Ад маці і бацькі нам дастаюцца не толькі рост, колер вачэй і форма вушэй. Вельмі часта мы атрымліваем яшчэ і «жыццёвы план» — устаноўкі, якія будуць падсвядома ўплываць на наша дарослае жыццё і ў сталым узросце. Тое, што раней называлі «лёсам», «злым рокам» ці «Божай воляй», з развіццём псіхалогіі атрымала назву «бацькоўскі сцэнарый».
Дзеля справядлівасці варта сказаць, што бацькоўскі сцэнарый бывае не толькі негатыўным, але і вельмі ўдалым — і такім людзям можна толькі пазайздросціць. Зноў жа дзеля справядлівасці адзначым, што маці і бацька заўсёды мараць аб шчаслівай будучыні свайго малога і часцяком «перадаюць» дзіцяці негатыўны сцэнарый (звычайна атрыманы ў спадчыну ад уласных бацькоў) неўсвядомлена і з лепшых памкненняў.
— Ёсць такая прытча, — кажа сямейны псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Адна маладая жонка заўсёды адпраўляла на патэльню мяса і рыбу, парэзаныя толькі невялікімі кавалачкамі. Калі муж пацікавіўся, чаму яна не можа падсмажыць адбіўную вялікага памеру, жонка паціснула плячыма — яе так навучылі, так заўсёды гатавалі яе маці і бабуля. Малады муж спытаў у цешчы і бабулі маладой, але тыя таксама не ведалі, чаму робяць менавіта так. І толькі старэнькая прабабуля здолела адказаць на гэтае пытанне. Яна сказала: «У маладосці ў мяне была адна маленькая патэльня, вялікія кавалкі ў яе проста не змяшчаліся». Гэта — пра бацькоўскі сцэнарый, які часта датычыцца значна больш важных і асноватворных рэчаў, чым прыгатаванне ежы. Мы можам не ведаць, адкуль узяўся сцэнарый, яго абмежаванні могуць даўно страціць якое-небудзь разумнае значэнне. Але мы жывём па ім самі і перадаём яго ў спадчыну сваім дзецям.
Бацькоўскі сцэнарый — гэта паводзінскія шаблоны, якія паўтараюцца з пакалення ў пакаленне і прыводзяць да падобных вынікаў у лёсе прадстаўнікоў адной сям'і. Бывае, гэта правілы, якія бацькі паведамляюць сваім дзецям вербальна, але могуць быць і невербальныя «пасланні» — тыя высновы, якія робіць дзіця, назіраючы за самымі блізкімі яму дарослымі.
Паглядзі на яе маму...
Народная мудрасць абвяшчае: хочаш даведацца, якой жонкай будзе твая нявеста, — паглядзі на яе маці. Бацькоўская сям'я закладвае вельмі многае: базавы давер да свету, стаўленне да сябе і навакольных. А таксама погляды на сямейную сістэму, адзначае спецыяліст. Прычым гэтыя погляды дзіця атрымлівае як «гатовую мадэль» у тым узросце, калі яшчэ не ўмее крытычна мысліць. Таму першапачаткова сямейная сістэма, у якой яно нарадзілася, не дрэнная і не добрая — яна для яго адзіна магчымая. І тыя высновы, якія робіць дзіця, назіраючы за адносінамі бацькоў, застаюцца ў яго падсвядомасці да глыбокай старасці.
Да пары гэтыя «бацькоўскія пасланні» проста назапашваюцца, але прыйдзе час, і закладзеная «матрыца» пачне працаваць — калі дзіця пасталее і ўступіць у сур'ёзныя адносіны.
— Вельмі часта пасталелае дзіця выбірае партнёра, падобнага на аднаго з бацькоў супрацьлеглага полу, каб прымяраць яго ролю і паўтарыць яго лёс, — адзначае сямейны псіхолаг.
Класічная сітуацыя: дзяўчына, якая вырасла ў сям'і, дзе бацька п'е, знаходзіць сабе спадарожніка жыцця, таксама неабыякавага да алкаголю. Здавалася б, хто-хто, а яна ўжо павінна ведаць, як неразумна звязваць жыццё з такім чалавекам. Але бацькоўскі сцэнарый настойвае: «Так паводзяць сябе ўсе мужчыны», «Б'е значыць любіць», «Затое рукі залатыя і калі цвярозы — добры».
Яшчэ адзін прыклад — сем'і, дзе з пакалення ў пакаленне мама адна выхоўвае дзіця. Як правіла, такі бацькоўскі сцэнарый атрымлівае дзяўчынка, якая паўтарае лёс маці (нараджэнне хлопчыка здольна разарваць гэты ланцуг). «Пасланне», якое дачка атрымлівае яшчэ ў раннім дзяцінстве: «Трэба быць моцнай», «Ніхто табе не дапаможа», «Ты павінна рабіць усё сама». І нават сустрэўшы вартага чалавека (і нарадзіўшы ад яго дзіця, гэта — умова сцэнарыя), яна (а дакладней, яе падсвядомасць) зробіць усё, каб застацца адной з малым на руках. І мужна пераадольваць цяжкасці, як гэта рабілі яе маці і бабуля — пад іх задаволенымі поглядамі.
І, нарэшце, класічны варыянт: прыгожая і разумная жанчына, якая ніяк не можа ўступіць у шлюб. Усе мужчыны, якіх яна сустракае на сваім шляху, атрымліваюць вердыкт «не той». Дзяўчынка вырасла ў сям'і, дзе бацькі прамучаліся адзін з адным да залатога вяселля — не развяліся «з-за дзяцей», але амаль не размаўлялі, пастаянна сварыліся і ў запале сваркі казалі пра тое, што кожны з іх выбраў не таго чалавека і гэта зламала ім жыццё. Так дачка атрымала ўстаноўкі: «Мужчынам нельга давяраць», «Сям'я не бывае шчаслівай», «Лепш быць самой сабе гаспадыняй і самастойна будаваць сваё жыццё». Устаноўкі, якія лепш любога «вянка бясшлюбнасці» засцерагаюць ад абручальнага пярсцёнка на пальцы.
Варыянтаў негатыўнага бацькоўскага сцэнарыя — мноства. Калі дзяўчынка вырасла ў сям'і, дзе бацька быў тыранам, цалкам верагодна, што яна знойдзе сабе ўладнага і жорсткага мужа. Калі кіраўніком у сям'і была мама, выбарам дачкі, хутчэй за ўсё, стане «вечны хлопчык». А палігамны бацька, што «пырхае» з шлюбу ў шлюб, магчыма, запраграмуе сына жаніцца і разводзіцца зноў і зноў.
Спачатку было слова
Хоць бацькоўскі сцэнарый найбольш ярка праяўляе сябе ў адносінах з процілеглым полам, ён уплывае практычна на ўсе сферы жыцця чалавека. «Матрыцу» закладваюць не толькі міжасобасныя адносіны бацькоў, але і іх погляды на кар'еру, выхаванне дзяцей, жыццёвы поспех.
— Існуе некалькі негатыўных бацькоўскіх сцэнарыяў, якія часта паўтараюцца, — кажа Кацярына Алёхіна.
«Не будзь самім сабой»
Такое пасланне адпраўляюць сваім дзецям бацькі, якія імкнуцца ўвасобіць праз сваё дзіця ўласныя мары аб жыццёвым поспеху. Ад дзіцяці яны патрабуюць быць ідэальным — у іх разуменні. Гэта яны ўвесь час параўноўваюць сына ці дачку з сынам ці дачкой сябра/сяброўкі. Гэта яны сварацца на дзіця за кожную васьмёрку або сямёрку ў чвэрці — яно павінна вучыцца толькі на «выдатна». Гэта яны выбіраюць дзіцяці секцыю ў дзяцінстве і факультэт ВНУ ў юнацтве. Каб уціснуць сына ці дачку ў пракрустава ложа сваіх чаканняў, бацькі не шкадуюць ні намаганняў, ні грошай. Не гаворачы ўжо пра само дзіця. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што часам з такіх дзяцей вырастаюць чэмпіёны або свяцілы навукі — калі ад прыроды дзіцяці дастаўся талент. Калі ж не, чалавек ператвараецца ў перфекцыяніста-неўротыка і, дасягнуўшы дарослага ўзросту, не ведае, чаго ён хоча на самай справе. Такі чалавек усё жыццё залежыць ад адабрэння навакольных і зведвае праблемы з пастаноўкай мэт, калі бацькі ўжо не могуць іх яму падказваць.
«Няма чаго радавацца»
Сцэнарый закладваецца бацькамі, якія хочуць бачыць сваё дзіця дарослым і сур'ёзным ужо ў тры гады. Тымі, што любяць казаць: «Ты ўжо вялікі (ая)», «Не трэба дзяцініцца», «Дарослыя так сябе не вядуць». У выніку ў дзіцяці фарміруецца ўстойлівае перакананне, што любыя радасці жыцця — не для яго, бо ён ужо дарослы. Такі чалавек не будзе ўмець радавацца жыццю, расслабляцца і адпачываць. Хоць, магчыма, зробіць бліскучую кар'еру — але яе вынікамі цешыцца не здолее. Дзесяць гадоў без выхадных і адпачынкаў і інсульт у 45 гадоў — гісторыя пра іх.
«Нічога не трэба рабіць»
Такі пасыл адпраўляюць дзіцяці бацькі, схільныя да гіперапекі. Тыя, хто не даюць малому ступіць і кроку, кантралююць яго ў школе і пасля яе, спрабуюць вырашаць яго праблемы з сябрамі, а калі дзіця вырастае — умешваюцца ў адносіны з процілеглым полам. У выніку дзіця засвойвае «бацькоўскае пасланне»: «Свет — страшнае і небяспечнае месца», «Найлепшы спосаб выжывання — нічога не рабіць». Закладзены бацькамі сцэнарый прымушае такога дарослага заставацца інфантыльным, несамастойным і неадказным усё жыццё. Бонус — няўменне прымаць наогул ніякія рашэнні. Такі чалавек можа пасталець, але толькі ў выпадку жыццёвай катастрофы: калі ён страціць сям'ю і яму не будзе на каго перакласці адказнасць за сваё жыццё.
«Не жыві»
Гэта самы цяжкі варыянт бацькоўскага сцэнарыя. Яго могуць атрымаць нежаданыя дзеці — прычым часам нават у тым выпадку, калі маці пазней шчыра палюбіла малога. Але яе падсвядомасць не хацела з'яўлення гэтага дзіцяці на свет, і яна трансліруе гэта праз фразы: «Калі б я не зацяжарыла, то з'ехала б вучыцца за мяжу», або «Здолела б стаць вядомым пісьменнікам/мастаком/музыкам», або «Удала выйшла б замуж». Або проста праз эмацыянальную халоднасць у першыя месяцы/гады жыцця. Такія дзеці атрымліваюць «пасланне»: «Без цябе было б лепш», «Ты не патрэбны» і рэалізоўваюць атрыманы сцэнарый праз алкагалізм, наркаманію і схільнасць да суіцыду.
Антысцэнарый: усё наадварот
Здавалася б, усвядоміўшы праблему, вырашыць яе нескладана — дастаткова проста рабіць усё наадварот, не так, як рабілі бацькі. Але, па-першае, гэта вельмі і вельмі няпроста, бо гаворка ідзе пра падсвядомасць. А па-другое, дзейнічаць ад адваротнага — не вырашэнне праблемы.
— Часам бацькоўскі сцэнарый дзеці трансфармуюць у антысцэнарый, — распавядае суразмоўца.
Дапусцім, дзякуючы вашай строгай маме ў вас не было дзяцінства: школа з залатым медалём, музычная школа па класе фартэпіяна, яшчэ якое-небудзь плаванне ў прыдачу (зразумела, юнацкі разрад). І вы вырашылі, што вы такім не будзеце. Вы — ліберальны бацька, што разумее сваё дзіця. А ваша дзіця не вучыцца. Нават у школе, не кажучы ўжо аб дадатковай адукацыі. Не вучыцца ад слова «зусім». Таму што вы не лічыце патрэбным настойваць. Менавіта бацькі павінны данесці да дзіцяці важнасць вучобы, але вы гэтага не робіце. Бо вы жывяце па антысцэнарыі — то-бок па тым жа бацькоўскім сцэнарыі, толькі наадварот.
Яшчэ прыклад: жанчына вырасла ў сям'і з вельмі ўладным бацькам, які жорстка кантраляваў і жонку, і дзяцей. І дачка, пасталеўшы, выбрала сабе ў сужэнцы мяккага і бесхарактарнага чалавека, выбудаваўшы з ім адносіны па класічнай мадэлі «мама — сын» і ўзяўшы на сябе ролю кіраўніка сям'і, што, відавочна, не зрабіла яе шчаслівай.
Словам, антысцэнарый — таксама не выйсце. Але што рабіць?
— Змяніць бацькоўскі сцэнарый складана, але можна — тут спатрэбіцца дапамога спецыяліста. Перш за ўсё прааналізуйце гісторыю сваёй сям'і і вылучыце тыя ўстаноўкі, якія (на вашу думку) негатыўна ўплываюць на ваша жыццё. Шчыра адкажыце сабе на пытанні: «Якія фразы былі «любімымі» ў вашых бацькоў, калі вы былі маленькімі?», «Якія правілы і забароны існавалі ў вашай сям'і?», «Што ў вашых паводзінах бацькі заахвочвалі?», «Ці паўтараюцца лёсы ў вашым родзе?», і вы самі ўбачыце, ці трэба вам звяртацца да псіхолага. Калі адчуеце, што гэта неабходна — не цягніце, бо негатыўны «бацькоўскі сцэнарый» мы перадаём сваім дзецям. Між тым гэта не «лёс», а ўсяго толькі псіхалагічны працэс, якім можна кіраваць.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота pixabay.com
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.