Вы тут

Патрэбы і магчымасці выкарыстання электрычнасці для ацяплення, награвання вады і гатавання ежы


Выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы ў індывідуальных дамах — актуальнае пытанне для гаспадароў сядзіб. З аднаго боку, гэта можа палепшыць умовы жыцця ў сваім доме і паменшыць плату за электрычнасць, з другога — умовы мадэрнізацыі цалкам залежаць ад прапускной здольнасці электрасетак, якія, на жаль, не ўсе могуць перадаць дадатковую магутнасць. Каб зменшыць знос сетак класам напружання 0,4 — 10 кВ і стварыць умовы для павелічэння выкарыстання элетарэнергіі спажыўцамі, штогод трэба будаваць ці рэканструяваць каля 2700 кіламетраў электрасетак. З 2021 да 2025 г. на рэканструкцыю паветраных электрасетак прадугледжана выдзеліць 1,5 млрд рублёў, каля 500 млн з якіх — з рэспубліканскага бюджэту. Пра перспектывы рэканструкцыі электрасетак і іх стан расказалі эксперты.


Паміж газам і электрычнасцю

Генерыруючых магутнасцяў электраэнергіі ў краіне дастаткова, пытанне толькі ў прапускной здольнасці паветраных ліній электраперадачы, расказаў Уладзімір БАБРОЎ, першы намеснік генеральнага дырэктара, галоўны інжынер «Белэнерга»:

— Актыўнае развіццё айчыннай энергасістэмы пачалося ў 1960-я гады, аднак аб'ём спажывання адставаў ад плануемых цяпер падчас электраацяплення лічбаў. У выніку запраектаваныя, збудаваныя і эксплуатуемыя сеткі маюць недастатковую прапускную здольнасць. Агульная працягласць паветраных электрасетак класам напружання 0,4 — 10 кВ у «Белэнерга» — больш за 200 тысяч кіламетраў. Нарматыўны тэрмін службы гэтых сетак — 33 гады. За гэты час назапашваюцца амартызацыйныя адлічэнні, пасля чаго патрэбна рэканструкцыя, замена ці ўмацаванне электрасетак.

На штогадовую рэканструкцыю і будаўніцтва такіх сетак у мястэчках і вёсках, дзе электраэнергія не выкарыстоўваецца на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, патрабуецца 48 тысяч рублёў за кіламетр. У населеных пунктах, дзе электрычнасцю для ацяплення і гарачага водазабеспячэння карыстаецца не больш як 30 % грамадзян, — 76 тысяч. Там жа, дзе электраэнергію выкарыстоўваюць для дадзеных мэт на 100 %, — каля 141 тысячы рублёў за кіламетр сеткі.

У кожнай абласной энергазабяспечвальнай арганізацыі складзены пяцігадовыя планы рэканструкцыі электрасетак, узгодненыя з газазабяспечвальнымі арганізацыямі і мясцовымі органамі ўладамі. Паколькі дзяржаўныя сродкі ўжо ўкладзены ў будаўніцтва газаправодаў і газаразмеркавальных пунктаў, каб людзі маглі гатаваць ежу і ацяпляцца з дапамогай прыроднага газу, гэтыя грошы таксама павінны працаваць, а не стаць замарожанымі абаротнымі сродкамі газазабяспечвальных арганізацый. Таму найперш выкарыстанне электрычнасці як энергарэсурсу для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы разглядаецца ў тых населеных пунктах, дзе няма буйных укладанняў у газавую інфраструктуру, падкрэсліў Уладзімір Баброў:

— У планы рэканструкцыі трапілі населеныя пункты, у якіх электрасеткі найбольш зношаныя маральна і фізічна. Менавіта ў такіх выпадках магчымае поўнае выкарыстанне ўласных сродкаў энергазабяспечвальных прадпрыемстваў на рэканструкцыю сістэмы электразабеспячэння. Прычым гэта не толькі самі сеткі, але і падстанцыі.

Для змяншэння зносу ў якасці эксперыменту, які, магчыма, будзе распаўсюджвацца, энергетыкі плануюць выкарыстоўваць новы клас напружання — 20 кВ. Найперш яго апрабуюць у сталіцы пры будаўніцтве мікрараёна Паўночны Бераг, дамы ў якім будуць цалкам на электразабеспячэнні.

Усё каштуе грошай

Тэхналагічны цыкл работ па рэканструкцыі электрасетак — каля 1,5 года. У першы год распрацоўваецца праектная дакументацыя, у другі — выконваюцца будаўніча-мантажныя работы па замене правадоў, умацаванні апорных канструкцый, замене трансфарматараў на камплектныя трансфарматарныя падстанцыі і іншыя, апісаў працэс галоўны інжынер:

— У жыхароў населеных пунктаў, да якіх не падведзены цэнтралізаваныя сеткі цепла- і газазабеспячэння, пытаюцца пра іх зацікаўленасць у выкарыстанні электраэнергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы. Вынікі такога апытання ўлічваюцца пры праектаванні электрасетак. У мястэчках, дзе ёсць цэнтралізаваныя сеткі або планы па іх будаўніцтве, электрасеткі будуць рэканструявацца без уліку іх выкарыстання на ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і гатаванне ежы.

Вострае пытанне датычыцца рэканструкцыі электрасетак, якія не маюць 100-працэнтнай зношанасці, аднак тамтэйшыя жыхары хочуць выкарыстоўваць электрычнасць для ацяплення, падагрэву вады і гатавання ежы. Каб вырашыць дадзеную праблему, узгадняюцца праекты адпаведных нарматыўных прававых актаў, паведаміў Уладзімір Баброў:

— Гэтыя дакументы прадугледжваюць даць грамадзянам, зацікаўленым у рэканструкцыі не цалкам зношаных электрасетак, магчымасць паўдзельнічаць у фінансаванні гэтых работ, каб забяспечыць больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі. Аналагічны падыход выкарыстоўваўся і пры будаўніцтве газаправодаў.

Прапускная здольнасць і тэхнічныя ўмовы

Энергетыкі сцвярджаюць, што не падзяляюць паселішчы па прынцыпе колькасці жыхароў у іх. Найперш увага аддаецца прапускной здольнасці сетак для выканання работ па ўдасканаленні электрасетак без іх рэканструкцыі. З 2019 года атрымана ўжо больш за 48 тысяч заяў на атрыманне тэхнічных умоў, у асноўным ад жыхароў сельскай мясцовасці. Пасля праверкі ўсіх магчымасцяў выканання работ без рэканструкцыі электрасетак станоўчае рашэнне наконт магчымасці падключэння ацяплення ад электрычнасці (пры выкананні пэўных умоў) атрымалі 35 тысяч (74 %) ад такіх заявак.

— Гэтыя ўмовы: асобны лічыльнік і бясштэпсельнае падключэнне абумоўлены ў тэхнічным заданні. Пры выкананні згаданых патрабаванняў чалавек можа атрымліваць элекрычнасць па самым нізкім тарыфе. Калі не можаш ці не хочаш выканаць умовы — усё роўна паслугі электраэнергіі на ацяпленне, гарачую ваду і гатаванне ежы будуць каштаваць менш. Дарэчы, з 35 тысяч заявак, якія атрымалі тэхнічныя ўмовы, 16 тысяч падключылі электраўстаноўкі.

Калі ж неабходная прапускная здольнасць існуючымі электрасеткамі забяспечана быць не можа, то тэхнічныя ўмовы энергетыкі выдадуць толькі пасля планавай рэканструкцыі сетак.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.