Гродзенскай вобласцю ў рамках VІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Башкартастан і Томскай вобласцю. Мяркуецца пашырэнне кантактаў ва ўсіх галінах эканомікі, навукі, культуры. Галоўным напрамкам стане работа па прыцягненні інвестыцый у энэргетычнай, хімічнай галінах, сферы АПК.
Ад імя Гродзенскай вобласці дакумент падпісаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Нагадаем, што мерапрыемства праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Дакументы падпісаны расійскімі партнёрамі і перададзены ў Гродзенскую вобласць па дыпламатычных каналах.
Кіраўнік беларускага рэгіёна адзначыў, што Гродзеншчына мае 25 пагадненняў аб супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй. У Расію экспартуецца звыш паловы яе прадукцыі. Значная колькасць кантрактаў была заключана менавіта падчас правядзення форумаў. Так, сума кантрактаў з прамысловымі прадпрыемствамі Расійскай Федэрацыі складае больш за 12 млрд расійскіх рублёў.
Гродзеншчына і надалей плануе развіваць гэты напрамак і пашыраць геаграфію паставак. Разам з тым новым прыярытэтам з'яўляецца навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне. Гэта сумесныя праекты і распрацоўкі, якія прызваны павысіць канкурэнтаздольнасць кампаній на знешніх рынках.
Па словах Уладзіміра Караніка, сёлетні форум асаблівы, бо цяпер многія фактары супрацоўніцтва праходзяць праз выпрабаванне пандэміяй. Інфекцыю СOVІD-19 нельга не ўлічваць, і краіны павінны быць гатовыя да знешніх шокаў і ствараць эканоміку, якая будзе ўстойлівая да такіх выклікаў.
Яшчэ адна актуальная тэма форуму — лічбавая эканоміка. Варта аб'яднаць намаганні для абмену сумеснымі напрацоўкамі, лічыць Уладзімір Каранік. У такім рэчышчы працуюць многія краіны, таму і канкурэнцыя тут вельмі жорсткая.
— Мы назіраем зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. — Беларуская харчовая прадукцыя ўжо даўно карыстаецца попытам у расіян. Штогод ідзе нарошчванне паставак, і мы канстатуем, што рынак краіны-суседкі з задавальненнем гатовы прыняць дадатковы аб'ём гродзенскіх вытворцаў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Іншыя навіны з Форуму рэгіёнаў — у спецвыпуску «Мясцовага самакіравання» ў нумары «Звязды».
Прэв’ю: pixabay.com
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».