Вы тут

Гісторыя сям’і – гісторыя краіны: лёс чалавека, які вярнуўся з вайны


У Дзень Незалежнасці тэлевядучая АНТ Кацярына Цішкевіч дзеліцца ваеннай старонкай гісторыі сваёй сям’і. 


Заплюшчыце вочы і ўявіце: вы — малады чалавек і вам усяго 21 год. За вашымі плячыма 7 класаў школы, служба ў арміі, запатрабаваная прафесія шафёра, вялікая сям’я. Наперадзе вас чакае, безумоўна, доўгае і светлае жыццё, поўнае яркіх радасных момантаў і прыемных асабістых клопатаў... Уявілі?... Аднак у лёса на ваш конт зусім іншыя планы, але вы пра іх яшчэ не ведаеце...

22 чэрвеня 1941 года жыццё мільёнаў людзей, такіх, як мой дзядуля, падзялілася на «да» і «пасля» вайны. Ваенная старонка гісторыі нашай сям’і — адна са шматлікіх на прасторах былога Савецкага саюза. Але ж забыцца на тое, што перажывалі нашыя продкі падчас вайны, мы не маем права. Каб эмацыянальна адчуць той самы час, паспрабуйце віртуальна апынуцца на месцы юнака, чыю маладосць і здароўе забрала вайна. І толькі неймаверная ўнутраная моц, крэпасць духа і вера дапамаглі перажыць тыя жудасныя гады, вярнуцца дамоў і наладзіць мірнае пасляваеннае жыццё.

Пачатак…

У радах Чырвонай арміі мой дзядуля, Цішкевіч Матвей Сцяпанавіч, знаходзіўся з 1940 года. На абарону Радзімы ўстаў з першых дзён вайны, дакладней з 23 чэрвеня 1941 года. Быў танкістам. Для гэтай службы падыходзіў ідэальна: паджары, невысокага росту. У званні старэйшага сяржанта займаў пасаду камандзіра башні танка Т-34 19-га танкавага палка, 1-га танкавага корпуса, 1-га Украінскага Фронта. Прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на працягу двух гадоў да пачатку мая 1943 года.

Вайна і смерць — словы-сінонімы. Дзядуля неаднаразова адчуваў: «Вось ён канец!» Адзін з выпадкаў здарыўся падчас перадыслакацыі ваеннай тэхнікі. На сваім шляху баявая машына правалілася пад лёд. З чатырох членаў экіпажа выжыла трое, сярод іх і мой дзядуля. Дзякуючы таму, што танк трапіў у ваду пад вуглом, яны змаглі перабрацца ў частку, дзе было суха. Выбрацца самастойна з танка не было магчымасці, таму члены экіпажа прынялі рашэнне падарваць сябе. І тут звонку салдаты пачулі моцны грук. Нехта настойліва грукаў па ашалёўцы танка. Лёс вырашыў за людзей: жыццё працягваецца!

Эмоцыі, якія перажывалі маладыя вайскоўцы падчас вайны, сёння цяжка сабе ўявіць. Калі танкі вярталіся з бою, перад байцамі паўставала жудасная карціна: акрамя бруду на гусеніцах баявых машын можна было ўбачыць... астанкі чалавечых органаў. Такое відовішча пазбаўляла душэўных і фізічных сіл. Некаторыя нават гублялі прытомнасць. Трымаліся як маглі, хоць было вельмі цяжка.

Вайна — гэта час, дзе доля секунды можа каштаваць жыцця! Яшчэ адна ваенная карціна з успамінаў дзядулі датычылася авіяцыйных абстрэлаў. Ажыццяўляліся яны пры дапамозе добра ўзброеных самалётаў-разведчыкаў «Рама». Як правіла, вораг налятаў знянацку. Уявіце сабе даволі спакойнае мястэчка з чыстым блакітным небам над галавой. Салдаты займаюцца сваімі справамі, медсёстры выконваюць свае абавязкі, мірна гамоняць, аднекуль нават даносіцца смех. І вось авіяналёт. За лічаныя хвіліны карціна змяняецца: расстраляныя людзі, кроў, боль, пакуты. Падчас аднаго з такіх налётаў дзядуля быў упершыню паранены. Яму пашанцавала. Раненне ў руку аказалася лёгкім, ён хутка аднавіўся і прадоўжыў ваяваць.

2 мая 1943 года ў баі пад горадам Валынь Курскай вобласці дзед зноў быў паранены. Гэтым разам раненне аказалася вельмі цяжкім. Асколак трапіў ў правае сцягно. Пералом косткі прымусіў скончыць барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і распачаць іншую... за сваё здароўе і вяртанне да паўнацэннага жыцця.

Жыццё пасля…

Пасля цяжкага ранення дзядуля трапіў на лячэнне ў сонечны Ашхабад. Перанёс 8 наркозаў падчас аперацый на сцягне. 8 месяцаў ён, не рухаючыся, правёў на выцяжцы. І ўсё гэта пры тэмпературы +50! Вярнуўся ў Беларусь на кастылях з першай групай інваліднасці ў сярэдзіне 1944 года пасля вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ўжо тут лячэнне было працягнута. Яшчэ тры аперацыі, рэабілітацыя... Ад цяжкага ранення застаўся невялікі фізічны напамін: адна нага стала карацейшай за другую на адзін сантыметр. Гэты нябачны для людзей недахоп не перашкодзіў вярнуцца да сваёй мірнай прафесіі і стаць адным з першых пасляваенных шафёраў у Слуцку.

За актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, заслугі перад Радзімай і асабісты баявы подвіг Цішкевіч Мацвей Сцяпанавіч быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам «Айчынная вайна» ІІ-й ступені. Аднак і тут лёс рукой мясцовага чыноўніка вырашыў інакш: узнагародзіць «Ордэнам славы» ІІІ-й ступені. Аб гэтым сведчыць запіс чырвоным колерам на ўзнагародным лісце.

Далей былі і іншыя ўзнагароды: за ўдзел у Вялікай айчыннай вайне і за плённую пасляваенную працу. І толькі дзядуля ведаў, якімі сіламі давалася гэтае важнае прызнанне ад дзяржавы.

На жаль, мне не пашчасціла пазнаёміцца са сваім дзедам. Ён пайшоў з жыцця ад інсульта ва ўзросце 59-ці гадоў за чатыры гады да майго нараджэння. Хутка і без надзеі на працяг. Лёс вырашыў: пара! Без бацькі засталася сям’я — жонка, два сыны, нявестка і маленькі ўнук. Са слоў маёй матулі дзед вельмі хацеў, каб у сям’і нарадзілася дзяўчынка. І праз чытыры гады гэта здарылася. Я была першай сярод унучак... І хоць мы — нашчадкі — не мелі магчымасці асабіста пагутарыць з дзедам пра яго ваеннае жыццё, у нашай сям’і яго ўспаміны перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Вялікі дзякуй маім блізкім за захаванне памяці і дапамогу пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу. Беларусь памятае, мы памятаем!

Кацярына ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.