Вы тут

Абсалютная любоў і птушкі


На старонках у сацыяльных сетках паэтэсы Вікі Трэнас часта можна бачыць яе фота з папугайчыкамі альбо забаўныя відэа з хатнімі гадаванцамі. Яна нешта ім распавядае — і яны цвыркаюць, быццам разумеюць, і адказваюць на сваёй птушынай мове… Сённяшняя размова з Вікай Трэнас — пра тое, што даюць для разумення светабудовы назіранні за птушыным царствам.


— Віка, ці спрыяюць твае ўлюбёнцы творчасці і натхненню альбо гэта два розныя светы, паміж якімі няма судакранання?

— Галоўнае, што атрымліваеш, — гэта шмат станоўчых эмоцый. Варта толькі згадаць маіх улюбёнцаў — і адразу хочацца ўсміхацца. Калі заводзіла іх, галоўным было жаданне заўжды мець добры настрой. І сапраўды так і сталася! Цяпер рэкамендую завесці любую жывёлку тонкаадчувальным, тонка-эмпатычным і эмацыянальным людзям, на якіх вецер падзьме, і праз гэта можа сапсавацца настрой… Але дзеля чаго? Даўно цікаўлюся псіхалогіяй і псіхіятрыяй — спецыялісты сцвярджаюць, што абсалютнай любові не існуе. Любоў заўжды мае нейкую ўмову, у тым ліку і любоў жывёлы да чалавека. Бо яны бачаць нас штодзень, мы пра іх клапоцімся. Але, нягледзячы на гэтыя навуковыя выкладкі, зразумела іншае: насамрэч яны ведаюць, што такое абсалютная любоў, і любяць нас таму, што любяць…

Яны без дулі ў кішэні — верныя, таму што верныя, без задняй думкі, як і ўсе жывёлы — яны такія, якія ёсць. І гэта найкаштоўнейшая якасць. У іх няма набору стэрэатыпаў, каб глядзець на свет, і ацэначных меркаванняў. Што ж гэта, як не абсалютная любоў?.. Яны маюць тое, чаго пазбаўлена большасць з нас, і нават не ўсім дадзена гэта разумець.

— Але чаму менавіта птушкі?

— У мяне два папугайчыкі, адзін маленькі хвалісты, другі — карэла. Першы з’явіўся каля года назад. Ён доўга сядзеў дома адзін, яму было сумна, і я вырашыла завесці яму кампанію. У кожнага чалавека ёсць свой татэм, свой сімвал, і я зразумела, што мне найбліжэй птушкі. Яны доўга жывуць: хвалісты — да 6 гадоў, а карэла — каля 25. Іншыя віды жывуць больш. Гэта сябар на ўсё жыццё, яны ўспрымаюць гаспадара як партнёра, таму нельга проста так узяць птушку і аддаць іншаму: будуць праз гэта перажываць і могуць загінуць, бо вельмі прывязваюцца. Па інтэлекце яны як трохгадовыя дзеці: усё разумеюць, але яшчэ і з крыламі. Яны хітрыя, ніколі не паўтараюць адно і тое ж дзеянне двойчы. Карацей, каму не хапае ў жыцці пазітыву, хай заводзіць крылатага гадаванца.

А яшчэ ў мяне ўражанне, што мы з імі размаўляем на адной мове. Калі ў мяне пытаюцца: «Чаму твае папугайчыкі не гавораць?», я адказваю, што разумею іх без слоў, мне і не трэба, каб яны размаўлялі, яны для таго, каб проста быць, каб радаваць вока, каб шчабятаць, разбойнічаць і грызці тое, што ў мяне стаіць па кутах. Яны ўмеюць адчуваць настрой, адрозніваць членаў сям’і. Гэта цікава, дазваляе зразумець будову свету і чалавека, і жывёлы...

— Бывае, што мы адчуваем расчараванне ў людзях, і тады завесці гадаванца — добрая кампенсацыя…

— Я не сказала б, што ў мяне было нейкае расчараванне ў людзях, але ў пэўны час гэта моцна падтрымала. Тым не менш не варта блытаць: птушка — гэта птушка, а чалавек — гэта чалавек, і не трэба іх аб’ядноўваць і замяшчаць любоў да чалавека любоўю да жывёлы. Гэта так не працуе, нельга замяшчаць чалавека, скажам, кошкай. Хаця тэрапеўтычны эфект, вядома, ёсць...

— Людзі, якім калісьці здрадзілі, магчыма, разважаюць так: чалавек здрадзіў, а коцік не здрадзіць…

— Хаця доля ісціны тут ёсць, але так думаць — тупіковы шлях эвалюцыі асобы. Мы створаны ў межах аднаго віду, чалавек — істота сацыяльная, якой неабходна быць убудаванай у грамадства, чалавек не можа быць убудаваным у зграю, у чараду птушак. У іх свая зграя, у нас — свая. І калі адбываецца падмена паняццяў, гэта робіць чалавека няшчасным, хоць сам ён можа і не ўсведамляць, чаму так.

— Жывёлы, птушкі прывязаны да цябе. Але ж, ведаю, ты вельмі любіш вандроўкі. Як тут быць?

— Можна аформіць ветэрынарны пашпарт і вазіць іх з сабой. Але ж могуць выручыць блізкія члены сям’і, якія добра ставяцца да тваіх гадаванцаў. Праўда, яны ўсё адно сумуюць, першыя дні нават адмаўляюцца ад ежы, ім трэба чуць голас… Пазнаюць цябе па сувязі праз вайбер... Ніколі б раней не падумала, што такія маленькія стварэнні могуць быць настолькі тонка арганізаванымі, каб пазнаваць і адрозніваць людзей.

— Ці не падавалася табе, што іх свет нашмат больш гарманічны, чым наш? Ці не з’яўляецца чалавек у нейкім сэнсе тупіковай прыступкай эвалюцыі?

— У нейкім сэнсе так… Чалавек лічыць сябе гаспадаром гэтага сусвету, планеты Зямля. Мне ж бліжэйшы канцэпт, які праводзіць у сваіх фільмах Хаяа Міядзакі: прырода заўжды самарэгулюецца і адаптуецца. Яна выжыве ў любым выпадку. А калі чалавек, праз гора ад розуму, пачынае вынаходзіць новыя тэхналогіі, напрыклад, як падмануць узрост, як не працаваць, а за цябе каб працавалі робаты, — гэта парушае тонкі баланс інь-ян, тое, што было створана Госпадам. Творца ж задумаў прыроду так, што яна сама павінна рэгулявацца: самі растуць лясы на месцы спаленых, а калі не — усё ператворыцца ў іншы ландшафт. Калі ляднік растаў, то нешта ўтворыцца ў іншым месцы планеты — сістэма ўзаемазвязаная, баланс знойдзецца. Чалавек жа спрабуе нахабна і беспардонна парушаць гэты баланс. Галоўная ідэя Міядзакі: чалавек, спыніся, не парушай баланс! Калі назіраю за птушкамі, бачу іх здольнасць і ўменне быць формай, якая ліецца, зменлівай, знаходзіць сваё месца ў любой сітуацыі. Так і чалавек павінен знайсці сябе і ўманціравацца ўнутр гэтага свету. Вось чаму трэба вучыцца ў нашых меншых братоў, а не заклікаць: нам не падабаецца гэты свет, давайце мы яго пераробім! Гэты ж свет як стаяў, так і будзе стаяць, а наша задача — навучыцца з ім узаемадзейнічаць. А так мы займаемся самаразбурэннем. Пасля назірання за птушкамі, што ўвогуле пашырае светапогляд — пачынаеш па-іншаму глядзець на сябе і свет, падаецца, што многія нашы праблемы дробязныя. Гэта спрашчае побыт, жыццё, калі разумееш: не трэба ламаць, трэба ўзаемадзейнічаць з ім з розных бакоў, і тады ўсё становіцца на свае месцы, знікаюць расчараванні, застаецца разуменне быцця ў чыстым выглядзе, якім яно ёсць. Жыццё — гэта момант, тут і цяпер, і ў нас няма ніякіх гарантый у будучыні, трэба цешыцца гэтым момантам, як яны!

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота з асабістага архіва Вікі Трэнас.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.