Вы тут

Мерапрыемствы да Дня Незалежнасці праходзяць па ўсёй краіне


У кожны куток Беларусі сёння прыйшло свята — па ўсёй краіне з раніцы і да позняй ночы разгорнуцца гулянні, канцэрты, кірмашы, патрыятычныя акцыі, спартыўныя івенты і іншыя мерапрыемствы раённага, гарадскога і рэспубліканскага маштабу, цэнтрам якіх, вядома, стане сталіца. Для кожнага беларуса знойдзецца ў гэты дзень пляцоўка, дзе ён зможа адпачыць, зарадзіцца бадзёрасцю і пазітывам, успомніць пра подзвіг продкаў і адчуць гонар за тое, у якой краіне жыве, паведамляе БелТА.


Мінск

У Дзень Незалежнасці ў горадзе пройдзе больш за сотню мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Арганізавана некалькі святочных пляцовак. Самых ранніх пташак запрашаюць на спартыўнае свята «Радасць світання» каля «Чыжоўка-Арэны»: спартсмены з усёй Беларусі будуць спаборнічаць на лыжаролерах, а таксама за званне лепшага на міжнародным фестывалі па гіравым спорце. Пасля 12.00 аматарам фізічнай актыўнасці можна перамясціцца ў парк 900-годдзя Мінска, дзе арганізавана работа пляцоўкі «Заводскі — тэрыторыя спорту».

З паўдня каля Палаца спорту і на пляцоўцы Верхняга горада загучаць беларускія мелодыі, выступяць народныя калектывы і зоркі беларускай эстрады. У прыватнасці, у Верхнім горадзе мінчан і гасцей горада чакае сустрэча з заслужаным аматарскім калектывам Беларусі ансамблем танца «Зубраня» і фальклорна-этнаграфічным ансамблем «Неруш», такімі выканаўцамі, як Жанет, «Верасы», Ірынай Дарафеевай, Валерыем Скаражонкам, Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры».

Увечары ад стэлы «Мінск — горад-герой» разнясецца шматгалоссе «Хору Турэцкага», у 21.00 тут пачнецца святочная канцэртная праграма «Спяём гімн разам» з удзелам зорак беларускай эстрады, творчых калектываў краіны. Завершыць музычны опэн-эйр хэдлайнер з Расіі.

Святочныя мерапрыемствы адбудуцца ва ўсіх раёнах сталіцы: масавыя гулянні, гандаль і канцэрты, квесты і конкурсы, майстар-класы, фотазоны і дыскатэкі з розыгрышамі прызоў. Міністэрства абароны ў сямі раёнах горада арганізуе выстаўку ваеннай тэхнікі. На святочную праграму запрашае і Мінскі заапарк. А падсілкавацца адпачывальнікі змогуць у кропках грамадскага харчавання і гандлю на 13 пляцоўках.

Фінальным акордам святкаванняў стане грукат маляўнічага феерверка: роўна ў 23.00 яго запусцяць у парках Перамогі, імя М.Паўлава, імя Уга Чавеса, на набярэжнай Драздоў і пляцоўцы каля спартыўнага комплексу «Чыжоўка-Арэна».

Мінская вобласць

Усяго за некалькі кіламетраў ад сталіцы размешчана цэнтральнае месца святкаванняў Мінскай вобласці — мемарыяльны комплекс «Курган Славы». Выстаўкі, кірмашы, святочныя канцэрты і забаўляльныя пляцоўкі адкрыюцца тут для наведвальнікаў у 12.00. Госці комплексу змогуць паглядзець на прэзентацыю рэгіянальных ручнікоў, паўдзельнічаць у майстар-класах па выцінанцы, роспісе па дрэве, паспрабаваць скласці спартыўныя парашуты, зрабіць памятныя фатаграфіі ў тэматычных зонах, паўдзельнічаць у майстар-класах ад рамеснікаў і іншых актыўнасцях, купіць на кірмашы «Беларусь самабытная» рукатворныя сувеніры і лялькі-абярэгі, карціны і дэкор для дому, а таксама мёд і свежы хлеб.

Сапраўдная інтрыга свята — абяцаная арганізатарамі музейная адукацыйная прастора, дзе ў інтэрактыўнай форме прадставяць «парад ажыўшых партрэтаў Хаіма Суціна».

Тым, у каго энергіі праз край, прапануюць пакатацца на конях і паўдзельнічаць у фізкультурна-спартыўных забавах, такіх як міні-гольф, дартс, гіра, гарадкі, кольцакід. Удзельнічаючы ў падлогавай гульні «Мая цаліна», можна будзе даведацца, якія сацыяльна значныя аб’екты дапамагалі будаваць студэнцкія атрады. А на іншай пляцоўцы можна будзе прайсці віктарыну «Анатомія чалавека», навучыцца аказанню першай медыцынскай дапамогі і паўдзельнічаць у пастановачнай аперацыі.

Адбудзецца тут і яшчэ адна сімвалічная акцыя — па вырабе папяровых жураўлікаў. Лічыцца, што загаданае жаданне спраўдзіцца, калі змайстраваць 1 тыс. такіх птушак. Удзельнікі арыгамі-акцыі такім чынам пажадаюць Беларусі заставацца такой жа квітнеючай, мірнай і незалежнай краінай. З пажаданнямі дабра жураўлікаў затым уручаць удзельнікам свята на Кургане Славы.

Святочныя гулянні і шэсці, кірмашы, работа тэматычных пляцовак, экскурсіі па знакавых мясцінах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, ускладанні кветак да мемарыялаў і помнікаў адбудуцца па ўсёй вобласці. Спартыўны фестываль «Нашы перамогі табе, Беларусь» арганізуюць на Чырванаслабодскiм вадасховішчы ў Салігорскім раёне. Працаўнікі Жодзіна паўдзельнічаюць у акцыі «Мы — разам», прысвечанай Дню Незалежнасці і Дня горада.

Брэст

Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» па традыцыі стане месцам прыцягнення жыхароў і гасцей абласнога цэнтра 3 ліпеня. Стартуюць мерапрыемствы ў 10.00 з ускладання кветак да Вечнага агню мемарыяла з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва вобласці і горада, дыпкорпуса, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў. На гадзіну раней такая ж цырымонія пройдзе на плошчы Свабоды, дзе ўстаноўлены помнік «Вызваленне» ў гонар 47 воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызвалялі Брэст ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года.

Днём у гарадскіх парках і зонах адпачынку пройдуць народныя гулянні. Ва ўсіх храмах Брэсцкай епархіі адбудзецца святочны малебен з перазвонам. У 21.30 на пляцоўцы ля галоўнага ўвахода ў мемарыяльны комплекс «Зорка» запланаваны вялікі святочны канцэрт лепшых салістаў і творчых калектываў горада. Канцэрт завершыць рэспубліканская акцыя «Спяём гімн разам!» А ў 23.00 неба над крэпасцю-героем расквеціць святочны феерверк.

Ва ўсіх гарадах і раёнах вобласці таксама падрыхтаваны праграмы святкаванняў. Урачыстыя мітынгі адбудуцца ў Кобрыне, Лунінцы, Маларыце, Жабінцы, Століне, Іванаве, Ляхавічах. У Пінску, акрамя мітынгу і ўскладання кветак да Брацкай магілы, запланаваны рачная рэгата «За Беларусь!», узнагароджанне перадавікоў вытворчасці, падвядзенне вынікаў гарадскога конкурсу «Дасягненні маёй краіны». У Баранавічах адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года — 2020». У Бярозе запланавана тэатралізаванае шэсце працоўных калектываў і тэхнікі айчыннай вытворчасці. Паўсюдна пройдуць выстаўкі-кірмашы, канцэрты, спартакіяды, гульнявыя і забаўляльныя праграмы.

Віцебск

У паўночнай сталіцы Беларусі свята адкрыецца мітынгам на галоўнай плошчы горада. Да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ўскладуць вянкі і кветкі. На Алеі вайсковай славы пройдзе музычная праграма з удзелам духавога аркестра. У комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі адбудзецца фестываль аўтагуку Hot weekend — 2021. У парках і на пляцоўках устаноў культуры і арганізацый горада будуць арганізаваны забаўляльныя і танцавальна-музычныя мерапрыемствы, выстаўкі, паказ дакументальных фільмаў. Завершыцца святочная праграма маляўнічым феерверкам.

На патрыятычныя акцыі, спартыўныя баталіі і культурна-забаўляльныя праграмы арганізатары запрашаюць новапалачан. У горадзе нафтавікоў пройдзе патрыятычны аўтапрабег, ініцыятарамі якога выступіла ААТ «Нафтан». Аўтакалона пройдзе да мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушачах. Таксама на Заходняй Дзвіне адбудзецца незвычайная эстафета: ад цэнтра веславання да пантоннага моста зробяць заплыў байдарачнікі, а затым перададуць эстафету плыўцам-марафонцам, якія паплывуць да цэнтральнай набярэжнай гарадскога парку культуры і адпачынку. На пляцоўцы за дэндрарыем правядуць турнір асілкаў Strongman U110, дзе ўдзельнікі на хуткасць будуць цягнуць аўтобус. Таксама для дзяцей і дарослых у парку арганізуюць розныя квесты, віктарыны, рухомыя гульні.

Браслаў збярэ на свяце аматараў інтэлектуальных і рухомых спартыўных гульняў: у лесапаркавай зоне пройдзе турнір па шахматах, а на спартпляцоўцы каля мясцовай ДЮСШ адбудуцца спаборніцтвы па міні-футболе «Турнір сяброў». У райцэнтры будуць працаваць тэматычныя і інтэрактыўныя пляцоўкі, выстаўка ваеннай тэхнікі.

Перад пачаткам усіх мерапрыемстваў у храмах вобласці пройдзе ўсенародная малітва.

Гомель

Урачыстыя мітынгі, ускладанні вянкоў і кветак да мемарыялаў воінаў-вызваліцеляў — нязменныя атрыбуты святкавання Дня Незалежнасці і ў Гомельскай вобласці. У праграме ў кожнага раёна і абласнога цэнтра — канцэртна-забаўляльныя пляцоўкі, спартыўныя спаборніцтвы, велапрабегі, арт-праекты і многае іншае.

У Гомелі святкаванні ў 10.00 адкрые шэсце ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, спартсменаў і творчай моладзі. Калона пройдзе ад плошчы Паўстання па вул.Савецкай да пл.Працы. Ля Вечнага агню на ўрачыстым мітынгу ўшануюць памяць герояў-вызваліцеляў, ускладуць вянкі і кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Сваю долю славы атрымаюць і жывыя героі — уладальнікі ганаровага звання «Чалавек года». Пасля іх ушанавання адбудзецца святочная канцэртная праграма Гомельскага сімфанічнага аркестра, творчых калектываў горада.

На плошчы Леніна свята «Этнафэст» прыцягне на інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы, пра таленты нашых продкаў раскажа рэтра-выстаўка «Жывуць рамёствы продкаў».

Канцэрты артыстаў беларускай эстрады парадуюць жыхароў і гасцей Рагачова і Хойнікаў. Ваеннаслужачыя пагранкамендатуры «Лоеў» в/ч 1242 у райцэнтры апоўдні апусцяць на воды Дняпра вянок у памяць аб загінулых пры фарсіраванні ракі і вызваленні краю. Паказальныя выступленні пагранічных войскаў можна будзе ўбачыць у амфітэатры Брагіна.

Жыхары Добруша атрымаюць у гэты дзень падарунак — абноўлены пасля капрамонту раённы Палац культуры. Парк культуры і адпачынку «Перамога» ў Мазыры ператворыцца ў пазнавальна-забаўляльную пляцоўку: на выбар наведвальнікаў — канцэртныя маладзёжныя праграмы, выстаўкі вырабаў майстроў, фотазоны, палявая кухня і многае іншае.

Прадстаўнікі маладзёжных субкультур збяруцца на фестывалі «Вялікая літара — 2021» у Чачэрску. У праграме — раённы конкурс па чырлідынгу і бамперболе (вясёлыя бітвы ў надзіманых шарах), конкурс прыгажосці і творчасці «Міс і Містар 2021 года», бег на абцасах. Працоўная моладзь Светлагорска адзначыць свята чэмпіянатам па лёгкай атлетыцы. Усераённы фітнес-форум і мотафестываль правядуць у Кастрычніцкім. Турніры па футболе і стрытболе сярод дваровых каманд арганізуюць у Жыткавічах. Паспрабаваць свае сілы ў автобатле — гонках на радыёкіруемых машынках — прапануюць у Рэчыцы.

Як і ў іншых гарадах, завершацца ўрачыстасці акцыяй «Спяём гімн разам» і святочным феерверкам.

Гродна

У Гродне ўрачыстасці адкрыюцца мітынгам і ўскладаннем кветак да помніка воінам і партызанам у парку імя Жылібера ў 10.30. Святочныя лакацыі разгорнуцца ў цэнтры горада і нават у спальных раёнах. Адной з асноўных будзе плошча Леніна: увесь дзень гасцей свята тут чакаюць канцэрты і музычныя праграмы.

На інтэрактыўныя пляцоўкі — «Нашы брэнды», «Крокі да Алімпу», «Заасад» і іншыя — гараджан і гасцей запрашаюць у парк імя Жылібера. Тут іх таксама чакаюць анімацыйныя і музычныя праграмы. Пешаходная вуліца Савецкая ператворыцца ў гродзенскі Брадвей з актыўным гандлем рамеснікаў і майстроў. Адметнасцю святочнай вуліцы будуць «Канцэрты на балконе» з жывымі выступленнямі вядомых гродзенскіх артыстаў.

Плошча Тызенгаўза стане «Востравам бяспекі» з тэматычнай інтэрактыўнай пляцоўкай. А яшчэ з плошчы будуць стартаваць аглядныя экскурсіі па Гродне на электробусе.

Канцэртна-забаўляльную праграму прадставяць у лесапарку Пышкі і на назіральнай пляцоўцы па вуліцы Дарвіна. Забаўляльныя лакацыі будуць працаваць у спальных раёнах горада.

Нямала цікавага чакае ўдзельнікаў свята ў раёнах вобласці. Адной з фішак Ліды стане парад сельскагаспадарчай тэхнікі. У Шчучыне пройдзе спартыўны флэш-моб: адначасова будуць падымаць 77 гір. У Ашмянах запланаваны фестываль карвінга (мастацкай рэзкі па агародніне), галоўным атрыбутам якога стане бульба. У Карэлічах адкрыюць інтэрактыўную сцяну аўтографаў, дзе кожны, хто прыйдзе на свята, зможа пакінуць свае пажаданні роднаму краю. А ў Гродзенскім раёне правядуць конкурс квілтаў: удзельнікам свята прапануюць стварыць з абрэзкаў беларускія сімвалы. Акрамя таго, у Ваўкавыску адкрыюць мемарыяльную дошку ў гонар Героя Савецкага Саюза Казбека Нуржанава.

Магілёў

У Магілёве святкаванне Дня Незалежнасці пачнецца з урачыстага мерапрыемства «Абаронцам — слава!» да 80-годдзя абароны горада і выстаўкай ваеннай тэхнікі ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». Гледачы ўбачаць рэканструкцыю паветранага бою з удзелам самалётаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ, тэатралізацыю падзей пачатку вайны і элементы абароны Магілёва. У парку Падніколле будзе арганізавана вялікае дзіцячае свята «Усміхніся, планета, у Магілёве — лета!», а ў скверы 40-годдзя Перамогі пройдзе яркі і вясёлы фэст фарбаў «Імпульс калор».

Адразу некалькі тэматычных пляцовак разгорнуцца ў цэнтры Магілёва: выстаўка-кірмаш «Горад майстроў» у скверы імя А.І. Герцэна, бібліятэчнае свята «754 гады з кнігай» і экспазіцыя «Пасланні продкаў маёй Радзімы» на вул.Ленінскай, кірмаш-продаж «Апетытны горад» у Камсамольскім скверы. Каля Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра пройдзе гастранамічнае свята ад гарадскіх харчовых прадпрыемстваў, адбудзецца канцэртная праграма.

Праграму святочнага дня прадоўжаць прэзентацыя арт-аб’ектаў праекта «Магілёў вачыма гасцей» на пляцоўцы каля Палаца шлюбу, канцэрт аркестра народных інструментаў настаўнікаў Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў нумар 3 імя М.М. Салдатава каля музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі, конкурс самых моцных магілёўцаў «Усё будзе супер!» каля абласнога дыягнастычнага цэнтра. Акрамя таго, магіляўчанам і гасцям горада прапануюць прыняць удзел у тэатралізаванай экскурсіі «Ажыўшая гісторыя» па маршруце гарадская ратуша — вул.Ленінская — плошча Зорак.

Завершыцца Дзень Незалежнасці ў Магілёве на плошчы Славы. Тут адбудуцца канцэртная праграма «Сіла Радзімы — у адзінстве народа!», агульнарэспубліканская акцыя «Спяём гімн разам!» і святочны феерверк.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.