Вы тут

Адкрыццё фестывалю нацыянальных культур пройдзе ў Мінску ў верасні


З 2006 года пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дзейнічае Кансультатыўны міжэтнічны савет. Сёння ў яго складзе 21 чалавек — прадстаўнікі зарэгістраваных у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў (па адным прадстаўніку ад кожнай нацыянальнасці). На пасяджэннях савета абмяркоўваюцца пытанні міжнацыянальных адносін, размяркоўваюцца бюджэтныя сродкі, якія выдзяляюцца ў межах аказання дапамогі па развіцці нацыянальна-культурных аб'яднанняў. За іх, напрыклад, купляюць касцюмы і музычныя інструменты для творчых калектываў, выпускаюцца буклеты, газеты і часопісы, якія дапамагаюць дыяспарам расказваць пра свае культурныя набыткі.


— На працягу доўгага часу мы супрацоўнічаем з Упаўнаважаным па справам рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. І заўсёды наладжванню міжнацыянальнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь удзяляецца вялікая ўвага. Шчыльнае супрацоўніцтва дыяспар «пад адным крылом» сапраўды дапамагае кансалідацыі. І ў аснове нашай арганізацыі — сяброўства, узаемаразуменне, узаемадапамога, — заўважыў старшыня грамадскага аб’яднання «Кангрэс азербайджанскіх абшчын Рэспублікі Беларусь», заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па дзюдо і самба Націк Багіраў.

І нават у часы пандэміі дыяспары адчувалі клопат і дапамогу з боку дзяржавы. Прадстаўнікі нацыянальных грамадскіх арганізацый працягвалі падтрымліваць сувязі праз анлайн. Натуральна, каранавірус перакрэсліў многія планы. Творчыя калектывы, якія захоўваюць і папулярызуюць сваю культуру на тэрыторыі Беларусі, прызнаюцца, што засумавалі па сцэне і жывых зносінах — усё ж наладжваць сувязі, перадаваць свой каларыт, зараджаць энергетыкай праз анлайн немагчыма.

Старшыня рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларуская абшчына літоўцаў» Віталія Калеснікава адзначыла, што каранавірус запаволіў многія міжнацыянальныя праграмы, складана працаваць з аглядкай, асцерагаючыся за здароўе тых, хто побач. Але яна ўпэўнена, што ніякія новыя тэхналогіі не заменяць звычайныя формы работы, асабліва ў грамадскім руху, бо чалавечыя зносіны завязаны на душы, на абмене энергіяй.

Таму з такім энтузіязмам прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб'яднанняў успрынялі навіны аб вяртанні фестывалю нацыянальных культур, які двойчы адмяняўся ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай. Хоць самі творчыя калектывы гатовы былі выйсці на сцэну ці не па першым закліку. І ўсё ж ХІІІ Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур быць. І гэтым разам адкрыццё фестывалю пройдзе на сталічнай пляцоўцы ў Верхнім горадзе ў Ратушы. Яго ўрачыстае адкрыццё прызначана на 11 верасня, у межах святкавання Дня горада.

Падчас пасяджэння Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прадстаўнікі дыяспар выказалі спадзяванне, што фестываль сапраўды стане святам народаў, на якім яны будуць трансліраваць уласную культуру.

Таксама сёлета ў беларускую сталіцу вяртаюцца Дні нацыянальных культур у Верхнім горадзе. У чэрвені ўжо прайшоў Дзень Расіі, а Дзень малдаўскай культуры запланаваны на жнівень.

Падчас пасяджэння Кансультатыўнага міжэтнічнага савета было абмеркавана пытанне аб узаемадзеянні дзяржаўных органаў і нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў у пытаннях інтэграцыі замежнікаў, якія маюць намер пераехаць у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства.

Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксей Бягун заўважыў, што Беларусь заўсёды была шматнацыянальнай краінай, і колькасць замежнікаў, якія жадаюць пераехаць сюды на пастаяннае жыхарства, будзе пастаянна павялічвацца. За мінулы год было выдадзена каля 2 тысяч дазволаў на пастаяннае месца жыхарства. Наогул, сёння міжнародныя эксперты заяўляюць, што дзякуючы мігрантам можна закрываць дэфіцыт кадраў у сельскай гаспадарцы і іншых галінах эканомікі, таксама заўсёды будуць запатрабавынымі высокакваліфікаваныя спецыялісты. Натуральна, і Беларусі міграцыя будзе дапамагаць у дэмаграфічных пытаннях, звязаных з натуральным змяншэннем насельніцтва. І хоць каранавірус сёння запаволіў міграцыйныя працэсы, мы павінны быць гатовыя да таго, што ў будучыні яны стануць больш інтэнсіўныя.

Вырашаць пытанні, звязаныя з перасяленнем замежнікаў, дзяржаўным органам будзе куды прасцей пры дапамозе нацыянальна-культурных аб'яднанняў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Беларусь адкрытая свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.

Грамадства

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Наша краіна валодае надзвычай багатым прыродным патэнцыялам для развіцця экатурызму.