Вы тут

Стагадовы шлях. Камуністычная партыя Кітая адзначае юбілей


Заўтра ў Паднябеснай адметнае свята — найвялікшая ў свеце краіна (ды і не толькі ўласна яна — падзея насамрэч сусветнага маштабу) адзначае 100-годдзе ўтварэння Камуністычнай партыі Кітая. Яна ўпісала слаўныя старонкі ў гісторыю развіцця кітайскай нацыі і прагрэсу чалавецтва за апошняе стагоддзе, заявіў генеральны сакратар ЦК КПК Сі Цзіньпін (таксама з'яўляецца старшынёй КНР і старшынёй Цэнтральнага ваеннага савета) на цырымоніі ўручэння ордэнаў Першага ліпеня. Аб гэтым паведаміла інфармагенцтва «Сіньхуа». Ордэн выкананы ў чырвоным, залатым і белым колерах, ён мае эмблему партыі і пяціканцовую зорку. Адразу адзначу: найвышэйшыя партыйныя ўзнагароды кіраўнік Кітая ўручыў упершыню. «Лаўрэаты ордэна Першага ліпеня — выхадцы з народу. Гэта простыя героі, якія моўчкі адданыя сваёй справе. Іх справы можна вывучаць і паўтараць», — адзначыў Сі Цзіньпін.


Зразумець Паднябесную

Першыя ўладальнікі ордэнаў — 29 найбольш выбітных членаў КПК. Урачыстая цырымонія, прымеркаваная да святкавання 100-годдзя КПК, адбылася ў Доме народных сходаў у Пекіне. Як заўважыў Сі Цзіньпін, сваімі дзеяннямі лаўрэаты ордэна даказалі, што кожны член КПК можа дамагчыся вялікіх поспехаў для партыі і для народа ў вялікай справе нацыянальнага адраджэння, калі ён цвёрды ў сваіх ідэалах і перакананнях, цвёрды ў сваёй волі да барацьбы, у сваёй упартасці, што можна ўбачыць як у звычайны час, так і ў крытычныя моманты.

Сярод першых лаўрэатаў ордэна — восем жанчын і 21 мужчына. З іх некалькі доўгажыхароў, самаму сталаму з якіх 101 год. Трое былі ўзнагароджаны ордэнам пасмяротна. Ад імя лаўрэатаў на цырымоніі выступіла 64-гадовая Чжан Гуймэй. Больш за 40 гадоў яна правяла ў бедных раёнах Кітая, дзе стварала адукацыйныя ўстановы для дзяўчынак. Дзякуючы ёй амаль дзве тысячы дзяўчат з аддаленых раёнаў і вёсак змаглі паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. У народзе яе таксама называюць «мама Чжан».

Адным з уладальнікаў узнагароды стала былая выхаванка Іванаўскага інтэрдома 99-гадовая Цюй Дуі, з 1928 да 1941 года яна жыла ў Савецкім Саюзе. Пазней сярод першых кітайскіх карэспандэнтаў за мяжой была накіравана на работу ў Маскву.

Кітай прытрымліваецца ўнікальнай мадэлі развіцця, якая адрозніваецца ад заходніх краін. КНР дасягнула беспрэцэдэнтнага ў гісторыі чалавецтва развіцця як па хуткасці, так і па маштабе, адзначае «Жэньмінь жыбаа» анлайн», з якой, дарэчы, «Звязда» вось ужо на працягу амаль шасці гадоў ажыццяўляе сумесны праект «Весткі з Кітая». Такі вынік не толькі спрыяльны для Кітая, але і заахвочвае ўсё большую колькасць краін ісці па сваім шляху развіцця, вывучаць найлепшую сацыяльную сістэму. Напярэдадні 100-годдзя заснавання КПК «Жэньмінь жыбаа» анлайн» прэзентаваў надзвычай цікавую рубрыку «Зразумець Кітай». Партал праводзіць гутаркі з міжнароднымі палітыкамі, кітайскімі і замежнымі навукоўцамі, з дапамогай розных меркаванняў спрабуе апісаць сапраўдны, шматгранны і ўсебаковы Кітай.

Многія лічаць, што цяпер у Кітаі ёсць толькі адна палітычная партыя, але гэта не так. Акрамя КПК, у краіне афіцыйна дзейнічаюць яшчэ восем дэмакратычных партый. Усе яны прадстаўлены ў заканадаўчым органе Кітая — Усекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў, паведаміла rіa.ru. У той жа час кіруючая роля нязменна адводзіцца Камуністычнай партыі. Пад яе кіраўніцтвам за апошнія 40 гадоў у Кітаі прайшлі маштабныя рэформы, у выніку якіх жыццё кітайцаў змянілася да непазнавальнасці, а ВУП у сярэднім рос на  9,5 % у год. І калі ВУП на душу насельніцтва ў 1991 годзе ў краіне складаў 333 долары, то да 2019 года паказчык вырас больш чым у 30 разоў — да 10,2 тысячы долараў.

Поспехі Паднябеснай проста ўражваюць. Кітайская эканоміка вырасла прыкладна ў 189 разоў у рэальным выражэнні з моманту ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі, заявіў прадстаўнік Цэнтральнай камісіі па фінансавых і эканамічных справах Хань Вэньсю, паведаміла «Сіньхуа». Паводле яго інфармацыі, аб'ём валавога ўнутранага прадукту Кітая перавышае 100 трлн юаняў (каля 15,5 трыльёна долараў). Паднябесная з'яўляецца другой па велічыні эканомікай свету, а доля краіны ў сусветнай эканоміцы павялічылася да больш чым 17 працэнтаў.

Як перамагчы беднасць і каранавірус?

Маленькія мястэчкі ператварыліся ў мегаполісы з гіганцкімі дарожнымі развязкамі і хмарачосамі, кітайскія хуткасныя цягнікі сталі самымі хуткімі, а аўтамагістралі ўваходзяць у тройку самых працяглых у свеце. Спіс самых-самых на гэтым не заканчваецца. Сёлета ў Кітаі запрацаваў найдаўжэйшы падводны тунэль для аўтамабіляў. Пры гэтым краіна таксама на першым месцы па будаўніцтве аўтамабільных мастоў і вытворчасці аўто. Праз два гады выпрабаванняў летась у КНР запрацаваў самы вялікі ў свеце радыётэлескоп. Найбуйнейшы ў свеце высакагорны акварыум на вышыні 2,2 тысячы метраў над узроўнем мора ў Сінін і самы вялікі міжнародны аэрапорт «Дасін» у Пекіне — таксама кітайскія.

Зрэшты, гэта не галоўныя дасягненні кітайскіх улад. У 2020 годзе старшыня КНР Сі Цзіньпін абвясціў аб выкараненні крайняй галечы ў краіне. У 1990 годзе 36,2 % насельніцтва Зямлі жыло за рысай беднасці па стандартах Сусветнага банка. У 2018 годзе такіх было 8,7 %, і вялікі ўклад у сусветную барацьбу з беднасцю ўнёс менавіта Кітай.

Акрамя таго, практычна ўсе грамадзяне забяспечаны базавай медыцынскай страхоўкай, бяспечным жыллём і доступам да адукацыі. Усё гэта паспяхова дасягнутыя мэты па пабудове грамадства сярэдняй заможнасці. Летась у Кітаі паспяхова ўдалося ўзяць пад кантроль пандэмію каранавіруса.

Сто гадоў — вельмі важная юбілейная дата, якая дазваляе паглядзець на дасягненні Кітая ў кантэксце макрагісторыі, заўважыў rіa.ru кіраўнік Школы ўсходазнаўства факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ Андрэй Карнееў. «Калі зірнуць на больш працяглыя заканамернасці ў гісторыі Кітая, можна ўбачыць, што гэтая краіна на працягу некалькіх тысячагоддзяў гісторыі зведала самыя розныя перыяды — і пад'ёму, і заняпаду. У ёй кіравалі вялікія дынастыі, якія ўнеслі ў скарбонку чалавечай цывілізацыі мноства дасягненняў у галіне культуры і тэхналогій, — кажа эксперт. — Аднак рэдка бывае, калі за такі кароткі перыяд такая вялізная колькасць людзей атрымлівае магчымасць вырвацца з галечы і адсталасці, дасягае сярэдневысокага па сусветных мерках узроўню развіцця. Гэта ўнікальнае ў сусветнай гісторыі дасягненне, якое многія яшчэ не паспелі асэнсаваць, паколькі яно адбываецца на нашых вачах».

Сёння КНР дэманструе ўпэўненасць у сабе і сваёй будучыні, дадаў Карнееў. І што важна: гэта не толькі перакананне кіраўнікоў ЦК КПК — пазітыўны настрой падзяляецца большасцю насельніцтва. «Яны ўпэўнены, што краіне трэба будзе перахапіць факел эканамічнага першынства, — заўважыў эксперт. — Праўда, некаторыя кажуць, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо некалькі стагоддзяў таму Кітай ужо быў сусветным лідарам, а Еўропа вырвалася наперад толькі потым. Зараз жа Кітай проста вяртаецца да свайго стану сярэдзіны свету. І калі трэнд працягнецца, мы будзем сведкамі новых тэндэнцый у сусветным раскладзе».

Моцныя разам

Зараз у Мінску можна на свае вочы пабачыць той самы велічны стагадовы шлях КПК. У Музеі Вялікай Айчыннай вайны разгарнулася міжнародная перасоўная выстава «100 гадоў Камуністычнай партыі Кітая». Як адзначыў на яе адкрыцці Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн, гэтае стагоддзе цалкам змяніла шматпакутны лёс кітайскай нацыі ў перыяд новай гісторыі.

«Пасля Опіумнай вайны 1840 года стары Кітай аказаўся пад пагрозай гібелі дзяржавы і знікнення нацыі. Незлічоная колькасць людзей з высокімі ідэаламі і мараллю нястомна былі ў пошуку, але не здолелі карэнным чынам змяніць трагічны лёс кітайскай нацыі, якая падвяргалася ўціскам і здзекам, — заўважыў кітайскі дыпламат. — Пасля заснавання Камуністычнай партыі Кітая ў 1921 годзе быў вызначаны вектар новадэмакратычнай рэвалюцыі. Пасля аграрнай рэвалюцыйнай вайны, вайны Супраціву японскім захопнікам і Вызваленчай вайны партыя заснавала Кітайскую Народную Рэспубліку, паўнапраўным гаспадаром якой стаў народ, дамаглася поўнага вызвалення і незалежнасці кітайскай нацыі, канчаткова скончыла з унутранымі праблемамі і знешняй агрэсіяй, а таксама з бедным і аслабленым трагічным становішчам краіны. Кітайскі народ на чале з Маа Цзэдунам ступіў у новую гістарычную эпоху. У пачатку заснавання новага Кітая краіна была беднай і адсталай, усе галіны мелі патрэбу ў адраджэнні. Былі зацверджаны асноўныя інстытуты сацыялізму, пачалася індустрыялізацыя краіны. Кітайскія камуністы на чале з Дэн Сяапінам, Цзян Цзэмінем і Ху Цзіньтаа садзейнічалі дасягненню новых поспехаў у эканамічным, палітычным, сацыяльным, культурным і экацывілізацыйным будаўніцтве краіны, вялі кітайскі народ сямімільнымі крокамі ў нагу з часам і ажыццяўлялі імклівы ўздым кітайскай нацыі».

Як заўважыў Се Сяаюн, пасля XVІІІ з'езда ЦК КПК сацыялізм з кітайскай спецыфікай уступіў у новую эпоху. «Падчас глыбокіх змяненняў, а таксама нябачаных за апошняе стагоддзе перамен у свеце кітайскія камуністы на аснове адзінага планавання рэалізоўвалі агульную схему, якая аб'ядноўвае ў адзінае цэлае эканамічнае, палітычнае, культурнае, сацыяльнае і экацывілізацыйнае будаўніцтва, узгоднена ажыццяўлялі ўсебаковую стратэгічную канцэпцыю, зацвердзілі ідэі Сі Цзіньпіна пра сацыялізм з кітайскай спецыфікай новай эпохі», — заўважыў дыпламат.

Кітайская нацыя здзейсніла імклівы скачок — устала на ногі, сацыялістычны Кітай выйшаў на новы этап развіцця і адкрыў новы гістарычны шлях усебаковай пабудовы мадэрнізаванай сацыялістычнай дзяржавы, адзначыў Се Сяаюн. Удалося паспяхова дасягнуць мэты першай стагадовай барацьбы — усебаковай пабудовы сярэднезаможнага грамадства. «Зараз кітайскі народ на шляху дасягнення мэты другога стагоддзя — пабудовы квітнеючай, дэмакратычнай, цывілізаванай, гарманічнай, мадэрнізаванай сацыялістычнай дзяржавы», — падкрэсліў пасол.

«Станаўленне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы беларускага народа ў ХХ стагоддзі непарыўна звязана з гісторыяй сусветнага камуністычнага руху. Камунізм выступіў той палітычнай сілай, якая забяспечыла народам свету, уключаючы кітайскі і беларускі, права на нацыянальнае самавызначэнне і пабудову справядлівага грамадства, — адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў. — Калісьці менавіта ў Мінску, які стаў потым сталіцай Беларусі, прайшоў першы з'езд расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, якая выступіла калыскай ідэй марксізму-ленінізму. Сёння КПК з'яўляецца тэарэтычным і практычным авангардам сусветнага камуністычнага руху, а мы з задавальненнем адзначаем гэта, беражліва захоўваючы памяць пра гістарычныя вытокі».

Мікалай Снапкоў працытаваў выказванне генеральнага сакратара ЦК КПК Сі Цзіньпіна: «Для партыі, якая змагаецца за вечны дабрабыт кітайскай нацыі, стагадовая гадавіна — адзначэнне росквіту жыцця». «Мы шчыра рады поспехам нашых кітайскіх сяброў у дасягненні першай стагадовай мэты — пабудове сярэднезаможнага грамадства ў Кітаі і перамогі над беднасцю. Беларусь разам з Кітаем рэалізоўвае канцэпцыю супольнасці адзінага лёсу чалавецтва, якая вылучана кітайскім лідарам і змяшчае сумленнае і адкрытае бачанне свету для ўсіх народаў. У сучасных рэаліях міжнародных адносін як ніколі актуальныя заклікі Кітая да рэфармавання глабальнага кіравання на аснове ідэй аб узаемнай дапамозе і гарманічным суіснаванні ўсіх краін пры захаванні і павазе адрозненняў», — заўважыў першы віцэ-прэм'ер.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.