Вы тут

Тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй з пачатку года павялічыўся на траціну


Аб гэтым паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках правядзення VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які завяршыўся сёння. Нагадаем, што мерапрыемства праходзіла з 29 чэрвеня па 1 ліпеня ў фармаце відэаканферэнцыі. Тэмай сёлетняга форуму было абрана «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў эпоху лічбавізацыі».


У прыватнасці, спікер верхняй палаты беларускага парламента, аналізуючы выніковасць падпісаных дамоў і кантрактаў, звярнула ўвагу, што сёлета іх агульная лічба дасягае 800 мільёнаў долараў. Важным, на яе пункт гледжання, з’яўляецца і падпісанне дамовы паміж гандлёва-прамысловымі палатамі абедзвюх краін і стварэнні савета дзелавога супрацоўніцтва. — У цэлым паміж урадам нашай краіны і урадам Расійскай Федэрацыі былі падпісаны каля 50 дамоў аб супрацоўніцтве, дамовы аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве. І вельмі важна, што нашы абласныя Саветы дэпутатаў падпісалі дамову аб супрацоўніцтве са сваімі калегамі ў Расійскай Федэрацыі, — падкрэсліла яна. 

Прагназуючы перспектывы наступнага, ужо дзявятага па ліку Форуму, правядзенне якога анансавалася ў Гродне налета, Наталля Качанава адзначыла, што мільярдны рубеж можна пераадолець, калі да гэтага імкнуцца. 

— Гледзячы на тэмп тавараабароту, які ёсць сёлета — мы прыраслі на 34 працэнты ў параўнанні з леташнімі пяццю месяцамі — усё магчыма, — упэўнена яна і адначасова звярнула ўвагу, што вынік падпісаных кантрактаў — гэта не толькі работа ў тры дні форума, а бесперапынная работа на працягу ўсяго года. 

— Я мяркую, што мы зможам падысці і да гэтай лічбы, але важна, каб ўсё было эфектыўна, — падкрэсліла спікер верхняй палаты. — Каб прымаемыя рашэнні, заключаныя кантракты маглі быць рэалізаваныя. Гэта самае галоўнае. 

Што датычыцца фармата правядзення Форума, Наталля Качанава не сумняваецца ў яго эфектыўнасці: 

— На жаль, сітуацыя з захваральнасцю уносіць карэктывы і ў нашы планы, таму мы другі год запар праводзім Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў рэжыме відэаканферэнцыі. На мой погляд, вядома ж, хацелася сустрэцца з калегамі, абмеркаваць усе пытанні, якія мы разглядалі на секцыях, пленарным пасяджэнні. Але разам з тым на рашэнні, якія мы прымаем на гэтых двух мінулых форумах, фармат ніяк не паўплываў, — пераканана яна. 

Больш за тое, тэма, якая разглядалася сёлета — «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў эпоху лічбавізацыі» — абсалютна сугучна з тым, як праводзіўся гэты форум. 

— Таму заключаныя кантракты, пагадненні, прынятыя рашэнні будуць рэалізаваныя — у гэтым няма сумневу, — упэўнена Наталля Качанава. — А калі нам дазволіць становішча, мы правядзем форум як гэта было заўсёды, традыцыйна, у рэжыме сяброўскай сустрэчы. 

Але разам з тым, перакананая яна, рашэнні, якія прымаюцца нават у рэжыме відэаканферэнцыі, вельмі цікавыя і актуальныя. 

Адказваючы на пытанне аб неабходнасці выхаду супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй на больш высокі ўзровень на фоне санкцыйнага ціску калектыўнага Захаду, Наталля Качанава падкрэсліла што санкцыі, якія прымаюцца ў адносінах да нашых краін, неабгрунтаваныя, абсалютна беспадстаўныя і жорсткія. 

— Усе павінны разумець, што гэта датычыцца кожнага жыхара нашай краіны. Таму мы робім усё, каб мінімізаваць тыя пытанні, якія ўзнікаюць у адносінах да нашай краіны і яе эканоміцы, — адзначыла яна. — Таму радуе, што таваразварот паміж нашымі краінамі расце, нягледзячы на ўсе прымаемыя да нас меры. 

Спікер верхняй палаты таксама нагадала, што і пандэмія ўнесла свае негатыўныя карэктывы. 

— Але мы працуем, функцыянуе эканоміка нашай краіны і мы разумеем, канешне, што Расія для нас была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам і ў эканоміцы, у гуманітарнай сферы, — падкрэсліла яна. — У нас адна гісторыя, агульныя карані, мы павіны быць адзіныя ў тым, каб пытанні, якія трэба вырашаць, мы вырашалі разам. 

Наталля Качанава адзначыла, што на форуме прагучала шмат цікавых прапаноў, якія датычацца перагляду імпарту, работы нашых прадпрыемстваў.

— Магчыма, нам трэба дзесьці не канкурыраваць, а працаваць так, каб гэта было ўзаемавыгадна для нашых краін: для Беларусі і для Расіі, — акцэнтавала яна ўвагу. — Таму мы будзем рабіць усё для таго, каб нашы людзі менш адчулі на сабе санкцыйны ціск. Але мы павінны разумець, што гэта несправядліва ў адносінах да нашай краіны і гэта за межамі разумення, на мой погляд.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».