Вы тут

Разважанні ветэрана вайны


Сышоў у гісторыю юбілейны пераможны год. Сышоў, можна было б сказаць, прыгожа. Калі б… Калі б не COVID-19, а потым яшчэ і анлайн-экстрэмізм, у кожным кроку якога адчуваецца подых пажару новай сусветнай вайны. «Ну і занесла ж аўтара, — скажа іншы неспакушаны жыццём чытач. — Падумаеш, згарэлі ў Мінску два-тры кіёскі ці пара міліцэйскіх машын. Дык яны гараць і ў Парыжы, і нават за акіянам». Згодны, гараць і там. Але накіраванасць тых пажараў, зноўтакі, у адзін, вызначаны верхаводамі сусветнага капіталу, бок. Нешта падобнае было і напярэдадні гітлераўскага нашэсця на нашу краіну.


Павел Ярашэнка ў ваенны час.

Пажары

Іх было шмат. І пра іх нашы, ды і замежныя, публіцысты напісалі ўжо нямала і будуць пісаць яшчэ доўгі час. Яно і зразумела. Тэма гэтая невычарпальная. У кожнага, хто перажыў тую вайну, што назвалі Вялікай Айчыннай, у душы свой пажар, яшчэ не патушаны і па сёння.

Напрыклад, у сямігадовай беларускай дзяўчынкі Надзі Казаковай з вёскі Усушак Чавускага раёна гітлераўцы спалілі родную хату, кінулі ў печ крэматорыя яе бацьку камуніста Паўла Цярэнцьевіча Казакова, а любага дзядулю Цярэнція Піліпавіча і стрыечнага брата Паўліка Ткачова ўтапілі ў рацэ на яе вачах. Ды і саму Надзю і пад шыбеніцу ставілі, і расстраляць пагражалі.

А колькі ўвогуле ў Беларусі такіх пакалечаных ды знявечаных чалавечых лёсаў і знішчаных вёсак. Толькі ў «Хатыні» іх цэлыя могілкі! Занесена туды і вёска Усушак.

А пачыналі фашысцкія інквізітары навядзенне «новага парадку» на захопленых тэрыторыях звычайна з расстрэлу яўрэяў, камуністаў, камсамольцаў і настаўнікаў. Потым браліся за бібліятэкі. У полымі знікала ўсё, што напісана і выдадзена. Такі лёс, прынамсі, напаткаў і нашу вясковую бібліятэку, у якую бегаў, як толькі навучыўся чытаць.

З бібліятэкай у мяне звязаны і сумныя ўспаміны. Дапамагаючы бацьку пасвіць калгасны статак, я заўсёды браў штонебудзь пачытаць. І вось здарылася неверагоднае: адна шкадлівая карова з’ела кніжку, дакладней, невялікую брашуру, але яна была бібліятэчная. Перажывала ўся сям’я. Шукалі такую ж у продажы — не знайшлі. Давялося сплаціць у 12-кратным памеры. Прымаць нешта іншае наўзамен бібліятэкар адмовілася. Магчыма, з-за майго артыкула «Хата-чытальня на замку», надрукаванага незадоўга перад гэтым у раённай газеце «Калгасны шлях». За гэтую крытыку старшыня сельсавета накруціў мне вушы.

Павел Ярашэнка ў нашы дні.

Згаданы эпізод стаў маім дэбютам у журналістыцы. Праўда, зноў пісаць пачаў ужо пасля вайны. І пішу ў асноўным у ваенныя выданні. Давялося аднойчы выступіць і на старонках «ЛіМа». 19 лютага 1958 года штотыднёвік надрукаваў мой артыкул «Гэта не павiнна паўтарыцца» аб лагеры смерці «Бухенвальд». Як бачыце, тэма пераклікаецца з сённяшняй размовай.

Вяртаючыся да пачатку, трэба асабліва падкрэсліць: нашы ворагі заўсёды баяліся праўды жыцця. Таму акупанты і спальвалі кнігі і газеты, знішчалі радыёкропкі, якія ў той час толькі пачалі з’яўляцца ў вёсках.

Павальнае знішчэнне акупантамі сродкаў масавай інфармацыі на захопленых імі савецкіх тэрыторыях у нейкай меры кампенсавалася выпускам падпольных газет і лістовак. І, канечне ж, армейскай прэсай. Напрыканцы 1942 года ва Узброеных Сілах СССР выходзіла 4 цэнтральныя газеты, 14 франтавых, амаль сотня армейскіх і корпусных і каля 600 салдацкіх шматтыражак у дывізіях і брыгадах.

Значная іх частка прыходзілася на Заходні, пазней — 3 Беларускі фронт, дзе флагманам усёй франтавой прэсы выступала «Красноармейская правда». Дарэчы, яе правапераемніца — ордэна Чырвонай Зоркі «Беларуская ваенная газета “Во славу Родины”» — 22 чэрвеня гэтага года адзначыла 100-годдзе з дня выхаду першага нумара. І ўвесь гэты час яна ўносіла значны ўклад у справу падрыхтоўкі і выхавання мужнага і стойкага абаронцы Радзімы.

А калі над краінай навісла смяротная небяспека, у вырашэнні гэтай найважнейшай задачы ўдзельнічалі і многія літаратары: Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Міхаіл Матусоўскі, Канстанцін Сіманаў, Вадзім Кажэўнікаў, Аляксей Суркоў, Аляксандр Твардоўскі і шэраг іншых. І слова кожнага з іх было гучнае, натхняльнае.

У самы разгар баёў за Беларусь 17 жніўня 1941 года на старонках «Красноармейской правды» з’явіўся верш Пімена Панчанкі «Малады партызан», які натхняў патрыётаў на барацьбу з ворагам у шэрагах народных мсціўцаў. Гэта былі калі не першыя, то адны з першых радкоў «літаратуры ў армейскім шынялі».

Даўно прыкмечана: з добрага пачатку звычайна вынікае і добры працяг. У нашым выпадку такім працягам стаў цудоўны «Васіль Цёркін» супрацоўніка газеты «Красноармейская правда» А. Т. Твардоўскага.

Цёпла сустрэў чытач і паэму «Сцяг брыгады», напісаную ў 1942 годзе супрацоўнікам армейскай газеты «Знамя Советов» Заходняга фронту Аркадзем Аляксандравічам Куляшовым. Твор стаў адным з самых значных дасягненняў савецкай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ж можна сказаць і пра творчасць Петруся Броўкі, які ў гады ваеннага ліхалецця таксама актыўна працаваў у франтавым і партызанскім друку. «Паэма пра Смалячкова» (1942), паэмы «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), што выйшлі з-пад яго пяра, кранаюць душу і чытачоў усіх узростаў і пакаленняў.

Светлы дзень набліжаўся

Яшчэ старажытныя філосафы заўважылі: якой доўгай і цёмнай ні была б ноч, яе абавязкова зменіць светлы дзень. Па меры таго, як Чырвоная Армія гнала акупантаў назад — туды, адкуль яны прыйшлі, — сыходзіла прэч цёмная акупацыйная ноч і наставаў дзень вызвалення з усімі атрыбутамі даваеннага жыцця, у ліку якіх былі газеты і кнігі.

...Марознай студзеньскай ноччу 1943 года на аэрадроме Мінскага партызанскага злучэння прызямліўся самалёт. На ім прыляцелі сакратар ЦК ЛКСМБ М. В. Зімянін і былы рэдактар маладзёжнай газеты «Чырвоная змена», учарашні палітработнік на Калінінскім фронце М. П. Барашкаў. Яны даставілі ўсё неабходнае для выпуску ў палявых умовах газет і лістовак. Міхаіл Васільевіч Зімянін паведаміў, што ЦК Кампартыі Беларусі вырашыў выдаваць у тыле ворага «Звязду» і «Чырвоную змену», а рэдактарам абедзвюх газет прызначаны Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў. Мінскі падпольны абкам партыі дапамог з падборам кадраў. Ужо напрыканцы студзеня беларусы чыталі «Звязду» і «Чырвоную змену». Першая з іх выходзіла два разы на тыдзень, другая — адзін раз.

Пасля смерці Барашкава ад сыпнога тыфу 21 лютага 1944 года газеты ўзначаліў Георгій Міхайлавіч Шчарбатаў, вядомы чытачам старэйшага пакалення і як аўтар кніг «Партызанскія агні», «Камсомол Беларусi ў баях за Радзiму», і як перакладчык кнігі чэшскага патрыёта-антыфашыста Юліуса Фучыка «Слова перад пакараннем смерцю». Адносна рэгулярны выпуск рэспубліканскіх газет стаў значнай з’явай у грамадскім жыцці.

Па меры выгнання акупантаў адразу ж пачалося ўзнаўленне ўсяго імі разбуранага, у тым ліку школ і бібліятэк. І самае ганаровае месца на кніжных паліцах займала «літаратура ў армейскім шынялі» — кнігі К. Сіманава, А. Твардоўскага, К. Крапівы, П. Броўкі, М. Танка і іншых. Побач з выданнямі выбітных аўтараў было нямала твораў і пачынаючых літаратараў. Так, супрацоўнік франтавой газеты «Красноармейка» капітан Я. В. Герцовіч напісаў кнігу навел «На вайне як на вайне», а старшыня звышурочнай службы М. П. Кругавых — раман «Гонар ярма не прымае».

Былы абаронца Брэсцкай крэпасці Алесь Махнач вядомы ў Беларусі і як драматург. Яго пяру належыць зборнік «Драматычныя мініяцюры», п’еса «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» і іншыя. Адзінаццаць гадоў свайго жыцця (1953—1961, 1963— 1966 гг.)Аляксандр Іванавіч аддаў газеце «Лiтаратура i мастацтва». Карэспандэнт салдацкай газеты 171-й стралковай дывізіі, пазней начальнік аддзела газеты Беларускай ваеннай акругі падпалкоўнік М. В. Гур’еў пакінуў нам кнігу «Да сцен рэйхстага» — потам і крывёю напісанае сведчанне відавочцы аб той вайне, якую ён ад пачатку да канца прайшоў.

І хто сёння спрабуе перапісваць нанова «як гэта было», хай зазірне хаця б у некаторыя з названых крыніц.

У стварэнні «літаратуры ў армейскім шынялі» і ў аднаўленні паўсюдна разрабаваных і знішчаных бібліятэк выявілі асаблівую актыўнасць вайскоўцы. У гэтай сувязі ўспомніўся выпадак, калі франтавік, які прыехаў у родную вёску Ржаўка ў першы пасляваенны адпачынак, убачыўшы на месцы бібліятэкі пажарышча, вырашыў пабудаваць землякам новую бібліятэку. Ён выдаткаваў усе свае зберажэнні, назапашаныя на іншыя мэты, але ажыццявіў задуманае. Узвёўшы новы будынак, укамплектаваў яго кнігамі, часопісамі, газетамі. Закупіў усё, што можна было, у мясцовым гандлі, а класіку даслаў пазней. Уся акруга зайздросціла. А вяскоўцы прысвоілі сваёй бібліятэцы імя земляка — Якава Драйчука.

Якаў Іванавіч Драйчук, генерал-маёр авіяцыі, гераічна змагаўся з нямецкімі захопнікамі на франтах Вялікай Айчыннай, адзначаны дзясяткамі дзяржаўных узнагарод. Памёр у 1978 годзе. Пахаваны ў роднай вёсцы Ржаўка Слаўгарадскага раёна. На жаль, цяпер ужо няма ні той вёскі, ні бібліятэкі. Іх накрыла чорнае покрыва Чарнобыля.

Беларусы старэйшых пакаленняў добра памятаюць раманы М. І. Аляксеева «Якаў Жэлезноў», «Выпрабаванне», аповесць аб двойчы Героі Савецкага Саюза І. Д. Чарняхоўскім «Асколкам абарванае жыццё». Але не ўсе ведаюць, што Мікалай Іванавіч — генерал-маёр інжынерных войскаў, а літаратурная дзейнасць расіяніна адзначана званнем заслужанага работніка культуры БССР.

Такім жа ганаровым званнем адзначаны і беларус паэт-франтавік Аляксей Васільевіч Пысін з Краснапольскага раёна. Ён знаёмы чытачам як аўтар паэтычных зборнікаў «Наш дзень», «Сіні ранак», «Сонечная паводка», у якіх усхваляецца гераізм народа ў барацьбе з ворагам. А яго калега з Хоцімскага раёна, у мінулым франтавы журналіст, кавалер чатырох баявых ордэнаў Пётр Фёдаравіч Прыходзька парадаваў чытачоў паэтычнымі зборнікамі «Голас сэрца», «Ранак над Эльбай» і іншымі. Першы з іх выйшаў у 1947 годзе.

Чытачы даваеннай пары ведалі двух Лыньковых з Рагачоўскага раёна — Міхаіла Ціханавіча (Міхась Лынькоў) і Рыгора Ціханавіча (Рыгор Суніца). Дарэчы, малодшы Лынькоў быў адказным сакратаром у «ЛiМе» ў 1936—1941 гг., у час вайны прапаў без вестак.

А яго старэйшы брат Міхась, які прайшоў вайну, — аўтар рамана-эпапеі «Незабыўныя дні». Твор неўзабаве заняў годнае месца ў бібліятэках побач з кнігамі К. Сіманава «Жывыя і мёртвыя», «Дні і ночы», А. Твардоўскага «Васіль Цёркін», «Дом ля дарогі» і творамі шматлікіх іншых пісьменнікаў, імёны якіх проста немагчыма назваць у адным артыкуле…

Пасля вайны ў большасці гарнізонаў пры дамах афіцэраў былі створаны і дзейнічалі літаратурныя гурткі, якія часцей за ўсё называліся аб’яднаннямі. У Гродне ўзначаліць такі гурток было даручана мне.

11 кастрычніка 1959 года акруговая газета «Во славу Родины» прысвяціла нашаму гуртку цэлую старонку. Цэнтральнае месца займала апавяданне Васілія Быкава «Эстафета перамогі». Тады ён падпісваўся менавіта так: Васілій. Вабіла тая старонка і вершамі «Пераправа» радавога Хв. Чэрні, «Бакеншчык» падпалкоўніка запасу Я. Еўсцігнеева і іншымі.

Гэтая публікацыя, і асабліва абагульняльны артыкул Пятра Прыходзькі «Пачатак шляху», дазволіла дзясяткам пачынаючых літаратараў смялей спрабаваць сябе ў паэзіі, прозе, іншых жанрах. У літаб’яднанні, вобразна кажучы, станавіліся на крыло, спрабавалі свае творчыя сілы Яўген Гладкоў, Пятро Сушко, Уладзімір Савін, Данута Бічэль і многія іншыя.

Не ўсе яны сталі выбітнымі паэтамі і празаікамі, але свой унёсак у кніжналітаратурную справу зрабілі ўсе.

Павел ЯРАШЭНКА, палкоўнік у адстаўцы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, член Саюза журналістаў СССР з сакавіка 1958 года

Друкуецца у часопісе «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Літаратура ў армейскім шынялі

Выбар рэдакцыі

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.

Грамадства

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Сёння ад рукі пішуць рэдка, мы жывём у эпоху месенджараў.

Грамадства

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Папера стала выдатнай альтэрнатывай дарагім ажурным тканінам.

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.