Вы тут

У БДУІР прайшло пасяджэнне секцыі «Моладзь анлайн: лічбавае асяроддзе будучыні»


У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ў рамках VІІІ Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі прайшло пасяджэнне секцыі «Моладзь анлайн: лічбавае асяроддзе будучыні», якая адна з самых шматлікіх на форуме. У ёй прынялі ўдзел каля 80 экспертаў.


Фота: БелТА

У цэнтры ўвагі — пытанні магчымасцяў для моладзі ў эпоху лічбавізацыі, абмен вопытам выкарыстання новых тэхналогій у адукацыйнай дзейнасці, уплыў камунікацыйных тэхналогій у маладзёжным асяроддзі і інш.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Андрэй ІВАНЕЦ, адкрываючы сустрэчу, адзначыў, што Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі дае магчымасць абмеркаваць пытанні, праблемы і выклікі, з якімі сутыкаюцца абедзве дзяржавы. «Сёння, ва ўмовах знешняга ціску, вызначаных санкцыйных абмежаванняў, вельмі важна выкарыстоўваць наш навуковы патэнцыял, каб выбудаваць інавацыйную эканоміку і забяспечыць годны ўзровень развіцця дзвюх краін». А таксама расказаў пра ўкараненне лічбавых тэхналогій у розныя сферы жыцця грамадства: эканоміку, адукацыю, культуру, сацыяльную сферу.

Інфармацыйная эра зрабіла магчымымі хуткія глабальныя камунікацыі, што значна змяніла форму сучаснага грамадства, адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй КУНЦЭВІЧ.

— Цяпер лічбавая серада, а ў прыватнасці медыясфера, з'яўляецца найважнейшым фактарам праектавання, канструявання сацыяльна-палітычных, эканамічных рэалій. Інфармацыйныя, тэхнічныя, кіраўнічыя інавацыі істотна павышаюць каштоўнасць інфармацыі як стратэгічнага рэсурсу. Сёння як ніколі трэба актыўна рэалізоўваць сумесныя праекты паміж Беларуссю і Расіяй, прасоўваць новыя лічбавыя ініцыятывы, рэалізоўваць разам з моладдзю. Міжрэгіянальныя сувязі былі і застаюцца залогам поспеху беларуска-расійскай інтэграцыі. Цесныя кантакты паміж суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, абласцямі Беларусі не першы год дазваляюць актыўна развіваць эканамічныя, навукова-тэхнічныя, гуманітарныя сувязі паміж нашымі краінамі на аснове ўзаемапавагі і з улікам узаемных інтарэсаў. Як паказвае час, Саюзная дзяржава — адзін з самых паспяховых міждзяржаўных праектаў на постсавецкай прасторы. Пры гэтым значную ролю ў інтэграцыйных працэсах, працэсах умацавання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва нашых краін іграе медыясфера.

Першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па сацыяльнай палітыцы Аляксандр ВАРФАЛАМЕЕЎ нагадаў, што Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін вызначыў лічбавую трансфармацыю ў якасці адной з нацыянальных мэт развіцця.

— У бягучым годзе ў нас зацверджана Канцэпцыя лічбавай і функцыянальнай трансфармацыі сацыяльнай сферы: з'явіцца адзіная лічбавая платформа, якая аб'яднае ўсе працэсы па прызначэнні і прадастаўленні мер сацыяльнай падтрымкі. У сферы маладзёжнай палітыкі ствараецца дзяржаўная інфармацыйная сістэма. Яе распрацоўка прадугледжана Федэральным законам «Аб маладзёжнай палітыцы ў Расійскай Федэрацыі», прынятым у канцы мінулага года. Яркім прыкладам выкарыстання лічбавых тэхналогій з'яўляецца ініцыятыва Экспертнага савета па спорце пры Камітэце Савета Федэрацый па сацыяльнай палітыцы аб стварэнні лічбавай платформы комплекснай дыягностыкі спартыўна адораных дзяцей. Гэта сумесны праект Расіі і Беларусі. Ініцыятыва была падтрымана міністэрствамі спорту нашых краін і рэкамендавана да ўключэння ў Праграму Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Варфаламееў упэўнены, што неабходна зрабіць усё магчымае, каб лічбавыя тэхналогіі працавалі на ўмацаванне дзвюх дзяржаў, узаемадзеянне моладзі, каб можна было падрыхтавана сустракаць выклікі часу і адказваць на іх.

— Стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы для распаўсюджвання аб'ектыўнай інфармацыі, падтрымка адно аднаго — гэта тое, што будзе садзейнічаць натуральнаму развіццю і ўмацаванню Саюзнай дзяржавы. Трэба, каб парламенцкія і маладзёжныя пляцоўкі, магчымасці бізнес-супольнасцяў і грамадскіх арганізацый спрыялі галоўнаму — мірнаму, спакойнаму жыццю нашых народаў. Разам з тым маладыя людзі пачынаюць выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі ў раннім узросце і могуць стаць рухальнай сілай росту і інавацый у гэтым сектары. Таму задача дзяржавы, адукацыйных арганізацый і грамадзянскай супольнасці — стварэнне неабходных умоў для развіцця ў падрастаючага пакалення лічбавых навыкаў для іх наступнага прымянення. Моладзь — люстэрка сённяшняга і заўтрашняга дня, і мы павінны размаўляць з ёй на адной мове. Неабходна ствараць такое інфармацыйнае поле, якое будзе ёй цікавае.

Сёння маладыя людзі — найбольш мабільная і імпульсіўная частка насельніцтва, якая выступае вызначальнай сілай найважнейшых грамадска-палітычных падзей. Аб гэтым расказаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы і культуры, сацыяльным развіцці, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Дзмітрый ВАРАНЮК.

— Жыццёвыя прынцыпы маладых беларусаў нацэлены на індывідуалізм, іх вызначае добрасумленная працоўная дзейнасць, прадпрымальнасць і адукаванасць як галоўная ўмова паспяховага жыцця. І побач з гэтым абавязкова прысутнічаюць лічбавыя тэхналогіі. Імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій, інтэрнэту, мабільных дадаткаў аказвае вялікі ўплыў на паводзіны сучаснай моладзі, дазваляе быць у курсе ўсіх трэндаў, адчуваць сябе камфортна незалежна ад месца пражывання. Мы таксама не адстаём, імкнёмся прасоўваць блогасферу, у гэтым супрацоўнічаем з калегамі з Расійскай Федэрацыі.

Разгубленасць — ідэалагічная, каштоўнасная і іншыя — адзін з самых галоўных трэндаў, які адзначаецца сярод цяперашняга маладога пакалення. Аб гэтым расказаў падчас секцыі дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім ГІГІН: «Сённяшнюю моладзь можна назваць асаблівай, характарызуецца яна не толькі паўсюдным выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Цяпер маладыя людзі дыстанцыруюцца ад савецкага мінулага, якога яны не ведалі, спараджаючы часта непаразуменне з больш дарослымі пакаленнямі. Вядома, моладзь арганічна ўзаемадзейнічае са светам лічбавых тэхналогій, якія яны асвойваюць ужо з малодшых класаў школьнага ўзросту. На падставе нашых даследаванняў, якія мы правялі ў некалькіх беларускіх ВНУ, на першы план сярод мэт, што ставяць перад сабой студэнты, як вызначаюць сябе, выходзіць вучоба і індывідуальная самарэалізацыя. І ўжо далей сям'я, сяброўства, каханне. Лічбавізацыя адкрывае для моладзі новыя магчымасці — імкненне да сеткавага калектывізму (сацсеткі, месенджары, супольнасці па інтарэсах). Ёсць вялікае жаданне падзяліцца з іншымі тым, чым яны жывуць. Таму нам цяпер трэба больш даследаваць тэндэнцыі ў моладзі, арганізоўваць сумесныя цікавыя праекты».

Намеснік дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Таццяна ШЭНДЗІК падчас свайго выступлення адзначыла, што тэмпы развіцця інфармацыйных тэхналогій дазваляюць казаць пра тое, што мы жывём у грамадстве пастаяннай адаптацыі. Пры гэтым у моладзі гэты працэс накладаецца на праблемы фарміравання асобы, пошуку сваёй ідэнтычнасці, сацыяльнай нішы і іншага. «Мы ўсё часцей фіксуем, што дарослыя перастаюць быць для маладога пакалення ўзорам, паколькі самі часам пазбаўлены каштоўнасных арыенціраў. Лічбавая трансфармацыя — гэта працэс, які павінен быць пад кантролем. Важна не пакінуць тыя зоны, дзе лічба можа перарасці ў пагрозу. Таму пытанні лічбавай бяспекі набываюць вялікую актуальнасць. У сувязі з гэтым наш інстытут гатовы ініцыіраваць сумесныя даследаванні спецыфікі маладога пакалення. Першыя крокі ўжо зроблены. Важна знаходзіць баланс паміж рэальным і віртуальным жыццём, грамадскім і прыватным. На гэта павінны быць нацэлены як дзяржаўныя, так і грамадскія інстытуты нашых брацкіх краін».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Лічбавізацыя адкрывае для моладзі новыя магчымасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».