Вы тут

Як адзначылі Дзень Незалежнасці ў рэгіёнах


Мінская вобласць

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын павіншаваў жыхароў Міншчыны з Днём Незалежнасці і 77-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Шлях беларускага народа да суверэнітэту быў доўгі і няпросты, адзначыў ён. Нашы дзяды змагаліся на франтах, у тыле ворага, аднаўлялі народную гаспадарку пасля вайны і вучылі цаніць і берагчы свабоду. Як сказаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна, сёння Рэспубліка Беларусь не проста кропка ў цэнтры Еўропы, а моцная дзяржава, якая дабілася добрых вынікаў ва ўсіх сферах — прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы, сацыяльнай і знешняй палітыцы. Па словах Аляксандра Турчына, Міншчына ўносіць дастойны ўклад у развіццё і росквіт Беларусі. Прамысловыя флагманы прадстаўляюць нашу краіну на міжнароднай арэне. Сістэма аховы здароўя ўкараняе перадавыя тэхналогіі ў лячэнні самых розных хвароб, аграрыі забяспечваюць харчовую бяспеку.

Пачынаючы з 2 ліпеня, ва ўсіх раёнах Міншчыны і горадзе Жодзіна адзначаюць знамянальную для краіны дату разнастайнымі мерапрыемствамі. Гэта мітынгі, ускладанне кветак і вянкоў да помнікаў, абеліскаў загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны воінаў і партызан, брацкіх магіл, мемарыялаў. У гонар Дня Незалежнасці ладзяцца канцэрты, народныя гулянні, ярмаркі, дзе людзі могуць паўдзельнічаць у майстрах-класах, набыць неабходную прадукцыю.

У Дзяржынску свята супала з юбілеем горада — яго 875-годдзем. Мерапрыемствы тут пачаліся з шэсця працоўных калектываў і мітынгу.

У Жодзіна да Дня Незалежнасці і Дня горада было прымеркавана ўшанаванне кіраўнікоў арганізацый за патрыятычнае выхаванне моладзі.

У Маладзечна ва ўсіх храмах горада а восьмай гадзіне раніцы 3 ліпеня прагучалі званы і прайшлі богаслужэнні за мір і спакой у Беларусі.

У Вілейцы адбыліся выстаўка і парад сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі.

У Любані кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый усклалі кветкі і вянкі да мемарыялу «Савецкім актывістам». Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел госці з гарадаў-пабрацімаў Расійскай Федэрацыі.

На наступны дзень, 4 ліпеня, у многіх рэгіёнах святочныя мерапрыемствы прадоўжацца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА


Гродна

Новыя імёны ў Кнізе Славы, узнагарода стэпендыятаў і свята на вуліцах гарадоў і раёнаў

У Гродне святочная праграма да Дня Незалежнасці пачалася 1 ліпеня ўрачыстасцю ў абласной філармоніі, дзе ўручылі пасведчанне гродзенцам — лаўрэатам Кнігі Славы Гродзенскай вобласці. Гэта заслужаныя работнікі, прафесіяналы сваёй справы ў розных сферах — ад сельскай гаспадаркі да спорту. Адбылася цырымонія ўзнагароджання стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і святочны канцэрт.

А сёння свята выйшла на вуліцы горада. Першай лакацыяй па традыцыі стаў парк імя Жылібера, дзе да Вечнага агню ўдзячныя гродзенцы ўсклалі кветкі. Праз жывы калідор кадэтаў удзельнікі цырымоніі на чале з губернатарам Уладзімірам Каранікам прайшлі на плошчу Леніна. Тут усталяваная сцэна, з якой гучалі прамовы, віншаванні, затым святочны канцэрт, праграма якога працягнецца да позняга вечара. Сярод артыстаў — заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь «Белыя Росы» і «Гродзенская капэла», музычны тэатр «Рада», лепшыя калектывы Гродзенскага рэгіёна. Таксама выступяць пераможцы конкурсу «Маладыя галасы».

У зоне свята працуе некалькі інтэрактыўных пляцовак. На «Востраве бяспекі» можна ўбачыць адпаведныя службы — МНС, ДАІ, Гаргаз, аўтапарк. Лакацыя «Гродзенскі брадвей» знаёміць з майстрамі і рамеснікамі. Таксама тут можна пачуць канцэрт на балконе і нават здзейсніць аглядальную экскурсію на новым электробусе, які нядаўна стаў курсіраваць па вуліцах горада. На інтэрактыўных пляцоўках кожны зможа знайсці для сябе нешта цікавае і паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах.

Напрыканцы свята — лазернае шоу і фейерверк, а завершыцца вечар выступленнем зорак беларускай эстрады і дыскатэкай.

Свае адметныя рысы прысутнічаюць у атмасферы свята гарадоў і населеных пунктаў вобласці. Напрыклад, у Ваўкавыску адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Героя Савецкага Саюза Казбека Нуржанава. Ён загінуў у 1944 годзе падчас вызвалення горада. Яму было ўсяго 25 год. У Ваўкавыску ёсць вуліца, якая названая ў яго гонар.

Незвычайная інтэрактыўная сцяна аўтографаў створаная ў Карэлічах. Сюды можа прыйсці кожны і напісаць пажаданне сваёй краіне Беларусь. Шчучын падрыхтаваў сілавы спартыўны флэшмоб з перацягваннем аўтамабіляў і іншых грузаў. У Гродзенскім раёне пройдзе цікавы конкурс квілтаў, ці інакш кажучы, лапікавай коўдры, дзе на адным палатне калектыўна ствараецца беларускі арнамент. У многіх раёнах арганізаваны інтэрактыўныя зоны традыцыйнай культуры — вышыўка, ткацтва, саломапляценне, лепка з гліны.

Сёння завяршаюць свой марафон «Ваенныя агітбрыгады». Абласная акцыя праходзіць ужо трэці год і сёлета ёю ахопленыя больш за тысячу населеных пунктаў. Самадзейныя артысты выступілі ў самых аддаленых вёсках, і сёння будуць працаваць на пляцоўках раённых святаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: grodnonews.by


Гомель

У Дзень Незалежнасці ў Гомелі па цэнтральнай вуліцы прайшлі ўдзельнікі святочнага шэсця — прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны, моладзь. 

У маштабным шэсці бралі ўдзел 7 тысяч гамяльчан. 

— Для нас трэцяе ліпеня — гэта не толькі знамянальная гістарычная дата, але і дзень, які аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй Айчыны і верыць у яе годную будучыню. Гэты дзень нагадвае нам пра гераізм і стойкасці абаронцаў Радзімы, аб велізарных стратах і разбурэннях, якіх каштавала свабода цяперашніх пакаленняў, — падкрэсліла ўдзельніца святочнага шэсця старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. 

Падчас мінынгу ля Вечнага агню на плошцы Працы гамяльчане ўшанавалі памяць абаронцаў Айчыны хвілінай маўчання, усклалі кветкі і вянкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў.

На цэнтральнай плошчы імя Леніна ў Гомелі прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Чалавек года». На Гомельшчыне па выніках 2020 года гэтага ганаровага звання ўдастоеныя сем жыхароў рэгіёна. Уручыў дыпломы пераможцам старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

— Для гэтых людзей не бывае чужога болю. Яны па добрай волі ахвяруюць уласнымі інтарэсамі дзеля высокіх мэтаў і гуманных каштоўнасцяў. Іх учынкі заснаваныя на пачуцці абавязку, палітычнай свядомасці, патрыятызме і асабістай адказнасці, — адзначыў кіраўнік рэгіёну.

Між тым да Дня Незалежнасці на Гомельшчыне прымеркавалі адкрыцці шэрага сацыяльна значных аб’ектаў. Так у Рагачове адкрыты новы мост. Ён злучыў два берагі Дняпра і трасы М5 і М8. Упершыню ў Беларусі на ім выкарыстана вантавае пралётнае збудаванне. Падобных рагачоўскаму мосту ў нашай краіне няма. У Гомелі адбылося ўрачыстае адкрыццё аўтамабільнай дарогі, якая звязала Сельмашаўскі і Валатаўскі мікрараёны. Аб’ект з афіцыйнай назвай «Пад’езд да 21-га мікрараёна» — працягласцю 2,2 кіламетра. Ён значна разгрузіць цэнтральную частку горада. Гэты ўчастак аўтадарогі з’яўляецца адным з этапаў вялікага праекту «Усходні абыход», які паступова рэалізуецца на тэрыторыі абласнога цэнтра. У Жлобіне ў абноўлены будынак пераехала аддзяленне ДАІ. Тут працуе 34 супрацоўнікі, знаходзіцца ўзвод ДПС, міжраённы аддзел рэгістрацыі транспарту, аддзел ДАІ абслугоўвае Жлобінскі, Кармянскі, Чачэрскі і Буда-Кашалёўскі раёны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА


Брэст

Святкаванні ў крэпасці

Па шматгадовай традыцыі святкаванне Дня Незалежнасці ў Брэсце пачынаецца з ускладання кветак да помніка воінам-вызваліцелям на плошчы Свабоды. І на гэты раз зранку сюды прыйшлі кіраўнікі горада і вобласці, прадстаўнікі грамадскасці, моладзь. Затым яны ўшанавалі памяць гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці і ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе. У Гарнізонным Свята-Мікалаеўскім храме крэпасці адбылася ўсебеларуская малітва «За Беларусь».

Вячэрні канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці і 77-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў таксама прагучыць у крэпасці, на пляцоўцы перад галоўным уваходам. Там жа пройдзе акцыя «Спяём гімн разам» і расквеціць неба святочны феерверк.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА


Магілёў

Паветраны бой, тэатралізаванае прадстаўленне, прэміі лепшым...

Яшчэ ў пятніцу ў Магілёве на плошчы Славы каля Ратушы мэр горада Уладзімір Цумараў разам са старшынёй гарсавета Максімам Гурыным уручылі ўзнагароды 18-ці лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне.»

— Свята горада для нас — гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў і адпраўная кропка ў рэалізацыі намечаных планаў, — адзначыў у сваім віншаванні Уладзімір Цумараў. — Па традыцыі мы ў гэты дзень адзначаем лепшых прадстаўнікоў у розных галінах народнага гаспадарання, дзякуючы якім развіваецца і квітнее наш родны горад. 

Дзень Незалежнасці ў Магілёве пачалі святкаваць на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». Тут адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Абаронцам — слава!», прысвечанае 80-годдзю абароны Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— На подступах да Магілёва вораг атрымаў магутны адпор, — звярнуўся да прысутных старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — 80 гадоў таму на гэтым полі нараджалася наша Перамога. Абарона Дняпроўскага рубяжу сарвала планы гітлераўцаў. Сёння мы схіляем галаву перад мужнасцю народа-пераможца. Але мала заваяваць незалежнасць, яе яшчэ трэба захаваць. І сёння ў гэтым шмат чаго залежыць менавіта ад нас.

Памяць герояў па традыцыі ўшаноўваецца хвілінай маўчання, у паветры гучаць ружэйныя стрэлы. Сотні магіляўчан змаглі на паўтары гадзіны вярнуцца на 80 гадоў назад, у ахоплены вайной горад. Спачатку ў пахмурнае неба ўзняліся некалькі самалётаў, каб прадэманстраваць элементы бою адважнага лётчыка Мікалая Цярохіна, які 28 чэрвеня 1941-га года над Магілёвам збіў некалькі варожых знішчальнікаў. Потым гераічная гісторыя абароны Магілёва ажыла на перасовачнай сцэне, якая размясцілася непадалёк ад Буйніцкай капліцы. Першыя дні вайны, смерць, жахі, непакораныя абаронцы, якія на 23 дні затрымалі ворага на подступах да абласнога цэнтра — усё гэта можна было ўбачыць падчас тэатралізаванага прадстаўлення. Каб лепей разглядзець, што адбываецца на сцэне, людзі падняліся на пушкі і танкі, якія знаходзяцца на Буйніцкім поле ў пастаяннай экспазіцыі. Бліжэй да аўтатрасы Магілёў-Бабруйск дзеці і дарослыя штурмавалі ўжо сучасную тэхніку, якую дэманстравалі вайсковыя часці з Віцебска і Асіповіч. Вайскоўцы Пашкаўскай часці, якая дыслацыруецца пад Магілёвам, паказвалі ўсім жадаючым, як працуюць сучасныя сувязісты.

Потым свята перамясцілася ў гарадскі парк Падніколле і на іншыя пляцоўкі. У парку працавалі інтэрактыўныя арт-зоны, праводзіліся майстар-класы, віктарыны, квэсты, спартыўныя спаборніцтвы. Дзеці прыходзілі ў захапленне ад гадаванцаў кіналагічнай службы Магілёўскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС. Не толькі весела, але і смачна было каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум», дзе магілёўскія вытворцы дэманстравалі свае дасягненні ў лёгкай і харчовай прамысловасцях. Свята смакаты «Магілёўскія традыцыі» пахла шашлыкамі, дранікамі, пірагамі. 

Каля філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі падымалі настрой магілёўскія аркестры. А бліжэй да вечара сваіх прыхільнікаў парадуе заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха, канцэрт якога адбудзецца каля Дыягнастычнага цэнтра. Па горадзе шмат лакальных зон, дзе з раніцы да вечара ладзяцца святочныя канцэрты, выставы-кірмашы, прэзентацыі.

Ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці прайшлі мітынгі, святочныя шэсці ветэранаў і працоўных калектываў, урачыстыя ўскладанні кветак, вахты памяці, спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты, культурна-забаўляльныя праграмы, былі арганізаваныя выставачныя экспазіцыі. У Круглянскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім раёнах сёння адбыліся велапрабегі, прысвечаныя Айчыне, сямейным традыцыям, спартыўнаму ладу жыцця. Раённае свята да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 77-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбылося на мемарыяльным комплексе ў вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна. А позна вечарам за некалькі хвілін да святочнага салюту ў Магілёве, Бабруйску і ўсіх раёнах вобласці пройдзе рэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам!»

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Віцебск

Як адсвяткавалі Дзень Незалежнасці на Віцебшчыне

У Віцебску святкаваць пачалі яшчэ ў пятніцу. У гэты дзень на тэрыторыі ўстановы культуры «Залатое кальцо г. Віцебска «Дзвіна» арганізавалі «Дзень вышыванкі» — маштабную акцыю ў рамках культуралагічнага праекта БРСМ «Беларусь — крыніца натхнення». У той жа дзень жыхары аднаго з новых спальных раёнаў з вялікім інтарэсам і задавальненнем прыйшлі на свята, прымеркаванае адкрыццю сквера на праспекце Перамогі.

3 ліпеня на цэнтральнай плошчы Перамогі святкаванне Дня Незалежнасці пачалося з урачыстага ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. У гэтай традыцыйнай акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі абласной і гарадской выканаўчай і прадстаўнічай уладаў. Потым адбыўся мітынг. На ім старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, віншуючы землякоў, сказаў што Дзень Незалежнасці — свята, якое яднае і выклікае асаблівыя патрыятычныя адчуванні. Ён нагадаў, што шлях да незалежнасці быў цяжкім і вельмі доўгім. Што ў гісторыі было многа спроб падпарадкаваць беларусаў, але іх характар, любоў да Радзімы, рашучасць і гатоўнасць аддаць усё дзеля свабоды, дапамаглі здабыць незалежнасць, якая беражліва захоўваецца. Мікалай Шарснёў пералічыў знакамітыя падзеі ВАВ, якія адбыліся на зямлі Падзвіння. Падкрэсліў, што нашчадкі герояў заўсёды будуць памятаць іх подзвігі, з гонарам працягваць слаўныя традыцыі продкаў.

Пасля гэтага былі ўскладзены кветкі да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы П.М. Машэрава.

3 ліпеня прадоўжылася музычнай праграмай з удзелам духавога аркестра на Алеі вайсковай славы, што на беразе Заходняй Дзвіны. Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі стаў месцам правядзення фестывалю аўтагуку «Hotweekend — 2021».

У парку імя Фрунзе гучала танцавальна-музычная праграма для ветэранаў працы «У старых рытмах». А адзінаццатай гадзіне ночы на плошчы Перамогі чакаецца святочны канцэрт «Беларусь — наш агульны дом!», акцыя «Праспяваем гімн разам». Завяршыцца дзень святочным феерверкам.

У нядзелю віцяблян і гасцей горада запрашае свята «У выхадны — усёй сям’ёй!», якое ладзіцца ў комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.