Вы тут

Гісторыя адзінага помніка Дзяржаўнаму сцягу


У райцэнтры Сянно, што на Віцебшчыне, маецца адзіны ў краіне помнік, прысвечаны Дзяржаўнаму сцягу. Ён цікавы тым, што ўшаноўвае звычайную вясковую жанчыну. Яго ўстанавілі ў 2015 годзе — у гонар Матроны Маркевіч (у дзявоцтве Кацар), якая вядомая як аўтар узору, узятага за аснову арнаменту на адным з галоўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.


Фота: sb.by

Традыцыйна каля памятнага знака «Родны край» праводзяць патрыятычныя акцыі. «Звязда» неаднойчы распавядала і пра помнік, і пра Матрону Маркевіч, адну з многіх беларускіх жанчын з залатымі рукамі, і пра тое, як арнамент з рушніка, які яна стварыла, з'явіўся на сцягу. Лічыцца, што вышыла майстрыца яго аж у 1917 годзе.

Жыхары Сянно вельмі ганарацца тым, што іх зямлячка, звычайная сялянка родам з вёскі Клімавічы, маці семярых дзяцей, увайшла ў гісторыю як адна з аўтараў арнаменту. На ўроках краязнаўства мясцовыя дзеці зацікаўлена слухаюць пра гэтую жанчыну. Даведацца пра яе можна і ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Матрона нарадзілася ў 1896 годзе. Пражыла цяжкае жыццё. Сама з сям'і заможных сялян. Калі стварыла сваю сям'ю, іх раскулачылі, а мужа з-за таго, што не хацеў уступаць у калгас, расстралялі. У ваенныя гады жанчына сышла да партызанаў і ў зямлянцы займалася ткацтвам: знайшла для гэтага ўсе інструменты і ніткі.

У час, калі яе старэйшы сын пайшоў у армію, менавіта ткацтва выратавала яе з дачкой Зінаідай ад галоднай смерці. Вырабы яны адносілі ў Сянно, дзе прадавалі або мянялі на ежу. Яшчэ ў 1951-м Матрона з дачкой жылі ў зямлянцы, майстрыха хварэла на рэўматызм. Памерла яна ў 1957 годзе. Пахавана ў Касцялішчах, у якіх жыла пасля таго, як выйшла замуж.

Арнамент ад Матроны ўпрыгожыў сцяг дзякуючы яе роднаму брату Міхаілу Кацару. Ён у 1951 годзе як загадчык секцыі этнаграфіі і фальклору беларускай Акадэміі навук атрымаў урадавае заданне распрацаваць новы ўзор сцяга краіны, каб той адрозніваўся ад сцягоў іншых савецкіх рэспублік.

Цікава, што фрагмент рушніка, зробленага сястрой, даследчык знайшоў у архівах «Белпрамсавета». Туды выраб трапіў у выніку адной з этнаграфічных экспедыцый. У супрацоўніцтве з беларускім жывапісцам, графікам Мікалаем Гусевым Міхаіл Кацар стварыў знакамітую выяву для сцяга БССР. Зроблены сястрой узор, які адлюстроўвае ўзыходзячае сонца, быў дапоўнены зашыфраванай выявай хлеба.

Матрона Маркевіч не ведала, што стала суаўтарам арнаменту на сцягу, бо не мела з братам стасункаў, каб не пашкодзіць яго навуковай кар'еры, бо лічылася жонкай «ворага народа».

Памятны знак на галоўнай плошчы Сянно нагадвае нам пра вытокі нашага нацыянальнага кода. Лёс Матроны — як люстэрка цяжкай долі, узор беларускага характару з яго шчырасцю, таленавітасцю і адкрытасцю свету.

Традыцыя ткаць рушнікі ў Сянно працягваецца. У пачатку чэрвеня ў раёне распачалі праект, прымеркаваны да Года народнага адзінства. У мясцовым Доме рамёстваў любы ахвотны можа далучыцца да стварэння рушніка-абярэга. Падказкі майстрых дапамогуць зрабіць на традыцыйным станку для ткацтва ўсё як мае быць: ад прытрымлівання ніткі да націскання на педалі. Задумана, што даўжыня гэтага калектыўнага твора будзе пяць метраў. Рушнік упрыгожаць сімваламі сонейка, дабрабыту, сілы жыцця... Плануецца паказаць яго жыхарам розных населеных пунктаў раёна. А ў фінале акцыі — ўрачыстая прэзентацыя твора.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: У гонар жаночага лёсу і беларускасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.