Вы тут

«…І мяне ціха неба гукне»


Зборнік, які нядаўна пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», адметны, грунтоўны, змястоўны. Пад вокладкай кнігі Генадзя Бураўкіна «Мой боль і запавет» сабраны вершы і песні з творчай спадчыны паэта. Творы падзелены ў выданні на пяць блокаў паводле часу іх напісання.


У апошнія гады свайго жыцця Генадзь Мікалаевіч разважаў: «Да тых, хто застанецца, у мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і не дарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы — і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, — усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове». Генадзь Бураўкін застаецца ў сваіх вершах. «Мой боль і запавет» — толькі невялічкая крупінка яго паэтычнай спадчыны, але надзвычай важкая і каштоўная.

Удала скампанаваныя вершы вядуць чытача па сцяжынах жыцця паэта. Зборнік як стужка часу: ад малога хлопчыка, які бегаў басанож па верасовых сцяжынах, да сталага Генадзя Мікалаевіча, з пабеленымі сівізной скронямі, які сядзіць у адзіноце на парозе бацькоўскага дома і разважае пра схіл жыцця. 

У сваёй творчасці Г. Бураўкін закранаў шмат тэм, асабліва тых, якія хвалююць і непакояць. Зборнік «Мой боль і запавет» падсумаваў усё набалелае, перажытае і нажытае. Іншы раз, чытаючы познія вершы якога-небудзь паэта, адчуваеш, быццам не хапае пэўнага пазла, каб зразумець увесь яго творчы шлях. Гэтым пазлам з’яўляюцца першыя паэтычныя спробы — вершы, зборнікі — першыя прыступкі вялікага шляху. Трымаючы ў руках кнігу «Мой боль і запавет», адразу разумееш, што атрымаецца пункцірна прайсціся па паэтычных і жыццёвых шляхах разам з паэтам.

Нядзіўна і не нова, што амаль кожны пясняр беларускай зямлі апявае родны дом, радзіму. У вершах Г. Бураўкіна любоў да ўсяго роднага адчуваецца асабліва ўзрушліва і пранікнёна. Тэма гэтая з’яўляецца лейтматывам усёй яго творчасці. Няма ў свеце нічога больш дарагога, кроўнага, каштоўнага, як зямля, дзе ты нарадзіўся, — вось галоўная, яднальная, скразная думка творчасці паэта:

Я не думаў, што так прывязаны

Да імшарнай, пясчанай зямлі,

Да пагоркаў з дубамі і вязамі,

Да бяроз, што ў паляны ўраслі.

А, пажыўшы ў заморскай далечы,

Паглядзеўшы рэкламны рай,

Зразумеў я,

Дамоў прылятаючы,

Як мне дораг мой родны край.

Востра і балюча адчуваецца ў вершых Г. Бураўкіна тэма вайны і пакінутага пасля яе чорнага следу. Адчуўшы на сабе той горкі боль, паэт спрабуе ўявіць, якога колеру вайна, разважае і пра пасляваенны лёс. Выразна перадаючы невыносную горыч страт, Г. Бураўкін верш «Бязбацькавічы» прысвяціў Рыгору Барадуліну, «Баладу пра мінёраў» — Васілю Быкаву.

Не мог паэт, які напоўніцу адданы жыццю, не звярнуцца і да тэмы кахання. Радасць і смутак свету глыбокіх пачуццяў, яго загадкавыя таямніцы, багацце, зачараванне жаноцкасцю, павага і захапленне жаночымі вобразамі — усё гэта адметныя рысы інтымнай лірыкі Г. Бураўкіна. Асабліва выразна адчуваецца падкрэсленая ідэалізацыя жанчыны, узвядзенне на п’едэстал душэўнага хараства і прыгажосці. Гэта выдатна адлюстроўваецца ў вершы «Непрыгожых жанчын не бывае». Маляўнічыя апісанні, красамоўныя вобразы Г. Бураўкін выкарыстоўвае ў вершы «Незнаёмка»: «ветразем над сіняй блузкай касынка белая плыла», «шаўкавістай пасмай лёну каса ляжала на плячы», «вачэй бяздонныя азёры», «крылатых броваў жураўлі».

Лірыка Г. Бураўкіна шчырая, пранікнёная, сардэчная. Вершы напісаны мілагучнай мовай, напэўна, таму многія з іх пакладзены на музыку. Так, напрыклад, у творы «Патухаюць, цямнеюць высі» асананс і паўторы надаюць словам пявучасці:

Гэта я з табой вечарую,

Туманамі цябе чарую.

Васількоў шапатліваю моваю

Зачароўваю, зачароўваю.

Роснай сцежкаю, рэчкай ціхаю

Закалыхваю, закалыхваю...

Пейзажная лірыка Г. Бураўкіна багатая на фарбы. Толькі душа, закаханая ў свой край, можа адчуць столькі цеплыні ў родным краявідзе. У вершах слыннага творцы прырода жывая, са сваім багатым і зменлівым светам, апяваецца як крыніца лірычнага перажывання, прычым найбольш блізкія яму адценні вясны і восені, і аўтар тлумачыць, чаму:

Курлычуць журавы над голай нівай.

Да сонца павуцінка паплыла.

І сам я —

Частка восені журлівай,

Хмурынка ля бусловага крыла.

Г. Бураўкін ніколі не заставаўся раўнадушным да лёсу свайго народа, заўжды марыў пра будучыню, адпаведную важкасці яго гістарычнай спадчыны і духоўнаму багаццю краіны. Паэт заўсёды адчуваў сябе арганічнай часцінкай народа, гэтым матывам прасякнута яго грамадзянская лірыка.

Першыя вершы зборніка — пра юнацтва, апошнія — філасофскі роздум паэта на схіле жыцця. Жыццёвы цыкл у адным выданні. Верш «Я іду...» — вельмі энергічны, дынамічны, «перапоўнены прагай жыцця» — адлюстроўвае ўвесь спектр эмоцый і разваг пра юнацтва. Ён увабраў у сябе пачуццёвае, рамантычнае адчуванне прыроды, жыцця, юнацтва, калі дыхаецца глыбока, на ўсе грудзі, «і паветра здаецца мядовым», «і нябёсы — чысцей і сіней»...

Вершы 1996—2013 гадоў — гэта глыбокая рэфлексія над перажытым, новы погляд на знаёмыя рэчы больш сталымі вачамі. «Усім», «Забываю звонкі вокліч “Тата!”», «Душу сціскае стомленасць цяжкая», «Ідзе жыццё», «Што яно — жыццё?», «Здаецца, нячутна сплываюць вякі», «Карацее жыццё» — апошнія творы ў бясконцым роздуме, «палыновай тузе», у думках аб не вечных жыццёвых шляхах, сваім, асабістым схіле жыцця:

Ці лагоднаю месячнай ноччу,

Ці як сонейка ўспыхне ў акне,

Добра ведаю я,

Што аднойчы

І мяне ціха неба гукне.

Вершы Г. Бураўкіна пакідаюць адметнае, яркае ўражанне, падобнае да пачуццяў, калі з надыходам восені з жалем думаецца пра незваротнасць лета і жыцця, а на душы — толькі салодкая журба з гарчынкай, быццам заляжалы позні яблык. Генадзь Бураўкін — самабытны, яркі, глыбокі, пранізлівы... і вечны ў сваіх вершах.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».