Вы тут

Толькі трагедыя Беларусі можа паказаць, якая была сапраўдная вайна


Ці ведаем мы вайну? Здавалася, наша краіна многа робіць для захавання памяці, і, тым не менш, да гэтага часу на карце ваеннай гісторыі столькі белых плям. Не вернуты імёны ахвяр, не ўсе месцы, дзе гінулі людзі, даследаваны, не ўсе кнігі напісаны, а колькі яшчэ не раскрытых тэм... Праблема і ў тым, што падчас вайны акупанты стараліся не пакідаць сведкаў, прыбіралі нават сляды злачынстваў, целы забітых спальваліся, дакументы знішчаліся.


— Толькі каля 10 працэнтаў дакументальных крыніц, якія захаваліся, знаходзяцца ў Беларусі, — заўважае дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Кузьма Козак. — Каб вывучаць ваенныя падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі, трэба ехаць за яе межы — найперш у Расію, Германію, дзе можна знайсці архіўныя дакументы аб дзейнасці паліцыі, СС, Вермахта, жандармерыі, тых фарміраванняў, якія здзяйснялі акупацыйную палітыку. Варта даследаванні весці і ў Польшчы, бо там былі створаны самыя магутныя лагеры смерці, дзе забівалі ў тым ліку і ахвяр, вывезеных з Беларусі. Хто яны, чаму туды траплялі, ці маюць гэтыя людзі прозвішчы?

 Каб знайсці адказы на такія пытанні, трэба шмат ведаць. А ў нас увогуле нават няма разумення ваеннай тэрміналогіі. У выніку, калі мы сцвярджаем, што Трасцянец — гэта лагер смерці, замежныя даследчыкі могуць запярэчыць, што лагеры смерці былі толькі на тэрыторыі Польшчы. І нават лічба 206 з паловай тысяч тых, хто загінуў у Трасцянцы, «разбіваецца», нямецкі бок называе колькасць ахвяр у 50—60 тысяч, бо так вынікае з дакументаў. Атрымліваецца, што распавядаць пра вайну мы павінны па дакументах. А ці захаваліся яны? А можа, варта было звярнуцца і да гісторый людзей, якія выжылі? А ці засталіся сведкі? Ці спыталіся мы ў аднаго са ста, хто ацалеў, ці ў аднаго з сям'і, дзе ўсе родныя былі забітыя? Так, гэта было цяжка: і распавядаць, і распытваць, і запісваць. А людзі хацелі спакою, не жадалі ўспамінаць пра свой боль. Трэба ўлічваць прапорцыі. Калі ў нейкай краіне была тысяча партызан, у нас 374 тысячы, недзе тысяча ахвяр — у нас 3 мільёны. Як нідзе ў свеце! Якой шырокай павінна быць наша памяць! Неабходныя комплексныя даследаванні. На жаль, наша памяць фрагментарная...

Не забыцца на сем'і

Кузьма Козак згадаў, як у 2007 годзе беларускія студэнты выправіліся ў Аўшвіц на сустрэчу з маладымі людзьмі з Германіі і Польшчы. Паехалі туды з Беларусі і сведкі, якія прайшлі праз гэты лагер, — Аляксандра Барысава і Захар Тарасевіч. Яны расказвалі і паказвалі, дзе гінулі іх родныя. А калі студэнты запыталіся: «А дзе можна пра гэта пачытаць?», аказалася, што такія кнігі яшчэ не былі напісаны.

Так, у 1950-х гадах збіралася інфармацыя, бо ішлі судовыя працэсы над забойцамі. Але ж сучасныя пакаленні не ведаюць нават лічбаў ахвяр, і сёння трэба думаць, як да іх данесці гісторыю. За збор матэрыялаў узяліся самі сведкі. У 2009 годзе выйшла першая кніжка «Лагер смерці Асвенцім: жывыя сведчанні Беларусі», праўда, невялікім тыражом.

— Узнікае пытанне, чаму ахвяр вывезлі туды, чаму не забівалі на тэрыторыі Беларусі? — заўважае Кузьма Іванавіч. — Калі я ўчытваўся ва ўспаміны, заўважыў, што людзі казалі, што ў іх у сям'і былі партызаны і тыя, хто ваяваў на франтах. Атрымліваецца, гэта была помста абаронцам — іх сем'і вывозілі на знішчэнне ці прымусовыя работы. Калі мы так паважаем ветэранаў, партызан, чаму мы забыліся пра іх жанчын, дзяцей? І тады разам з Аляксандрай Барысавай мы напісалі пісьмо ў Адміністрацыю Прэзідэнта... У выніку свет пабачыла новае выданне.

А дзе беларускія ахвяры?

У мемарыяле Аўшвіц не было ні слова пра беларусаў. Так, там пазначаюць сярод ахвяр палякаў, яўрэяў, цыган. Ёсць і інфармацыя пра 15 тысяч знішчаных савецкіх ваеннапалонных, прычым над імі ставіліся жудасныя эксперыменты, на ахвярах апрабоўвалі атрутныя газы. Пасля таго як туды прыехалі студэнты і даследчыкі і прэзентавалі новыя кнігі, у буклетах упершыню з'явілася інфармацыя, што больш за 6 тысяч беларусаў было дэпартавана для знішчэння ў лагер смерці Аўшвіц. А яшчэ ёсць лічба ў 10 тысяч іншых нацыянальнасцяў, больш за палову з іх беларусы. Гэта ж дзяржаўная справа: перагледзець такую дакументацыю, знайсці беларусаў, вярнуць імёны і даць родным магчымасць наведваць месцы, дзе загінулі іх блізкія.

Кузьма Іванавіч згадаў пра паездку са студэнтамі БДУ ў мемарыяльны комплекс Бухенвальд. Гэта знакавае месца, менавіта з ім звязаны Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў. 11 красавіка тут збіраюцца прадстаўнікі з усіх краін свету. Там на пліце выбіты назвы краін, ахвяры з якіх былі тут забіты, але Беларусі сярод іх не было. Чаму, калі там было столькі нашых ахвяр, у музеі ёсць іх рэчы з Брэста, з Гродна, былі сведкі, шмат дакументаў? Як апраўдваліся супрацоўнікі мемарыяла, у дакументах не пазначалася, з якой краіны былі вязні. Гэты канцэнтрацыйны лагер быў у ведамстве СС, вялася дакументацыя. У картках вязня маглі пазначаць, з якога ён горада, альбо пісаць «яўрэй», «савецкі». Але калі адна з былых студэнтак-валанцёрак прагледзела дакументы, знайшла, што ў некаторых з іх была пазначана краіна Беларусь.

А колькі яшчэ пра нас не ведаюць! Нідзе ў свеце не было спалена столькі вёсак, і палілі ў іх безабаронных людзей, жанчын, дзяцей!

Яшчэ адзін значны бок — супраціўленне. Настолькі масавым, як у Беларусі, яно не было нідзе. Амаль паўмільёна людзей! Супраціўленне было не толькі савецкім, але і нацыянальным, у нас праходзіў масавы яўрэйскі партызанскі рух, ствараліся самыя вялікія брыгады, атрады і групы. І зноў гэта мала стасуецца з тым, што было ў іншых краінах.

Сістэма акупацыі ў нашай краіне не падобна на тое, што мы будзем бачыць у Даніі, Люксембургу, Бельгіі, Францыі. У іншых краінах яе нават разумеюць не так, як у нас. Самая жорсткая сістэма акупацыі была менавіта ў Беларусі, але за нашымі межамі гэтага не ведаюць.

Напрыклад, у мемарыяльным комплексе Дахау на сцяне вісіць велізарная карта з месцамі прымусовага ўтрымання і знішчэння людзей ў Еўропе. І, што дзіўна, чым далей на захад, тым больш такіх месцаў; чым далей на ўсход, ствараецца ўражанне, што там усё было добра, на тэрыторыі Беларусі яны ўвогуле знікаюць. А як жа Мінскае гета, Трасцянец, тыя іншыя 260 жудасных месцаў, якія ў нас афіцыйна вядомыя?

Пытанні без адказаў

«Калі займаюся праблемай культуры памяці, перакананы, што пра нашу трагедыю павінны ведаць у Еўропе, таму што толькі трагедыя Беларусі можа паказаць, якая сапраўдная была вайна, — дзеліцца Кузьма Козак. — Тут знішчалі самымі рознымі спосабамі, забівалі, палілі і нават марылі голадам. Вазьміце Масюкоўшчыну. Там расстрэлу не было, ваеннапалонныя паміралі ад голаду, холаду, хвароб. Калі пытаўся ў сведкаў, як яны даведваліся, што там адбываліся жахлівыя рэчы, яны казалі, што з Масюкоўшчыны аж да Мінска даносіўся стогн. Здзічэлыя людзі, у нечыстотах, крык, лямант. Каб яны калечылі адзін аднаго, ім кідалі хлеб, і галодныя кідаліся, каб хоць нешта перахапіць... Ці вазьміце Азарычы. Гэта не канцлагер, не лагер смерці, там нават прымусовую працу не выкарыстоўвалі. Але ўсяго за два тыдні загінула больш за 20 тысяч чалавек, у асноўным жанчын і дзяцей. А пасля ў розных даследчыкаў сустракаю лічбы — 12 тысяч, 10, апошняя лічба, якую нямецкі бок дае на падставе дакументаў, — 6 тысяч. Як мы павінны бачыць саму праблему? На падставе дакументаў, якія захаваліся? Але... Нават у Мінску з кастрычніка 1943 года дзейнічала спецыяльная група — зондэркаманда 1005, якая знішчала дакументацыю. З'яўлялася зусім іншая тэрміналогія, дзе няма слоў накшталт «расстраляць», «забіць», «памёр», «дэпартаваць» і нават такіх як «канвой», «эшалон». Толькі спецыяліст зможа зразумець, што абазначае тое ці іншае скарачэнне, літара. А цяпер уявіце, што бачылі ў Беларусі ў той час. Каля вёскі Малы Трасцянец дагаралі ахвяры. Па фатаграфіях, якія захаваліся, можна было ўбачыць, што там былі целы жанчын і дзяцей. Далей Азарычы, рэшткі лагераў, месцаў знішчэння да самага Брэста. І пра якія з іх мы зараз ведаем?

Мінск мог бы стаць цэнтрам культуры памяці ўсёй Еўропы. Тут было забіта больш за 400 тысяч чалавек. Спачатку забівалі масава яўрэяў (гэта амаль 100 тысяч), ваеннапалонных (Шталаг 352 — 80 тысяч), лагер на Шырокай (20 тысяч). Яшчэ можна назваць Дразды, як першы вядомы лагер, дзе за два тыдні знішчана 10 тысяч чалавек. І, безумоўна,Трасцянец. А што мы ведаем пра тых, каго забілі? З Трасцянца толькі дзесьці сто прозвішчаў захавалася ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Хоць першы жалобны мітынг у Мінску прайшоў 3 верасня 1944 года ў вёсцы Вялікі Трасцянец. Сабралася больш за 10 тысяч чалавек, каб гаварыць пра тое, што людзей трэба пахаваць, патрэбны помнікі, мемарыялы, што ўжо працуе музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і што там неабходна рабіць філіял. Але рашэнне адцягвалася, горад рос, і месца магло б увогуле згінуць, калі б не 1990-я гады, калі стала больш увагі ўдзяляцца нацыянальнай гісторыі і вяліся пошукі месцаў памяці.

У нас ёсць мемарыялы, але не хапае іх навуковага суправаджэння. З'явіўся Трасцянец, а дзе гісторыя яго і людзей, якія тут загінулі? Ды і хто яе раскажа? Тут няма інфармацыйнага цэнтра.

Тэмы для даследаванняў

Часам замежныя даследчыкі дзівяцца, чаму ў Беларусі няма ніводнага выдання пра тыя фарміраванні, якія ўдзельнічалі ў масавых забойствах. Ці ведаем мы, напрыклад, хто забіваў у Мінску? Хто адказаў за Трасцянец? Многія забойцы нават не панеслі кары, частка раз'ехалася па ўсім свеце. І нават тых паліцэйскіх, якіх ведалі, нельга было прыцягнуць да суда, бо патрэбны былі дакументы. Усё звялося на асобныя гісторыі, дзе цяжка зразумець сам механізм вайны. У нас не хапае навуковых распрацовак нават пра акупацыйны рэжым. Мы прызвычаіліся гаварыць толькі пра «фашыстаў», «немцаў». Не ведаем, што адных вайсковых фарміраванняў было каля 20: ад паліцэйскіх да ваенных. А гэта і французы, румыны, галандцы, мадзьяры, венгры, іспанцы, літоўцы, латышы, эстонцы. Былі нават мусульманскія фарміраванні з усходу. А колькі было гарнізонаў? Кузьма Козак, калі працаваў ў архівах, у тым ліку Германіі і Францыі, выпісваў пра іх звесткі. Атрымалася, што гарнізонаў было не менш за 2,5 тысячы, у кожным у сярэднім па 50 чалавек, з іх толькі 3—8 немцы. Ваенная гісторыя звязала Беларусь з усім светам — дакументы, сведкі, ахвяры і вінаватыя раскіданы па розных краінах.

Гісторык зноў агучвае пытанне, на якое шукае адказ: «Чаму менавіта ў Беларусі больш за ўсё забівалі? Хтосьці гаворыць, што з-за партызанскага руху. Але ж забівалі і да яго. Партызанскі рух якраз актывізаваўся з-за таго, што людзі сыходзілі ў лес, каб адпомсціць за смерць іх родных і блізкіх. Мы кажам, што Беларусь — краіна-партызанка, але ці ўсё мы ведаем пра тое, што тады адбывалася? Гэта ж вайна, гэта хаос.

А дзе гісторыя паўсядзённасці ці даследаванне пра эканамічныя механізмы вайны?

Ці дастаткова нам ранейшых падыходаў да памяці, калі мы маем адну кропку і яна сімвалічная. Як, напрыклад, Хатынь. Але на Палессі ёсць вёскі, дзе было спалена тысяча чалавек, і там нічога няма. Дзе ўзяць гісторыі пра 5454 вёскі? Гэта памяць патрэбная і больш зразумелая менавіта для маладых людзей, якія жывуць побач з такімі месцамі.

За мяжой сабрана і запратакаліравана інфармацыя нават пра пацярпелых, згвалчаных жанчын. А ў нас пакуль няма ніводнага даследавання, прысвечанага пакутам беларусак. Гісторыя пра акупацыю, пра лагеры і спаленыя вёскі — гэта ўсё пра іх. У нацыянальным архіве захаваліся тысячы прозвішчаў і гісторый, памяць яшчэ зберагаецца ў сем'ях, а значыць, наперадзе яшчэ вялікая і карпатлівая праца.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.