Вы тут

Новыя дасягненні ў пабудове сацыяльна значных аб'ектаў


Цягам апошняга года — вельмі няпростага для ўсяго свету — Беларусь не спыняла свайго развіцця, і сведчаннем таму стала ўвядзенне ў эксплуатацыю новых сацыяльна значных аб'ектаў: ад атамнай электрастанцыі, металапракатнага завода, мастоў, новых станцый метро да дзіцячых садкоў, музеяў і спартыўных збудаванняў. Усё гэта сведчыць пра тое, што мы навучыліся адказваць выклікам і годна выходзіць з крызісаў. Нагадаем толькі пра некаторыя знакавыя для людзей новабудоўлі ў кожным з рэгіёнаў краіны. Пра тое, чым можам па праве ганарыцца, што зрабіла наша жыццё больш камфортным, недзе духоўна ўзбагаціла, а недзе стварыла ўмовы для новых дасягненняў.


Мост праз Нёман

У Гродне пабудаваны самы высокі мост праз Нёман, які звяжа занёманскую частку горада з трасай М6. Аб'ект стаў найбуйнейшай будоўляй абласнога цэнтра апошніх гадоў. Ён узведзены на базе старога чыгуначнага моста, які стаяў доўгі час закінутым. Рэканструкцыя пачалася ў 2019 годзе па распараджэнні кіраўніка дзяржавы, аб'ект быў уключаны ў дзяржаўную інвестпраграму. Яго кошт склаў каля 150 мільёнаў рублёў.

Фота: БелТА

Гэта чацвёрты аўтамабільны мост праз Нёман у абласным цэнтры і адзін з самых высокіх у краіне — больш за 32 метры. У ходзе рэканструкцыі ён значна пашырыўся — з 4,5 метра да 17,5. Мост стаў чатырохпалосным, з шырокімі тратуарамі і веладарожкамі. Яго даўжыня — 240 метраў.

Старыя канструкцыі цалкам аднавілі. Маса сярэдняй апоры стала прыкладна 10 тысяч тон. Берагі ўзмацнілі габіёнамі — канструкцыямі, якія запоўнены камянямі. Такім чынам, ад старога чыгуначнага моста амаль нічога не засталося. Нядаўна тут прайшлі тэставыя выпрабаванні, на лакальным участку вымяралася нагрузка ў 200 тон. Спецыяльныя датчыкі правяралі вібрацыю і ўсе неабходныя паказчыкі.

Новы аўтамабільны мост — частка глабальнага праекта ў сферы дарожнага будаўніцтва. Генеральным планам Гродна прадугледжаны дарожны праект, які накіраваны на тое, каб звязаць розныя часткі горада і выйсці на трасу М6. Гэта павінна вырашыць і праблему аўтамабільных пробак.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Садок у шматпавярховіку

Дзіцячы яслі-садок, убудаваны ў жылы дом, з'явіўся ў Брэсце. На адкрыццё прыязджалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА і старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Матулі тады не хавалі сваёй радасці. Гэта ж мара любой мамы — па дарозе на работу не везці дзіця ў садок праз палову горада альбо нават на суседнюю вуліцу, а проста спусціцца з малым на першы паверх свайго ж дома і пакінуць яго ў групе.

У жыхароў 10-павярховага дома па вуліцы Калесніка абласнога цэнтра такая магчымасць цяпер ёсць. Садок разлічаны на 75 месцаў. Прыярытэт атрымалі навасёлы дома, у якім садок з'явіўся. Гэта першая дзіцячая дашкольная ўстанова такога тыпу ў абласным цэнтры.

Будаўніцтва абышлося бюджэту ў 3 мільёны 500 тысяч рублёў. Узвялі садок будаўнікі КУП «Брэстжылбуд». Аб'ект здадзены ў эксплуатацыю ў лютым гэтага года. А ў самым канцы вясны ён расчыніў дзверы для выхаванцаў.

Для Брэста гэты праект стаў пілотным, а ў вобласці ўжо маецца падобны вопыт: у 2020 годзе ў жылым доме ў Драгічыне ўведзены ў эксплуатацыю ўбудаваны садок на 60 месцаў. Запланавана будаўніцтва такіх жа аб'ектаў у Іванаве, у Пінску, у Маларыце.

Дзіцячая ўстанова ў жылым доме зручная ва ўсіх кірунках, адзначалася падчас адкрыцця, калі попыт на месцы вялікі, ёсць магчымасць ушчыльняць групы, а калі праз гады патрэба ў садку адпадзе, яго нескладана перапрафіляваць пад іншы аб'ект.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Трэцяя лінія метро

У лістападзе мінулага года ў Мінску была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга трэцяй лініі метро, якая злучыла праз цэнтр горада паўночныя і паўднёвыя яго раёны. У цырымоніі адкрыцця новай веткі браў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў складаны год нішто не спыніла будаўнікоў метро: ні пандэмія, ні заклікі да забастовак. «Бо вы былі занятыя справай, як і большасць беларусаў, дзякуючы якім краіна жыве, развіваецца, становіцца прыгажэйшай і больш утульнай», — звярнуўся ён да віноўнікаў ўрачыстасці.

Аб'ём перавозкі пасажыраў Мінскім метрапалітэнам за 2020 год склаў амаль 219 млн 290 тысяч. У суткі ў сярэднім паслугамі сталічнай падземкі карысталіся амаль 600 тысяч чалавек. Удзельная вага метрапалітэна ў перавозках камунальным пасажырскім транспартам складае больш за 36,4 %. Пасажырапаток чатырох новых станцый сталічнага метро складае ў сярэднім 10 тысяч чалавек.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін назваў развіццё сеткі метро дэманстрацыяй эканамічнай развітасці дзяржавы. «Калі эканоміка дзяржавы стабільная, краіна можа рэалізоўваць такія буйныя праекты і, самае галоўнае, рэалізоўваць у кароткі перыяд часу», — сказаў ён. Будаўніцтва трэцяй лініі працягваецца, у лютым была завершана пракладка правага тунэля да будучай станцыі метро «Немаршанскі сад», даўжыня якога 1830 метраў. Тры новыя станцыі ў слуцкім кірунку плануецца ўвесці ў сярэдзіне 2023 года.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА


Дзіцячы тэхнапарк

У Гомелі напярэдадні Дня Незалежнасці адкрылі дзіцячы «Інапарк» на базе новага модуля тэхнапарка «Карал». Першы модуль з офіснымі, лабараторнымі і вытворчымі памяшканнямі быў адкрыты год таму. За гэты час рэзідэнтамі тэхнапарка сталі сем юрыдычных асоб, якія займаюцца як ІT-тэхналогіямі, так і вытворчай дзейнасцю. Заключана 12 дагавораў аб супрацоўніцтве з вядучымі ўстановамі вышэйшай, сярэдняй і дадатковай адукацыі, навуковымі ўстановамі і іншымі беларускімі тэхнапаркамі.

— Гэты навукова-тэхналагічны парк — знакавы аб'ект, які стане важнай кропкай апоры для эканомікі не толькі Гомельскага рэгіёна, але і ўсёй краіны, — заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Пройдзе няшмат часу, і карціна інавацыйнай дзейнасці Гомельскага рэгіёна істотна зменіцца дзякуючы такім праектам.

Ён назваў «Карал» хуткасным трамплінам у будучыню. Падчас адкрыцця новага модуля кіраўніцтва тэхнапарка падпісала дагавор аб стварэнні на яго базе філіяла кафедры «Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні» Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога. Было абмеркавана і супрацоўніцтва з расійскімі кампаніямі, якія працуюць у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Дзіцячы «Інапарк» — падраздзяленне Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі — з верасня плануе прыняць звыш пяцісот юных наведвальнікаў. На дзень адчыненых дзвярэй сюды прыехала каля трох тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак з Гомеля і раёнаў вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Футбольны манеж

У Віцебску, безумоўна, адным з самых значных пабудаваных аб'ектаў сярод іншых за гады незалежнасці краіны стаў паветраапорны футбольны манеж. Збудаванне афіцыйна ўвялі ў эксплуатацыю ў верасні мінулага года — у рамках святкавання абласных «Дажынак», якія праводзілі ў сталіцы Падзвіння.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям тое, што калісьці здавалася толькі казкай, рэалізавана ў рэчаіснасці. Праекціроўшчыкі прадугледзелі, каб з манежа можна было, не выходзячы на вуліцу, прайсці ў кавярню, гасцініцу, раздзявалкі, трэнажорныя залы ЦСК. Такім чынам, ён стаў сучасным працягам маштабнай футбольнай лакацыі.

Памер поля стандартны для гульні ў футбол. На штучным пакрыцці, якое паклалі беларускія спецыялісты, можна трэніравацца нават у самыя лютыя зімы. Якасць ацанілі прафесіяналы і будучыя зоркі адной з самых папулярных спартыўных гульняў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


«Разумная» паліклініка

Яна адпавядае ўсім патрабаванням сучаснасці і спалучае адразу некалькі медыцынскіх устаноў — дарослую і дзіцячую паліклінікі з асобнымі ўваходамі, жаночую кансультацыю, стаматалогію, рэабілітацыю, аддзяленні вода- і спелеа-лячэння, а таксама падстанцыю хуткай медыцынскай дапамогі.

Фо­та: mogіlevnews.by

Магілёў стаў адным з першых гарадоў, дзе была рэалізаваная праграма дзяржаўнай палітыкі па будаўніцтве інтэграваных паліклінік у рэгіёнах. Улічваючы, што мікрараёны «Казіміраўка» і «Спадарожнік» развіваюцца імклівымі тэмпамі, гэты аб'ект быў вельмі неабходны для іх жыхароў. Ён і будаваўся апераджальнымі тэмпамі — у тры разы хутчэй, чым планавалася.

Сяміпавярховік плошчай 16 тысяч квадратных метраў цалкам узброены сучасным медыцынскім абсталяваннем, тут сканцэнтраваны ўвесь неабходны рэсурс меддапамогі і рэалізаваны апошнія дасягненні ў гэтай галіне. Функцыянуе адкрытая рэгістратура, існуе электронная чарга, створаны кол-цэнтр. Усе даныя абследаванняў пацыента аўтаматычна трапляюць у яго электронную амбулаторную картку, а на лекі выдаецца электронны рэцэпт.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Будынак для музея

Чэрвеньскі краязнаўчы музей атрымаў новы будынак, які быў узведзены ў рэкордна сціслыя тэрміны калектывам Будаўнічага ўпраўлення № 20 «Мінскпрамбуд».

Новы аб'ект адрозніваецца ад папярэдняга не толькі маштабамі, але і прывабным знешнім выглядам, уладкаванай вакол тэрыторыяй. Ён удала ўпісаўся ў архітэктурны ансамбль горада, гарманіруе з суседнімі будынкамі і навакольным ландшафтам. У сучасным прасторным будынку на першым паверсе акрамя чатырох экспазіцыйных залаў размясціліся выставачная і канферэнц-зала, што дазволіла часцей мяняць экспазіцыі і такім чынам прыцягваць у музей больш людзей, збіраць іх на розныя пазнавальныя мерапрыемствы. А на другім паверсе ўладкаваны ўтульныя і камфортныя рабочыя кабінеты і фондазахоўванне.

Новы музей дае зусім іншыя магчымасці супрацоўнікам для рэалізацыі цікавых праектаў, задум, а наведвальнікам дазваляе больш глыбока спазнаваць багатую гісторыю краю.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.