Вы тут

Маленькія людзі на вялікіх карцінах


«Вялікія мары маленькіх людзей» — так называецца персанальная выстаўка беларускага мастака Валянціна Губарава, якая адкрылася нядаўна ў Нацыянальным мастацкім музеі. На святочнай імпрэзе сабралася шмат знаўцаў мастацтва, дзеячаў культуры і аматараў жывапісу. У рамках выстаўкі выдавецтва «Чатыры чвэрці» прэзентавала новае выданне — мастацкі альбом «Валянцін Губараў». Усе ахвотныя змаглі набыць яго і ўзяць аўтограф у мастака.


Крокі ў творчасці

Валянціна Губарава добра ведаюць як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Яго персанальныя выстаўкі паспяхова прайшлі ў многіх краінах Еўропы. Карціны В. Губарава знаходзяцца ў Музеі мастацтва Санкт-Пецярбурга XX—XXI ст. (Расія), музеі Zimmerli Art Museum (ЗША), галерэі ProArt Gallery (ААЭ) і інш., а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Германіі, Аўстрыі, Японіі, Ізраілі.

Валянцін Аляксеевіч нарадзіўся ў 1948 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе, скончыў Горкаўскае мастацкае вучылішча, затым факультэт графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута. У 1975 годзе пераехаў у Беларусь. Цяга да творчасці з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі ён змалёўваў па клетках з паштовак карціны рускіх мастакоў — І. Левітана, А. Саўрасава, Ф. Рашэтнікава. На 3-м курсе вучылішча В. Губараў адкрыў для сябе работы Дж. Полака, П. Сезана, В. Ван Гога, А. Маціса і пачаў шукаць уласны стыль. І, трэба прызнацца, знайшоў. У стылі наіўнага жывапісу мастак працуе і па сёння.

«30 гадоў разам», 2016 г.

Карціны Валянціна Губарава штогод выстаўляюцца ў Францыі, пачынаючы з 1991 года. У 1994-м мастак заключыў эксклюзіўны кантракт з французскай галерэяй «Les Tournesols», з якой і сёння працягвае супрацоўніцтва, а ў 2006 годзе пачаў супрацоўнічаць з мастацкай галерэяй «Ла-Сандр Арт». Між тым работы В. Губарава выстаўляюцца на аўкцыёнах «Christie’s» у Лондане, «Drouot Richelieu» і «Taschen» у Парыжы, «KINSKY» ў Вене. Творчасці яго прысвечаны адзін з альбомаў папулярнай серыі «Найлепшыя сучасныя мастакі» расійскага выдавецтва «Дырэкт-Медыя», дзе Валянцін Аляксеевіч стаіць у адным шэрагу з Фрыдай Кало, Эндзі Уорхолам, Эдвардам Мункам, Фрэнсісам Бэканам і іншымі агульнапрызнанымі класікамі.

Шмат людзей адгукаюцца на работы В. Губарава ўласнай творчасцю. Так, у Германіі выйшаў альбом, у які ўключана каля 400 вершаў. «Паэтэса з Расіі апублікавала мае карціны, а побач, на іх сюжэт — свае вершы. А тры мастачкі з Масквы стварылі інсталяцыю метраў на 12, дзе ўзнавілі мастацкі свет лялек… Такое вось другое жыццё маіх персанажаў. А год таму Нацыянальны казанскі тэатр папрасіў дазволу паставіць спектакль па сюжэтах маіх карцін», — адзначае мастак.

Наіўны жывапіс

Непаўторны стыль Валянціна Губарава крытыкі адносяць да «прымітывізму», або «наіўнага жывапісу». Гэта стыль, у якім форма спецыяльна спрашчаецца. Тут галоўнае — перадаць пачуцці, настрой і ідэю. У карцінах В. Губарава ёсць сарказм, іронія, гратэск, але яны па сваёй сутнасці добрыя, душэўныя і павучальныя.

Работы мастака нельга назваць наіўнымі літаральна. Уяўная наіўнасць і прастадушнасць выступаюць формай, пры дапамозе якой ствараецца своеасаблівая губараўская атмасфера рамантызацыі паўсядзённасці, здольная прыцягваць гледачоў рознай ступені дасведчанасці. Аднак аб майстэрстве і высокім прафесіяналізме сведчаць бездакорная дакладнасць і вытрыманасць стылю, змястоўная насычанасць кожнай карціны. У работах Валянціна Аляксеевіча так званая наіўнасць глыбока прадумана і па-майстэрску рэалізавана. Сюжэты складаюцца з мноства асобных старанна выкананых дэталяў, пры гэтым кампазіцыя ўяўляецца суцэльнай і гарманічнай, а дэталізацыя стварае дадатковы сэнс, у выніку чаго вонкава наіўная карціна становіцца шматслаёвай, насычанай рознаўзроўневымі падтэкстамі. Таму работы В. Губарава выклікаюць самыя розныя пачуцці: настальгію, смех, іронію, захапленне, расчуленасць, разважанні пра сэнс жыцця... Мастак валодае стылістычнымі прыёмамі, якія падкупляюць гледача. Тонкі гумар, сарказм, назіральнасць, веданне жыцця і побыту жыхароў правінцыйнай глыбінкі — усё гэта стварае каларытны губараўскі стыль, які можна адчуць на выстаўцы.

«Дачная ідылія», 2020 г.

«Адной аб’яднанай ідэі ў гэтай выстаўцы няма. Адзінае, што аб’ядноўвае ўсе мае карціны, — гэта людзі. У мяне няма ні адной карціны без людзей. І гэта не чэмпіёны, не пераможцы спаборніцтваў, не прыгажуны, не рэкардсмены. Гэта простыя, звычайныя людзі — маленькі чалавек, які заўсёды прыцягваў маю ўвагу. Я люблю і чэмпіёнаў, але іх дублёры ў маёй душы знаходзяць больш спагады. Таму яны і жывуць на маіх карцінах, я іх люблю», — падкрэслівае Валянцін Аляксеевіч.

Сюжэты і персанажы

Валянцін Губараў стварае цёплыя настальгічныя сюжэты, і кожны з іх нагадвае кадры з кінастужкі даўніх часоў. Бігудзі, дываны з аленямі на сценах, гітара з бантам, хрустальны сервіз у шафе — усе гэтыя савецкія атрыбуты міжволі выклікаюць сумную ўсмешку.

Мастак прызнаецца, што не прыдумвае сюжэты для сваіх работ. Ён проста жыве, назіраючы за рэчаіснасцю пад асаблівым ракурсам, уласцівым толькі творчым асобам. Тое, што ён бачыць вакол, успрымае шчыра і непасрэдна. А, натхніўшыся, пачынае тварыць, адлюстроўваючы ўсё тое, што падгледзеў у самога жыцця: і мужыкоў, якія засядзеліся ў гасцях, і жанчыну, якая развешвае бялізну ці гатуе яечню, і дзеда, які праз шчыліну ў плоце сочыць за суседкай, і яшчэ шмат чаго, чым багата правінцыйнае жыццё.

У адным інтэрв’ю пра жыццё ў правінцыі В. Губараў адзначыў: «У маім уяўленні гэта ідылія: там дрэвы вышэй за дамы, побач тоўстыя каты, сабакі і куры, людзі вітаюцца адно з адным. І няма ў іх каменя за пазухай, яны заўсёды гатовыя дапамагчы. Нават калі ноччу табе спатрэбіцца на вакзал, такі чалавек дапаможа давезці чамаданы. Чыстыя душой, добрыя людзі, якія не здольныя ні падмануць, ні падвесці. Гэта і ёсць мае персанажы. Таму назва гэтай выстаўкі — “Вялікія мары маленькіх людзей”».

Жанчына, здаецца, і сапраўды цэнтральны герой у творчасці мастака. Прытым В. Губараў паказвае яе ў самым сакавітым, зусім не ідэалізаваным вобразе — пышных формаў, немаладых гадоў, але ўсё такую ж прыгожую і прывабную. Мастак выказвае ўдзячнасць жанчыне, паказвае яе шчырую і зразумелую прыгажосць. Вось яна выбірае сукенку, чакае мужа, вось паказвае дулю, тут разважае, марыць, тут з кубачкам кавы глядзіць тэлевізар, а тут разводзіць плёткі з суседкай ці нясе курыцу. І ва ўсіх праявах яна арганічная. Такой уяўляе жанчыну Валянцін Губараў.

Выразна прасочваецца любоў мастака да хатніх жывёл. Амаль на кожнай рабоце можна заўважыць ката ці сабаку. Вось разглядваеш карціну за карцінай, і з’яўляецца нейкі азартны інтарэс адшукаць ката. З першага погляду здаецца, што няма, а потым угледзішся — і вось ён недзе на дальнім плане схаваўся пад дахам ці на падаконніку.

Шматпланавасць і многасюжэтнасць у рамках адной карціны зачароўвае. Тут сапраўдная прастора для думак і фантазіі гледача. Можна непрыкметна правесці шмат часу, паасобку разглядваючы кожную дэталь. І так з мноства маленькіх эпізодаў нараджаецца адна гісторыя.

Здаецца, што лейтматывам творчасці Валянціна Губарава выступае слова «цеплыня». Прычым у розных яе праявах. Гэта цеплыня чалавечых пачуццяў, узаемаадносін, паўсядзённага жыцця, маленькіх радасцей, вялікіх мар, цеплыня ўтульнага дома і чалавечай душы. Іншы раз яна прыемная, сагравальная, а бывае — з прысмакам смутку, шчымлівая, з гарчынкай.

Карціны В. Губарава маюць адначасова аднолькавае і рознае колеравае напаўненне. У цэлым, можна выдзеліць дзве плыні. Адна адлюстроўвае глыбокія, насычаныя, кантрасныя і сакавітыя колеры, што адпаведна перадаюць настрой пазітыву і радасці жыцця. Другая плынь напоўнена цёмнымі колерамі і адценнямі: шэрымі, чорнымі, карычневымі тонамі. Карціны гэтай плыні выклікаюць у гледача жаданне паразважаць над сур’ёзным і вечным. Яны якраз і перадаюць цеплыню з прысмакам смутку і надзеі. Такі ўдалы баланс не замыльвае пачуцці, а дазваляе адчуць іх больш ярка.

«Шчасце», 2019 г.

«Маленькі чалавек» у творчасці В. Губарава вельмі прываблівы. «Хто бачыць мае карціны першы раз — заўважае насы, вушы, іншыя дэталі. Хто глядзіць трэці раз, на гэта ўжо не звяртае ўвагі, як і я. Для мяне гэта такія ж звычайныя людзі, як і мы з вамі. Я даўно ўжо не езджу на тралейбусах і ў метро, перамяшчаюся на машыне, але ўвесь час углядаюся ў людзей. А яны ж усюды аднолькавыя», — падкрэслівае мастак.

Апошні раз у Мінску карціны Валянціна Аляксеевіча экспанаваліся пяць гадоў назад, таму выстаўка «Вялікія мары маленькіх людзей» — сапраўднае свята для жыхароў і гасцей сталіцы. Пазнаёміцца з яго работамі (экспануецца 50 карцін), узняць настрой тонкім гумарам, яркасцю і сакавітасцю фарбаў можна да 18 ліпеня.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».