Вы тут

Памяці Льва Гумілеўскага


Пайшоў з жыцця вялікі мастак беларускай зямлі – скульптар Леў ГУМІЛЕЎСКІ. Яго сэрца перастала біцца 3 ліпеня…


Фота БелТА.

Нарадзіўся ў Маскве ў 1930 годзе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі пераехаў у Нясвіж. І тут пачаў займацца ў мастацкай студыі Міхася Сеўрука. Юныя гады, якія пазначаны ўрокамі ў яркага, на першы погляд, някідкага жывапісца, графіка, вучня Людаміра Сляндзінскага, відавочна, на ўсё жыццё прыўнеслі ў творчую свядомасць Гумілеўскага рамантызм асаблівай сілы. Дарэчы, Сеўрук у час вучобы на мастацкім факультэце Віленскага ўніверсітэта першыя два курсы правёў у скульптурнай майстэрні Баляслава Балзукевіча. Пасля ўжо перайшоў да Сляндзінскага, а яшчэ захапіўся пейзажам на ўроках у майстэрні Аляксандра Штурмана.

Сеўрук і падштурхнуў юнага Гумілеўскага да многіх разваг, да памкненняў спасцігаць сучаснасць, зазіраючы ў гісторыю. І які атрымаўся плён!.. У станкавай, мемарыяльнай пластыцы паўсталі партрэты Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Кастуся Каліноўскага, Уладзіміра Караткевіча, кампазіцыі «Партызаны», «За зямлю, за волю». Паўстаў помнік Янку Купалу ў Мінску. А яшчэ — бюст Юрыю Нясвіжскаму. Увогуле нясвіжская тэма — у працах Льва Мікалаевіча, прысвечаных Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротку, Уладзіславу Сыракомлю, у паркавай кампазіцыі «Русалка». Дарэчы, над мастацкім аздабленнем Нясвіжскага парка скульптар працаваў разам са сваім сынам — Сяргеем Гумілеўскім. Зрабілі яны разам і трыпціх «Сказанне пра Нясвіж» для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А ў 2016 годзе ў Мінску быў адкрыты помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, над якім таксама яны працавалі супольна.

Народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў адзначаны медалём Францыска Скарыны. Леў Мікалаевіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларуіс і Расіі.

Развітанне са скульптарам адбудзецца 6 ліпеня 2021 года з 10.00 да 11.00 у траўрнай зале па адрасе: Мінск, вул. Кульман, 33а.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.