмі цікавым чалавекам, гэткім селянінам-інтэлігентам Рыгорам Максімавічам Бондзічам. Калі 82-гадовы гаспадар запрасіў да сябе ў хату — было гэта ў вёсцы Ганчары, — давялося нямала падзівіцца парадку, які ён падтрымлівае ў доме і ў двары сваімі рукамі. Сказаў, што гэта ў памяць пра яе, яго Марыю Міхайлаўну, з якой разам пражылі 51 год. Летам двор патанае ў кветках, бо «яна так любіла».

А яшчэ Рыгор Максімавіч расказаў і паказаў, які падарунак пры жыцці зрабіў жонцы. Вось сціслы пераказ яго доўгага расповеду: «Гадоў дваццаць таму сядзелі мы на вуліцы, а яна раптам кажа: «Ты па ўсёй акрузе цэрквы будуеш. Зрабіў бы і мне цэркаўку вось тут, а то далёка хадзіць у Ахова». Спачатку ўспрыняў гэта як жарт. Нідзе не чуў, каб людзі ў сваім двары цэрквы ўзводзілі. А жонка на сваім настойвала: у агародзе цэгла ляжыць са старой разабранай пабудовы, вось табе і матэрыял. Стаў пярэчыць, маўляў, таго, што ёсць, не хопіць. А яна паказала на неба, у сэнсе, Бог паможа ў добрай справе. Так яно ўрэшце і выйшла».

У справе пабудовы храмаў ён меў багаты вопыт. Па некалькі месяцаў працаваў на ўзвядзенні цэркваў у Жыткавічах, у вёсцы Махро Іванаўскага раёна, у іншых сёлах. Быў там і за цесляра, і за галоўнага кансультанта, тлумачыў іншым майстрам, як рабіць усё па канонах. Ну і рызыкнуў паўтарыць пабудову ў мініяцюры. Пакуль рабіў падмурак, сцены, на пытанні цікаўных суседзяў адказваў: «Лазню будую». Баяўся прызнавацца, у часы дзяржаўнага атэізму ўсякае магло здарыцца. А калі пачалі ўгадвацца абрысы будынка і суседзі здагадаліся, што будзе ў агародзе ў Бондзічаў, то сталі прапаноўваць сваю дапамогу. Але ён адмовіўся, вырашыў, што гэты храм павінен пабудаваць сам, ад пачатку да канца.

І ў 1990 годзе белую цэркаўку з сінімі купаламі ён падарыў сваёй любай Марыі. Па памерах царква і сапраўды не нашмат большая за лазню. Але ўсё там зроблена і ўладкавана як у сапраўдным храме: і алтар, і абразы, і свечкі. Парадак і прыгажосць былі наведзены клапатлівай рукой гаспадыні. У свой час царкву асвяціў епіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфаній у гонар Успення Божай Маці. А Мітрапаліт Філарэт уручыў Рыгору Максімавічу ордэн Прападобнага Сергія Раданежскага. Царква тая паслужыла не адзін год ім і аднавяскоўцам. Святар прыязджаў па вялікіх святах у іх сямейную царкву, і там збіраліся ледзь не ўсе жыхары Ганчароў.

Рыгор Бондзіч казаў тады мне, што царква цяпер для яго нібы помнік жонцы. З часам яна стала помнікам для іх дваіх. Кажуць, што дзеці і ўнукі падтрымліваюць дзедаву цэркаўку, а значыць, берагуць памяць пра дзядулю і бабулю, гісторыю іх набожнасці і трапятлівых адносін адно да аднаго.

...Вядома, не кожны можа зрабіць падарунак сваёй палавіне альбо сваёй каханай, які б застаўся на гады, а можа, дзесяцігоддзі. Але кожны можа дарыць шчаслівыя імгненні, што неўзабаве стануць успамінамі, бо нічога, відаць, няма лепшага за светлы ўспамін. Не ведаю, ці ўсведамлялі гэта тыя двое, якіх мы аднойчы ўбачылі сярод рамонкаў. Гэта мы ехалі нядаўна з маёй новай расійскай знаёмай у вёску. Яна звярнула ўвагу і спытала: «А што, тут хіба кліп здымаюць?» Толькі здымачнай групы ў ваколіцах не назіралася. А двое, па выглядзе гадоў васямнаццаці, бегалі па тых бясконцых рамонках і нават тэлефон перад сабой не трымалі, як гэта ў іх цяпер прынята. Яны так былі заняты сабой, сваім смехам, сваёй радасцю, што пра тэлефоны, пэўна, забыліся. Падалося, яны былі вельмі шчаслівыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».