Вы тут

Як займацца «гэтым», каб не парушыць закон


Народная прыказка пра маладых ды ранніх датычыцца не толькі разумовых здольнасцяў непаўналетніх, але і іх памкненняў як мага раней адчуць смак розных «забароненых пладоў». На жаль, далёка не заўжды самыя шчырыя памкненні і пачуцці лічацца такімі з пункту гледжання закона, і часта за асалодай ад «смакавання» плода прыходзіць пакаранне... Ці лічыцца цяжарная дзяўчынка дарослай? Хто адказны за гадаванне немаўлят, народжаных непаўналетнімі? Чаму інтым па ўзаемнай згодзе падлеткаў, але «з наступствамі» — гэта злачынства? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «СГ» шукала ў спецыялістаў Міністэрства юстыцыі.


Пацярпелы, нават калі згодны...

Мінімальны ўзрост, з якога можна займацца сексам, калі абодва партнёры непаўналетнія, заканадаўствам не вызначаны, таму інтымныя стасункі паміж падлеткамі самі па сабе не з'яўляюцца ні адміністрацыйным, ні крымінальным злачынствам. Аднак законам прадугледжана палавая недатыкальнасць і абарона непаўналетніх, якім няма 16 гадоў, ад сексуальных памкненняў паўналетніх, расказаў Павел Нянашаў, кансультант упраўлення прававога рэгулявання канстытуцыйнага будаўніцтва і праваахоўнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі:

— За палавы кантакт або іншыя сексуальныя дзеянні з падлеткам, якому не споўнілася 16 гадоў, паўналетні будзе пакараны згодна з артыкулам 168 Крымінальнага кодэкса. Аб'ектыўны бок злачынства характарызуецца любымі дзеяннямі сексуальнага характару, якія адбываюцца па ўзаемнай згодзе. А суб'ектам такога злачынства (абвінавачваным) можа быць асоба любога полу, якая на момант такіх дзеянняў была паўналетняй.

Па законе асоба, якая заведама для абвінавачванага не дасягнула 16 гадоў, прызнаецца пацярпелай. Ступень яе палавой спеласці, маральны ўзровень, паводзіны, адсутнасць цнатлівасці яшчэ да сустрэчы з абвінавачваемым і іншыя абставіны, што могуць характарызаваць ахвяру, якой няма 16 гадоў, не маюць значэння пры прыцягненні да адказнасці паўналетняга.

— Законам ад 26 мая 2021 г. «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» абазначаныя ў артыкуле 168 падыходы адносна крыміналізацыі дзеяння не змененыя. Аднак артыкул дапоўнены заўвагай, згодна з якой абвінавачваная асоба, якая здзейсніла сексуальныя дзеянні, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі высветліцца, што яна пабралася шлюбам з пацярпелым непаўналетнім. Такім чынам злачынства перастае быць грамадска небяспечным, — удакладніў спецыяліст.

А ў вас ёсць даведка аб цяжарнасці?

Варта памятаць, што мінімальны ўзрост для ўступлення ў шлюб у Беларусі — 18 гадоў. Зменшыць гэты паказчык (і не больш як на тры гады!) загс можа толькі ў выключных выпадках. Пры цяжарнасці, нараджэнні дзіцяці або эмансіпацыі непаўналетняга (дасягненні падлеткам поўнай дзеяздольнасці да наступлення 18-годдзя).

— Змяншаецца шлюбны ўзрост па заяве асоб, якія збіраюцца ажаніцца. Пры гэтым зварот падаецца сумесна з заявай аб заключэнні шлюбу, пашпартам і дакументам, які абумоўлівае прычыну для змяншэння шлюбнага ўзросту. Гэта можа быць, напрыклад, медыцынская даведка аб цяжарнасці або копія рашэння суда аб прызнанні непаўналетняга эмансіпіраваным. Згоды бацькоў або папячыцеляў падлетка пры гэтым не патрабуецца, — падкрэсліла Дар'я Грыцкевіч, кансультант упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы Міністэрства юстыцыі.

Заключэнне шлюбу да 18 гадоў, ці эмансіпацыя, — гэта падстава для атрымання грамадзянінам дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме. Асоба, якой няма 18, у гэтым выпадку лічыцца паўналетняй і мае магчымасць здзяйсняць свае грамадзянскія правы і выконваць грамадзянскія абавязкі.

— Быць прызнаным цалкам дзеяздольным (эмансіпіраваным) у Беларусі, згодна з артыкулам 26 Грамадзянскага кодэкса, можа непаўналетні, якому споўнілася 16 гадоў і які працуе па працоўным дагаворы (кантракце) ці са згоды бацькоў займаецца прадпрымальніцтвам. Эмансіпацыя канстатуецца па рашэнні органаў апекі і папячыцельства са згоды абодвух бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеляў, а пры іх адсутнасці — па рашэнні суда.

Пасля прызнання эмансіпацыі бацькі ці папячыцелі больш не нясуць адказнасці па абавязках эмансіпіраванага падлетка, нават у тым выпадку, калі ён зробіць нешта «не тое». Прымаць усе наступствы сваіх учынкаў і адказваць за іх «малалетні дарослы» будзе самастойна.

Акрамя таго, калі ў жанатых непаўналетніх нараджаецца дзіця — яны абавязаны ўтрымліваць немаўля ў поўнай меры: выхоўваць, даглядаць і клапаціцца. У тым ліку, калі гэта неабходна, выплачваць на яго аліменты. Парадак спагнання аліментаў у Беларусі рэгулюецца Кодэксам аб шлюбе і сям'і і Інструкцыяй па выканаўчым вядзенні, акрэсліла спецыяліст.

— Бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх дзяцей, а таксама паўналетніх непрацаздольных дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Калі бацькі не аказваюць дапамогі названым катэгорыям, сродкі на іх утрыманне (аліменты) спаганяюцца ў судовым парадку. За ўхіленне ад утрымання бацькі нясуць адказнасць.

Калі бабуля і дзядуля — апекуны

Факт нараджэння немаўляці непаўналетняй дзяўчынай без уступлення ў шлюб ці набыцця эмансіпацыі не з'яўляецца падставай для атрымання ёю або непаўналетнім бацькам дзіцяці поўнай грамадзянскай дзеяздольнасці, звярнула ўвагу прадстаўніца Мінюста:

— Калі ў непаўналетніх бацькоў нараджаецца дзіця і яны не жэняцца і не набываюць эмансіпацыю, то іх законнымі прадстаўнікамі застаюцца бацькі. Менавіта на іх у такім выпадку перакладваецца адказнасць за ўтрыманне немаўляці непаўналетніх (фактычна — унука), у тым ліку і абавязкі па выплаце аліментаў. Прымусовая эмансіпацыя або абранне шлюбам недапушчальнае.

Над немаўлём непаўналетніх нежанатых бацькоў можа быць устаноўлена апека. Для гэтага трэба атрымаць згоду ад законных прадстаўнікоў яго матулі. Калі ў сям'і законных прадстаўнікоў непаўналетняй маці ёсць умовы для выхавання і ўтрымання немаўляці, апеку над ім могуць аформіць бабуля і дзядуля. Калі ж яны адмовяцца ад апекі, то немаўляці хутчэй за ўсё будзе прысвоены статус дзіцяці, якое засталося без папячыцельства бацькоў, і з сям'і яго забяруць.

— Часткай чацвёртая артыкула 75 Кодэкса аб шлюбе і сям'і прадугледжана, што да набыцця непаўналетнімі бацькамі, якія не пабраліся шлюбам і не набылі дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме (эмансіпацыі), са згоды законных прадстаўнікоў непаўналетніх бацькоў іх немаўляці назначаецца апякун. Ён будзе выхоўваць дзіця сумесна з непаўналетнімі бацькамі, а ўсе рознагалоссі ў пытаннях утрымання дзіцяці будуць вырашацца органам апекі і папячыцельства, — абазначыла Дар'я Грыцкевіч.

Нягледзячы на існуючыя заканадаўчыя акты, кожную сітуацыю ў сям'і, дзе ёсць непаўналетнія бацькі, трэба разглядаць асобна з улікам усіх акалічнасцяў, пажаданняў і намераў.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Цяжарнасць, шлюб, эмансіпацыя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.